Tags: фільмы

НЯ БЫЦЬ БЛЭР - ДЛЯ ТЫХ, ХТО Ў АЛЬПАХ

Эта... Пасьля такога перапынку нат ня ведаю, як пачаць. Мусіць, так: ізьвініце, што без манетызацыі...

Фактычна ўвесь 2014 год у мяне быў годам без журналістыкі. Гэта неяк само сабой распаўсюдзілася і на блогінг, таму ЖЖ стаяў колам, ну, трэба было сабрацца з думкамі, раслабіць пісацельныя цягліцы, перагрупавацца - і можна сказаць, што ўсё атрымалася. І вось учора я зайшла ў лайвджорнал і раптам пабачыла, што тут так усё ізьмянілася, нават да ўласнага блогу цяпер на казе не пад'едзеш, мусіць, ужо непрыстойна прызнавацца людзям, што я набіраю гэты тэкст у аштэмээле і ўручную па памяці прапісваю тэгі, хоць тут зьверху цяпер зручная навігацыя.

Карацей, прыйшло ўсьведамленьне, што мэдыйная прастора фарматнулася, і пара правесьці ў блогу касьмецічаскі рамонт, каб яго зь ёй сынхранізаваць, зрабіўшы ЖЖ больш функцыянальным адпаведна маім сёньняшнім патрэбам, але гэта так, думкі ў голас, не зважайце.

Тут было весела і тут захоўваецца мой архіў, таму ўсё раўно цібя не брошу, але апошнім часам зьявілася шмат іншых пляцовак, якія важна разьвіваць, прычым ня толькі ў онлайне, але іх жа ў афлайне, гэта тычыцца найперш http://novychas.info/, http://lohvinau.by/, http://pen-centre.by/ - прынамсі, два месяцы таму я схадзіла на тры карпарарацівы, а ў фрылансэра, як вядома, ступень прыналежнасьці да праекту вызначаецца тым, ці запрасілі на навагоднюю п'янку. Ёсьць шмат іншых харошых пляцовак, якія разьвіваюць розныя харошыя людзі, якія ў тым ліку дзеля гэтага сыйшлі з ЖЖ, так што ўсё больш, чым пазітыўна, апроч таго, Марк Цукерберг ніспаслаў нам фэйсбук, мы там трындзім, набягаем, пляткарым, посьцім сэлфі і робім усё тое, што тут раней называлася лытдыбр - для гэтага ў Цукерберга ўсе неяк лепш прадумана. Карацей, усё адбылося так, як мусіла адбыцца, - я ніачом не жалею.

Ну, гэта такі доўгі ўступ, насамрэч я прыйшла напісаць пост часткова для tacia, якая ведае мяне найдолей і, можа, найлепей за ўсіх тут, але якая цяпер далёка і таму ў яе празь віртуальнасьць іскажаецца вобраз мяне ў бок нейкай такой прасунутасьці і (не)мэйнстрымнасьці, якую яна, здаецца, сама мне надумала - а магчыма, гэта яна проста троліць і забывае ставіць смайлікі. Карацей, Таня, да, мая цырульніца - актывістка глямур-праекту "Парад нявест", а пасьцельная бялізна ў нас дома ў хардкоравую кветачку - я абстаўляла кватэру так, каб у яе арганічна ўліваўся дызайнерскі выбар маёй хроснай з Броннай Гары, а яшчэ я ў мінулым годзе ў рэжыме пракастынацыі паглядзела некалькі дзявочых сэрыялаў, пра якія хачу апавесьці.

Ну, вядома ж, у мяне быў экск'юз - тыя, хто з ФБ, ведаюць, што я ўвесь мінулы год пісала раман катэгорыі young adult (ну, як пісала, бязбожна перадзірала зь японскай мангі, але гэта і было самым прыемным у працэсе) - дык вось, я заяўляла, што проста дасьледую прадукт, які ўжо скарыў маю мэтавую аўдыторыю, але ладна, каго я падманваю. Карацей, серыял "Girls" я так і не даглядзела, хоць у ім шмат цікавага для развагаў, але пра Лену Данэм у нас ужо не лянуюцца пісаць, а чым далей, тым, думаю, пісаць будуць болей, а вось сэрыял "Gossip Girl" агорала да канца. Ён даўно прайшоў, і, здаецца, без асаблівых наступстваў для беларусаў.

reg_560.gg2.cm.12612Я была шчыра перакананая, што "Пляткарка" - гледзіва пра нейкі такі клясычны безгустоўны ружовы глямур, але прыемна зьдзівілася, што насамрэч ён даволі інтэлігентна прасоўвае нейкі сапраўды пераканаўчы ў сваёй вытанчанасьці лайфстайл амэрыканскага вышэйшага сьвету, прынамсі, я ў корані перагледзела сваё стаўленьне да шпілек і пазалоты, у тым ліку даравала Вэрсачэ ўсё тое, што ён у 90-х зрабіў сваімі трэндамі з нашымі жанчынамі і прызнала за розным от-куцюрам права на існаваньне ў дэкляраваных ім межах (ва ўмоўнасьці сэрыялу - у межах Верхняга Істсайду). Апроч таго, галоўны герой сэрыялу - як ні круці, горад Нью-Ёрк, і мангэтэнскую эліту там выгадна адцяняе бруклінская багема, розныя рокеры і незалежныя мастакі, якія сьнедаюць у такіх знаеце дэмакратычных кафэшках і жывуць у лофтах, так што стразаў не пераядаеш. (Карцінка адсюль).

Але галоўнае ня гэта, гэта ўсё мішура. Галоўнае - прынамсі для нас тут - што "Пляткарка" - гэта іранічнае назіраньне за тым, як новая мэдыйная рэчаіснасьць уплывае на жыцьцё той ці іншай замкнёнай супольнасьці. Напрацягу некалькіх год групай неаперыўшыхся юнцоў з вышэйшага сьвету фактычна кіруе ананімная школьніца, якая вядзе блог у інтэрнэце - ідэя дык выдатная для часу стварэньня сэрыялу - другой паловы 2000-х, калі блог-бум і ўсё такое, і "Сэкс у вялікім горадзе" ўжо правёў усе неабходныя рэвалюцыі ў сьвядомасьці ды шчасьліва спыніўся.

Цікава прапісана, як людзі мяняюцца пад уплывам віртуальных плётак, прычым ня толькі ў горшы, але і ў лепшы бок, даволі ўдала паказана, як у выніку героі перамаглі назольную блогершу. Напрыклад, аднаму з пэрсанажаў - Нэйту Арчыбальду (на фотцы крайні зьлева) - які ў першых сэзонах быў безаблічным няшкам, карыстаным усімі дзяўчатамі, што мелі для гэтага дастаткова ахвоты, - у апошніх сэзонах даверылі гезэту NY Spectator, дзе малады рэдактар ад пачатку пастанавіў, што будзе падымаць рэйтынг маральнымі спосабамі, вартымі сапраўднага арыстакрата - без жаўтухі і плётак. Гэта выданьне ў выніку і раскрывае асобу "пляткаркі".

Дарэчы, што да гэтай асобы. Знайшлі мне інтрыгу. Там усё робіцца зразумелым яшчэ ў чацьвёртай сэрыі першага сэзону - я як спрактыкаваная пляткарка за кіламетр чую сястру /брата. Але глядзець, ясна, усё адно было цікава, хоць яўна многае ў сэрыяле было падпарадкаванае рэйтынгу. Для мяне вырашальнымі падчас развагаў, глядзець ці не, сталі камэнтары гледачоў з 2000-мі гадамі нараджэньня ў профілях, якія напісалі, што "Дэн Хамфры спатачку быў харошым, а потым маральна дэградаваў". Увага, спойлер: Дэн Хамфры (на фота справа) па ходзе сэрыяла зрабіўся пісьменьнікам і, напрыклад, у другім сэзоне хадзіў на літаратурныя майстар-клясы да субутэльніка Букоўскага. Вось яна - маральная дэградацыя ўва ўсёй красе. Маладым літаратарам глядзець абавязкова.

Яшчэ гэты сэрыял - выдатны рысэч мэханізмаў маніпуляцыі людзьмі. Галоўная тут - Блэр Уолдарф (на фота брунэтка). Менавіта яна пляце самыя сьмешныя інтрыгі ў фільме, часта сама робячыся іх ахвярай. Гэты вобраз цікавы тым, што яскрава паказвае, наколькі дарослы чалавек можа загуляцца ў дзіцячыя гульні. Блэр была каралевай элітнай школы і дыктавала правілы цэламу асяродку. Яна сьвята верыла, што ёй удасца перанесьці свой каралеўскі статус ва ўніверсітэт, але тут наступіў аблом, таму што ў дэмакратычным Нью-Ёркскім, куды яе занесла, гіерархія выбудоўвалася зусім па іншым прынцыпе. Блэр у адчаі стала вяртацца ў школу, якую скончыла, і спрабаваць наводзіць там ранейшыя парадкі - але ж сярод малодшых паралеляў выявіліся свае, маладыя каралевы якія, напрыклад, вызначылі, што каралеўства - гэта ўвогуле старпёрская мэтафара, быць мафіёзным кланам прыкольней і яны - донны.

У выніку Блэр - не без дапамогі блізкіх - давялося разьвітвацца з ілюзіямі і пачаць дарослае жыцьцё, накіраваўшы энергію ў тую сфэру, якую сапраўды выдатна ведала, - мода. Прычым паходу яна там, кажучы сучаснай мовай ЖЖ, няхіла заюзала сацкап, пачаўшы шыць стылёвую форму для школьніц, ператварыўшы сваё былое каралеўства ў мэтавую аўдыторыю.

Ну, гэта ў яе ў 22 гады выбару не было - сэрыял спынялі, трэба было паказваць магчымыя разьвязаньні, а так многія з нас вельмі доўга вылузваюцца з падлеткавых ілюзій, толькі да трыццатніку сьцяміўшы, чаго ім уласна хочацца. Толькі б і тут не памыліцца. Я тут нядаўна на сустрэчы з аднаклясьніцамі - падумаць толькі, ёсьць людзі якія ведаюць мяне долей, чым tacia - сказала, што мне не падабаецца ніводная з менскіх кавярняў і гэта нагода адчыніць сваю.

Каця і Сьвета аднак, груба паставілі мяне на зямлю, сказаўшы, што для гэтага мне трэба наняцца ў афіцыянткі і прайсьці ўсё зьнізу да верху на ўласнай скуры, а якія тут ужо афіцыянткі ў 32, да таго ж, каб раскруціць бар, трэба мець профільны навык - умець самой многа піць, а яны вельмі сумняюцца ў прафэсійнасьці маёй пячонкі. Карацей, сказалі яны, калі табе проста хочацца кудысьці паставіць эспрэса-машыну, адчыні сваё выдавецтва і стаў туды, бо на кнігах ты хоць крыху знаешся і пабегала ўжо там афіцыянткай. І яны мелі рацыю, і гэта была вельмі карысная размова, якая нагадала, што нам-та сапраўды па 32 і пара ужо навучыцца чотка расстаўляць прыярытэты. Так што ня быць Блэр - гэта таксама і пра мяне, хоць інтрыгуе яна, канешне, зачотна.

Ну, там яшчэ былі іншыя займальныя героі, але напісаць яшчэ хочацца толькі пра Чака Баса (на фотцы пасярэдзіне), і нават не пра яго, а пра яго выканаўцу - брытанскага маладога актора Эда Вэствіка, які, калі меркаваць па ягоных інстаграмах, вельмі хоча быць ламбэр-сэксуалам з трохдзённай няголенасьцю, але сэрыял "Пляткарка" намёртва прыпаяў да яго амплуа маладога бліскучага мільярдэра. Вось нават і ў эўрапэйскай ужо камэдыі "Chalet Girl" - пра Папялушку на сноўбордзе ён знову паголены малады мільярдэр, якому хочацца простага чалавечага шчасьця. Гэты даволі міла і з густам зроблены, хоць і папсовы фільм і можна рэкамэндавацьtacia як заўсёдніцы альпійскіх лыжных курортаў, каб расказала, ці ўсё там праўда, бо нам хацелася б, канешне, паглядзець, якое яно - мэтро, але п'яных туды не пускаюць. Яшчэ фільм адметны вобразам асацыяльнага бацькі галоўнай гераіні, які ўвасобіў той самы актор, што граў Мэні ў сэрыяле "Блэкбукз" (ці Паўла ў сэрыяле "Кнігарня Логвінаў" - каму як падабаецца). Ну і хвартух у жоўтую кветачку на лонданскай кухні - вэры cute.

Ну, і каб скончыць з сэрыялам "Пляткарка", - там вельмі сьвяжо запоўненая квота па нацменшасьцях. Афраамэрыканцы там толькі ў масоўцы - ну праўда, адкуль яны ў Верхнім Істсайдзе, затое ўва ўсіх сем'ях - пакаёўкі з Усходняй Эўропы. У Вандэрвудсанаў гэта Ларыса, пра якую згадваюць, але ў кадры яе няма, а ў Блэр пакаёўка - насупраць - адна з цэнтральных гераінь сэрыялу і лягістычны рэсурс многіх інтрыг. Гэта полька Дарота, якая па ходзе сэрыяла выходзіць замуж за дормэна,  "рускага Ванюшу" із - аткуда б вы думалі? - Мінска. Ха-ха, вось у гэты пост ужо можна ставіць тэг "урбанісьціка". Хоць, канешне, гэта я проста праграмую бульбасрач на тэму нацыянальнай самаідэнтыфікацыі эмігрантаў.

Дарота, дарэчы, у некаторых сэрыях злосна кляне мангэтэнскую эліту на роднай мове. Слова "курва", акторка, праўда, на ўсякі выпадак не ўжывае, але лаецца сапраўды па-польску.

---

Неяк так. Напрыканцы я хачу папрасіць усіх, хто адкрыў гэта з фрэндстужкі, неяк маякнуць, што вы гэтую стужку яшчэ чытаеце. Проста мне для інфармацыі - я даўно тут не была, страціла адчуваньне аўдыторыі. І яшчэ пытаньне, які тут цяпер этас кату? Раней усіх, хто не заганяў даўгія запісы пад кат, лічылі нахабамі і грубіянамі, таму я - ясная рэч - гэтага дэманстратыўна не рабіла, маўляў, тысячнікам было ўсё можна. А цяпер як? Ці лічыцца гэта ўсяго толькі лёгкай абразай гонару - або за такое без папярэджаньня пазбаўляюць сацкапу? Прывітаньне.
chakaliada

ВЫКЛІК

Паглядзелі ўчора па БТ Defiance, пра які так шмат гаварылі бальшавікі. Можна лічыць, у першы раз. Пазычаную два гады таму няякасную копію з жахлівым перакладам, які нельга было адключыць, спынілі на моманце, калі перакладчык назваў Наваградак Ноўгарадам.

Фільм аказаўся не такім кепскім, як пра яго гаварылі, і як можна было меркаваць пасьля прашчоўкваньня жахлівай копіі. Ён добра глядзіцца, калі настроіцца і глядзець, але калі б гаворка была не пра беларускіх габрэяў, а пра якіх зулусаў, то фільм сам па сабе наўрад ці зацікавіў бы. Надта ён манатонны і лінейны, нягледзячы нават на прэславутую сцэну экшану, калі Крэйг сам-на-сам змагаецца з танкам.

Вядома ж, чакалі зьяўленьня klezmerа. І ён зьявіўся - на дзьве з паловай сэкунды мільгануў у кадры, але гэтага лічы ніхто не заўважыў, бо БТ засьвяціла экран анонсам хакейнага матчу "Расія-Чэхія". А я заўважыла, бо ведала, дзе прыкладна чакаць. Гэта было акурат у кавалку фільма з тым, што можна назваць рэжысёрскім рашэньнем, дзе чаргавалася сцэна бойкі зь немцамі і сцэна партызанскага вясельля.

Таксама прыемна, што фільм не прымушае бровы зьдзіўлена прыўздымацца на кожным кадры, як гэта адбываецца падчас прагляду "беларусьфільмаўскіх" нятленак пра вайну. Хаця б таму, што Эду Цьвіку ня трэба было зацьвярджаць сцэнар ні ў якім камітэце па ідэалёгіі. Ён дбаў адно пра балянс паміж прэславутых экшанам і гістарычнай праўдай. Мастацкасьць у фільме дасягаецца алюзіямі на Біблію, пэдаляваньнем канфлікту паміж братамі Бельскімі і карыкатурнымі савецкімі партызанамі, якія, дарэчы, паказаныя вельмі пераканаўча, зь веданьнем, што называецца, справы. Больш за ўсё мне спадабалася, як у адным эпізодзе Крэйг пантаваўся перад уцекачамі з Баранавіцкага гета, скочучы на белым кані, а ўжо ў наступным ён змушаны быў застрэліць каня, каб пракарміць халоднай зімой вялікі лягер.

Што праўда, некаторыя камэнтатары ў Інтэрнэт Муві датабазе са мной не пагадзіліся б. Вельмі многа кранальнага можна прачытаць у англамоўных рэцэнзіях на фільм. Напрыклад:

Problem number one is Daniel Craig. He does not look like an Eastern Polish Jew.

Па словах гэтага камэнтатара, Крэйг выглядае як обэрлейтэнант, які прахезаў форму ў пральні Вэрмахту.

Яно, канешне, пацаны з Акляхомы - вялікія спэцы па "усходнеэўрапэйскіх габрэях". Але, як казаў Дзіма Кацнэльсон, прадстаўляючы свайго сябра блакітнавокага бляндына Юру Формана, "Наші бывают разные".

А вось іншы камэнтатар адкрывае вочы на жахлівую непісьменнасьць Цвіка:

"...Бельскія былі не беларускімі, а польскімі габрэямі..."

"..Налібокі былі (або ёсьць) маленькім гарадком у Польшчы, разгром якога прыпісваюць "войску" Бельскіх..."


А вось яшчэ:

"Акторы размаўлялі з рускім акцэнтам. Больш за тое - яны размаўлялі па-руску з усімі іншымі. Але ж дзеяньне адбывалася ў Польшчы! Як здымачная група магла так лажануцца??"

Ну і так далей. Многія сапраўды абураюцца, што рэжысэр прымусіў актораў гаварыць "па-ангельску з усходнеславянскімі акцэнтамі". З абурэньнем гэтым, дарэчы, можна пагадзіцца. Бо там беларускія паліцаі і сяляне валяць чыста по-рюсскі. А ідыш пасьлядоўна замяняецца ангельшчынай. Некашэрна неяк.

У цэлым жа шмат пазытыўных водгукаў, хоць сярэднестатычтычны гучыць як: "Добра, але ня Шындлерліст"... Зрэшты, радая, што нарэшце ўдалося фільм пабачыць.
little

ВІЦЕБСКІ ФЭН-ШУЙ

Гледзячы на падазрона элегантна адбудаваны Усьпенскі сабор у Віцебску, я стаяла і думала: ну дзе яны мяне кідаюць? Бо для галоўнай мэты ўсяго гэтага параду - пусьціць маскалям, што прыяжджаюць на Славянку, барочны пыл у вочы - можна было так не старацца.

Усё стала на свае месцы, калі я дазналася, што хутка ў Віцебску паставяць помнік Аляксандру Неўскаму. Цяпер у Паўночнай Сталіцы (тм) поўны фэншуй: Альгерду - вежу і кабак над Віцяблянкай, Неўскаму - царкву і помнік над Дзьвіной.

Пры ўсім унёску сьвятога князя ў гісторыю і культуру Віцебска, прапаную скарыстацца момантам і, калі яшчэ сьвяжо ў памяці, што на ХХ юбілейным "Славянскім пазоры" Януковіч павіншаваў Лукашэнку, а Мядзьведзеў - не (уся Віцебшчына толькі пра гэта і гаворыць),хуценька перайменаваць помнік князю Аляксандру ў помнік княгіне Вользе.

Пры тым, калі навучыцца фільтраваць папсу, "Славянскі базар" - даволі прыемнае мерапрыемства. Прынамсі, ня так, як гэта, па апісаньнях, было ў мінулым (я ў Віцебску падчас Славянкі апынулася ўпершыню).

Асабліва крануў Горад Майстроў. Поруч з саламянымі жанчынамі і пластыкавымі сьвінкамі, там сапраўды было што памацаць вокам. Мудрым рашэньнем было ня браць з сабой вялікіх грошай - адрабілася сымпатычным кошыкам (нагадаў тыя, якія плёў мой дзед) і кілімком у ванную, сплеценым з абрэзкаў пакетаў (такія рабіла мая бабка). Жанчына, што прадавала кілімкі ў ванную, пераконвала, што пляце іх па фэншуі, і што гэты - менавіта ў ванную, а фактура са сплеценага шпагату і капронавых калготак мусіць забясьпечыць кантрастны масаж пяткам, калі вылазіш з душа.

Пасьля апалягетка фэн-шую па-змоўніцку падміргнула і дала мне квіток на розыгрыш латэрэі "Ваша лато": "У сераду на цэнтральнай плошчы Віцебска а сёмай вечара"... Я аж скаланулася... "Ой, не - чацьвер", - уважліва прыгледзелася яна да даты.

---

Між тым сёлета - апошняя жаночая п'янка з Гары Потэрам. Мінае эпоха, мінае веха ў жыцьці.
ryba

HAPPY BIRTHDAY JANE AUSTEN

235 год таму 16 сьнежня 1775 году нарадзілася Джэйн Остэн - пісьменьніца якая сьцьвярджала, што ўсе харошыя дзяўчынкі ў выніку выходзяць замуж.

З нагоды гэтай сьветлай даты зьмяшчаю тут сьвяточны ролік, які таксама прысьвячаю так даўно чаканаму але пакуль ня зьдзейсьненаму выхаду беларускага перакладу "Байцоўскага клюбу" Чака Паланіка:



І, відаць, яшчэ адзін. Усе эпізоды з Х'ю Лоры ў ролі містэра Палмэра з фільму "Пацуцьцё і чуллівасьць":



З нагоды народзінаў - паўтор папярэдніх пастоў пра Джэн Остэн у гэтым ЖЖ.

Рэклямныя ролікі кніг "Пыха, перадузятасьць і зомбі" і "Пачуцьцё, чульлівасьць і марскія монстры"

Рэцэнзія на фільм "Пыха і перадузятасьць 1940 году

Сумныя ўражаньні ад прагляду поўнамэтражнай "Пыхі і перадузятасьці" з Кірай Найтлі эх Лізі Бэнэт
little

ЛИКАНТРОПІЯ

У апавяданьні Людзьмілы Рублеўскай "Лікантроп" стары пан ператвараецца ў ваўка і ўночы загрызае расейскіх прыхадняў, якія прыйшлі канфіскоўваць яго маёнтак за дапамогу паўстанцам.

Цікава: сцэнарысты "Масакры" а). запазычылі ў Рублеўскай б). кіраваліся агульнай з Рублеўскай папярэдняй крыніцай в). гэта проста супадзеньне.


І, калі ласка, ня трэба казаць, што "ну там жа воўк, а там - мядзьведзь". Падабенства сюжэтаў не аспрэчыш. Хіба што, апроч таго сцэнарысты "Масакры" напазычалі яшчэ ў Караткевіча, Гогаля ды, магчыма, сучасных расейскіх постмадэрністаў, стваральнікаў камэдыі "Пушкенъ".

У ГАСЬЦЯХ У СКУНСА, ВУДЗІ АЛЕНА І ПІМЕНА ПАНЧАНКІ

Па нешматлікіх, але ўсё-ткі просьбах, апісваю свой таварыскі візыт ака дэвірт з pigbig, які меў месца папярэднімі днямі.

pigbig і яе зацны малжонак Ігар падабралі мяне на сваёй машыне ў сэрыцы Шыкага, на беразе возера Мішыган і павезьлі вакол возера Мішыган на іншы бок возера Мішыган у штат Мішыган, горад Ан Арбар, дзе ў іх база. Брутальны мой расклад на месяц кастрычнік не дазволіў скарыстацца з запрашэньня раней і заехаць да іх у госьці на выходных, таму я зьдзейсьніла знаёмства выключна з горадам АА - сталіцай унівэрсытэта Мішыгану - і ракой, але чамусьці не Мішыган, а Гурон, якая, ўпадае ў возера Гурон.

У першы вечар майго візыту мы хадзілі ва ўнівэрсітэт Мішыгану знаёміцца са скунсам. Куды там маім вавёрачцы і бурундукам - ва ўнівэрсітэце Мішыгану па вуліцы ходзіць скунс. Усе студэнты і большасьць выкладчыкаў яго баяцца і ніхто ня хоча зь ім сябраваць. І калі мы і сапраўды пабачылі скунса, я і Ігар перабеглі на іншы бок дарогі, і толькі pigbig сьмела падыйшла да яго бліжэй, амаль на адлегласьць стрэлу. А потым дакарала, што мы ўпусьцілі шанец бліжэй разгледзець гэтую чароўную істоту:



У другі дзень майго візыту мы хадзілі знаёміцца зь бібліятэкай унівэрсітэта Мішыган. Рытуальна адведалі паліцу зь беларускай літаратурай. У амэрыканскіх бібліятэках чытач выпісвае шыфр у каталозе, а потым сам ідзе ў кнігасховішча і забірае кнігу.

У пошуках запаветнай палічкі мы заблукалі, і я нечакана высьветліла, што пакуль мы спалі ў шапку, амэрыканцы выдалі на паперы ўсё ЖЖ Асі Паплаўскай:



Па дасягненьні беларускай палічкі мы знайшлі там даволі выпадковы і сьціплы асартымэнт жыцьцядайнай крыніцы роднага слова. Самым архаічным здаваўся зборнік вершаў Пімена Панчанкі. Яго мы і разгарнулі.

Пасьля разгортваньня зборніка Пімена Панчанкі я прыкладна суткі бесперапынна чыхала і ў тры ручаі сьлязілася. Ня трэба быць доктарам Хаўзам, каб зразумець, што гэта была алергія на кніжны пыл. Але па-мойму, гэта прыўкрасна, што цяпер за мной сафістычнае права сьцьвярджаць, што я маю алергію на Пімена Панчаку:



Унівэрсытэт Мішыгана будаваў першыя карпусы ў ХІХ стагодзьдзі. І таму вучацца тут пераважна ў Хогварцы.

Вось, напрыклад, Collapse )

Таксама ў праграму ўваходзіла знаёмства з прадуктовымі павадкамі амэрыканцаў. І калі супэрмаркет з арганічнай ежай я перанесла даволі млява і абыякава, даўшы сабе працу зафотаць хіба плітку гімалайскай солі 19 баксаў за паўкілаграмы:



а фэрмэрскія рынкі ў нас у Аяве-горадзе ё таксама,

то ў малюпасенькім камку пад назвай "Euromarket" мяне накрыла.

Так званы "рускі магазін", паводле сваёй шыльды, разьлічаны на шырокі спэктр постсавецкай і ня толькі эміграцыі:



pigbig сказала, што, нягледзячы на яе пратэсты, беларускі сьцяг (які з?) уладальнікі дамалёўваць ня чэшуцца. Пры тым, што траціна прадуктаў імартаваная зь Беларусі: Collapse )

Асобна трэба апісаць пачуцьці, якія ахапілі мяне падчас перабываньня ў кватэры Алены і Ігара. Так утульна мне не было з моманту ад'езду зь Менска - у ЗША я ўжо два месяцы жыву або ў гатэльных нумарах, або ў тыповых амэырканскіх двухпавярховых дамах, у якіх усё супраць маёй прыроды. Гаспадары расказалі, што год таму пераехалі ў кандамінімум у лесапаласе з асобнага дому і з таго часу шалёна хэпі. А я злавіла сябе на думцы, што чую ў кватэры тыя ж "гарацкія" водары, якія мы з братам заўважалі ў дзяцінстве, прабавіўшы перад тым лета ў бабулінай хаце. Адназначна - я жыхар квартэры. Пажадана - кандамінімуму, але для кандамінімуму ў Менску трэба каго-небудзь багатага абакрасьці. Ведала б, хто багаты, - ну чэсна, абакрала б.

А вечарам апошняга майго дня мы хадзілі знаёміцца з апошнім Вудзі Аленам. Апошні Вудзі Ален тым больш харошы, што зноў здымаўся ў Ландане, і таму я цалкам разумела ўсё, што гавораць акторы.

Вось так усё і прайшло. Асобна зазначу, што, як і большасьць жанчынаў з рэпутацыяй злоснай фэміністкі, pigbig выдатна гатуе.

А назад я вярталася цэлы дзень, і наш аўтобус здох на зьезьдзе ў Аява-горад. Але атрымалася нават лепей - добрыя людзі падвезьлі проста да парогу. Са станцыі сама не дайшла б. Усчаўся ільдзяны вецер - тут на Мідвэсьце паходу намячаецца чарговае тарнада. Так што і сапраўды, мяне можа куды-небудзь зьнесьці. Канзас дарэчы, гэта ўжо суседні штат.

І наастачу - мішыганская вавёрка. У адрозьненьні ад сваіх гістэрычных супляменьніц гэтая слухмяна стала ў стойку і дала сябе сфатаграфаваць:



Памерам гэты зьвярок - з гадавалую котку.
ryba

"ТЭОРЫЯ ВЯЛІКАГА ВЫБУХУ" СЭЗОН 4, ЭПІЗОД 1, БЕЛАРУСКІЯ СУБТЫТРЫ

Вось, адкапала ў сеціве:)))

Беларускія субтытры для новага эпізоду "Тэорыі вялікага выбуху"

Сам эпізод можна загрузіць тут.

Каб запусьціць субтытры, трэба зьмясьціць тэкставы файл у адну тэчку з фільмам і надаць файлам аднолькавыя імёны.

Папярэджаньне: калі вы раней не глядзелі сэрыял, не спрабуйце пачаць толькі таму, што "цяпер і па-беларуску". Бо калі вамі кіруюць такія матывацыі, сэрыял вам катэгарычна не спадабаецца.

БОМБА НА ПАНІКАДЗІЛЕ

Зазірнула на сайт "Кінапарк", а там абмяркоўваюць новых "Стомленых сонцам". Глядацкі рэйтынг - ніжэй за плінтус. Ставяць адзнакі спрэс "слаба", "жахліва"... І тут нехта пазначае: "шэдэўр" і камэнтуе:

"Правдивый фильм. Это первая нормальная картина о той войне снятая на постсоветском пространстве. Нормальная - потому что показаны такие моменты: бой, ранения, чудеса с миной на море и бомбой на паникадиле - всё это было на войне... Всем мужикам советую сходить".

Падкрэсьлена мною... Я думаю, дзеля такіх водгукаў рэжысэру карціны і варта жыць. Але напрамілы Бог, што такое "бомба на панікадзіле"?
little

КІНО І КНІГІ ДЛЯ МАЛЕНЬКІХ ДЗЯЎЧАТАК

1. Дзякуючы дзяўчыне, якую завуць Юля Трухановіч, - супрацоўніцы кінатэатру "Кіеў", якая па ўласнай ініцыятыве вядзе блог са сьвежымі навінамі пра стан каля касаў, сёньня я без праблемаў купіла білеты на бёртанаўскую Алісу. Чаргі і сапраўды не было. Была купка грамадзянаў у чорным, якая то зьбіралася, то рассмоктвалася са словамі "Пайдзём, на Аватар не дают ваапшчэ, сукі". Прычым сам факт, што "дают" на нейкі іншы фільм, выклікаў у некаторых разрыў шаблёна. "Аліса, б..., маць яе!" - захапляўся "самай чаканай прэм'ерай вясны" саракагадовы амбал, які ехаў па білеты на "Аватар" са Ждановічаў.

Усё-ткі ў быцьці "высокадохоўным быдлам" ёсьць свае перавагі. Прынамсі, ніякіх чэргаў.

2. На выходных Марына Шода частавала выдатным фаршмакам і цудоўным кексам уласнай выпечкі. Прыходжу ў інтэрнэт - а яна і тут пасьпела: Марына Шода - пра кнігі для маленькіх дзяўчатак.