Tags: грані паталочнага плінтуса

АРГАНАЙЗЕР ДЛЯ БІЖУТЭРЫІ СВАІМІ РУКАМІ

Увесну я адшукала на вуліцы дзверку ад савецкага буфету. Так пачалася гэтая гісторыя даўжынёй у паўгоду. Вынік - люстра ў вітальню, яно ж - арганайзер для біжутэрыі і дробязяў. Усё, апроч дэкаратыўнай ручкі  і кручка збоку - паўторнае выкарыстанне рэчаў, ён жа рэсайклінг. Сабекошт я ацэньваю прыкладна ў дваццаць пяць даляраў, з іх дваццаць зарабіў непаўторны "майстра на час" Сяргей. Як гаворыцца, прыйшоў на гадзіну - застаўся назаўжды, прынамсі чалавек прасякнуўся і, напрыклад, адну з уплочаных гадзін прысвяціў фігурнаму выпілоўванню кручка, каб той фіксаваў фронт люстра. Ён жа дапільнаваў і выправіў усе касякі маёй зборкі.

Дзякуй Андрэю Кузьменка, які ўштукаваў люстра. Дзякуй Лілі Марозавай за ідэю з коркамі ад віна - на іх сапраўды зручна мацаваць завушніцы-цвічкі. Дзякуй kamrushepa за тое, што пусціла на балкон і дазволіла знесці фанерку для задняй сценкі - акурат той таўшчыні, якая патрэбная. Дзякуй ёй жа (а магчыма не ёй, а камусьці яшчэ з вас, сяброўкі) за чароўную чорна-белую сурвэтку, якой аформленае нутро арганайзера. Дзякуй Рыжскаму шпротнаму заводу  за яткі для дробязяў. Дзякуй інтэрнэту за ідэю з таркай для захоўвання завушніц-вісюлек. Дзякуй Кітайскай народнай рэспубліцы за  дрэль-шрубавёрт вагою ў паўкілаграмы.

Дзякуй  Паўлу, які  разумее і падтрымлівае усе мае творчыя парывы.

Нядзякуй цесляру Антону з суседняга інтэрнату, які адмовіўся распілаваць дэталькі на сваім станку, што значна запаволіла працэс.

Фота працэсу, прынятыя ў такіх выпадках, не змяшчаю, бо было доўга і мутарна. А вынік вось:

ryba

ГІСТОРЫЯ НА ШПАЛЕРАХ

Замест навінаў пра палітыку і культуру чытаю пра рамонты. Бо спосаб укладкі ламінату на падлогу часам можа сказаць пра наша грамадзтва больш, чым актуальная прэса. Так, апошнія два месяцы актыўна трымаю руку на пульсе жыцьця беларусаў, назіраючы за конкурсам тутбая "Моя детская".

Ну, тое, што людзі (пераважна) любяць сваіх дзяцей і хочуць ім дабра - зразумела. Як і тое, што належыць масава адбіраць ліцэнзіі ў прадаўцоў фоташпалераў. Розныя аляпаватыя сцэны з мульцікаў - яшчэ меншае зло. Там адной пяцігадовай дзяўчынцы задэкаравалі сценку выявай двухмэтровых ружаў, дзе бутон - памерам з дашкалёнка, а сцябліна - таўшчынёй у руку дарослага чалавека. Атака прышэльцаў - адзіная натуральная асацыяцыя. А так у асноўным усё стандартна. Занаваньне, асвятленьне, цёплы кілім на падлогу і  ТЭМЫ. Тэмы. У дзяўчатак гэта прынцэсы, кветкі, праванс (дакладней, тое што разумеюць пад правансам мамы) - усё. Хлопчыкам у Беларусі быць прыкольней. Тут  Лондан (адна з самых прагрэсіўных тэмаў), караблі і вандроўкі па сьвеце, рыцарскія замкі, машынкі. Хоць у абодвух сцэнарах здараюцца і выдатныя прыклады Дзіцячых пакояў.

Калі запар прачытваеш гісторыі пра спальні самых розных дзяцей у самых розных камбінацыях (два хлопчыкі-пагодкі, рознаўзроставыя дзяўчынкі ігд), робіцца відавочным, што найменшую нагрузку на псыхіку атрымліваюць разнаполыя дзеці. Калі ў пакоі брат і сястра, нават самыя адыёзныя што да выбару колераў  бацькі спыняюцца на "нэўтральных адценьнях". І абыходзяцца без "тэматыкі". Ну як жа зрабіць пакой для сямігадовага аўтамабіліста, калі побач трогхадовая фэя?

Я веру ў густ і розум сваіх бацькоў, але дапускаю, што свайго часу st_martin уратаваў мяне ад кучы гендэрных стэрэатыпаў. Так, наш пакой у 1986 годзе мама з татам абставілі жоўта-чырвонай мэбляй "Петушок" з двух'ярусным ложкам, на сьцены наляпілі белыя папяровыя шпалеры з мухаморамі, а на акно павесілі льняную фіранку з жырафамі і кракадзіламі. Нават - о жах! - у пакоі, дзе падрастаў хлопчык, вісела ружовая люстра! З матывамі мульціка "Ну, погоді!".

Калі мама вырашыла крыху развіць наш музычны слых, у нас зьявілася арандаванае піяніна. І раптам выявілася, што пакой можна абыйсці па пэрыметры, не спускаючыся на зямлю: ложак-шафа-стол-піяніна. У Берынгаў праліў паміж ложкам і піяніна, здаецца, ставілі крэсла. Кілім абвяшчаўся акіянам, у якім можна было патануць, калі ў яго скочыць. На вока павязваліся дзіцячыя гальштучкі st_martin - і гульня пачыналася. Мы чыталі кнігі і самі вызначалі тэму свайго пакою. Хоць, можа, гэта была сугестыя фіранак з кракадзіламі. Або шпалераў з мухаморамі.

Адным словам, я напісала верш па матывах інтэрнэт-конкурсу:

* * *
Мама зрабіла пакой "для юнага капітана",
ды не заўважае, што карабель - пірацкі,
што ветразь парваны, палуба расхістаная
і балянсуюць на рэі аднаногія цацкі.

Тата майструе мэблю "для маленькай прынцэсы",
ды не здагадваецца, што прынцэса - разбойніца,
што ёй бы не лялечны, а паляўнічы дамок,
пад ногі - скуру забітага ёй Віні-Пуха,
што ў шафе ціхутка плача палонны рыцар,
а гэтая мілая нянечка заўтра звольніцца.

І пакуль мама з татам глядзяць тэлевізар у залі,
дзеці спускаюцца зь вежаў, высаджваюцца на бераг,
зрываюць сьліняўчыкі, якія ім навязалі,
малююць сваю гісторыю на шпалерах.



Фота адсюль
ryba

ЛЕТА НА БАЛКОНЕ: УВОДЗІНЫ Ў НЕПАТРЭБНАЕ МАСТАЦТВА

"Навошта вам балкон?!! - Тут два падвалы!!!" - бурна адрэагавала рыэлтарка, калі ў 2012 годзе мы ветліва спрабавалі адмовіцца ад хрушчоўкі на першым паверсе, якую тая прадавала ў Першамайскім раёне. Сёлета я нарэшце магла б паказаць ёй, навошта:



Апошні паверх справа - наш балкон. Гэтае фота таксама можа служыць ілюстрацыяй "было - стала", таму што да рамонту балконы зьлева і справа выглядалі, як браты блізняты.

У сілу дэкупажу галаўнога мозгу, які трывала апанаваў мяне апошнім часам, я чытаю ў інтэрнэце шмат парадаў, як "саздаць уют" на савецкім балконе. Амаль уся рускамоўная  "балканістыка" - падборкі фота заходніх балконаў і тэрасаў, і пачынаюцца такія падборкі  з прадмовак кшталту, давайце дружна перастанем быць савецкім быдлам і ўпрыгожым нашыя балконы і лоджыі, выкінем адтуль хлам - і тады ў нас падвысіцца якасьць жыцьця. Ну вось, я так і зрабіла - і цяпер хачу падзяліцца адчуваньнямі ад, а таксама думкамі пра хлам і красату на балконе. Які насамрэч гаўбец, але цяпер не пра гэта.
Collapse )
chakaliada

ЯК ГЛЯДЗЕЦЬ МУЛЬЦІКІ БЯЗ НОЖАК

Я хачу паддацца на правакацыю і скласьці тут публічны адказ Яну Максымюку, які напісаў, што беларускай літаратурнай крытыкі няма

Бо эсэ з такім зачынам на "Радыё Свабода" нагадвае мне анекдот пра "нет ножек - нет і мультіков".

Яшчэ пару год таму ў РС-аўскай перадачы "Дом літаратара"  была рубрыка, у якой розным крытыкам замаўлялі рэцэнзіі на сучасныя творы. Калі я здавала апошнюю сваю туды рэцэнзію ў канцы, здаецца, 2009-га, рэдактарка перадачы Валянціна Аксак  сказала, што Аляксандар Лукашук прыняў рашэньне спыніць рубрыку, замяніўшы яе перадачай "Пяцікніжжа", у якой розныя экспэрты будуць пісаць міні-водгукі на 5 беларускіх кніг, аб'яднаных пэўнай тэматыкай. Я, зусім нядоўга падумаўшы, ад прапановы перайсьці ў новую рубрыку адмовілася. Новы фармат мне рэзка не спадабаўся.

Чаму?


Перадача "Пяцікніжжа" - клон папулярнага фармату, прыдуманага, здаецца, "Вашынгтон постам". Экспэрты ў той ці іншай галіне сьцісла ацэньваюць 5 кніжных навінак на пэўную тэму. Напрыклад, селебрыці-рыбак анаціруе кнігі пра рыбалку, або дызайнер вопраткі хваліць свае ўлюбёныя кнігі пра моду. Гэтую рубрыку запазычыў таксама расійскі  часопіс "Что читать?".

Але калі амэрыканская рубрыка мае сэнс - бо ў ЗША штогод выдаюцца сотні тысяч кніжных пазіцый і экспэрт мае пэўную літаратурна-грамадзкую місію, маніторачы кнігі пра зомбі, выбраць найлепшыя кнігі пра зомбі за апошнія пару год і парэкамэндаваць іх чытачу, што ашчадзіць чытачу час і грошы ў пошуку сапраўды цікавага чытва (люты пруф - там нават кошты на кнігу выстаўляюць ў артыкуле) - то такая экспэртная паслуга абсалютна лішняя ў Беларусі, дзе кніг выдаецца вобмаль, і купіць іх парой немагчыма. 

У выніку "Пяцікніжжа" -  прывет Юрыю Станкевічу - гэта крытычная рубрыка-выродзец. У найлепшым выпадку гэта прыемныя  ваколкніжныя эсэ Вольгі Бабковай  ці Аксаны Спрынчан, поўныя камплімэнтаў кнігам, якія ўсе даўно прачыталі, - у найгоршым... Ну, вы ў курсе. Нават Канада, як вядома, двойчы папрасіла прабачэньня за Браяна Адамса, але радыё Свабода яшчэ ні  разу не папрасіла прабачэньня за Асю Паплаўскую.  З кім не пагаворыш - аўтары апраўдваюцца за тое, што ўзялі ўдзел у такой літпарнаграфіі, як "Пяцікніжжа": "Ну... Разумееш, я бы не стала, але вельмі грошы былі патрэбныя". 

Ян Максымюк хоча ведаць, чаму беларускія крытыкі ня пішуць рэцэнзіяў на літратурныя творы? Таму што рэцэнзіі  на новыя кнігі незапатрабаваныя сучаснымі выданьнямі, і ў тым ліку, як паказана вышэй, гэта тычыцца яго непасрэднага працадаўцы. Рэцэнзія на кнігу - гэта ня чыстае мастацтва, гэта ўтылітарны жанр, які патрабуе ад аўтара пэўнай кваліфікацыі. Але чамусьці пры гэтым лічыцца, што аўтар павінны наваяць рэцу ў вольны ад асноўнай  працы час, як толькі яго акаціць потны вал удахнавеньня, і даслаць у рэдакцыю - як дасылаюць вершыкі, апавяданьні... І стаць у чаргу на друк на агульных падставах. І магчыма нават атрымаць ганарар... Ну слухайце. Гэта ж вам ня "Ўліса" перакладаць у год па чайнай лыжцы дзеля высокіх памкненьняў адраджэньня белліту  (А? Што? ёсьць нейкія вар'яты, якія дзеля ўласнай прыемнасьці перакладаюць "Уліса"??? Нууууу, эта  ж я ня знала, так, да слова прыйшося...)

Фігу. Літаратурная крытыка - гэта і ёсьць - ПРАЦА. Якасныя крытычныя артыкулы пішуцца ТОЛЬКІ на замову, таму што калі крытыка незапатрабаваная медыйным полем, яна ня мае кантэксту, а значыць, і сэнсу.

У той культурнай сытуацыі, што склалася, неабходнасьць літаратурнай крытыкі варта ўсьведамляць найперш тым, хто адказвае за кантэнт таго ці іншага выданьня. Усьведамляць што рэцэнзіі на літаратурныя творы неабходныя нават калі  за суткі гэтыя рэцэнзіі прачытала 250, а не 2500 наведнікаў рэсурса (250 - максімальная колькасьць праглядаў самай рэйтынгавай рэцэнзіі  вакол прэміі Гедройца за ўвесь час прэміяльнай гонкі ў лютым-сакавіку 2012 г). Што рэцэнзіі варта друкаваць нават калі большасьць чытачоў увогуле ня ў зуб нагой пра сказанае і не саромеюцца прызнавацца ў гэтым у камэнтарах  пад тэкстамі.

А крытыкі -  яны, як паказвае досьвед, заўжды гатовыя.  

ПРАРОЦТВА АРХІТЭКТАРА КУБІКА

Даўно ўжо задумваюся пра тое, што ура-камунізм аповесьцяў Мікалая Носава пра Нязнайку - гэта насамрэч тонкі тролінг самога камунізму. Выдадзены за дапаможнік па камунізме для самых маленькіх - як і належыць найлепшым узорам савецкай дзіцячай літаратуры. Так, напрыклад, чытаючы чарговы ЛіМ-стайл водгук на сучасную паэзію, я заўжды згадваю складзены Нязнайкам вершык "У Авоськи под подушкой лежит сладкая ватрушка" (ахвочых запрашаю асьвяжыць у памяці тэкст, каб не займацца абшырным цытаваньнем) і рэакцыю на яго слухачоў.  Як вы памятаеце, Нязнайка склаў верш пра Авоську, той на радасьцях пабег да ложка, не знайшоў ватрушкі і засьцябаў Нязнайку. І як ні спрабаваў Нязнайка патлумачыць, што  гэта - паэзія, сябры ўпарта не хацелі прызнаваць яго таленту. "Сочиняй так, чтобы был смысл и рифма, вот тебе и стихи", - завяшчаў яму паэт Цьвецік (сапраўднае імя - Пудзік). Ці ня ёсьць гэта галоўнай формулай  соцрэалізму? Каркасам Практустава ложа, у якое загналі літаратуру за савецкім часам? Паэтам Нязнайка хацеў стаць у чацьвёртм разьдзеле, а ў трэцім апісваецца Нязнайка-мастак, дык там увогуле прагон пра абстракцыянізм па поўнай праграме.

А літаральна ў апошнія дні я выявіла ў Носава  (гэтым разам у "Сонечным горадзе") сьцёб з савецкай архітэктуры. Ці, дакладней, савецкага будаўніцтва. Увага на экран:

— А теперь минутку терпения, и я познакомлю вас со старинной архитектурой, — сказал Кубик. — Сейчас мы попадем с вами в так называемый архитектурный заповедник.

Путешественники прошли по переулку и очутились в квартале, который был застроен домами с колоннами. Здесь были колонны и прямые, и кривые, и крученые, и витые, и спиральные, и наклонные, и приплюснутые, и косопузые, и блинообразные, и даже такие, которым не подберешь имени. Карнизы у домов тоже были и прямые, и косые, и кривые, и ломаные, и зигзагообразные. У одних домов колонны находились не внизу, как полагается, а сверху, на крышах; у других домов колонны были внизу, зато сами дома стояли вверху, над колоннами; у третьих колонны были подвешены к карнизам и болтались над головами прохожих. Был дом, у которого карниз находился внизу, а колонны стояли вверх ногами и вдобавок покосились набок. Был также дом, у которого колонны стояли прямо, но сам дом стоял косо, словно собирался рухнуть на головы прохожих. Еще был дом, у которого колонны наклонились в одну сторону, а сам дом наклонился в другую, так что казалось, будто все это сейчас рухнет на землю и рассыплется в прах.

— Вы на эти косые дома не смотрите, — сказал Кубик. — Когда-то у нас была мода увлекаться строительством домов, которые ни на что не похожи. Вот и наделали такого безобразия, что теперь даже смотреть совестно! Вот, например, дом, который словно какая-то неземная сила приплюснула и перекосила на сторону. В нем все скособочено: и окна, и двери, и стены, и потолки. Попробуйте поживите с недельку в таком помещении, и вы увидите, как быстро переменится ваш характер. Вы станете злым, мрачным и раздражительным. Вам все время будет казаться, будто должно случиться что-то скверное, нехорошее. И все оттого, что наклонные стены вашей комнаты как бы постоянно угрожают падением и вы никак не можете отделаться от впечатления какой-то неотвратимой беды. К счастью, в этих кособоких домах теперь уже никто не живет. Одно время их даже хотели разобрать, но потом решили оставить в назидание на будущее, чтоб никому больше не приходило в голову строить подобные нелепые сооружения.

— И это помогло? — спросил Незнайка.

— Помогло, — сказал Кубик. — Но ненадолго. Некоторые архитекторы не могли сразу отделаться от старых привычек. Нет-нет, а какой-нибудь из них возьмет да и построит дом, перед которым только стоишь и руками разводишь. Однако впоследствии знаменитый архитектор Арбузик нашел замечательный способ строить очень красивые здания без всех этих фокусов-покусов. К тому же он изобрел целый ряд новых строительных материалов, как, например: облегченная прессованная пенорезина, из которой можно строить складные портативные дома; гидрофобный картон, который не боится ни холода, ни жары, ни дождя, ни ветра; синтетический пластилин для лепных украшений и строительная пенопластмасса, которая в воде не горит и в огне не тонет, то есть… тьфу!.. в огне не горит и в воде не тонет; а также разноцветный светящийся пенофеногорох, изготовляемый из простых гороховых стручьев, который тоже ничего не боится, почти ничего не весит и в то же время обладает твердостью стали. Сейчас я познакомлю вас с домами, построенными архитектором Арбузиком из строительной пенопластмассы и пенофеногороха. Это недалеко отсюда, на улице Творчества.

Мы ў эпіцэнтры рамонту, наш дом акурат убудаваны ў двары Горада Сонца, і да нас то і дзела ходзяць людзі з узроўнем (у сэнсе, з інструмэнтам такім). І вось яны нам паказваюць гэтым самым узрознем, што ў кватэры няма роўных сьценаў увогуле.  Пры тым, што на вока бачна толькі 50% касякоў (гэта там, дзе разыходжаньне 3 см. і болей).  Карочы, калі верыць Носаву, або трэба аддаваць на 2 штукі баксаў на тынкоўку   і 50 см аб'ёмуз агульнай плошчы, або ў нас пачнецца дэпрэсуха ад гэтага савецкага футурызму.  

Дарэчы, прашу зьвярнуць увагу, што вуснамі архітэктара Кубіка Носаў прадказаў паталочны плінтус.

І яшчэ адно паэтычнае адкрыцьцё. 



Гул затих. Я вышел на подмостки.
 Прислонясь к дверному косяку,
 Я ловлю в далеком отголоске
 Что случится на моем веку.

Сёньня абсалютна выпадкова я прыклала вуха да вушака. І пачула дом. Усё, што адбывалася ў пад'езьдзе, рэзанавала і гуло ў вушаку дзьвярэй на кухні.

От такая вывернутая мэтафара. Ці як яе правільна назваць па-беларуску?

ПЕРАНОС ГАЗАВАЙ ПЛІТЫ: НОВЫ ДОСЬВЕД

У адрозьненьне ад брыгады сантэхнікаў КУП ЖЭУ №666 г. Мінска, хачу пахваліць і нават парэкамэндаваць службу Мінгаз, што на вуліцы Батанічнай (зрэшты, куды вы падзенецеся з падводнай лодкі).

Перанос трубы пад газавую пліту мы замаўлялі за тры тыдні - раней было ніяк нізя. Уся сям'я нэрвова скаланалася, калі я згадвала дзень Х - 11 верасьня. Бясконцыя пытаньні, калі перанясуць газ, ну калі пенясуць газ  сталі нейкімі лейтматывамі сустрэч з роднымі, таму за тры тыдні я была такая накручаная, што зь нецярплівасьцю чакала сакральнага моманту.

Пачнём з таго, што да Мінгазу ўдалося адразу датэлефанавацца. Яны адразу прызначылі дзень Х і прадыктавалі абвестку, якую трэба было ўручыць ува ўсіх кватэрах, зь якімі нас зьнітаваў стаяк. Падпісаць трэба было Мінгазам. Потым мне назвалі кошт (заплацілі мы ў выніку ўдвая меней), потым я замовіла заглушку. Потым, уласна, наступіла ажыданіе.

Напярэдадні, у пятніцу 7 жніўня, Мінгаз патэлефанаваў і нагадаў, што прыедзе. Папрасіў паставіць на кухні вядро і пакласьці ВЕТАШ (словам "веташ" анучу называюць усе мае сваякі мужчынскага полу, таму з вуснаў дыспэтчаркі яно прагучала неяк прафэсійна і вельмі пераканаўча). Мінгаз сказаў: ажыдайце - і паклаў слухаўку.

І вось сёньня а 15:00 здарылася яно. Спачатку ў мёртвым двары азваўся роў бусіка. Мы вызірнулі з вакна і пабачылі чорны варанок, зь якога выбягалі мужчыны. Адзін зь іх адразу прыпаяўся да газавай трубы. Астатнія подбегам падняліся ў кватэру.

Наш выпадак газавікі клясыфікавалі як нескладаны, доўгачаканая  працэдура заняла 10 хвілінаў і амаль не пакінула пылу. Потым яны астудзілі трубу вадой і сталі яе выціраць. Тут-та і спатрэбілася ВЕТАШ.

Усё адбывалася так апэратыўна, што ў мяне ледзьве хапіла спрыту, каб засьняць рытуал:

Што тут дадаць? Фтакія мінуты радасьць перапалняет міня.

Далей у нашай праграме - рэпартаж урачыстага пуску ўнітазу і ода Зеленбуду.