Tags: не магу маўчаць

НЯЧЫСТЫ ПАЙШОЎ: ПЯЦЬ ПРЫЧЫН, ПА ЯКІХ БЕЛАРУСКІ ЛІТАРАТУРНЫ ПРАЦЭС ЗРАБІЎСЯ ЛЕПШЫМ

Сённяшні выпуск #няварта асаблівы для мяне. Гэта першы тэкст, які я друкую ў ЖЖ, бо ён не прайшоў цэнзуру ў незалежных СМІ. Вядома ж, я не расстроілася: цэнзура ў незалежных СМІ гэта свая, мяккая і плюшавая цэнзура — ня тое што гэтыя яжовыя рукавіцы нашай крываварэжымнай перыёдыкі. Тым мне менш, мне важна сказаць тое, то я хачу сказаць, нават калі маё меркаванне застанецца маргінальным. У цэлым я, як заўсёды, пішу пра тое, што радзіма ў дрыгве, але меліяратары ўжо блізка. Так ці іначай, майце на ўвазе, што
меркаванне аўтаркі можа не супадаць ні з чым.

Collapse )

МАРТА, АСТРЫД, ІНГЕР: ЧАМУ (НЯ)ВАРТА ЧЫТАЦЬ НОВУЮ КНІГУ АНКІ ЎПАЛЫ

На папярэдні допіс маёй новай рубрыкі “Няварта”, дзе я жалюся з нагоды літаратурных твораў, зь якімі мела (ня)шчасце пазнаёміцца, паступіла толькі адна істотная заўвага. Кнігагандляр Алесь Яўдаха з усёй строгасьцю запытаўся: “Чаму наркамаўкай???”

Каюся і выпраўляюся. І сапраўды: пасьля шэрагу маралізатарскіх чыстак апошняга дзесяцігодзьдзя ў беларускім культурным полі засталося вобмаль пляцовак, дзе можна мацюкацца на тарашкевіцы.

Нагадаю, што рубрыка “Няварта” была заснаваная мною з адзінай мэтай – патроліць Яна Максымюка. Па дарозе яна аднак абрасла дадатковымі місіямі. Напрыклад, місіяй пазбавіць вас неабходнасьці чытаць творы, якія ўжо прачытала я. І тым відавочнейшая важнасьць гэтай місіі, чым бліжэйшы новы прэміяльны сэзон Літаратурнай прэміі Ежы Гедройця. У Беларусі ўрадзілі клубніцы і чарэшні, на павестцы дня чарніцы, парэчка і агрэст. Усе інтэлектуальныя сілы краіны кінутыя на замарозкі і закаткі. Гэта аднак не здымае адказнасьці з аматараў тэорыяў змовы сачыць за літаратурнымі навінкамі, каб годна падыйсці да восеньскага абвастрэньня і абгрунтавана, а не як заўсёды, заявіць пра тое, што ўсё куплена.

Вось жа, на прэпарацыйным шкле – найбольш відавочная кандыдатура ў шорт-лістэры Гедройця. Тут нават да варажбіткі Юліі Шаровай не хадзі. Выдадзены напрыканцы 2017 году ў выдавецтве “Янушкевіч” дакумэнтальны раман “На засьнежаны востраў” Анкі Ўпалы ўжо атрымаў трэцяе месца ў экспэртнай прэміі “Кніга году” і вагон ды ікееўскую цялежку падазрона пазытыўных водгукаў ад прасунутай чытацкай аўдыторыі. Гэта, дарэчы, і дазваляе мне зь лёгкім сэрцам няварціць Упалу – тыя 2% чытачоў, якія паводле статыстыкі, толькі і чытаюць у нас па-беларуску, ужо яе прачыталі, а астатніх да гэтага ўжо нічым не змусіш, хоць ты ім паабяцай, што ў кнізе падрабязнае апісанне лесьбійскага сэксу на 86 старонцы.


Collapse )

“НЯВАРТА”: РУСАЛКІ ЯК СУЧАСНЫЯ ФЕМІНІСТКІ, АБО ШТО (НЕ)ТАК З СЁЛЕТНІМІ НАМІНАНТАМІ ПРЭМІІ “ДЭБЮТ”

У апошнія месяцы рукі свярбяць затроліць літаратара, перакладчыка і прамоўтара культуры і літаратуры Яна Максімюка. Рэч у тым, што літаратар, перакладчык і прамоўтар культуры і літаратуры Ян Максымюк надта ўжо стаў актыўнічаць у віртуальнай прасторы, у выніку чаго стварыў (напару з Сяргеем Шупам) сайт сваіх любімых тэкстаў, а ў дадатак – суполку ў ФБ пад назвай “Толькі пра літаратуру”. Ценявы рэсурс беларускай службы “Радыё Свабода”, суполка “Толькі пра літаратуру” – гэта, па сумяшчальніцтве, прыватны дзённік Яна Максымюка. Там ён посціць свае погляды на літаратуру, у тым ліку (і тады мы ўсе прачынаемся) на беларускую. У сваёй суполцы ён паквапіўся на святое: забараняе беларускім паэтам публікаваць свае пранікнёныя вершы, заяўляючы, што дапушчальныя “толькі рэфлексыі” і “толькі пра літаратуру”.

Каб выправіць баланс дабра і зла (на карысць, вядома ж, зла), калі не ў свеце, то хаця б у беларускім ФБ, перад новым годам я сур’ёзна намервалася стварыць суполку “Толькі не пра літаратуру”, дадаўшы туды ўсіх беларускіх літаратараў усіх пакаленняў і светапоглядаў, але жэстачайшэ забараніўшы ім абмяркоўваць творчыя пытанні. Заставалася толькі знайсці віртуальных санітараў, каб выносілі віртуальныя трупы.

Грыпы ды іншыя зімовыя трасцы згасілі мой імпэт. Але вось вясна – і жаданне затроліць Яна Максымюка адрадзілася з новай сілай.

Аднойчы я спрабавала прыстроіць у перадачу РС “Варта”, за якую адказвае Ян Максымюк, разгромную рэцэнзію на адну кнігу. І тады Ян Максымюк сказаў, што раней яны апублікавалі адну разгромную рэцэнзію, і іх замучыла аддача, таму цяпер яны публікуюць толькі кампліментарныя тэксты. Інакш хуле тады рубрыка называецца “Варта”?

(Слова “хуле” няма ў падляшскім варыянце беларускай мовы, але сэнс быў прыкладна гэткім).

Менавіта таму я вырашыла адпаўзці агародамі ў свой паўзакінуты ЖЖ і адкрыць уласную рубрыку, назваўшы яе, вядома ж, “Няварта”.

Тут я буду змяшчаць тэксты, прачытанне якіх пазбавіць вас неабходнасці чытаць кнігі, якія ўжо прачытала я.
Collapse )

(no subject)

Дзеля падтрымкі ініцыятывы #янарадзілатут, але збольшага таму, што традыцыйна #немагумаўчаць, я пачала акумуляваць уражаньні ад некалькіх шпіталізацый у гінекалёгіі з дапамогай паэзіі. У прозе я ўжо не даю рады. Буду паціху складаваць цыкль у гэтым запісе.

Пісаць гэтыя вершы я пачала, калі перачытала свой матэрыял дзевяцігадовай даўніны і вырашыла надрукаваць яго ў "Новым часе": Паляжаць «па-жаночаму», або Пяць дзён з жыцця аддзялення гінекалогіі



Лішне казаць, што ўсе супадзеньні...


НАСЬЦЯ

Ачуньвае ад анэстэзіі, рыдае ў падушку:
- Нацысты!
Сказалі, я сама вінаватая, што ў першы раз кепска пачысьцілі.
"Чаму вы не папярэдзілі, калі вас прывезьлі,
што ў вас двухрогая матка?"
А я ім: "Таму што я бухгалтар, а не гінеколаг!!!"
Адкуль мне ведаць, якая ў мяне матка?
Я нараджала - мне нічога не сказалі.
І зараз на ўлік ставілі - нічога не гаварылі.
Чаму мне не гаварылі, раз гэта так важна?
Двухрогая - гэта як? Гэта праўда так страшна?
Можа, яно і замёрла там, таму што - двухрогая?..
Адкуль жа мне ведаць, што маткі бываюць, як козы?
- Анастасія, ты адыйшла ад наркозу?
- Юлія Мікалаеўна! Ён памёр праз матку?
Але я ж ужо маю дзіця!
Я заўсёды была здаровая, ніякай нават ангіны...
- Нармальныя цяжарнасьці, Насьця, не вывальваюцца з вагіны.
- Юлія Мікалаеўна!
Юлія Мікалаеўна!
Ю-лі-я Мі-ка-ла-еў-на-а-а-а-а...
- Не чапай доктара. Яна сёння зрабіла тры чысткі. І вось зараз прывезлі чацьвёртую. Прымусовы аборт калясачніцы на дваццатым тыдні. Думаеш, лёгка такое рабіць? У каторай руцэ катэтар? Усё вы ў сваіх тэлефонах. Пракапае - крыкнеш на калідор. Вазьмі на ўсялякі ватку.

Насьця ляжыць пад кропельніцай.
Гугліць двухрогую матку.


ІРА
- Сьпіраль урасла, і пад ёй нарасла кіста.
Каб цяжарыць праз год, трэба зараз дастаць.
Потым яшчэ праверыцца і падлячыцца.
Ведаеш, я ўмудрылася пра яе забыцца.
Мы зь Лёшам не плянавалі дзяцей.
Дакладней, плянавалі, але не адразу.
Дакладней, мы не пасьпелі абмеркаваць зь ім гэтага.
Яго разрэзалі і зашылі: неапэрабельна, чацьвёртая стадыя.
Пасьля яго я так толкам ні з кім і ня спала.
Затое паезьдзіла - ад Салаўкоў да Нэпалу.
Лёшу было трыццаць пяць. Адкуль што бярэцца...
А цяпер ёсьць магчымасьць выйсьці замуж у Грэцыю.
Там гарачыя чаты і падарункі ракою.
Але ў той жа час культ фэртыльнасьці, ну - такое.
Вядома, я і сама ўжо хачу нарадзіць.
Ды й грэк там нармальны: грамадзянства, грошы...

Сьпіраль - гэта ўсё, што мне засталося ад Лёшы.


ЛІДЗІЯ ІВАНАЎНА
- Фалікулы не высьпяваюць, у гэтым была прычына.
Ну, каб даступней: ты - непаўнавартасная жанчына.
Пуза, нібы ад піва, залысіны - самой ня гідка?
Я й без аналізаў бачу, што ты гарманальная інвалідка.
Зацягваеце да старасьці, у трыццаць усё вам прынцы.
А мне бабця заўжды гаварыла: дзеці - галоўнае, Лідка.
Якое парушэньне этыкі і доктарскай таямніцы?!
Усе тут дзяўчаты. Мужчын жа няма ў палаце.
Вы тут ня толькі лечыцеся, але і вучыцеся быць маці!
Слухайце, падкажу, як нарадзіць прыгожую дзетку.
Калі ваш мужык не зграбнейшы ад бабуіна,
Выношваючы, уяўляйце сабе безупынна
Таго, хто сапраўды скаланае грудную клетку.
Яны жа ж матэрыяльныя - нашы пачуцьці.
Я вось як вочы заплюшчу - бачу: Ўладзімір Пуцін
Па небе ляціць, а за ім - ягоныя сьцерхі...

Ладна, пайду. Эндакрынолаг я адна на чатыры паверхі.

РЭЦЭНЗІЯ ДЛЯ ЧАСОПІСА "ТАЙМЕР"

З пачатку гэтага году падвізаюся, аглядаючы беларускія кнігі ў часопісе "Таймер". Гэтую рэцэнзію на дэбютную кнігу kabierac з трэцяга нумара, які, здаецца, ужо даступны ў Менску, з дазволу рэдакцыі, зьмяшчаю тут.

ПАЭЗІЯ ПАСЛЯ ТРАСЦЯНЦА
Антон Рудак. Верхні горад. Мінск: Кнігазбор, 2014 (серыя “Кнігарня пісьменніка”, падсерыя “Пункт адліку”)

Тэадор Адорна адразу пасля вайны, не падумаўшы, сказануў, маўляў, паэзія пасля Асвенціму немагчымая. Дакладней, ён сказануў не зусім так, але ў народ сказанутае пайшло менавіта ў такой форме. Пазней Адорна напісаў спецыяльны тэкст пад назвай “Пасля Асвенціма”, дзе паспрабаваў патлумачыць, што ён меў на ўвазе. Што паэзія, як і любая форма высокай культуры, у ХХ стагоддзі сябе канчаткова дэскрыдытавала, выявіўшыся ўсяго толькі ідэалогіяй для масавых знішчэнняў.

Калі спрашчаць, то выглядала ўсё так: нацысты ў канцлагерах слухалі на патэфонах оперы Вагнера, а потым выходзілі з камендатуры і выпраўлялі чарговую групу людзей у газавыя камеры. У высокаадукаванага чалавека, якім, безумоўна, быў прафесар філасофіі і музыкант Адорна, такое проста не ўкладалася ў галаве – самай простай рэакцыяй было абвінаваціць ува ўсім Вагнера.

Чэслаў Мілаш выдатна зразумеў думку Адорна і ў сваім цыкле паслянобелеўскіх лекцый удакладніў яе: немагчымая не паэзія ўвогуле, а ранейшая – тая, на якой былі выхаваныя еўрапейскія інтэлектуалы. Бо нельга апісаць новы, страшны досвед класічнымі рыфмамі ды метафарамі – яны для гэтага проста непрыдатныя. На прыкладзе польскіх паэтаў ХХ стагоддзя, якія перажылі акупацыю 1939 – 1944 гадоў і ў прыватнасці страшнае Варшаўскае паўстанне, ён паказвае, як і чаму ў польскіх вершах з’яўляецца новая паэтыка: пазбаўленая рыфмаў, мінімалістычная, напоўненая прыземленымі, побытавымі, дэталямі ўплоць да, ізвініце, унітазаў.

Цікава, што Мілаша ў сваю чаргу выдатна зразумелі ў Стакгольме, і ў 1996 годзе Нобеля атрымала Віслава Шымборска – адна са стваральніц менавіта такой новай паэтыкі.

І вось тут напрошваецца важнае пытанне. Паэты, на чыёй зямлі месціліся Аўшвіц-Біркенаў, Майданэк і Трэблінка, не змаглі пісаць па-ранейшаму, няхай іх да гэтага і змушалі каноны сацрэалізму, якія былі навязаныя літаратарам Польшчы. Але чаму змаглі паэты, на чыёй зямлі месціўся Трасцянец? Курапаты? Хатынь урэшце рэшт?

Адна мая выпадковая спадарожніца ў цягніку, праязджаючы паўз станцыю Бронная Гара, нервова заторгалася. Менавіта сюды вывозілі на расстрэл габрэяў з яе мястэчка. У 1942-м ёй было пяць год, яна бачыла, як суседзей загружалі ў вагоны – і на ўсё жыццё запомніла, як хацела падыйсьці да сяброўкі-аднагодкі, але не магла, бо там стаяў страшны нямецкі аўчар і люта брахаў. Праязджаючы Бронную, яна згадвае найперш таго сабаку. У маёй бабулі з Віцебшчыны падчас вайны спалілі блізкіх сваякоў у суседняй вёсцы – праз паўвеку пасля гэтага яна доўга і падрабязна апісвала, як амаль месяц на ўсю ваколіцу смярдзела гарэлым мясам.

Што з гэтага адлюстравана ў нашай паэзіі ХХ стагоддзя? “Родны Мінск я пакінуў, пажарамі, бомбамі гнаны?”

Жыве ўжо чацвёртае пакаленне пасля Вайны, а траўма засталася. Дзіўна, але яна дагэтуль патрабуе таго, каб быць прагаворанай.

Нельга сказаць, што кніга Антона Рудака “Верхні горад” – выключна пра траўму другой сусветнай. Яна пра ўсё адразу: пра вайну – і пра вайнушку, пра НКУС 1930-х і КДБ 2000-х… Але галоўнае, яна пра сталенне самога аўтара, навучэнца беларускамоўнага ліцэя ды гістфака і ў той жа час футбольнага фаната ў лукашэнкаўскай Беларусі, так што галоўны закон лірыкі – усё прапускаць праз сябе – датрыманы. Усе разрозненыя тэмы арганічна спалучаюцца загалоўнай метафарай: верхні горад – гэта не проста зруйнаваная частка сталічнай “старуўкі”, гэта Менск, які ўгары, – ідэальны горад “над небом голубым”, як быў праспяваў Аляксей Хвасценка. І Рудак, нібыта здзекуючыся з усіх менскіх урбаністаў разам узятых, смела і не без густу надбудоўвае гэты горад над Менскам рэальным – без усялякага дазволу на гэта гарвыканкама.

Шукальнікаў новай паэтычнай мовы ў беларускай паэзіі пасля 1991 года, хоць і няшмат, але, дзякуй Богу, напладзілася. Ужо да сярэдзіны 2000-х яны паспелі напрацаваць даволі пазнавальную паэтыку, мэтай якой было супрацьпаставіць новую паэзію валошкава-каласковай эстэтыцы ХХ стагоддзя. Шурпатая, недакладная, рыфма, расхістаны, амаль празаічны рытм, грувасткія, прыземленыя метафары, пільная ўвага да “непаэтычных“ дэталяў, гульня словаў, шырокае выкарыстанне цытат з масавай культуры і школьнай праграмы па белліце, іронія ці, як цяпер модна казаць, постіронія. Увесь гэты арсенал бярэ на ўзбраенне Рудак, ствараючы нечакана маштабную для аўтара-дэбютанта кнігу гарадской лірыкі.

Відаць, такі лёс усіх паэтаў з гістарычнай адукацыяй (гл.: Уладзімір Арлоў): Рудака вабіць наратыўная паэзія. Кожны яго верш – гісторыя ўва ўсіх сэнсах гэтага слова.
“Я кірую паліцыяй у невялікім мястэчку”; “я… асуджаны тройкай увосені ў трыццаць сёмым”; “…ля абвернэбэнштэле стаяла ты – у кіцелі фельдграў”… Футбольныя ультрас і люмпены з электрычак – Рудак надае галасы такім героям, якім доўгі час у нашай літаратуры увогуле не дазвалялася гаварыць, не тое што ад першай асобы.

Нават іранічны “Падпольніцкі раманс” пра паненку ў кіцелі фельдграў мае ў дыяхранічнай перспектыве арэол забароненасці. Менскае падполле і яго ўнёсак у агульную перамогу прызналі толькі ў 1960-х, пасля чаго подзвігі падпольшчыкаў было дазволена ўзвялічыць з належнай порцыяй пафасу. Людзей катавала СД – якая тут іронія? Але гэта, скажам так, гістарычныя асобы з нашай версіі рэчаіснасці. Ёсць і іншыя, “Альберт Эйнштэйн, прафесар Белдзяржуніверсітэту”, напрыклад. І калі ў вершы “Элвіс ідзе па праспекце” Элвіс – яўная алегорыя, то Альберт Эйнштэйн у аднайменным вершы – жывы і рэчаісны. Паэт гуляецца з гарадской легендай, паводле якой Эйнштэйн у 1930-х мусіў прыехаць выкладаць у БДУ, але нешта яму зашкодзіла. Такая вось паэзія ў жанры альтэрнатыўнай гісторыі. Ці, як кажа сам аўтар, “настальгія па неперажытым”.

Яшчэ ў лютым здавалася, што хваліць кнігу Рудака “Верхні горад” як прарыў сучаснай беларускай паэзіі – учынак капітана Відавочнасць. Але ў сакавіку здарылася нечаканае – Антон Рудак не стаў лаўрэатам прэміі “Дэбют”. Галоўны прыз аддалі зборніку вершаў пра каханне. Што ж, траўма прагавораная паэтам, але яшчэ не ўсведамленая чытачамі – не ўсё адразу. Так ці іначай, нельга не адзначыць першы маленькі крок беларусаў на ніве гістарычнай памяці. Вось ужо і ў Малым Трасцянцы прыбралі звалку і плануюць адкрыццё мемарыялу. 2015 год, палёт нармальны.
ryba

ЗРАЗУМЕЛА АЛЬХІМІКАЎ

Сёньня ўсё одполэднэ чытала зацяжную палеміку 1995 – 2003 гадоў з нагоды таго, кім быў Францішак Вядзьмак-Лысагорскі – Ніл Гілевіч або Мікола Аўрамчык. Ну, як гаворыцца ў адным фільме пра Шэксьпіра, чума на оба вашых цятра. І гэта я яшчэ толькі фракцыю Гілевіча заслухала. Дзеля фракцыі Аўрамчыка трэба падымаць пэрыёдыку, на гэта я пайціць не магу – мае мэты абсалютна іншыя. Аднак не магу не падзяліцца зробленым сёньня адкрыцьцём, ад якога пачуваюся, як альхімік, які шукаў зотала, а знайшоў іртуць ці што яны там карыснага адкрылі па дарозе да несьмяротнасьці.
Дык вось, я прачытала “Сказ пра Лысую Гару”, трымаючы перад вачыма дзьве рэдакцыі – вожыкаўскае выданне 1991 году, зробленае па самвыдатаўскіх перадрукоўках, і рэдакцыю Ніла Гілевіча 2011 года, якая выйшла ў выдавецтве “Канфіда” “да 40-годдзя першага абнародавання паэмы”.
Людзі, дык нарпаэт цэлыя кавалкі з аўтэнтычнага тэксту выкрасьліў, а паасобныя строфы перапісаў! Прычым якасьць аўтэнтычнага матэрыялу была норм, у некаторых месцах я магу дапусьціць, што аўтар пад уплывам празьмернага ЧСВ прыбраў грубае або прыніжальнае слоўца або паправіў рыфму, але многія месцы былі адрэдагаваныя без усялякай лёгікі.
Ці можа, лёгіка была? Што, калі Гілевіч і Аўрамчык напісалі паэму ў клясычным суаўтарстве, а потым пасварыліся, і Гілевіч на правах трымальніка “кантрольнага пакету” строфаў проста выкрасьліў з тэксту ўсе “аўрамчыкавы” кавалкі, зрабіўшы такім чынам твор “толькі сваім”?
Ува ўсіх публікацыях пасля 2003 года, дзе Гілевіч заявіў пра аўтарства, ён адначасова заявіў пра шэдэўральнасьць паэмы і пра тое, што гэта ніякі не “капусьнік”, а вельмі глыбокі твор. І што менавіта “капусьнік” хацеў бачыць яго “падзельнік” Аўрамчык, у той час , як сам Гілевіч хацеў увасобіць трагедыю беларускай інтэлігенцыі.
У новай рэдакцыі зьнікла якраз тое , што падпадае пад азначэнне “капусьніку” – розныя тусовачныя моманты. Апроч таго, у аўтэнтычнай паэме ёсць прагоны пра Гілевіча (1 раздзел) і Аўрамчыка (3 раздзел). Дык вось, прагон пра Аўрамчыка ў рэдакцыі Гілевіча цалкам выкрасьлены.Я спэцыяльна не лічыла, але, па адчуваньнях, зьнікла строф 30.
Такая вось здагадка. Паколькі яе пацьверджаньне вымагае тэксталягічнай працы, а я бабачка, я пархаю, можа хто больш уседлівы возьмецца тую вэрсію праверыць і аднародаваць вынікі? Магчыма, Ціхан Чарнякеівч? Цікава ж.
Напрыканцы кароткая Рэпліка для Сяргея Дубаўца пра мастацкую вартасць твору. Я таксама крытычна стаўлюся да савецкай паэтыкі, але ў гэтым творы ў трэцім радку згадваецца слова “джаз”, а ў чацьвёртым – “сэкс”. Для 1971 году гэта вельмі крута і кампэнсуе любы недахоп мастацкай вартасьці.
ryba

СЛОВА Ў АБАРОНУ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ АД УЛАДЗІМІРА МАЯКОЎСКАГА

ДН - ды яшчэ і юбілей - Уладзіміра Ўладзіміравіча не магло, па тэхнічных прычынах, ня стаць аб'ектам увагі беларускіх журналістаў. Тутбай правёў апытанку на вуліцах Менска. Матэрыял ок. Я, праўда,не разумею, чаму апытанку не правялі наўпрост на вуліцы Маякоўскага - адзіная "літаратурная" вуліца Менску, якую язык не паварочваецца перайменаваць ( а я тут паціху рыхтую праект маштабнага перайменаваньня менскіх вуліц - з гэтай нагоды сустрэнемся пазьней на тым жа месцы).

Увага і павага людзей, якія пішуць, да асобы Маякоўскага, зразумелая: успрыняцьцё яго паэзіі - гэта, на маю думку, увогуле тэст на гуманітарную адэкватнасьць. Што незразумела - дык гэта прэтэнзіі да насельніцтва.

Калі Сяргей Ясенін дагадзіў простаму беларусу хоць бы вершам пра белую бярозу пад яго акном, які абсалютна не выбіваецца з традыцыяналісцкіх уяўленьняў простага беларуса пра паэзію, Уладзімір Маякоўскі не дагадзіў простаму беларусу нічым. Ды ладна, і простаму расейцу Маякоўскі нічым не дагадзіў таксама. Футурызм чыста выпадкова супаў па эстэтыцы ды ідэалёгіі зь вялікай Кастрычніцкай - вось табе і культ, і вуліца ў кожным горадзе. Сынтаксычная будова вершаў, насычанасьць яго наватворамі, рваны рытм, які наіўны чытач і за паэтычны не прызнае - усё гэта патрабуе ад чытача працы над тэкстам. Я ведаю людзей, якія суткамі могуць цытаваць Маякоўскага, якія нешта нештачка зрабілі для клясыка - і гэта крутыя людзі, але, калі ласка, перастаньце патрабаваць Маякоўскага ад простых беларусаў! Каго вы запатрабуеце ад іх заўтра? Алена Гінзбэрга, прасьці Госпадзі?

ЯК ПЕРАМАГЧЫ НА ЭЎРАБАЧАНЬНІ -2

Тры гады таму я ўжо зьвярталася праз гэты блог да людзей, адказных за выпраўленьне на Эўрабачаньне беларускіх сьпевакоў. Тады я хацела шчыра дапамагчы ім, раскрыць вочы на пэўныя аспэкты. З таго часу я жыла спакойна, бо тэлевізара ў нас з К. няма, і гэта ўсё неяк мінала паўзь мяне.

Але вось учора я засталася на вечар бацькоў, каб падрубіць фіранку, і паглядзела ня толькі Эўрабачаньне, але і ток-шоў перад ім. З ток-шоў я зрабіла выснову, што а). адказным людзям вельмі баліць за гэтае самае ЭБ. б). яны пільна манітораць усё, што пішуць пра конкурс у інтэрнэце і горача рэагуюць на гэта.

У спадзеве, што праманітораць і мяне, я пішу гэтыя радкі.

Ну вось напісалі людзям тры гады таму чорным па белым (здаецца, дызайн майго ЖЖ ніколі не мяняўся). Чорным па белым напісалі: перамагае сьпявак, на якім няма стразаў. І што я ўчора пабачыла? Яны вырашылі, што іх праблема ня ў стразах, а ў тым, што іх а). мала б). стразы - гэта не каштоўныя камяні. І таму сукенку Алене Ланской пашылі з сапраўдных дыямантаў. Я была шакаваная, калі даведалася. Бо, па-першае, апошні раз такое канала ў ХІХ стагодзьдзі, калі яшчэ не нарадзілася Шанэль, а, па-другое, у целіку і стразы, і дыяменты блішчаць аднолькава.

І яшчэ адно назіраньне. Вось нам тут усе кажуць, што мы - гета і сэкта. Але з таго, што я чула ад камэнтатара БТ, гета і сэкта - наадварот, беларуская эстрада. Прынамсі, камэнтатар БТ з галавой паліў кантору. "Ну вось Сэрбія нам зараз паставіць 12 балаў, зуб даю!" - крычыць хлопец. У выніку Сэрбія ня ставіць Беларусі нічога. "Дзіўна, - дзьдзіўляецца камэнтатар, - у нас жа тры бэк-вакалісткі - этнічныя сэрбкі!" Тое самае ён потым казаў пра Кіпр ці Грэцыю, бо нумар ставіў этнічны грэк ці кіпрыёт.

Я думаю, трэба было кіроўцу для службовага бусіка з Мальты наняць. Гэта дало б беларускай дэлегацыі дадатковыя шанцы.

Вы ведаеце, я ня супраць Эўрабачаньня. Я наадварот лічу, што папса - законная частка эўрапэйскай культуры. Прынамсі, Стэфана Эрыксана, безагаворачна культавага цяпер, я ўпершыню пабачыла ў 2006 годзе ў аўтобусе, які ехаў у Пінск, зь мікрафонам у руках, а на аўтобусным відзіку круціліся кліпы АББА, і Эрыксан хорам падпяваў кліпам разам са студэнтамі ін'язу.

Але горача падтрымліваць буду толькі тады, калі мне прад'явяць першага беларускага выканаўцу, які не падпадае пад катэгорыю "трэш". Але гэтага ня будзе ніколі.

ГОЛЕМ АТАКУЕ

Як вядома, Юры Станкевіч не толькі не атрымаў прэміі Ежы Гедройца, але і, паводле пратаколаў, чамусьці зьлітых у сеціва, заняў у фінале апошняе месца. Ён вельмі расстроіўся з гэтай нагоды і вырашыў падаць на мяне ў суд за негатыўныя выказванні пра ягоныя творы - як нядаўнія ў прэсе, так і ЖЖ-шныя двухгадовай даўніны. Праўда, судом пакуль толькі пагражае, а збольшага раздае інтэрвію.

Да мяне зьвярнулася журналістка Марыя Дуброўская просьбай пракамэнтаваць інтэрвію Станкевіча, якое мяркуюць надрукаваць у "Тэкстах". Само інтэрвію, праўда, мне не паказалі, затое задалі два пытаньні, сказаўшы пры гэтым, што не абяцаюць надрукаваць адказы цалкам, бо ў часопісе можа не хапіць месца.

Каб ашчадзіць каштоўнае месца ў часопісе "Тэксты", вырашыла адказаць на пытаньні праз блог. Гэты тэкст можна будзе працытаваць у часопісе ў любым аб'ёме.

Тэкст камэнтара (стылістыка пытаньняў М. Дуброўскай захаваная):



1. Вашы тэксты на прозу Ю.Станкевіча вельмі эмацыйныя, рэцэнзіі ў тым ліку. Дзеля чаго вы аналізуеце творы Ю. Станкевіча? (калі апрыёры ведаеце ўласнае негатыўнае стаўленне)

Я напісала толькі адну рэцэнзію на творы Юрыя Станкевіча - "Голем на пераходзе" (пра кнігу "Шал"). Я не лічу гэты тэкст ані эмацыйным, ані адмоўным. Больш за тое: паводле выказваньняў у інтэрнэце выглядае, нібы рэцэнзію лічаць станоўчай і нават бачаць узаемасувязь паміж ёй і тым, што даволі спрэчная кніга "Шал" была прызнаная адной з найлепшых, выдадзеных у Беларусі ў 2012 годзе. Добрае пытаньне, дзеля чаго я аналізую тэксты Станкевіча. Магчыма, дзеля таго, дзеля чаго я ў вогуле аналізую сучасную беларускую літаратуру. На мой погляд, адсутнасць глыбокага аналізу - трывалая традыцыя беларускай літаратуры апошніх гадоў васьмідзесяці. Традыцыю гэтую, я думаю, варта парушыць. Адсутнасьць аналізу, падмена яго кампліментарнай або выкрывальніцка-павучальнай эрзац-крытыкай вядзе да таго, што літаратурная іерархія сучаснай літаратуры Беларусі выбудоўваецца не паводле мастацкай вартасці твораў, а паводле іншых крытэраў. У выпадку са Станкевічам такі крытэр - ідэйныя перакананьні аўтара.

Што тычыцца маіх іншых выказваньняў пра творы Станкевіча, то вы пытаецеся, чаму я не магу прамаўчаць адносна таго, з чым унутрана нязгодная. Маўчаць, не выказвацца супраць таго, з чым нязгодны, - гэта яшчэ адна мудрая і ўзважаная, правераная стагоддзямі традыцыя беларускай інтэлігенцыі, якую, на маю думку, варта парушыць. Тое, што піша ў сваёй прозе Станкевіч, я лічу сацыяльна небяспечным і пачуваюся абавязанай выказацца супраць прапаганды гвалту, абразы людзей паводле расавай прыналежнасці або сэксуальнай арыентацыі, прысутнай у творах Станкевіча. Раблю гэта звычайным для мяне спосабам - высьмейваю яе.

2. Ці не напружвае вас тое, што пакрыўджаны аўтар можа звярнуцца ў суд?

Да таго факту, што Юры Станкевіч можа зьвярнуцца ў суд, я стаўлюся станоўча па дзьвюх прычынах. Па-першае, беларускае грамадзтва мае нізкую прававую культуру і не прызвычаілася бараніць свае правы, гонар і годнасьць публічна: у прэсе або ў судзе. Таму любы факт судовага разьбіральніцтва не праз грошы, а праз прынцыпы, па маім перакананьні, будзе сьведчыць аб прагрэсе ў гэтым накірунку. Па-другое, калі Юрыю Станкевічу давядзецца даказваць у залі суда, што ён ня Брэйвік, - значыць, мае выказваньні дасягнулі мэты.

ПАЗБАВІЦЬ ЛІЦЭНЗІІ

У нас тут новы лякальны мем - пазбавіць ліцэнзіі.

Як адбыўся захоп стэнду на Менскім кірмашы, на якім не далі выступіць Уладзіміру Някляеву?

Дырэктар "Макбелу" па імені, адпаведна, Дзьмітры Макараў падляцеў да грамадзяніна Польшчы GG, які тусаваў на суседнім стэндзе "Арс Палёнія" і сказаў, што пазбавіць яго выдавецкай ліцэнзіі. Паляк выявіўся з пужлівых і сваёй прадстаўнічай фігурай забарыкадаваў суседні стэнд - Польскай амбасады, да якога ня меў увогуле ніякага дачыненьня. Усе напружаныя перамовы з прадстаўніком Польшчы ў чырвоным гальштуку зьвяліся да спробаў пераканаць таго, што ў яго няма беларускай выдавецкай ліцэнзіі, і таму яго нічога ня могуць пазбавіць. Але, відаць, той вырашыў, што ў Беларусі "ліцэнзія" - гэта азначэнне нейкага аспэкту чалавечай годнасьці і таму паўгадзіны яго немагчыма было зрушыць зь месца.

Потым, спрабуючы "спыніць беспрадзел" і нават загадаўшы выключыць у гэтых мэтах ток, што падаваўся на мікрафон стэнду, Макараў стаў пагражаць пазбаўленьнем ліцэнзіі ўсім прысутным, у прыватнасьці, нязьдзейсьненаму вядоўцу імпрэзы Андрэю Хадановічу. Праўда, Хадановіч не спужаўся і сказаў, што ліцэнзіі ў яго ўсё адно ніякай няма. На тым і разыйшліся.

Макараў - ня толькі дырэктар выставы, але і сам дырэктар выдавецтва. І пазбаўленьне выдавецкай ліцэнзіі - самае страшнае, што ён, відаць сабе можа ўявіць. Таму, чыста па Фройдзе, ходзіць і пагражае гэтым усім іншым. Адна мая суседка, пасварыўшыся са мной, казала, што пазвоніць у сацыяльную апеку і скажа, каб маю маці пазбавілі бацькоўскіх правоў, бо тая месяцамі ў камандзіроўках і не даглядае дзяцей. Я как бэ намякнула, што мне 22 гады, а брату 20, таму такі званок будзе недарэчным, але ў гэтым крыку быў пэрсанальны боль: пазбаўленьнем правоў на дачку тады пагражалі суседцы, у якой былі вельмі няпростыя часы. Дальбог, новы кірмаш дэманструе, якія цяпер наступілі часы для беларускай свыдавецкай справы.

Але, абстрагаваўшыся ад кнігагандлю, "пазбавіць ліцэнзіі" - гэта цудоўна.

Спачатку можна раздаць ліцэнзіі ўсім сябрам і знаёмым, а потым іх пазбаўляць. Гульня ў ліцэнзію можа стаць беларускім інварыянтам гульні ў мафію. Напачатку гульні гульцы раздаюць свае ліцэнзіі усім іншым гульцам, а потым адно аднога іх упарта пазбаўляюць. Той, хто ў выніку пазбавіць іншых большай колькасьці ліцэнзій - абвяшчаецца Макаравым.

Гульня ў беларускую рэчаіснасьць.

Макараў пазбаўляе Хадановіча ліцэнзіі:


Photo by Alena Kazlova