Tags: вокны бацькоўскай хаты

Я УЧУСЬ БЫТЬ ТАНЕЙ ВОЗВРАЩАЮСЬ КАЖДЫЙ ВЕЧЕР К УТРУ

Па-мойму, карыстаючыся момантам, трэба хуценька браць быка за рогі і  на гарачых прыкладах вучыць чытача ўспрымаць літаратуру.

А то ўявіце, 90 камэнтатараў сьвята перакананыя, што твор "Маладафронтаўка" пра тое, што удзельніца руху "Малады фронт" п'яная ўсім дае за сараем. Ужо напісаныя альтэрнатыўныя канцоўкі, дзе Таня або дае ня ўсім, або дае не па сваёй волі, здаецца, кіраўніцтва МФ ужо абвесьціла амаральную Таню ў вышук. Гэта менавіта той выпадак, калі ў Авоські пад падушкай ляжыць салодкая ватрушка. І чытач спрабуе знайсьці тут ватрушку.

Між тым, мне здаецца, важна патлумачыць чытачам, чаму яны суткі сяруць цэглай. Сяруць яны цэглай менавіта таму, што гэта навэла, якая, па ўсіх законах, мае нечаканую канцоўку. І, у прынцыпе, няважна, ці была Таня ў жыцьці. Баюся, што была - у камэнтах НН ужо трываюць скандалы, інтрыгі і разаблачэнія, але халера, уся інтылінегцыя пайшла ў эсэры, а рэвалюцыю, як мы ўсе ведаем, зрабілі бальшавікі. Так што абсалютна не разумею, чаму галоўная палітычная сіла краіны ня можа мець у сваіх радах калгасьнікаў і гамафобаў. 

(Дарэчы, тут я апісАлася і замест "палітычная" вельмі ў тэму напісала "лалітычная").

Між тым да пана Шукяловіча застаецца шмат стылістычных пытаньняў. 

"Яе русыя косы з бел-чырвона-белымі стужкамі матляліся на ўзроўні яе грудзей". 

То бок, асбсалютна ясна, чаму аўтар за хвіліну да навальніцы зводзіць у адным сказе русыя косы, бел-чырвона-белы сьцяг і сіські, але вось гэты "ўзровень грудзей" мяне вельмі бянтэжыць.

Ну і ў цэлым трэба зазначыць, што творы, якія Віктар друкуе цяпер, хацелася б чытаць у белліце год 10 таму. Але ланна, лепей позна, чым ніколі. 

"Шукеловіч - вельмі добры празаік, адзін з самых цікавых маладых галасоў. Але тут напісаў няўдалую рэч. Яму не ўдалося паказаць тыповую маладафронтаўку, як не ўдалося і дайсці да сутнасці з гэтай, нетыповай МФаўкай. Напісанае ёсць, а сутнасці не ўскрыты".

Карацей, баюся, куча людзей натхніліся ўзяцца за пяро і выявіць "тыповую маладафронтаўку". Чакаем!

Але ў Віктара, чаму я вельмі радая,  цяпер па-любому літаратурная кар'ера пойдзе ўгару, таму што такі тып прозы, як у яго, вельмі паважаюць у Саюзе беларускіх пісьменьнікаў. "Пункт адліку"  гарантаваны. 



Чытаць цалкамhttp://nn.by/?c=ar&i=81385

"НАПАЧАТКУ СТВАРЫЎ БОГ НЕБА І ЗЯМЛЮ..."

Працягваю паціху адкрываць для сябе сучасную  ізраільскую літаратуру, якая, дарэчы, добра прадстаўленая ў кнігарні lohvinau. Гэтым разам я адкрыла для сябе пісьменьніка Мэіра Шалева. К. кажа, што Шалеў - ізраільскі Ўладзімір Арлоў: піша мастацкую прозу, але больш вядомы і любімы сваім нон-фікшанам, дзе ён папулярна тлумачыць біблійную гісторыю. Апошнюю яго кнігу я надоечы і зачытала. Ніжэй - крыху сумбурны водгук на яе, які, спадзяюся, ніхто не палічыць за рэцэнзію, ну бо гэта ж не белліт ні разу, сруцца ў інтрнэце ў нас толькі за белліт. Таму сьмела абнаўляю бложык.

Карочы, вот:



Па ўму, кніга па-руску мусіла б называцца "Вначале", але перакладчыкі выбралі іншую назву. Фармальна гэта зборнік эсэ, у якіх Шалеў аналізуе першую згадку ў Бібліі той ці іншай зьявы: каханьне, нянавісць, сон, закон і г.д. Па сутнасьці ж гэта - неблагі курс біблійнай псыхалёгіі. А то. Добры празаік павінны быць добрым псыхолягам. Чым далей у лес, тым болей гэта - аксыёма.

If you liked the Book, you'll like the country

"Калі вам спадабалася Кніга, вы ўпадабаеце краіну" - кажуць, што тыя самыя іміджмэйкеры, якія прыдумалі Латвіі турыстычны слоган "Relax&enjoy", парэкамэндавалі Ізраілю менавіта такую рэклямную фразу... Ну, магчыма гэта былі ня тыя самыя іміджмэйкеры, але я не пра тое. Я пра тое, што Біблія замяняе габрэям ня толькі канстытуцыю і летапіс: паходу Біблія замяняе рэлігійным габрэям і іх дзецям Дыснэйлэнд.

Бацькі ў іншых краінах у свой законны  выходны бяруць дзяцей і вядуць іх у аква-або лунапарк. Настаўнік у Беларусі, як толькі выпадаюць вакацыі, вязе дзяцей у менскі макдональдс. Габрэйскі настаўнік на вакацыях бярэ Тору і вядзе дзяцей у пустэльню - на месца, дзе адбывалася тая ці іншая старазапаветная падзея. І там дзеці  чытаюць тэкст і ўяўляюць усё ў асобах, з прывязкай да мясцовасьці. Прынамсі, менавіта так забаўляўся ў дзяцінстве бацька Мэіра Шалева Іцхак. Напрыклад, сын апісвае, як яны з бацькам  хадзілі ў поле, дзе Давід мачыўся з Галіяфам, і бацька яшчэ прывёў з сабой араба-прашчніка, каб той паказаў, як шпурляе прашча. Хлопец раскруціў струмант і прабіў жалезны бак, які стаяў на месцы Галіяфа, з пазыцыі Давіда. Так Шалеў-малодшы пераканаўся, што калі зафігачыць прашчой камень у лабешнік зь вялікай адлегласьці, любы асілак мае ўсе шанцы склеіць дошачкі. 

Карочы, як унук рабіна і сын папулярызатара Торы Шалеў у сваіх эсэ вакол біблійных падзеяў ня можа ня біць шыбаў. Грунтоўнае бібліяцэнтрычнае выхаваньне дае яму дастатковую базу, каб аналізаваць арыгінал, а лібэральныя перакананьні - магчымасьць расслабіцца і атрымліваць задавальненьне ад Тэксту.

Ад таго ў кнізе "Бэрэшыт" багата надта сьмелых, як на мой досьвед знаёмтва з ТаНаХам, інтэрпрэтацыяў. Але яны зусім не блюзьнерскія што да самой Кнігі - зь яе зьместам, як і з Богам, аўтар абыходзіцца ўскрай шанаўліва. Яго ветракі - гэта стэрэатыпы, якія нарасьлі вакол Бібліі за тысячагодзьдзі, дзякуючы войску талмудыстаў, і "побытавы юдаізм" які ў апісаньні Шалева так нагадвае постсавецкае праваслаўе: 

"Такое выражение веры вполне соответствует духу сегодняшнего измельчавшего и вульгаризорованного иудаизма, в котором вера свелась к паломничеству на могилы праведников, конвеерному производству ноовообращённых и кружкам "популярной каббалы", а также склянкам со "святой водой", амулетам от "чудотворцев"...

( дарэчы, вельмі сумленная праца Н. Рудэльмана і А. Фурман, якія ня проста пераклалі кнігу з сучаснага іўрыта на рускую мову, але яшчэ і падрабязна пракамэнтавалі кожны момант, дзе даслоўны пераклад адрозьніваецца ад сінадальнага, каб рускі чытач не завісаў у праблемных момантах). 

Шалеў вельмі кранальна правакуе габрэйскіх артадоксаў, разбураючы няшныя вобразы самых любімых герояў сучасных ізраільцянаў - цара Давіда, прабацькі Абрагама, прамаці Ракель ды іншых. Так, напрыклад, невядомае дакладнае месца пахаваньня апошняй, але ізраільцяне любяць паломнічаць да меркаванай магілы Ракель, абсталяванай хутчэй у турыстычных мэтах, захапляцца яе праведнасьцю і тым, што яна  пачала народ Ізраіля. А Шалеў нагадвае, што прамаці была, па прыхамаці Бога, бясплоднай (як і Сара з Рэбэкай), кожнае дзіця выбівала ў Бога галавой апсьценку  і памерла пры родах. У той жа час аўтар згадвае пра некалькі эпізодаў Бібліі, дзе жанчыны наадварот, цяжарылі ад пальца, у неспрыяльных умовах і скандальным чынам - так, дочкі Лота пасьля разбурэньня Садому набухалі бацьку  і пераспалі зь ім па адным разе, і нарадзілі сабе братоў-сыноў. Вось прыкіньце - уратавалася адна сям'я праведнікаў, мама стала слупом - і ў наступную  ж ноч усе робяць такое.

Шалеў зазначае, што ў Бібліі жанчыны цяжараць або не цяжараць па камандзе Бога - такі закон жанру. І тлумачыць бясплоднасьць Сары, Рэбэкі і Ракель тым, што дзеці былі патрэбныя жонкам прааццоў не дзеля працягу роду, а дзеля статусу - бо замужняя жанчына павінна мець дзяцей, эта крута - калі б у Ізраілі быў інтэрнэт, а ў Сары, Рэбэкі і Ракель не было шматгадовых праблемаў зь дзетанараджэньнем, то яны былі б самымі пантастымі бабамі на ізраільскіх мамскіх форумах. А так Бог паабламаў панты кожнай (дый тое не дапамагло - Сара і Рэбэка усё ж  выявіліся злобнымі інтрыганкамі ў справе прасоўваньня "крывіначак"). У той жа час дочкі Лота памылкова думалі, што наступіў канец сьвету і яны ўтрох - адзіныя людзі на зямлі. І таму цнатлівыя паненкі вырашылі пераспаць з бацькам дзеля працягу  чалавецтва. То бок, выканалі асноўны Божы запавет - "пладзіцеся і размнажайцеся".  За прамацяркамі Бог такой адданасьці чалавецтву, на жаль, не заўважыў. 

 Пра Абрагама Шалеў піша, што той - ідэальны вернік для Бога: татальны канфарміст, якому скажаш павесіцца - ён і павесіцца, скажаш абрэзацца - ён і абрэжацца. Чувак выгнаў аднаго сына ў пустэльню і ледзь не зарэзаў другога як ахвяру - з усёй сілы дэманструючы Богу любоў, і таму рабіны ўсіх стагодзьдзяў ставілі Абрагама ў прыклад юдэям. Дарэчы, Шалеў мяркуе, што пасьля перажытага  на алтары стрэсу Іцхак адрынуў бацьку і больш ніколі не сустракаўся зь ім. І жонка Сара - даведаўшыся пра сцэну на гары, пакінула мужа. То бок, дзеля Бога чувак ахвяраваў сям'ёй. Шалеў параўноўвае веру Абрагама зь перакананьнямі рэвалюцыянэраў, што навязваюць свой лёс родным, якія, такім чынам, мімаволі ўцягнутыя ў чужую гульню і пакутуюць за чужую ідэю.

Цару Давіду пісьменьнік вапшчэ дае па шапцы, выкрываючы гэтага ўсеагульнага любімчыка: маўляў, добра і яскрава  пачынаў, але пад канец скурвіўся, дайшоў да ручкі - падступнага забойства Урыі дзеля Бер-Шэвы, якая стала для яго чарговай наложніцай у гарэме. І таму канец яго быў бясслаўны. Шалеў абураецца, што ў Талмудзе цара спрадвек  спрабавалі выставіць у лепшым сьвятле, чым ён апісаны ў Бібліі.

Карочы, выносіць залатыя муміі зь цёмнай каморы па поўнай праграме.

Jews updated their relationship status to It's complicated with God

Мая мама вельмі расстроілася, прачытаўшы Стары запавет у сталым веку. Яна была ў шоку ад таго, колькі там здрады, падману, крыві і сэксу. Для яе, праваслаўнай атэісткі, гісторыя габрэяў стала поўнай нечаканасьцю. 

Асабіста я лёгка патлумачыла для сябе яе рэакцыю. Хрысьціяне пакаленьня нашых бацькоў -  у найлепшым выпадку пахрышчаныя пры нараджэньні, а не ў 1991-м, але ў прынцыпе абсалютна адарваныя ад хрысьцінскай традыцыі праз камуністычнае дзяцінства. Навяртаючыся да Бога, яны чакаюць ад кожнага радка Бібліі сьвятасьці і беззаганнасьці - але ніяк не таго, што  напісана ў Старым Запавеце прамым тэкстам, не кажучы ўжо пра тое, што там напісана непрамым. Напрыклад, паводле Шалева, біблійнае "познал" азначае толькі полавы акт; а "узрел наготу" - увогуле інцэст. І таму Хам ня проста ўбачыў Ноя п'яным і голым, ён скарыстаўся бацькавым станам, каб згвалціць яго. І менавіта за гэта быў пракляты Ноем і выгнаны ў пустэльню (З размоваў з К.: - А ты ведаеш, што на каўчэгу ўратаваўся підар? - Што, таксама пара? - Ды не, хапіла аднаго).

Чытачы annahonda  хваляць яе рэцэнзіі за добры выбар цытатаў,  якія самі па сабе робяць рэцэнзію станоўчай, незалежна ад меркаваньня крытыка, і дзякуючы якім паўстае жаданьне прачытаць твор цалкам, нават калі прачытанае потым расчаруе. Дык вось, Ісус Хрыстос, прапаведуючы ў Новым Запавеце, вельмі ўдала падбіраў цытаты. Новы Запавет - гэта ў пэўным сэнсе станоўчая рэцэнзія на ТаНаХ. Ісус і хрысьціянскія сьвятары бяруць з Тэксту тое, што іх там цікавіць - маралітэ і эфэктныя прыпавесьці. У той жа час Шалеў у сваіх інтэрпрэтацыях зацікаўлены біблійнай санта-барбарай. Зь якой, зрэшты, таксама можна вынесьці шмат урокаў.

Найвышэйшую песьню Салямонаву - вялікі твор мілоснай і эратычнай лірыкі - рабіны тлумачаць юдэям як мэтафару ўзаемадачыненьняў абранага народа з Богам. Я заўжды думала, што гэта цэнзурнае тлумачэньне для малодшых класаў. Пачытаўшы Шалева, я зразумела, што так яно  і ёсьць. Без усякай цэнзуры. Раман народа і Бога - ніякая не мэтафара. Габрэі з Яхвэ на працягу ўсіх пяці кніг добра так патрахалі адно адному мазгі.

Шалеў жартуе, што Бог пакараў людзей за першародны грэх цяжкай працай і пакутамі пры родах, а людзі ў якасьці алаверды пакаралі Бога ... ідэяй монатэізму.  Не прыдумаўшы яму ні жонкі, ні пантэону (анёлы-пасланцы ня ў лік), людзі выраклі Бога на адзіноту. І таму Бог люта сублімуе. Ня маючы разборак на небе, ён пільна сочыць за тым, што адбываецца на зямлі, утручваецца, інтрыгуе, помсьціць, крыўдуе, пад настрой зьнічшае гарады і народы, перасяляе, сварыць і сварыцца. Увогуле, калі пільна прыгледзецца да старазапаветнага Бога, то можна пабачыць у ім шмат рысаў клясычнай габрэйскай мамы. З усімі выцякаюшчымі. Пра Бога Шалеў гаворыць з пашанай, у якой выразна чуваць тон добразычлівай іроніі. Цалкам верагодна, пішучы пра Бога, Шалеў і сапраўды ўяўляў сваю маму, да якой, як вядома у кожнага габрэйскага хлопчыка вельмі двістае стаўленьне.

Але галоўная вартасьць кнігі Шалева ў тым, што канцэпцыя - апісаць першыя згадкі той ці іншай зьявы ў Бібліі - не замінае выкананьню. Згадаўшы пра першага прарока, аўтар адразу пераходзіць да сваіх любімых прарокаў і ўвогуле апавядае пра інстытут праракоўніцтва ў старажытным Ізраілі. Ну і нечаканыя абагульненьні - яны робяць усё.

Так, Шалеў піша пра 10 запаветаў Божых, пяць зь якіх рэглямэнтуюць стасункі чалавека і Бога, чатыры - стасункі чалавека і чалавека, а адзін, апошні - стасункі чалавека з самім сабой. Бо ў запавеце №10 Бог загадвае не жадаць майна, жонкі ігд бліжняга свайго. Але адна справа - не рабіць чагосьці, а іншая - ня думаць пра тое, што ты хацеў бы гэта зрабіць. Дзясяты запавет немагчыма выканаць, але менавіта таму яго нам даў Бог. Каб некаторых не расьпірала ад дасканаласьці. 








ХАКЕЙ НА ТРАВЕ

Чым больш гэтым займаюся, тым больш усьведамляю, што паэзія - гэта такі замарочаны від спорту, кшталту хакею на траве.

Вось вы ведалі, што ў хакеі на лёдзе кашэрна казаць не "удар" па браме, а "кідок" (рус. "бросок")? І што, у прынцыпе, калі ты кажаш, "хакеіст забіў гол", то іншыя заўзятары маюць поўнае маральнае права адхадзіць цябе проста на трыбуне? Бо хакеіст закідвае шайбу? І гэта - хакей на лёдзе. І мне нават цяжка ўявіць сабе, як і што там у іх - у заўзятараў хакею на траве.

Іх правілаў і іх слэнгу ня ведае яшчэ большы адсотак чалавецтва.

І вось я бачу, як паэт укідвае шайбу ў браму, і разумею, чаму гэта - прыгожы гол, і адначасова разумею, што побач няма ніводнага чалавека, зь якім гэтым уражаньнем можна падзяліцца.

І таму ў такія дні, як сёньня, у Луцку, дзе сабраліся паэты зь пяці краінаў перакладаць паэзію, я пачуваюся ўздзельніцай нейкага Комікона (ці як яно пішацца?) - агаломшанай фанаткай амэрыканскіх коміксаў, што пабачыла куміраў, якія нарысавалі ўсе ейныя любімыя коміксы.

І выкшталцона закідваюць шайбы.

Халера, нават калі я бяру або не бяру пытаньне ў "Што?Дзе? Калі?" і разумею, што гэта прыгожае, або не прыгожае пытаньне, я не пачуваюся такой самотнай, як калі чытаю або чую прыгожы верш? Чаму так?

І чаму я так пакутую ад таго, што паэзія - субкультура?
little

КСЕНІЯ ШТАЛЕ(Я)НКОВА: ПРАРЫЎ МОЛАДЗЕВАЙ ПРОЗЫ

5 красавіка адбудзецца прэзэнтацыя кнігі "Адваротны бок люстра" маладой аўтаркі Ксеніі Шталянковай. Пішучы аб прэзэнтацыі, блог кнігарні "Логвінаў" нават пасаромеўся вывесіць для анонсу вокладку кнігі, якая выглядае вось так:
У рэаліях беларускага кніжнага рынку гэта значыць адно: выдавецтва "Логвінаў" канкрэтна злажала. Бо палова мэтавай аўдыторыі ня купіць кнігу таму, што паводле вокладкі (намаляванай аўтаркай) яна нагадвае "Код адсутнасьці" Валянціна Акудовіча, а другая палова мэтавай аўдыторыі пагрэбуе невядомым прозьвішчам, якое, да таго ж, напісана  насуперак усім правілам абедзьвюх беларускіх граматык.

Ужо адзін павярхнёвы аналіз вокладкі дае нам ясны сыгнал: з Ксеніяй Шталянковай мы намучаемся. Асабіста я вельмі баюся людзей, якія адстойваюць сваё права на артаграфічную памылку ў прозьвішчы на той падставе, што такую памылку, калі ім было 16, зрабіла пашпартыстка іх ЖЭСу. (Некаторыя падчас адстойваньня правоў нават размахваюць пашпартам). Многіх, хто пагартае кнігу, адштурхне, няхай і прыймальная, але ўсё-ткі поўная граматычных і памылак аўтарская рэдакцыя (пра якую я ўжо адгукалася ў допісе "Ўсе пісьменьнікі робяць гэта")

Але мы адхіліліся. З Ксеніяй Шталенковай мы намучаемся, але давядзецца трываць, бо мучацца будзе варта - аўтарка вельмі адораная і таленавітая. Я даўно з такім захапленьнем не чытала падлеткавую літаратуру. Уласна, не чытала зь першай-другой кніг Роўлінг (потым мэтрэса, мне здаецца, скурвілася).

Вось жа, ад кнігі "Адваротны бок люстра" я атрымала рэтраспэктыўную асалоду. Такое лёгкае шкадаванне, што па незалежных ад мяне прычынах не прачытала такой прозы ў 14. Пра  нешта такое згадваў у адным зь прыгодніцкіх фільмаў пэрсанаж 19 стагодздзя, равесьнік Жуля Вэрна. 

Шталянкова напісала сваю кнігу ў шаснаццаць год. Кніга тры  гады праляжала ў дзяржаўным выдавецтве, потым год у Логвінава, і Логвінаў выдаў яе, што называецца, не чытаючы. Такое ўражаньне, што я ўвогуле першая прачытала кнігу, калі яе прынесьлі са склейкі, і мне падарыў яе бацька пісьменьніцы (ён жа мэцэнат).

Карочы, ідзівоты і дзібілы, прашляпілі бомбу.

У кнізе "Адваротны бок люстра" дзяўчынка з нашага часу трапляе ў 16 стагодзьдзе. У анатацыі напісана, што будзе працяг. Адпаведна, хлопчык з 16 стагодзьдзя тапіць у наш час.

Працягу кнігі я чакаю зь нецярплівасьцю. Можа, ёсьць кволая надзея, што мае мацюкі з нагоды спаскуджанага выданьня сягнуць патрэбных вушэй, і другую частку я прачытаю ўжо пад адной вокладкай зь першай, з рэдактурай, дызайнам, прымочкамі і ілюстрацыямі, адпаведнымі самой кнізе.

Карочы, вельмі раю. Калі запал ня пройдзе - неўзабаве яшчэ і рэцэнзію напішу. Калі, канешне, да таго часу ня ўздымецца нездаровага ажыятажу, як у нас заўжды бывае.

little

КАЛЮМБЫ І ПІЯНЭРЫ

Біць або ня біць - вось у чым пытаньне.



Раней ці пазьней сучбелліт прыпірае да сьценкі і змушае адказаць на яго кожнага.



* * *

літаратурныя калюмбы
адкрываюць амэрыку
думаюць што гэта індыя
высядаюць на бераг
адбымаюць секвоі
лякаюць скунсаў
распальваюць з тубыльцамі
першую люльку міру
задаволеныя і натхнёныя
вядуць дадому
караблі поўныя спэцыяў
рапартуюць пра экспэдыцыю
каралеве гішпаніі

цяпер наша чарга
час швартаваць мэйфлаўэр
выкупляць манхэтан
(бярыце болей бухла і шкляных бусаў)
страляць бізонаў
паліць прэрыі
у бостане пятая
час піць гарбату
і вось ужо містэр сэканд
дыхае ў сьпіну

таму застаецца
ісьці на захад
шукаць эльдарада
кахаць пакахонтас
каб у самым канцы
заслупаваць дзялянку
на клёндайку паэзіі

літаратурныя піянэры заўжды гатовыя

ЖАНОЧЫ СЛЭМ У РАМКАХ ФЭСТУ "ВЕРШЫ НА АСФАЛЬЦЕ"

Сёньня адбыўся вельмі эмацыйны і прыемны жаночы слэм. Перамогу заслужана падзялілі Вера Бурлак і фінска-швэдзкая паэтка Солья Крапу.

Усе, хто там быў, пагодзяцца, што вечар зрабіў п'яны паэт Сяргей Вераціла.

Перад пачаткам Сяргей Вераціла хадзіў па зале і прыставаў да дзяўчатак:

- Ня бойся, у мяне толькі трынаццаць зубоў!

Калі ж усё пачалося, Вераціла ўзяўся камэнтаваць непасрэдна выступы.


karshytal ходзіць туды-сюды і завывае нейкі дэкаданс.

- Дачка Тома Ўэйтса, - захапляецца Вераціла.

Самым зачотным камэнтаром быў, відаць, той, калі Вераціла ўжо выправіўся папаліць і страціў пазыцыі, зь якіх было бачна сцэну, а туды выйшла asia_volkava і стала чытаць вось гэты верш.

- У вачах я прачытала жаданне:
занняцца сэксам са мной,
пасля запаліць,
потым,
калі пашанцуе,
яшчэ раз заняцца,
і яшчэ запаліць…


- чытае Ася Волкава.

- Я ня бачу, з кім! - гучна хвалюецца Вераціла.



Карочы, слова за слова, натхніў ён мяне.


* * *

Сяргей Вераціла мае трынаццаць зубоў.
Ён аддае зуб за зубам за тое, што Бог - любоў.
Вераціла купляе батон, віно і сядае ў сквэры.
Зубы Верацілы гатовыя да таемнай вячэры.

- Ісьціну вам кажу,
адзін з вас мне сёньня здрадзіць,-
кажа Сяргей Вераціла,
мацаючы языком нетрывалы шыхт, -
гэта як піць даць.
Дарэчы:
вось кроў мая,
вось мая кроў...

Сяргей Вераціла мае дванаццаць зубоў.