Tags: чаму я тоўстая

little

МАНЬНІК

А яшчэ па начах я люблю пячы пірагі. Толькі што выкалупала з формы найдасканалейшы маньнік, які калі-небудзь мне ўдаваўся. Калі б Гаварлівы Ліцьвін Алесь Белы мог чытаць гэтыя радкі, ён бы плакаў ад замілаваньня. Маўчаў і плакаў.

Як ні дзіўна, рэцэпт маньніка быў вычытаны мной і мамай не ў якой-небудзь "Гаспадыні літоўскай", у рубрыцы "Трушная вялікалітоўская выпечка", а ў звычайнай газэце, напачатку 1990-х, у матэрыяле "Вкусная и экономная сдоба". Аўтарка матэрыялу прыводзіла рэцэпты пірагоў, у якіх не было дэфіцытных і дарагіх інгрэдыентаў, якія лёгка было прыгатаваць нават напачатку 1990-х. На парозе чарговай эканамічнай крызы сьпяшаюся падзяліцца старынным, 20-гадовай даўніны, рэцэптам (бо ад аўтэнтычных маньнікаў, паводле бачаных мной кулінарных кніг, ён такі адрозьніваецца).

3 яйкі
1 шклянка цукру
1 шклянка сьмятаны
1 чайная лыжка пагашанай соды
0,5 шклянкі манкі (хаця я кладу болей - 0, 75 -0,8)
1 шклянка мукі

Інгрыдыенты засыпаюцца ў Міску ў парадку пералічэньня, узьбіваюцца Венчыкам, і выліваюцца ў Форму. Запякаюцца ў духоўцы да памяркоўна-карычневай корачкі. Вы спаліце ці перасушыце пару-тройку маньнікаў перад тым, як даўмеецеся, якая корачка - памяркоўна-карычневая. Самае галоўнае маньнік не ператрымаць. Я вось думаю, што мой маньнік не падгарэў, бо я пастроіла smatrycenka, і той сядзеў у скайпе і працаваў куханным таймерам.

Вяцягнуты з Формы маньнік абмазваецца сьмятанай з цукрам. Можна, канешне, зварыць чакаляды ці галярэтку, але менавіта сьмятана з цукрам надае нашаму сямейнаму маньніку аўтэнтычнасьці раньніх 1990-х. Дарэчы, аднойчы мы з czalex ганялі шыпшынавую гарбату з маньнікам у беларускай рэстарацыі на Бальшой Нікіцкай у Маскве, дык я палічыла, што адзін наш сямейны маньнік каштуе ў Маскве 40 баксаў. Пры самі разумееце якім сабекошце.

Увогуле, тут мог бы быць пост пра паездку ў Кракаў. Але пост пра паездку ў Кракаў трэба пісаць пры сьвечках, з келіхам віна ў руцэ, у поўнай самоце. А такога ўсё ніяк не надарыцца. Ды і сьвечкі каля кампутара - сумнеўнае суседзтва. Але я такі напішу. Уан дэй.
little

БЭРЛІН. ПРАГА. ВІНШАВАНЬНІ ДЛЯ ЛЕНІНА

Сёньня - дзень нараджэньня Леніна. Ленін - мой даўні сябар і адданы чытач майго дзёньніка. Завуць яго, канешне, не зусім Ленін, але ён вельмі ня любіць, калі пра яго згадваюць публічна, а мне дык амаль забараняе. Але эту песьню нізадушыш, ніуб'ёш - пісаць пра яго я ўсё адно буду. Называючы яго Ленін, раз ужо ён сёньня нарадзіўся.

Collapse )
Дарагі наш Ленін! Мы ўсе - твае сябры - шчыра віншуем цябе з Народзінамі! Зычым шчасьця, натхненьня і плёну! Вяртайся хутчэй!

ЛЬВОЎ: "КРЫЙІВКА"

Очынна я баялася публікаваць эці кадры ў ЖЖ. Думала, адфрэндзіць Хадановіч, як таго С. Адамовіча. А ён кажа, не не адфрэнджу. Бо ты ж гэта робіш зь хвігай у кішэні. А я кажу, ага, хвіга мо' і ў кішэні, але дзьве рукі на аўтамаце. Дзева-Марыя-траеручніца. У любым выпадку, я лічу, што нацызм - ацтой. Бо мой дзед Антон Бэрлін браў.

Карацей, дзякуючы маім пяшчотным ільвоўскім сябрам, я прайшла фэйс-кантроль у клюб "Крыйівка", апяяны журналісткай "Маскоўскага камсамольцу". Асабліва апяяны дадзенай журналісткай пункт мэню "Маскалікі на відэльцы" кудысьці таямнічым чынам зьнік. Затое ў мэню, там-сям ненавязьліва аздобленым свастыкамі, засталіся каша грэчневая з маслам "Будні вэрмахту", карп смажаны "Усьмешка Нахтыгалю", печаныя яблыкі "Спакуса Эвы Штольц", напой прахаладжальны зь мёдам і кменам "Юзьо з Люфтвафэ", штосьці там "Пятнічны рэйд" і ўсё ў такім духу. Тут уплыву маскоўскай прэсы не хапіла. Дзед журналісткі МК, мяркуючы па ўсім, Бэрліну ня браў.

Пра што гэта я?

Collapse )
Увогуле, уражаньняў ад двух тыдняў у Сярэдняй Эўропе вельмі шмат - гарады, здарэньні, людзі - але няма ніякіх маральных і фізычных сілаў пераказваць у блогу УСЁ. З кожнага гораду прывезла па адным "мэмароідзе", абяцаю апрацоўваць і паціху вывешваць.

Здавайцеся!!!

САЛЯТА З 12-ЦІ ЧАСТАК

Мае сябры актыўна падтрымліваюць мой намер сыйсьці зь літаратуры ў кулінарныя крытыкі. Кажуць, і правільна: чым пісаць (пра)літаратуру, якую ўсё адно ніхто не чытае, лепей рассказваць людзям праўду пра тое, на чым нагульваеш свой тлушч. Мой зорны час у бел ЖЖ - пост пра сьмятану і боршч (які насамрэч быў аб правах чалавека і супраць таталітарызму) мусіў навучыць мяне гэтаму. Што ж, я працягваю.

Па вялікіх сьвятах наша сям'я нагульвае тлушч з дапамогай спэцыяльнай саляты, якая замяніла нашым сэрцам і страўнікам кананічны аліўе. Яе рэцэпт сяброўка маці прывезла з Заходняй Украіны. Яна неяк называецца, але мы ня ведаем гэтай назвы. Маці называе яе 12-часткавая салята; мае спробы ахрысьціць яго "Ківачом Фуко", якія мелі месца ў часы хваробы на Умбэрта Эка, хатнімі падтрыманыя не былі. Асабіста мне гэтая салята падабаецца ня толькі за смак, адрозны ў кожнай маленькай порцыі, а яшчэ за дзьве рэчы: за гіпэрбалізацыю ідэі саляты як такой і за тое, што, паводле рэцэпту, дзьвіжуха вакол 12-часткавай саляты не абмяжоўваецца нарэзкай і ўласна паяданьнем. Гэтая салята проста створаная, каб аброшчваць яду рытуаламі, а зь ежы рабіць культ.

Рэцэпт:

Узяць 12 кампанэнтаў:

1. сьвежы памідор 4. кукурузу 7. варанае яйка 10. доктарскую кілбасу
2. сьвежы перац 5. гарошак 8. вараны бурак 11. вяндліну
3. сьвежы гурок 6. сыр 9. вараную моркву 12. смажаную бульбу, -

кожнага прыкладна па 150-200 грамаў. Парэзаць усё, што рэжацца, буйной даўгой саломкаю, выкласьці сэктарамі на вялікі спод (пажадана, каб яго краі крыхо загіналіся ўгару), улічваюцы чаргаваньне колераў. Пасаліць і паперчыць, у дзюрачку пасярэдзіне выціснуць пакецік маянэзу.

Павінна атрымацца такая карцінка
:



(Што праўда, у дадзеным выпадку маці саграшыла супраць эстэтыкі, высыпаўшы гарошак пасярэдзіне і схаваўшы яго пад маянэз. Таму ў кампазыцыі адчуваецца дысбалянс зялёнага).

Паставіць саляту роўна пасярэдзіне стала, утыкаць на яе ў вольныя хвіліны да прыходу гасьцей.

Калі госьці сабраліся і паднялі першы тост, пара дагатаваць саляту да канца, разьмяшаўшы ўсё ў іх прысутьнасьці
. У патрыярхальных сем'ях разьмешвае гаспадар дому. У матрыярхальных сем'ях разьмешвае гаспадыня дому. У дэмакратычных сем'ях разьмешвае вінаваўца сьвята. У нас учора гэта рабілі ўсе госьці брата адначасова:



Кажуць, набор кампанэнтаў можа крыху адрозьнівацца, а вось як называецца страва, ня кажуць. Толькі блюзнераць, гады: ""Таемная вячэра": часткі - апосталы, а маянэз - кроў Госпада нашага". Калі ў вашай сям'і гатуюць нешта падобнае, і вы гэта неяк называеце, скажыце, як, - буду ўдзячная.

НАВОШТА СЬМЯТАНА Ў СУПЕ?

Пытаньне "Навошта класьці сьмятану ў суп?" не дае мне спакою ўсё сьвядомае жыцьцё.

У дзяцінстве я лютай нянавісьцю ненавідзела чырвоны і зялёны баршчы, рассольнік і грыбны суп. У адрозьненьні ад боскага фасолевага супу, дзе цудоўна адчуваўся смак кожнага з інгрыдыентаў, гэта былі атрутныя балянды, у якіх любы прадукт меў смак белай і кіслай вадкасьці, якую мама/нянечка ў садзіку спачатку выціскала з пакеціку, а потым, для вернсьці, старана разбоўтвала лыжкаю. Да дзесяці год мае страўнік і псыхіка адмаўляліся ад спажываньня ўсяго, запраўленага сьмятанаю.

Празрэньне прыйшло гадоў у дзесяць. Вярнуўшыся дамоў са школы, калі нікога не было, я наліла сабе ў талерку боршч і зьела яго. А потым наліла другую талерку і таксама зьела. Гэта быў самы смачны суп на сьвеце. Так мне адкрылася ісьціна.

Праблемы, зь якімі я сутыкнулася, абвесьціўшы дома, што буду есьці супы толькі пры ўмове, што ў іх ня будзе сьмятаны, параўнальныя з праблемай некаторых маіх знаёмцаў, якія абвесьцілі бацькам, што будуць размаўляць дома па-беларуску. За сямейным абедам тата зьдзіўлена і пакрыўджана маўчаў, гледзячы ў маю незабеленую талерку. Маці з плачам і енкамі трэсла нада мной пакетам сьмятаны, то ўгаворваючы, то пагражаючы. На вакацыях у вёсцы бабуля не хацела нічога чуць: варта было адвярнуцца, яна зь пераможным крыкам плюхала лыжку сьмятаны ў суп і сьмяротна абражалася, калі я адмаўлялася пасьля гэтага есьці. Калі ж, шантажом і галадоўкамі я дамаглася свайго, бабуля скарылася, але дагэтуль буркоча за абедам - лічыць мяне вар'яткаю.

На маё пытаньне "навошта сьмятана ў супе" ўсе гэтыя прынцыповыя людзі пакуль выдалі мне толькі два адказы:

- Гэта смачна. (??? !!!)

- Так усе робяць/ такі рэцэпт / такая завядзёнка.

Прычым ніхто так дагэтуль і не ПАВЕРЫЎ, што мне і сапраўды НЯСМАЧНА.

Апошні сьмятанны канфлікт я перажыла ўлетку на Палесьсі. Я абедала зь сям'ёй дзядзькі, падавалі боршч з маладой капустай.

- Дзякуй, я ем безь сьмятаны, - кажу я стрыечнай сястры, калі тая працягвае пакет.

Тады сястра заносіць пакет над маёй талеркай.

- Не-не, ня трэба, - закрываю я талерку рукамі.

І тады сястра аддае пакет цётцы, хапае мяне за рукі і трымае іх, пакуль цётка ліе ў боршч сьмятану.

Зь цягам часу я прывучыла сябе есьці супы са сьмятанай - калі афіцыянт ці гаспадар прынёс, а я забыла папярэдзіць. Але я не разумею, чаму ў гэтай, фактычна, ДРОБЯЗІ, мне даволі рэпрэсіўна не пакідаюць права выбару.

Людзі, ну навошта сьмятана ў супе?..