Tags: падарожжы

БАЦЬКА ДЫ НЁМАН

Заўжды марыла
спыніцца на аўтамабільным мосьце
над Нёманам –
манэўр, забаронены
ўсімі правіламі
дарожнага руху.
І вось наша машына заглухла,
пераяжджаючы гэты мост.
“О Нёман, о бацька мой, Нёман!” –
радасна крычу я.
“Хто твой бацька?” –
незадаволена касавурыцца бацька.
І вось бацька мяняе сьвечкі,
А я перахілілася праз парэнчы,
спрабую разгледзець Нёман,
ці б’е, ці грае ён
сваёю блакітнаю хваляй –
і нічога не бачу:
ноч, туман, траса.
І толькі польскія фуры
з зорамі замест габарытаў,
з фарамі-шукальнікамі ў форме сэрца,
і толькі высока над намі
Вялікі Воз на аварыйцы.
І толькі Нёман ды бацька,
Бацька ды Нёман.

ЛІСТЫ КАПІТАНА БЭН ЕГУДЫ

Когда отряд въехал в город, было время людской доброты
Население ушло в отпуск, на площади томились цветы.
Все было неестественно мирно, как в кино, когда ждет западня.
Часы на башне давно били полдень какого-то прошедшего дня.


Песьня пра капітана Вароніна магла б быць саўндтрэкам нашага "трыюмфальнага ўезду ў Лужкі", дзе мелі адбыцца Бэн Егудаўскія чытанні, арганізаваныя Адай Райчонак. Але ў цэнтры былога мястэчка адбывалася ўсё, як у песьні: сьпёка, цішыня, бязьлюднасьць і ні сьледу краязнаўчай канфэрэнцыі. Выявілася, што ў мясцовасьці абвесьцілі карантын з нагоды афрыканскай чумы сьвіньняў, таму ўсё мерапрыемтва перанесьлі ў суседнюю вёску, дзе ў будынку зачыненай школы быў разьмешчаны "цэнтр культуры і адпачынку". Шукаючы гэтую вёску, мы і праўда натыкнуліся на некалькі санітарных кардонаў.

Элізер Бен Егуда нарадзіўся ў мястэчку Лужкі пад Шаркоўшчынай і пражыў там 14 гадоў. Пасьля зьехаў у Дзвінск, Парыж і ў выніку - у Палестыну, дзе ў складзе сіянісцкай грамады агітаваў габрэйскае насельніцтва за вяртаньне мовы іўрыт у штодзённы ўжытак. Як вы ведаеце, у яго ўсё атрымалася, і цяпер яго іменем названыя вуліцы ва ўсіх гарадах і кібуцах Эрцу. Пра гэта і размаўлялі на непрацяглых, але душэўных чытаньнях. Таксама вельмі расчуліў удзел у "мітынгу-паніхідзе" (ці неяк падобна выславілася полацкая актывістка) каля мемарыялу памяці лужкоўскіх габрэяў, якія загінулі ў Халакосце. Найбольш уразіў выступ ветэрана вайны, які падлеткам здолеў уратавацца з Лепельскага гета.

Дарэчы, і сама Ада Райчонак маленькай дзяўчынкай двойчы трапіла ў гета, але двойчы цудоўна была ўратаваная.

Другая частка чытанняў перамясцілася ў Германавічы, у музэй Ады Эльеўны. Паехалі туды разам з усімі, але, на жаль, дабыць да канца чытанняў, якія плаўна перацякалі ў Купалле, не маглі, а выправіліся дадому, у Менск. На вячэру ў нас былі чарніцы і лісічкі.

Усім дзякуй за добрую кампанію!
ryba

КУХНЯ БАБУЛІ

- Дура, куды ты мяне праз Оршу вядзеш? Я ж да цешчы еду!

На джыпіэс-навігатарах можна паставіць на выбар мужчынскі або жаночы голас. Але мужчыны выстаўляюць наладкі так, каб можна было спрачацца з кампутарам, як з жонкай. Маршрут задаюць заўжды, нават калі могуць знайсьці дэсьцінэйшн з заплюшчанымі вачыма. І асабліва радуюцца, калі дура-навігатар паказвае іншую, чым яны прызвычаіліся, дарогу. Бо тады можна пераканаўча давесьці машынцы, што яна - дура. Апафеозам спрэчкі заўжды стаецца націсканьне - са словамі "надаела ты мне" - пункту мэню "адключыць апавяшчэньне голасам".

- Цікава, калі яна перастане весьці мяне на Віцебск праз Маскву? - пазірае на экранчык тата, а мы ўжо пад Лагойскам.

- Калі падзе крывавы рэжым і сатрэцца Масква ў галавах, - адказваю я тонам Зянона, і мы сьмяемся.

Пасьля Аксакаўшчыны жыцьцё адчуваецца зусім па-іншаму.

Мы экстрана выехалі ў Пальмінку, бо ў бабулі прарвало вадаправод. Ну а паколькі кухня ў яе даўно была ў гаротным стане, мы да таго ж замуцілі там экспрэс-рамонт і ўсялякі экадзізайн.

Апэлюючы да шоў "Кварцірны вапрос", я ўмудрылася пераканаць бабулю, што фанерка, якой абабіты паўвекавы зруб, абклееная 12 слаямі шпалераў, ёй ужо не патрэбная. Калі нехта захоча правярнуць той жа фокус са сваімі роднымі на сяле, падказваю агрумэнт, які працуе: паміж зрубам і фанеркай утвараюцца каналы, дзе гойсаюць мышы. Калі абадраць сьценку да голага зрубу, там могуць выжыць толькі мышы-скалалазы. Праўда, на мае маніпуляцыі бабуля ўсё адно пазірала зь недаверам і на падазронае слова "марылка" рэагавала нэрвова.

- Бабуль, да вайны ў Азіраве у вас жа былі такія сьцены ў хаце? - уключыла я апошнюю зброю - настальгію.
- Мы жылі заможна і заўжды мелі грошы на шпалеры - адказала бабуля Зоя, падціснуўшы вусны.

У пацьвярджэньне маёй тэорыі пра каналы для мышэй падчас абдзіраньня зрубу на мяне штохвіліны валіліся пухнатыя муміі. Гучала гэта так.

- Аааааааааааааааааааааааааааааааааааа!
- Што, зноў мыш? Чаго ты ўнучка крычыш, яна ж дохлая!

Праз асаблівасьці канструкцыі дома дзьве сьценкі засталіся голым зрубам, а дзьве, сяк-так выраўняныя гіпсакардонам, былі абклееныя беларускімі шпалерамі "мазаіка".

Але галоўнае адбывалася бліжэй да плінтуса. Там тата спаяў складаную сістэму з трох кранікаў. Цяпер вада ліецца на трох узроўнях: мыйніцы, кранік пад вядро і шлянг на лазьню.



Мойка яшчэ будзе перарабляцца, зьляпілі з таго, што была, але ў цэлым утварыўся інцяр'ер, фоткі якога пошчу тут, няхай і крыва, бо за час маёй адсутнасьці ў ЖЖ яго адміністрацыя тут зноў усё памяняла. Бабуля, пабачыўшы абноўленую кухню, паклялася дажыць да ста гадоў. Ну і выпісала нас на Радаўніцу - працягваць дызайны.

У якасьці бонуса - пару красавіцкіх замалёвак.

Дарожны сэрвіс "У Мацешы" пад Лепелем многія ведаюць па старызных машынах, пастаўленых на ўезьдзе, але сёлета там завяліся ячшэ і страўсы. Страўсы выдатна асіміляваныя ў Беларусі: адгукаюцца на "уці-уці", пры мінімальнай небясьпецы сінхронна зарываюць галовы ў зямлю:



У гэтай вёсцы  за ракой Ула ў нас прабіла кола:




chakaliada

"Я БЫЎ ВА ЎКРАІНЕ І ВЫЖЫЎ"

I was in Ukraine and survived - у st_martinа над сталом вісіць магніцік з такім надпісам. І гэта стала апошняй кропляй.

Да хто ані вапшчэ такія, каб снабіраваць Украіну?

Ну, эці ўсе эўрапэйцы, якія ехалі туды з такім недаверам?


У 2007 годзе адзін амэрыканец паказваў мне падарожную кніжку вядомай канторы, "Лэтс гоў", здаецца, дзе маладым пісучым людзям квіткі на самалёт аплочваюць ці што, і яны па выніках сваіх дзікіх вандровак па жопах міра падрабязна апісваюць мясцовасьці, дзе вандравалі. У сэнсе, тут можна сесьці, тут паесьці. І вось я пачытала парады аднаго з падарожнікаў адносна Ўкраіны.

Хітом была фраза: "Абавязкова мыйце набытую на рынку садавіну і гародніну гарачай вадой". І нешта там яшчэ пра дэзынфекцыю рук.

У мінулым годзе я была ў Бэрліне акурат пасьля агурковага скандалу. Цынічныя беларусы Бэрліну паказалі мне артыкул у нейкай там "Зюйддойчэ цайтунг", дзе журналіст адкрываў вочы немцам, што, аказваецца, нават вынятыя з вакуумнага пакету гуркі перад спажываньнем трэба мыць. Калі верыць маім сябрам (цынічным, паўтаруся), большасьць немцаў атручанага рэгіёну ўпершыню даведалася пра неабходнасьць мыць гародніну (гарачай вадой, падкрэсьліваў журналіст) толькі пасьля атручаньняў.

Ці ў Нямеччыне ў 2006 годзе перад матчамі круцілі рэкляму чыста прыбраных трохзоркавых гатэльных нумароў са слоганам "Мы гатовыя да Эўра"? Ва Ўкраіне круцілі. Ці швэдзкія журналісты перад алімпіядай у Лондане ходзяць па алімпійская вёсцы, фотаючы ўнітазы ў апартамэнтах сваіх спартоўцаў? Гатэль, дзе сялілі ў Харкаве (?) швэдскую зборную ў адной са швэдзкіх газэтаў быў зафотаны на ўвесь разгарот ва ўсіх разрэзах. Што за нах, паўтаруся? Хаця не, я гэтага яшчэ не гаварыла. А вось цяпер паўтаруся: што за нах?

І блін бачыла я, як у Швэцыі адліваюць пад сьценку швэды пасьля гулянак - на Готландзе ў пачатку чэрвеня былі выпускныя, і дзясятьакі п'яных школьнікаў, і што, характэрна, школьніц, разьбягаліся, схапіўшыся за ўлоньні, па брукаваных падворках XV стагодзьдзя. І чо-та толькі ва Ўкраіне ўсе хорам вось, блін, не пасьпелі прыбіральні разьвесьці па шляху сьледаваньня п'яных футбольных швэдаў... Ды што за нах?

Альбо вось усе гэтыя стэрэатыпы пра дзікую Ўкраіну. Пяць год таму ў Кракаве я сядзела ў трамваі, а перада мной сядзеў панк. У трамвай зайшоў п'яны гопнік, бяз словаў падышоў да панка, і моўчкі яго адлупцаваў. А потым расчыніліся дзьверы на наступным прыпынку, гопнік выйшаў, перад тым прамовіўшы адзіную фразу: "Запомні: Кракаў, Вісла". Ніводзін пасажыр,уключна з панкам, не сказаў ні слова і не варухнуўся. З панка хвастала кроў, а ён сядзеў, нібы так і трэба. І я таксама не варухнулася. І толькі запомніла: Кракаў, "Вісла". Або п'яны таўстун, які дачапіўся да нас з К. у варшаўскім прывакзальным бары, калі мы не змаглі есьці недавараныя капыткі і папрасілі хлеба да адбіўной. Ён тады сказаў, ды яны з Украіны, толькі хахлы ядуць усё з хлебам, і яшчэ доўга гундосіў штосьці пра высокасьць польскай нацыі, завяршыўшы сьпіч выгукам: "Тылько Лег'я". І пры гэтым усім Польшча напярэдадні Эўра чамусьці пазыцыянавалася як крутая эўракраіна, а Ўкраіна падавалася як дзікі край агрэсіўнага плебсу.

Ну і вось прыйшоў карнавал і перавярнуў усё з ног на галаву (або паставіў усё з галавы на ногі?). Палякі рабілі вось такое, што феерычна апісала lady_z_shalomam вось тут. А ва Ўкраіне сьвята футболу, лета і г.д.

Брат (двойчы) быў ва Ўкраіне ў чэрвені і выжыў. Хтосьці класна прыдумаў зашыбаць на самаіранічных значках, але, асабіста мне здаецца, што Эўра ва Ўкраіне - гэта найлепшае, што магло здарыцца з Эўропай у 2012 годзе. Пшэпрашам бардзо, "Вісло", прэпрашам, Лег'ё... Але цяпер вашая чарга запаментываць.
chakaliada

ДРОГОБИЧ. PINK MICKIEWICZ

Драгобыч то прошэ паньства място зупэўне роз'ебанэ, але ў гэтым проша паньства і е цымус. Горад-базар, горад-будоўля, горад-скансан. Тут культывуюць Бруна Шульца, на месцы дзе яго застрэлілі ў 1942-м вам таксама раскажуць гісторыю аб памятнай шыльдзе, якую усталявалі да прысьвечанай Шульцу імпрэзы, а за ноч да нейкі цыган яе расьпілаваў і скраў, і тады драгобыцкая міліцыя зладзіла аблаву па пунктах здачы мэталалому. Цыгана павязалі, а расьпілаваная шыльда ляжыць у музэі - калі не патлумачыць, здаецца, што так і трэба.

Размаўляюць поляк і полька:

- Я, проша пана, ехала сюды тры гадзіны супраць паложаных паўтарах, бо аутобус заехаў на нейкія прасёлкі, дзе се вогуле не езьдзі, і што вы думаеце, улазіць у аўтобус бабця, а ў яе сумка Tower London, а у сумцы куры! Так мы і ехалі з тымі ландан курамі. Дзе быў мой фоцік?

- Ха! Мая жона ехала сюды у сьнежні, і ў Львове на Стрыйскім вакзале села жанчына з казой.

- Ух ты! Але мела шчэнсьце пана жона!

Здаецца, калі б маршруткі, якія палякі называюць "машуткамі", былі мікрааўтобусамі экстраклясы з кандзішанам і эказагончыкам для гэтай самай казы, подруж бы полякуф зупэўне росчароваўа. Пшэцеш до Украіны Заходней се едзе праве по то.

Ці вось скажам помнік Адаму Міцкевічу на вуліцы Тараса Шаўчэнкі. Польская грамада Драгобыча яго зьлеганца падрэстаўравала.

Атрымалася "цют контровэрсыйне", але затое шэры тыпавы абэліск пачатку ХХ стагодзьдзя фотаюць нават тыя, хто паленаваўся зафотаць казу. Нават я на мабільнік:

hosted by Kurt

У Драгобычы па даўняй завядзёнцы аб першы ж абрэпаны вугал на плошчы Рынак падрала дар крамы "Паўлінка" цього сєзону, у суседняй краме тканінаў з аплікацый каб закрыць латку такога памеру было до выбору толькі партрэт Чэ Гевары, ружа са стразамі та анархазорка. Давялося браць зьвязду. Цяпер сьмела можна новы ляночак выгуляты на выступ Жадана. Чаго і вам жадаю.

А гэта з новых досьвядчэнь. У гатэлі падрапала твар аб падушку. Пер'е.

Менскія вельмі прасілі чэкануць, ці гатовы любы Львів да Эўра. За ўвесь Львів не скажу, а вакзал ой гатовы. У спадароў з камэры захоўвання е папірэць з надпысам "10 hryvnias till midnight", але два японцы з камэрай здаецца, дагэтуль іх дастаюць, таму што 24 h open на папірэць Lviv injaz дапісаць забыўся. Дэбаркадэр блішчыць, інтэрнэт-клюб також готов, 15 грн за гадзіну, жаночую прыбіральню траха не паліруюць, пайду буфет праверу. Тут зацішша перад.

Усіх ц.
chakaliada

КРАКАЎ. ЧАЦЬВЕРТАЯ ЎКРАІНКА

У Кракаве я мелася жыць на Віле Дэцыюша, дзе пяць год таму была на літаратурнай стыпэндыі. Таму настрой на пад'езьдзе да мілага сэрцу парка быў самы сьвяточны. Усё было міла, усё было знаёма.

Звычнай сьцежкай прайшла да ўваходу, праціснулася праз афіцыянтаў, што сэрвіравалі вясельны прыём, зайшла ў адміністрацыю.

- Добры дзень кажу, прыехала. Ці можна ключык?

З-за стала падняўся дзяцюк цыганскай зьнешнасьці.

-А, вы з Украіны?

- Не, не з Украіны.

- Ну, тады ня ведаю. Тут зранку пасяліліся тры ўкраінкі, яшчэ адна павінна прыехаць. А вас мы знаць ня знаем.

Опа, менты. З аднаго боку, зранку мусілі засяліцца тры дзяўчыны зь Беларусі. Зь іншага, падчас паездкі накладачка на накладачцы, Разанаву, напрыклад, квіток у Польшчу купіць забыліся. Думаю, можа зноў нейкая блытаніна? І для мяне зарэзэрваваны які "Хілтан" або чыста як варыянт не зарэзэрваваны і давядзецца ўпісвацца да Залескага?

Ці вось засялюся я, а потым пад'едзе чацьвертая ўкраінка. І будзе няёмкая сцэна міжэтнічнай разборкі на калідоры з рушніком на валасах ці ў начнушцы - і ўсё гэта прама пад фотапартрэтам Зьмітра Вішнёва на тутэйшай дошцы гонару.

Я кажу, нех пан ідзе высьвятляе, а я на фантанчык пафтыкаю.

Празь дзесяць хвілінаў чувачок вырульвае на падворак, несучы ключ і нейкі сшытак.

- Для чэго пані хлусіць?

- ????

- Ну вось, тут жа напісана: "19-га, 4 асобы зь Менску".

- Так, гэта мы.

- Дык для чэго пані выдурняецца?

- Хто выдурняецца??? Вы спыталіся, ці я з Украіны. Я не з Украіны, я зь Беларусі.

- А якая розьніца?

- ...

І моцна ж я села на каня, ой моцна. Але чувачок папаўся што нада: "Ээх, буду я яшчэ табе нешта тлумачыць, з табой сварыцца..." - прамармытаў ён і, выразна махнуўшы на мяне рукой, пашыбаваў у адміністрацыю, расштурхоўваючы вясельных афіцыянтаў.

Потым мне расказалі, што ў чувачка мянушка "Враг пісацеля". Працоўны дзень ён пачынае а 8-й ранку з таго, што заходзіць у пісьменьніцкі гатэль і пачынае там пыласосіць. І ні вясна, ні лета, ні зіма, ні сьвятая нядзеля, ні хадайніцтвы Міністэрства культуры ня ў стане спыніць гэты шумавы рытуал. Будзе ён яшчэ нешта нам тлумачыць, з намі сварыцца...

Кракаў, май. До зо.


In Byaroza by Anka Upala
little

ПЯЦЬ ЗАПАВЕТАЎ ДЛЯ ПАДАРОЖНЫХ У ГРУЗІЮ

1. Чакаючы ў госьці грузінаў зь віном, папярэдне добра схавай віно, якое табе падарылі іншыя грузіны.

2. Не хвалі маёмасьць грузіна ў прысутнасьці грузіна - маеш шанец пакінуць грузіна без маёмасьці.

3. Перад тым, як пахваліць у прысутнасьці грузіна Саакашвілі, згадай Лукашэнку і палічы да дзесяці.

4. Запівай напарэулі баржомі.

5. Не заядай чурчхелу хінкалі.

P.S.: Хто да грузінаў зь мечам прыйдзе, той ад віна і загіне

НІРВАНА БЕЛАРУСА

little

НЕКАТОРЫЯ ВЫНІКІ ТЭЛЕТЭРАПІІ

І паехала я ў санаторыю, і на прыёме ў доктара мне прызначылі шмат карысных прыцэдураў, якія звычайна прызначаюць санаторнікам у санаторыях: і масаж, і фітатэрапію, і электратэрапію, і парафінатэрапію, і іншыя розныя тэрапіі. І паназірала я за санаторнікамі ў санаторыі і скеміла, што самыя карысныя і раслабляюшчыя працэдуры санаторнікі прызначаюць сабе самі, і найпапулярнейшыя віды лячэньня ў санаторыі, гэта, безумоўна, алкатэрапія і сэксатэрапія, але я адкрыла для сабе абсалютна ўнікальны, індывідуальны від тэрапіі, які можна назваць тэлетэрапіяй.

Павялося так, што ў месцы, дзе я цяпер пераважна жыву, няма тэлевізара, больш за тое, адключаная сама магчымасьць прымаць тэлесыгнал, каб непавадна, і дзеля эканоміі 20 баксаў у год, ды й проста, шос вам, а не тэлесыгнал у месцы, дзе я пераважна жыву, усё адно ўсё самае сьмешнае і пра Лукашэнку адразу вывешваюць на ютубе. Але па прыезьдзе ў санаторыю выявілася, што кожны пакой санаторыі аснашчаны маленькай тэлескрынакай “Віцязь”, і я толькі ў гэтай санаторыі неяк задумалася, што тут нейкая сувязь, тое што тэлезавод знаходзіцца ў Віцебску, а тэлевізар называецца “Віцязь”, і я ўключыла яго, і ён працаваў, і быў пульт, і я адразу прапісала сабе некалькі расслабляюшчых і інтэрнэтавывадзяшчых, і мозгаачышчальных працэдураў: і сэрыял “Цюдоры”, і сэрыял “Інтэрны”, і сэрыял пра міс Марпл, і яшчэ пару як сэрыялаў, так і адзінока ідушчых фільмаў. А рыэліці-шоў “Дом-2” я сабе не прапісвала, яно нейк само сабой зацясалася ў мой расклад тэлеваннаў, але гэта, відаць, пабочны эфэкт ад прагляду сучаснага тэлевізара, яно там запаянае ў мікрасхемы, гэтае рыэліці-шоў.

І вось ужо я ведала, як яно там – на тэлеканале ТНТ, і якія там правілы гэтага шоў, і якія там героі, і апісаць пабачанае я змагла сама сабе адно з дапамогай кірылічных літараў о, я,е,б і у, і стала мне не, не агідна, а неяк проста вусьцішна, гэтак жа, як было мне вусьцішна, калі пару месяцаў таму ў цырульні я выпадкова раскрыла часопіс, які так і называўся, “Дом-2” і адчула гэтыя апяяныя Акудовічам мэтафізычную вусьціш і інтэлектуальную вярэду ад сустрэчы зь Іншым. І вось цяпер, калі я ў дадатак пабачыла, як яны рухаюцца і размаўляюць, усё вярнулася, ёсьць такі канал, “Энімал Плэнет”, і вось прыкладна тыя ж пачуцьці я перажываю, калі гляджу “Дом-2”, як калі я выпадкова бачу тэлеканал “Энімал Плэнет”, таму што, па маім сугубым перакананьні, людзі, якімі задумалі іх Божанька і Чарльз Дарвін, ня могуць так размаўляць, так выглядаць і так рухацца, як размаўляюць, рухаюцца і выглядаюць удзельнікі тэлепраекту “Дом-2”.

І здаецца мне што хоць я ні разу ня бачыла ніводнага шоў “Фабрыка Зорак” і часопіс іх не чытала, але шмат чула пра іх з усіх шчылінаў, і тое шоў мне здаецца больш лягічным, бо зьвярушак там адбіраюць з даволі высокароднай мэтай сьпець песьню ці станцаваць кліп, і калі яны там пачынаюць кахацца і спароўвацца, то гэта як бы пабочны эфэкт ад песень і танцаў. І тады пацыентам, якія праходзяць тэлетэрапію, робіцца нават цікава слухаць песьні і глядзець танцы. А яшчэ, кажуць, можна адразу спароўваць зьвярушак, але таксама з стопудовым алібі – парнае коўзаньне, і тады, калі нехта ня проста коўзаецца, але як бы танцам сваім на лёдзе высьвятляе стасункі, усім робіцца яшчэ цікавей глядзець на гэтае парнае коўзаньне, і адразу ўсё набывае нейкі здаровы сэнс, а вось тэлешоў “Дом-2” ніякага здаровага сэнсу ня мае, бо там зьвярушак адбіраюць сугуба для спароўваньня, і альфа-самец непасрэдна пасьля памяшчэньня ў клетку павінен абраць сабе самачку, ці наадварот, сымпатычная самачка ў ружовым спартовым гарнітурчыку павінна абраць самца, і тады яны спароўваюцца і высьвятляюць стасункі, і кахаюцца, і нават дзяцей нараджаюць проста ў тэлестудыі, але глядзець на ўсё гэта не, не агідна, а вусьцішна, проста таму што аўтары рыэліці-шоў цынічна агалілі самую сутнасьць: хто з кім спароўваецца, і няма ніякай мішуры, ніякай дадатковай атракцыі, а можна ж было, як у войску, даць людзям спэцыяльнасьць, каб пайшлі ў аўташколу, або навучыць працаваць з фрызой, ці вось карысная і вельмі патрэбная праца цырульніцы, або мэдсэстры душа Шарко, вяртаючыся да розных відаў тэрапіі.

І шоў гэтае мае падназоў “Горад Каханьня”, але абсалютна відавочна, што гэта канкрэтны горад нянавісьці, бо ў іх там ёсьць кухня, і яны ўсе (с)варацца на гэтай кухні, і тыраць адно аднога, і ясна, што там разьдзьмуваюць скандалы на роўным месцы, бо так папрасілі рэжысэры. І не крычаць там і не высьвятляюць стасункі толькі тады, калі нешта баліць у арганізме, і тады дзьве зьвярушкі роўнымі галасамі абмяркоўваюць мэдычныя прэпараты, і гэтыя прэпараты ў іх абсалютна выпадкова з сабою, і іх паказваюць буйным плянам, увогуле, яны ў кожнай перадачы на нешта хварэюць, гэтыя зьвярушкі. І гэта самыя шчырыя моманты перадачы, бо яны не акторы, і так фальшыва расказваюць пра свае балячкі, а часам нават непрыхавана іранізуюць, і гэта цяжка выразаць, што проста пусечкі, і ўвогуле, вельмі ненатуральна глядзець перадачу пра жыцьцё тузіна маладых людзей, дзе няма ніякіх размоваў пра ўласна жыцьцё, і пра тое, як жылося ў роднай Цьмутаракані, і кім працуюць бацькі, і ці ёсьць браты і сёстры, і што там няма пэрспэктываў, і таму яны прыехалі ў Маскву на шоў, бо насамрэч з гэтага складаюцца размовы і эмоцыі, з гісторыяў жыцьця, з супольнай працы, з абмену досьведам, і трэба ўключыць ну надта суворую сэлекцыю, каб тузін маладых людзей толькі і рабіў, што спароўваўся і высьвятляў стасункі, або трэба проста выразаць з гэтай перадачы ўсё чалавечае.

А яшчэ я паглядзела сапутствуюшчае шоў – але па іншым тэлеканале, пра лёс былых удзельнікаў розных падобных праектаў. І там гаварылася, што ў гэтых маладых людзей пасьля таго, як гэтыя праекты заканчваюцца, пачынаюцца вялікія псыхалягічныя праблемы, уже через месяц іх перестают узнавать на уліце, трагічным голасам вяшчаў дыктар, а хлопчык, які прадстаўляў РФ на апошнім Ебачаньні і так патасна крычаў у камэру, это Россія, это Россія, блять, даваў інтэрвію і казаў, вы даже не представляете эті мінуты, когда я сіжу на полу в этой комнате і плачу от несправедлівості, от всех своіх проблем, і особенно тяжело, когда оні прокрутят кліп два раза а потом перестают крутіть его вообшче, вообшче, понімаете? А яшчэ няясна, як можна глядзець розныя тэлешоў, калі ў нас усё жыцьцё наўмысна ня выдумаеш, як у пляне арыштаў ды перасьледаў, так і ў пляне любові і здрадаў, вось напрыклад, калі я была ў Амэрыцы, там быў такі пісьменьнік з Чылі, Гансала, і Гансала ўмудрыўся адначасова закруціць раман з трыма (!) дзяўчынамі, якія працавалі ў адным (!) офісе (а яшчэ дзьве ў яго было ў горадзе) і хадзіць зь імі разам на вечарынкі так, што кожнай здавалася, што ён прыйшоў менавіта зь ёю, і адна паненка вырашыла нарадзіць яму дзіця, а другая сказала мужу, што з’яжджае ў Чылі, бо любіць іншага, а трэцяя вырашыла зрачыся ісламу (!!!) і перайсьці ў каталіцтва, але тут яны адкрылі адна адной сэрцы проста ў офісе, і афігелі, і паказалі адна адной мэйлы, яны былі ідэнтычныя, ён нават імёны у пачатку не пісаў, каб не заблытацца, клясыка жанру, і гэтыя тры амэрыканкі селі, падумалі і падалі заяву ў паліцыю, і паліцыя вынесла яму restriction адносна яго далейшых паводзінаў у Злучаных Штатах, і Гансала, пакінуты, самотны і на алоўку ў шэрыфа ўнівэрсытэцкай паліцыі, грукаўся ў дзьверы Ані зь Нямеччыны і казаў, Аня, ты мой сябар, выслухай мяне, мне кепска, а Аня казала, які ты мне сябар, я месяц цябе не бачыла ўвогуле, і чым ты кабель наагул думаў, а ён казаў, Аня, я ня мог сабе адмовіць... І Аня і Гада потым фыркалі, ну што за пошласьць, лацінаамэрыканскі мача, які зьвёў трох дзевак адначасова, пра такое нават пісаць нельга, бо чытачы скажуць, што за танны сэрыял, што за нуднае рыэліці-шоў.

А ўвогуле ў санаторыі я перакладала Грабала Багуміла, але, здаецца, гэта і так ясна з усяго вышэйнапісанага.

БІЛОРУСИ НА ФОРУМІ: MULTIMEDIA-GUIDE

Зборная Рэспублікі Беларусь па літаратуры сыграе сэрыю таварыскіх матчаў на 18 Форуме выдаўцоў у Львове. Вашай увазе - мультымэдыя-гайд па беларускіх імпрэзах Форуму:

15 верасьня


14:00-15:30
Чытаньне-тандэм. Уладзіслаў Ахроменка (Украіна-Беларусь) і Міраслаў Боднар (Украіна). Мадэратар Марыя Мартысевіч. Прэзэнтацыя раману Ўладзіслава Ахроменкі “Тэорыя змовы”.

Обласна науково-педагогічна бібліотека (вул. Зелена, 24).


16 верасьня


13:00-14:30 Аўтарская сустрэча. Андрэй Хадановіч & Алена Хадановіч. Прэзэнтацыя дзіцячай кнігі “Таткові нотатки” (кніга выйшла ў выдацецтве "Грані-Т" у перакладзе на ўкраінскую млву Івана Андрусяка).

Кав'ярня "Штука" (вул. Котлярська, 8).



15:00-16:30 Чытаньне-тандэм. Павел Касцюкевіч (Беларусь-Ізраіль)& Марыя Мартысевіч (Беларусь.Мадэратар Астап Кінь. Прэзэнтацыя новай кнігі М. Мартысевіч “Амбасада”. Чытаньні з будучай кнігі прозы П. Касьцюкевіча “Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту”.

Рэстарацыя "Дім Легенд" (вул. Староєврейська, 48). Бібліятэка.


17 верасьня

13:00-14:30 Чытаньне -тандэм. Цімур Хоміч & Віталь Рыжкоў. Мадэратар Сяргей Прылуцкі.
Прэзэнтацыя кнігі вершаў “Дзьверы, замкнёныя на ключы” (сэрыя "Кніга+аўдыё". Прэмія “Дэбют-2010” імені Максіма Багдановіча).

Кав'ярня "Штука" (вул. Котлярська, 8).

16:00-17:30 Чытаньне-тандэм. Ігар Кулікоў & Сяргей Календа.
Прэзэнтацыя кнігі прозы С.Календы “Іржавы пакой зь белымі шпалерамі”. Прэзэнтацыя кнігі Ігара Кулікова "Паварот на мора". Мадэратар Павел Касьцюкевіч.

Обласна науково-педагогічна бібліотека (вул. Зелена, 24).

17:30-19:00 ВЯЛІКІЯ БЕЛАРУСКІЯ ЧЫТАНЬНІ
Чытаньне-маратон. Цімур Хоміч, Павел Касцюкевіч, Сяргей Календа, Марыя Мартысевіч, Сяргей Прылуцкі, Віталь Рыжкоў, Уладзіслаў Ахроменка? Ігар Кулікоў. Выстава праекту "Канец словаў. Home Collection" (Максім Жбанкоў, Дар'я Сітнікава). Мадэратар Андрэй Хадановіч.

Тэатр ім. Лэся Курбаса (вул. Леся Курбаса, 3).


18 верасьня

16:00-17:30 Аўтарская сустрэча. Андрэй Хадановіч.Мадэратар Галіна Крук. Прэзэнтацыя кнігі вершаў “Несымэтрычныя сны” (сэрыя "Кніга+аўдыё").

Тэатр "Воскресіння" (пл. Ген. Григоренка, 5). Чорная заля.

18:30-20:00 Аўтарская сустрэча. Сяргей “Пістончык” Прылуцкі.
Прэзэнтацыя кнігі прозы "Йопыты двух маладых нелюдзяў".

Кав'ярня-книгарня "Кабінет" (вул. Винниченка, 12).

ДО ЗУСТРІЧІ!!!