Tags: імпрэзы

ЛІТОЎСКАЯ ПАЭЗІЯ Ў МЕНСКУ 19 ТРАЎНЯ

Добрая вечарына паэзіі зь вішанькай на торце ў выглядзе паэтычнага спэктакля адбудзецца ў Амбасадзе Літоўскай рэспублікі ўжо ў чацьвер, 19 траўня. Падрабязьней афішу можна зірнуць тут, уваход на яе вольны, папярэдняя рэгістрацыя адбываецца па адрасе: culture.by1@urm.lt. Усім аматарам паэзіі рэкамэндую ўпісацца.

А каб падахвоціць, хачу прадставіць дзьвюх аўтарак, вершы якіх я пераклала для гэтай вечарыны. Падрадкоўнікі для мяне зрабілі харошыя людзі, найперш Паўліна Вітушчанка, праца мне вельмі спадабалася тым, што даводзілася прымаць шмат нестандартных рашэньняў. Напрыклад, дзеля аднаго зь вершаў давялося адначасова карыстацца гуглмэпам і энцыкляпэдыяй "Беларуская міталёгія".

Дзьве паэткі, што выпалі мне на перакладчыцкім расьпіле, як на мяне, вельмі яскрава дапаўняюць адна адну, дэманструючы шматграннасьць маладой літоўскай культуры, - яны такія розныя, але ўсё-ткі разам чытаюць у Менску. І, што цікава, з розьніцай у год абедзьве сталі ляўрэаткамі літоўскай прэміі "Першая кніга паэзіі", аналяга нашага паэтычнага "Дэбюту" (клёва я патапталася па мазалях, праўда?). У нас у такой сытуацыі адной бы ўжо прыгразілі "жалезным прэнтам за домам Ваньковіча" (с.). Не скажу, якой.

Юргіта Яспанітэ (1981 г.) нарадзілася ў мястэчку Зарасай на мяжы з Латвіяй і ў адным зь вершаў ужывае слова "маланкос", значэньне якога тлумачыць літоўскім чытачам у зносцы. У кароткім бія аўтаркі пазначана, што яна выхоўвае дзьвюх дачок, і гэта важны момант для разуменьня яе тэкстаў. Каб фота прыгожа глядзелася побач зь вершам, я адсекла ад партрэту аўтаркі дрэва, якое яна пасадзіла.


МАЛІТВА ПАЛЯЎНІЧАГА

Г.Ж.

Калі моліцца паляўнічы
нічога
марна не праліваецца на зямлю
ані рыку, ані гуку
калі моліцца паляўнічы
зьвярыны слых рассыпаецца на аскепкі
калі моліцца паляўнічы
яго дзіця
ходзіць уздоўж ракі
алянят драўляных
водзіць за сабой табункі
яго маці
не чытае сьлядоў паляўнічага
дні навылёт
а спакойна
шые ахоўныя кажушкі
дашыўшы, адгрызае
зьвярыную жылу
і тады ў паветры
колам
паўсюдна
пульсуюць злучкі

і ніхто больш не памірае
а проста мяняе аблічча

паляўнічы канчае маліцца.





Рамуне Брундзайтэ (1988 г.) нарадзілася ў Вільні з усімі выцякаючымі: большасьць тэкстаў, якія яна прачытае ў Менску, будуць пра горад і рэчку. Мэр Вільні ўручыў ёй узнагароду за вершы пра Вільню. На справе, Рамуне атрымала дзьве літоўскія прэміі "Дэбют" - яшчэ адну на паэтычнай восені ў Друскеніках. Яна вучылася ў Італіі, цяпер жыве ў Літве і выкладае італьянскую мову і піша для прэсы пра культуру. Абы не прадаваць роўтары па тэлефоне. Мяркуючы па фота, Рамуне выхоўвае поні. Хоць гэта і ня згадваецца ў яе кароткім бія.


РОЎТАРЫ ДЛЯ АФРЫКІ
Другая вэрсія

Алё, Афрыка,
мы прапануем вам гуманітарную дапамогу
літоўскімі роўтарамі.

Дарагая Нігерыя,
мы прапануем вам найшпарчэйшую
інтэрнэт сувязь.
Вашы махляры змогуць яшчэ апэратыўней дзяліцца
недасяжнымі мільёнамі і дыямэнтамі прадзеда.

Любая Лібія,
Кажаце, у вас грамадзянская вайна,
цяжкая сытуацыя, валютны крызыс,
уцекачы тонуць ля берагоў Італіі,
не час для бізнэсу?
А вы падумайце –
вайна адкрывае новыя магчымасьці,
чысьціць рынак.
Будзьце хутчэйшымі за сваіх канкурэнтаў!

Я трапіла ў Сенегал?
Тут ужо дакладна пошук карцінак не выдае тэрарыстаў (кажа кіраўніца),
ці дзяцей з разбухлымі жыватамі.
Тут хутка разьвіваецца індустрыя тэлекамунікацый,
цёплая вада, трапічны клімат,
пра гандаль рабамі гавораць толькі па “Дыскавэры”
(вельмі доўгае відэа на ютубе, я нават не даглядзела да канца).

Я тэлефаную, тэлефаную, тэлефаную
і пішу ўпотай
у офісе ва Ўсходняй Эўропе,
дзе ключ ад ліфту маюць адно перадавікі продажаў,
дзе ў кабінэтах растуць грашовыя дрэвы, паліваныя адно ў дзень заробку,
прыгоннае права ў нас скасавалі ў 1861-м.

ПАЗБАВІЦЬ ЛІЦЭНЗІІ

У нас тут новы лякальны мем - пазбавіць ліцэнзіі.

Як адбыўся захоп стэнду на Менскім кірмашы, на якім не далі выступіць Уладзіміру Някляеву?

Дырэктар "Макбелу" па імені, адпаведна, Дзьмітры Макараў падляцеў да грамадзяніна Польшчы GG, які тусаваў на суседнім стэндзе "Арс Палёнія" і сказаў, што пазбавіць яго выдавецкай ліцэнзіі. Паляк выявіўся з пужлівых і сваёй прадстаўнічай фігурай забарыкадаваў суседні стэнд - Польскай амбасады, да якога ня меў увогуле ніякага дачыненьня. Усе напружаныя перамовы з прадстаўніком Польшчы ў чырвоным гальштуку зьвяліся да спробаў пераканаць таго, што ў яго няма беларускай выдавецкай ліцэнзіі, і таму яго нічога ня могуць пазбавіць. Але, відаць, той вырашыў, што ў Беларусі "ліцэнзія" - гэта азначэнне нейкага аспэкту чалавечай годнасьці і таму паўгадзіны яго немагчыма было зрушыць зь месца.

Потым, спрабуючы "спыніць беспрадзел" і нават загадаўшы выключыць у гэтых мэтах ток, што падаваўся на мікрафон стэнду, Макараў стаў пагражаць пазбаўленьнем ліцэнзіі ўсім прысутным, у прыватнасьці, нязьдзейсьненаму вядоўцу імпрэзы Андрэю Хадановічу. Праўда, Хадановіч не спужаўся і сказаў, што ліцэнзіі ў яго ўсё адно ніякай няма. На тым і разыйшліся.

Макараў - ня толькі дырэктар выставы, але і сам дырэктар выдавецтва. І пазбаўленьне выдавецкай ліцэнзіі - самае страшнае, што ён, відаць сабе можа ўявіць. Таму, чыста па Фройдзе, ходзіць і пагражае гэтым усім іншым. Адна мая суседка, пасварыўшыся са мной, казала, што пазвоніць у сацыяльную апеку і скажа, каб маю маці пазбавілі бацькоўскіх правоў, бо тая месяцамі ў камандзіроўках і не даглядае дзяцей. Я как бэ намякнула, што мне 22 гады, а брату 20, таму такі званок будзе недарэчным, але ў гэтым крыку быў пэрсанальны боль: пазбаўленьнем правоў на дачку тады пагражалі суседцы, у якой былі вельмі няпростыя часы. Дальбог, новы кірмаш дэманструе, якія цяпер наступілі часы для беларускай свыдавецкай справы.

Але, абстрагаваўшыся ад кнігагандлю, "пазбавіць ліцэнзіі" - гэта цудоўна.

Спачатку можна раздаць ліцэнзіі ўсім сябрам і знаёмым, а потым іх пазбаўляць. Гульня ў ліцэнзію можа стаць беларускім інварыянтам гульні ў мафію. Напачатку гульні гульцы раздаюць свае ліцэнзіі усім іншым гульцам, а потым адно аднога іх упарта пазбаўляюць. Той, хто ў выніку пазбавіць іншых большай колькасьці ліцэнзій - абвяшчаецца Макаравым.

Гульня ў беларускую рэчаіснасьць.

Макараў пазбаўляе Хадановіча ліцэнзіі:


Photo by Alena Kazlova

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ, КАКГРЫЦЦА

На ўсялякі выпадак расказваю, што ў Юліі Шаровай выйшаў доўгачаканы раман пра опэру "Дон Джавані".


Ну і ўвогуле, паняслася, радная!

ГЕОРГIЙ БАРТАШ, Літаратурнае аб'яднанне “Майстэрня. Пр. Незалежнасці, 43” запрашае да ўдзелу: 

у ФЕСТЫВАЛІ АДНАГО ВЕРША 

Вершы прымаюцца да 5 студзеня.

Мова: любая. 

Для ўдзелу у фестывалі неабходна на адрас 
gggbbb2007@gmail.com 
або 
dorefa@yandex.ru 

даслаць (з пазнакай “фэст”) ліст, які змяшчае: 

1) верш на зімовую, калядную або навагоднюю тэматыку;
2) псеўданім, пад якім ваш тэкст будзе прадстаўлены журы;

3) вашыя імя, прозвішча, горад, краіну, нумар хатняга і мабільнага тэлефонаў, e-mail (дасылаць хатні адрас не трэба).

Чакаем!
little

"ГЕНІЯЛЬНЫЯ ЛОСІ": ПРЭЗЭНТАЦЫЯ

kryzh

ПА СТУПЕНЯХ СВЯТЛА: БЛАЖЭННЫ

“Па ступенях святла”

Запрашаем на прэзэнтацыю зборніка да 90-годдзя Веніяміна Блажэннага.

29 сакавіка (чацвер), 19:00

на сядзібе Беларускага ПЭН-Цэнтра (вул. Залатая Горка 2-101)

Удзел бяруць беларускія літаратары і літаратуразнаўцы.

Уваход вольны.


ПРА КНІГУ

По ступеням света. К 90-летию Вениамина Блаженного: сборник статей / сост. У.Ю. Верина. – Минск: Право и экономика, 2012. – 119 с.


Зборнік выдадзены па выніках Першых Міжнародных навукова-літаратурных чытанняў, прысвечаных 90-годдзю паэта Веніяміна Блажэннага. Чытанні адбыліся ў рамках Дзён памяці, якія прайшлі ў Мінску 12--16 кастрычніка 2011 года
У артыкулах, якія сталі першым навуковым асэнсаваннем спадчыны паэта, творчасць В. Блажэннага разглядаецца з самых розных пунктаў гледжання. У зборніку прадстаўленыя працы вучоных Беларусі, Расіі, Украіны.



ГЭТАЯ ПАДЗЕЯ Ў ФЭЙСБУКУ. Тамсама тэкст абвесткі на рускай мове.

ПРЭМІЯ ГЕДРОЙЦА: ІНТЭРНЭТ-ГАЛАСАВАННЕ

Хто стане пераможцам Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца?

Адказу, які, здаецца, цікавіць усіх, пакуль не ведае нават прафесійнае журы. Імя пераможцы стане вядомае непасрэдна напярэдадні цырымоні ўручэння, якая адбудзецца 3 сакавіка а 17:00 ў  Мінску.

Дарэчы, цікава параўнаць чытацкія густы з меркаваннем гэтага самага журы.

Калі б лёс прэміі быў у вашых руках, каму б вы прызначылі галоўны прыз -
105 мільёнаў рублёў

ад ЗАТ "Сомбелбанк"?

Нагадаем, якія кнігі трапілі ў фінал прэміі:




Альгерд Бахарэвіч “Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча” (Радыё Свабода, серыя
“Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе”) (чытаць рэцэнзію)

Логвінаў) (чытаць рэцэнзію)

Артур Клінаў “Шалом: ваенны раман” (Мінск: Логвінаў, серыя “Кнігарня “Нашай Нівы””) (чытаць рэцэнзію)

Свабоды. ХХІ стагоддзе”) (чытаць рэцэнзію)
Андрэй Федарэнка “Мяжа” (Мінск: Літаратура і Мастацтва, серыя “Лімаўскі фальварак”) (чытаць рэцэнзію).




Галасаванне будзе працаваць да вечара 2 сакавіка.














ЖАНОЧЫ СЛЭМ У РАМКАХ ФЭСТУ "ВЕРШЫ НА АСФАЛЬЦЕ"

Сёньня адбыўся вельмі эмацыйны і прыемны жаночы слэм. Перамогу заслужана падзялілі Вера Бурлак і фінска-швэдзкая паэтка Солья Крапу.

Усе, хто там быў, пагодзяцца, што вечар зрабіў п'яны паэт Сяргей Вераціла.

Перад пачаткам Сяргей Вераціла хадзіў па зале і прыставаў да дзяўчатак:

- Ня бойся, у мяне толькі трынаццаць зубоў!

Калі ж усё пачалося, Вераціла ўзяўся камэнтаваць непасрэдна выступы.


karshytal ходзіць туды-сюды і завывае нейкі дэкаданс.

- Дачка Тома Ўэйтса, - захапляецца Вераціла.

Самым зачотным камэнтаром быў, відаць, той, калі Вераціла ўжо выправіўся папаліць і страціў пазыцыі, зь якіх было бачна сцэну, а туды выйшла asia_volkava і стала чытаць вось гэты верш.

- У вачах я прачытала жаданне:
занняцца сэксам са мной,
пасля запаліць,
потым,
калі пашанцуе,
яшчэ раз заняцца,
і яшчэ запаліць…


- чытае Ася Волкава.

- Я ня бачу, з кім! - гучна хвалюецца Вераціла.



Карочы, слова за слова, натхніў ён мяне.


* * *

Сяргей Вераціла мае трынаццаць зубоў.
Ён аддае зуб за зубам за тое, што Бог - любоў.
Вераціла купляе батон, віно і сядае ў сквэры.
Зубы Верацілы гатовыя да таемнай вячэры.

- Ісьціну вам кажу,
адзін з вас мне сёньня здрадзіць,-
кажа Сяргей Вераціла,
мацаючы языком нетрывалы шыхт, -
гэта як піць даць.
Дарэчы:
вось кроў мая,
вось мая кроў...

Сяргей Вераціла мае дванаццаць зубоў.

АНАТОМІЯ МЕЛАНХОЛІІ АЛЬГЕРДА БАХАРЭВІЧА

Спецыяльны праект Літаратурнай прэміі, які змусіў 6 беларускіх крытыкаў ацаніць 12 кніг 2001 года,  завершаны. Ганна Янкута напісала рэцэнзію на кнігу Альгерда Бахарэвіча і з'ехала за мяжу.

Трывожна: калі галоўная ўзнагарода прэміі Гедройца дастанецца Бахарэвічу, ці не давядзецца журы разам з аргкамітэтам тэрмінова прасіць паэтычнага прытулку ў Польшчы?

Беручы пад увагу страх і нянавісць у беларускім Лас-Вегасе, гэта цалкам верагодна.

Усё праясніцца 3 сакавіка, у Міжнародны дзень пісьменніка.

З 17:00 - глядзіце прамую трансляцыю ўручэння прэміі на сайце svaboda.org

Блог Прэміі Гедройца развітваецца з вамі да наступнага тыдня. 
 

Тэкст апошні

АНАТОМІЯ МЕЛАНХОЛІІ АЛЬГЕРДА БАХАРЭВІЧА

Ганна Янкута  пра "Малую медычную энцыклапедыю Бахарэвіча"

У “Малой медычнай энцыклапедыі” ёсць штосьці ад сярэднявечных бестыярыяў, для якіх жывёлы былі толькі нагодай пагаварыць пра мараль і сэнс жыцця. Меланхалічнае сузіранне розных частак чалавечага арганізму адбываецца таксама не пад лозунгам “анатомія дзеля анатоміі”: як даўнейшыя аўтары бестыярыяў супрацьпастаўлялі “чыстым” стварэннямі, што сімвалізуюць Хрыста, “нячыстыя” ўвасабленні д’ябла, так і

Альгерд Бахарэвіч праводзіць мяжу паміж станоўчымі (інтым-шоп, памяць, масаж) вобразамі здароўя людзей і супольнасцяў і негатыўнымі (дыслексія, урынатэрапія, алкагалізм) метафарамі хворага грамадства. Вынікі праведзеных ім аналізаў паказваюць катастрафічны характар эпідэміі меланхоліі, якія прымушаюць самога доктара злегчы з яе сімптомамі. Зрэшты, тут яму ўсё ж такі пашанцавала, бо ў Сярэднявеччы ўся гэтая гісторыя магла скончыцца аўтадафэ, а таму губляць надзею не варта: з часам аўтарскі “Фізіёлаг” Альгерда Бахарэвіча можа страціць сваё сімвалічнае значэнне і пачне выкарыстоўвацца выключна на ўроках па медыцынскай падрыхтоўцы



НАЙЛЕПШАЯ КНІГА 2001 ГОДУ

Лепш позна, чым ніколі. Гэта я і пра кнігу "Міларусь" Лявона Вольскага, якая, на жаль, так і не сягнула   шорт-ліста Літаратурнай прэміі Гедройца, і пра сваю на яе рэцэнзію 


Тэкст адзінаццаты

НАЙЛЕПШАЯ КНІГА ДЗЬВЕ ТЫСЯЧЫ ПЕРШАГА ГОДУ

Марыя Мартысевіч пра кнігу Лявона Вольскага "Міларусь".


І вось што цікава з этай вашай ліцературай, якую шараговы чытач нездарма лае, на чым сьвет стаіць. Эта ваша ліцература нават ня чухаецца свараць героя свайго часу такім, якім яго хацеў бы бачыць шараговы чытач.

Пачытайце навіны. Дзясяткі людзей гібеюць у турмах за палітычныя перакананьні. Перасьледы, выкраданьні, шантаж, правакацыі... І ў адказ – мужнасьць ахвяраў і іх сямейнікаў. Прынамсі, так гэта выяўляюць незалежныя СМІ. Што ні навіна – сюжэт з жыцьця, які натхняе. Вось напрыклад, таямнічы гарадзкі альпініст, якога называюць Міронам, з году ў год уздымае бела-чырвона-белыя сцягі на недасягальную верхатуру. Сяргея Каваленку пасадзілі, але, як мне пішуць у фэйсбуку, сьцягі працягваюць зьяўляцца...

І што мы маем у мастацтве пад тэгам “Мірон”?

Хіба што карціну Алеся Марачкіна. 



Генеральнае несупадзенне сучаснай беларускай прозы з чаканьнямі чытача найперш у тым, што беларускі празаік піша пра сябе, а трэба было б пра Мірона.

І ў гэтым пляне Лявон Вольскі – тыповы беларускі празаік. 

Чытаць тэкст цалкам