Tags: няварта

"НЯВАРТА": ШТО Я ДУМАЮ ПРА "КРАЙЦЭРАВУ САНАТУ" ЛЯВА ТАЛСТОЯ

У гэтыя сьвяточныя, не пабаюся гэтага слова, ханукальныя дні, калі хіпстарскія калядныя кірмашы Менску нарэшце накрыла сьнегам, у кагосьці можа скласьціся аблуднае ўражаньне, што на Беларусь такі спусьціліся мір, лагода ды Санта Клаўс і наагул тут нейкім бокам жыве Бог. Трэба тэрмінова нешта з гэтым рабіць, таму я кідаю ўсё і пошчу ў ЖЖшку тэкст, які напісаўся даўно, але застаўся на маргіналіях набросу пра раман Анкі Упалы як яшчэ адзін прыклад бездакорнай літаратуры, прачытаньне якой мяне раззлавала. Дарэчы, ад сёлета тэксты гэтага блогу архівуе спэцыяльная праграма Бібліятэчнай Асацыяцыі Лігі Плюшча ў ЗША. То бок ад беларускай літаратуры ў сеціве праз сто гадоў застанецца, апроч ншага, гэта. Прыміце спачуваньні.


Рубрыка "Няварта" зьявілася па адной-адзінай прычыне, імя якой – Ян Максымюк  і ўсё тое, што ён увасабляе ў літаратурным полі краіны як рэдактар "Варты" на Радыё Свабода і мадэратар ФБ-суполкі "Толькі пра літаратуру" (увасабляе, калі што, усё толькі самае вартае і літаратурнае). Але сёняшні інтэркалядны выпуск натхнёны паэтам і рэдактарам “Дзеяслову” Анатолем Івашчанка viershnick, які толькі што падвёў чытацкія вынікі году. Сярод прачытанага ім сёлета быў твор, які яго моцна ўразіў – "КрайцЭрава саната" Лява Талстоя (о так, мы можам інтэгравацца зь імі як заўгодна глыбока, але беларускай мовы ўжо ня спыніш).

Трымайце пяць маіх пакуль што беларускіх капеек.

Беларускія капейкі. Чтобы помнілі. Фота парталу "Спутнік".
Collapse )

НЯВАРТА feat MYTHBUSTERS: ЦІ САСТУПАЕ КУРТ ВОНЭГУТ У АРЫГІНАЛЕ РЫЦЕ КАВАЛЁВАЙ?

У гэты радыкальна непагодны дзянёк, калі чытачы кніжнай сэрыі "Амэрыканка" сабралі больш за 2000 рублёў на перавыданьне "Бойні №5" Курта Вонэгута па-беларуску і маюць яшчэ адну ноч, каб сабраць крыху болей, а само перавыданьне паляцела на вёрстачку, я маю крыху часу, каб апавесьці  пра вынікі невялічкага досьледу, які зрабіла ў кастрычніку.  Тут і цяпер, без страхоўкі і каскадэраў, я пагуляюся ў разбуральніцу літаратурных легендаў, каб нарэшце адказаць на важнае для мяне  посткаляніяльнае пытаньне: ці сапраўды руская савецкая школа перакладу амэрыканскай літаратуры такая крутая як яе малююць?

Спойлер сапраўды.

Так што, калі вы трапілі на гэтую старонку па службе, схавайце заточку назад у халяву свайго крамлёўскага боту. Сэнсацыяў, зрываньня пакроваў і выкрыцьцяў тут не прадбачыцца. Але ёсьць у гэтым пытаньні трансьляталягічныя і геапалітычныя нюансы, і я хацела б гаварыць пра гэта.

Гаварыць пра гэта я хацела б у межах утульнай мне кляакі сваёй нерэгулярнай і непапулярнай рубрыкі "Няварта", прыдуманай, нагадаю, з адной-адзінай мэтай затроліць Яна Максымюка.  Поруч са знакамітым домам літаратурнай цярпімасьці ФБ-суполкай "Толькі пра літаратуру", згаданы воін сьвятла заснаваў на "Радыё Свабода" культаглядальніцкую сэкту пад назвай "Варта", гэты рассаднік станоўчых тэндэнцыяў і кампліментарнай крытыкі.

Як вы можаце здагадацца, мяне ў  "Варту" не бяруць.

І гэта толькі да лепшага, бо ў атмасфэры пазітыўнай цэнзуры, прымусовай дабрыні і ўсеахопнай любові мой кволы дух  змарнеў бы дашчэтну, як рэдкая архідэя-вампір у восеньскім  букеціку бабулькі зь пераходу. Нам фсем нужна герань, каб на яе трасца.


Рэдкая архідэя-вампір.
Collapse )

НЯЧЫСТЫ ПАЙШОЎ: ПЯЦЬ ПРЫЧЫН, ПА ЯКІХ БЕЛАРУСКІ ЛІТАРАТУРНЫ ПРАЦЭС ЗРАБІЎСЯ ЛЕПШЫМ

Сённяшні выпуск #няварта асаблівы для мяне. Гэта першы тэкст, які я друкую ў ЖЖ, бо ён не прайшоў цэнзуру ў незалежных СМІ. Вядома ж, я не расстроілася: цэнзура ў незалежных СМІ гэта свая, мяккая і плюшавая цэнзура — ня тое што гэтыя яжовыя рукавіцы нашай крываварэжымнай перыёдыкі. Тым мне менш, мне важна сказаць тое, то я хачу сказаць, нават калі маё меркаванне застанецца маргінальным. У цэлым я, як заўсёды, пішу пра тое, што радзіма ў дрыгве, але меліяратары ўжо блізка. Так ці іначай, майце на ўвазе, што
меркаванне аўтаркі можа не супадаць ні з чым.

Collapse )

МАРТА, АСТРЫД, ІНГЕР: ЧАМУ (НЯ)ВАРТА ЧЫТАЦЬ НОВУЮ КНІГУ АНКІ ЎПАЛЫ

На папярэдні допіс маёй новай рубрыкі “Няварта”, дзе я жалюся з нагоды літаратурных твораў, зь якімі мела (ня)шчасце пазнаёміцца, паступіла толькі адна істотная заўвага. Кнігагандляр Алесь Яўдаха з усёй строгасьцю запытаўся: “Чаму наркамаўкай???”

Каюся і выпраўляюся. І сапраўды: пасьля шэрагу маралізатарскіх чыстак апошняга дзесяцігодзьдзя ў беларускім культурным полі засталося вобмаль пляцовак, дзе можна мацюкацца на тарашкевіцы.

Нагадаю, што рубрыка “Няварта” была заснаваная мною з адзінай мэтай – патроліць Яна Максымюка. Па дарозе яна аднак абрасла дадатковымі місіямі. Напрыклад, місіяй пазбавіць вас неабходнасьці чытаць творы, якія ўжо прачытала я. І тым відавочнейшая важнасьць гэтай місіі, чым бліжэйшы новы прэміяльны сэзон Літаратурнай прэміі Ежы Гедройця. У Беларусі ўрадзілі клубніцы і чарэшні, на павестцы дня чарніцы, парэчка і агрэст. Усе інтэлектуальныя сілы краіны кінутыя на замарозкі і закаткі. Гэта аднак не здымае адказнасьці з аматараў тэорыяў змовы сачыць за літаратурнымі навінкамі, каб годна падыйсці да восеньскага абвастрэньня і абгрунтавана, а не як заўсёды, заявіць пра тое, што ўсё куплена.

Вось жа, на прэпарацыйным шкле – найбольш відавочная кандыдатура ў шорт-лістэры Гедройця. Тут нават да варажбіткі Юліі Шаровай не хадзі. Выдадзены напрыканцы 2017 году ў выдавецтве “Янушкевіч” дакумэнтальны раман “На засьнежаны востраў” Анкі Ўпалы ўжо атрымаў трэцяе месца ў экспэртнай прэміі “Кніга году” і вагон ды ікееўскую цялежку падазрона пазытыўных водгукаў ад прасунутай чытацкай аўдыторыі. Гэта, дарэчы, і дазваляе мне зь лёгкім сэрцам няварціць Упалу – тыя 2% чытачоў, якія паводле статыстыкі, толькі і чытаюць у нас па-беларуску, ужо яе прачыталі, а астатніх да гэтага ўжо нічым не змусіш, хоць ты ім паабяцай, што ў кнізе падрабязнае апісанне лесьбійскага сэксу на 86 старонцы.


Collapse )