Tags: вершы

(no subject)

Дзеля падтрымкі ініцыятывы #янарадзілатут, але збольшага таму, што традыцыйна #немагумаўчаць, я пачала акумуляваць уражаньні ад некалькіх шпіталізацый у гінекалёгіі з дапамогай паэзіі. У прозе я ўжо не даю рады. Буду паціху складаваць цыкль у гэтым запісе.

Пісаць гэтыя вершы я пачала, калі перачытала свой матэрыял дзевяцігадовай даўніны і вырашыла надрукаваць яго ў "Новым часе": Паляжаць «па-жаночаму», або Пяць дзён з жыцця аддзялення гінекалогіі



Лішне казаць, што ўсе супадзеньні...


НАСЬЦЯ

Ачуньвае ад анэстэзіі, рыдае ў падушку:
- Нацысты!
Сказалі, я сама вінаватая, што ў першы раз кепска пачысьцілі.
"Чаму вы не папярэдзілі, калі вас прывезьлі,
што ў вас двухрогая матка?"
А я ім: "Таму што я бухгалтар, а не гінеколаг!!!"
Адкуль мне ведаць, якая ў мяне матка?
Я нараджала - мне нічога не сказалі.
І зараз на ўлік ставілі - нічога не гаварылі.
Чаму мне не гаварылі, раз гэта так важна?
Двухрогая - гэта як? Гэта праўда так страшна?
Можа, яно і замёрла там, таму што - двухрогая?..
Адкуль жа мне ведаць, што маткі бываюць, як козы?
- Анастасія, ты адыйшла ад наркозу?
- Юлія Мікалаеўна! Ён памёр праз матку?
Але я ж ужо маю дзіця!
Я заўсёды была здаровая, ніякай нават ангіны...
- Нармальныя цяжарнасьці, Насьця, не вывальваюцца з вагіны.
- Юлія Мікалаеўна!
Юлія Мікалаеўна!
Ю-лі-я Мі-ка-ла-еў-на-а-а-а-а...
- Не чапай доктара. Яна сёння зрабіла тры чысткі. І вось зараз прывезлі чацьвёртую. Прымусовы аборт калясачніцы на дваццатым тыдні. Думаеш, лёгка такое рабіць? У каторай руцэ катэтар? Усё вы ў сваіх тэлефонах. Пракапае - крыкнеш на калідор. Вазьмі на ўсялякі ватку.

Насьця ляжыць пад кропельніцай.
Гугліць двухрогую матку.


ІРА
- Сьпіраль урасла, і пад ёй нарасла кіста.
Каб цяжарыць праз год, трэба зараз дастаць.
Потым яшчэ праверыцца і падлячыцца.
Ведаеш, я ўмудрылася пра яе забыцца.
Мы зь Лёшам не плянавалі дзяцей.
Дакладней, плянавалі, але не адразу.
Дакладней, мы не пасьпелі абмеркаваць зь ім гэтага.
Яго разрэзалі і зашылі: неапэрабельна, чацьвёртая стадыя.
Пасьля яго я так толкам ні з кім і ня спала.
Затое паезьдзіла - ад Салаўкоў да Нэпалу.
Лёшу было трыццаць пяць. Адкуль што бярэцца...
А цяпер ёсьць магчымасьць выйсьці замуж у Грэцыю.
Там гарачыя чаты і падарункі ракою.
Але ў той жа час культ фэртыльнасьці, ну - такое.
Вядома, я і сама ўжо хачу нарадзіць.
Ды й грэк там нармальны: грамадзянства, грошы...

Сьпіраль - гэта ўсё, што мне засталося ад Лёшы.


ЛІДЗІЯ ІВАНАЎНА
- Фалікулы не высьпяваюць, у гэтым была прычына.
Ну, каб даступней: ты - непаўнавартасная жанчына.
Пуза, нібы ад піва, залысіны - самой ня гідка?
Я й без аналізаў бачу, што ты гарманальная інвалідка.
Зацягваеце да старасьці, у трыццаць усё вам прынцы.
А мне бабця заўжды гаварыла: дзеці - галоўнае, Лідка.
Якое парушэньне этыкі і доктарскай таямніцы?!
Усе тут дзяўчаты. Мужчын жа няма ў палаце.
Вы тут ня толькі лечыцеся, але і вучыцеся быць маці!
Слухайце, падкажу, як нарадзіць прыгожую дзетку.
Калі ваш мужык не зграбнейшы ад бабуіна,
Выношваючы, уяўляйце сабе безупынна
Таго, хто сапраўды скаланае грудную клетку.
Яны жа ж матэрыяльныя - нашы пачуцьці.
Я вось як вочы заплюшчу - бачу: Ўладзімір Пуцін
Па небе ляціць, а за ім - ягоныя сьцерхі...

Ладна, пайду. Эндакрынолаг я адна на чатыры паверхі.
ryba

ГІСТОРЫЯ НА ШПАЛЕРАХ

Замест навінаў пра палітыку і культуру чытаю пра рамонты. Бо спосаб укладкі ламінату на падлогу часам можа сказаць пра наша грамадзтва больш, чым актуальная прэса. Так, апошнія два месяцы актыўна трымаю руку на пульсе жыцьця беларусаў, назіраючы за конкурсам тутбая "Моя детская".

Ну, тое, што людзі (пераважна) любяць сваіх дзяцей і хочуць ім дабра - зразумела. Як і тое, што належыць масава адбіраць ліцэнзіі ў прадаўцоў фоташпалераў. Розныя аляпаватыя сцэны з мульцікаў - яшчэ меншае зло. Там адной пяцігадовай дзяўчынцы задэкаравалі сценку выявай двухмэтровых ружаў, дзе бутон - памерам з дашкалёнка, а сцябліна - таўшчынёй у руку дарослага чалавека. Атака прышэльцаў - адзіная натуральная асацыяцыя. А так у асноўным усё стандартна. Занаваньне, асвятленьне, цёплы кілім на падлогу і  ТЭМЫ. Тэмы. У дзяўчатак гэта прынцэсы, кветкі, праванс (дакладней, тое што разумеюць пад правансам мамы) - усё. Хлопчыкам у Беларусі быць прыкольней. Тут  Лондан (адна з самых прагрэсіўных тэмаў), караблі і вандроўкі па сьвеце, рыцарскія замкі, машынкі. Хоць у абодвух сцэнарах здараюцца і выдатныя прыклады Дзіцячых пакояў.

Калі запар прачытваеш гісторыі пра спальні самых розных дзяцей у самых розных камбінацыях (два хлопчыкі-пагодкі, рознаўзроставыя дзяўчынкі ігд), робіцца відавочным, што найменшую нагрузку на псыхіку атрымліваюць разнаполыя дзеці. Калі ў пакоі брат і сястра, нават самыя адыёзныя што да выбару колераў  бацькі спыняюцца на "нэўтральных адценьнях". І абыходзяцца без "тэматыкі". Ну як жа зрабіць пакой для сямігадовага аўтамабіліста, калі побач трогхадовая фэя?

Я веру ў густ і розум сваіх бацькоў, але дапускаю, што свайго часу st_martin уратаваў мяне ад кучы гендэрных стэрэатыпаў. Так, наш пакой у 1986 годзе мама з татам абставілі жоўта-чырвонай мэбляй "Петушок" з двух'ярусным ложкам, на сьцены наляпілі белыя папяровыя шпалеры з мухаморамі, а на акно павесілі льняную фіранку з жырафамі і кракадзіламі. Нават - о жах! - у пакоі, дзе падрастаў хлопчык, вісела ружовая люстра! З матывамі мульціка "Ну, погоді!".

Калі мама вырашыла крыху развіць наш музычны слых, у нас зьявілася арандаванае піяніна. І раптам выявілася, што пакой можна абыйсці па пэрыметры, не спускаючыся на зямлю: ложак-шафа-стол-піяніна. У Берынгаў праліў паміж ложкам і піяніна, здаецца, ставілі крэсла. Кілім абвяшчаўся акіянам, у якім можна было патануць, калі ў яго скочыць. На вока павязваліся дзіцячыя гальштучкі st_martin - і гульня пачыналася. Мы чыталі кнігі і самі вызначалі тэму свайго пакою. Хоць, можа, гэта была сугестыя фіранак з кракадзіламі. Або шпалераў з мухаморамі.

Адным словам, я напісала верш па матывах інтэрнэт-конкурсу:

* * *
Мама зрабіла пакой "для юнага капітана",
ды не заўважае, што карабель - пірацкі,
што ветразь парваны, палуба расхістаная
і балянсуюць на рэі аднаногія цацкі.

Тата майструе мэблю "для маленькай прынцэсы",
ды не здагадваецца, што прынцэса - разбойніца,
што ёй бы не лялечны, а паляўнічы дамок,
пад ногі - скуру забітага ёй Віні-Пуха,
што ў шафе ціхутка плача палонны рыцар,
а гэтая мілая нянечка заўтра звольніцца.

І пакуль мама з татам глядзяць тэлевізар у залі,
дзеці спускаюцца зь вежаў, высаджваюцца на бераг,
зрываюць сьліняўчыкі, якія ім навязалі,
малююць сваю гісторыю на шпалерах.



Фота адсюль

HE LAST TRAIN OF BELARUSIAN RAILWAYS

Вільня Вільняй, а ў мяне даўным даўно быў захаваны чарнавік вершу пра тое, як я люблю езьдзіць ва Ўкраіну. І вось сёньня вырашыла яго дапісаць. І няхай сёньня здаецца, што такі вобраз Украіны састарэў, я веру, што хутка ўсё вернецца на свае месцы.


АПОШНІ ЦЯГНІК БЧ

Калі нехта ня так пра цябе сказаў
і пальцам яшчэ паказалі,
куды б ты ні цёк, як па твары сьляза, –
апынаешся на вакзале.

Уночы адтуль выпраўляецца ў рэйс
апошні цягнік БЧ,
і той, хто да ночы валізу зьбярэ,
ад сябе назаўжды ўцячэ.

Куды б ён ні ехаў, гэты цягнік
апынаецца ва Ўкраіне,
і той, хто ў апошнім мэтро ня знік,
у ім непазбежна згіне.

Дакуль бы квіткі твае ні былі,
якім бы ні йшоў пераходам -
ты маеш прыпасьці да гэтай зямлі,
якая бруіцца мёдам.

Адтуль, дзе і ўзімку, і ўлетку хакей –
ва ўнутранную Балаклаву.
Ранак. Табе прыносяць “Жакей” –
тваю апошнюю каву.

У край, абаронены ад забарон,
цябе правядзе правадніца.
Што заліп? А, бачыш – нават пэрон
Мёдам бруіцца.

БАЦЬКА ДЫ НЁМАН

Заўжды марыла
спыніцца на аўтамабільным мосьце
над Нёманам –
манэўр, забаронены
ўсімі правіламі
дарожнага руху.
І вось наша машына заглухла,
пераяжджаючы гэты мост.
“О Нёман, о бацька мой, Нёман!” –
радасна крычу я.
“Хто твой бацька?” –
незадаволена касавурыцца бацька.
І вось бацька мяняе сьвечкі,
А я перахілілася праз парэнчы,
спрабую разгледзець Нёман,
ці б’е, ці грае ён
сваёю блакітнаю хваляй –
і нічога не бачу:
ноч, туман, траса.
І толькі польскія фуры
з зорамі замест габарытаў,
з фарамі-шукальнікамі ў форме сэрца,
і толькі высока над намі
Вялікі Воз на аварыйцы.
І толькі Нёман ды бацька,
Бацька ды Нёман.

МАСАВЫ СЫХОД КАРОВАЎ ЗЬ ВЁСКІ ПАЛЬМІНКА

Сэнс існаваньня каровы ў беларускай вёсцы –
паяскравей здохнуць, парадаваўшы суседа.
І таму буронкі і мілкі – гавяда боскае –
выпраўляюцца ў вырай, адна за адною сьледам.

Пакідаюць хлявоў ангары, пагойдваючыся трохі,
па дварах гаспадынь, што сьпяць і ня чуюць бяду,
паўз вокны Дразьдзіхі, Смычыхі, Юпаціхі, Собаліхі
паўз хату Ганны Галінскай яны ідуць.

Шыхтуюцца шнурам, нібы за боінгам боінг,
у буйным тэрмінале на ўзьлётную паласу
і, каб каліўца гэтага сьвету зьнесьці з сабою,
мяккімі цёплымі вуснамі зьбіраюць расу

з трыпутніка пры асфальце ў бэнзыне й пыле,
з рэдкіх травінак, што ўніклі газонакасілкі…
Запамінаючы ўсё, што нядаўна любілі,
труцца аб знак “Пальмінка” буронкі й мілкі.

Му, - разьвітваюцца буронкі – Му.
І адказвае рэха, і ўжо ніхто не адкажа яму.
ryba

* * *

узяць і
паднасраць
беларускай сыстэме
вершаскладаньня

паднасраць сыстэме

вы знаеце правіла
нехта мусіць насраць
раз у пад'езьдзе так чыста
раз заварылі сьмецьцеправод
замалявалі графіці
выселілі алькаголіка
з воcемдзясят першай

вэрлібр
вытыркаецца
няскладнай каркаснай канструкцыяй
над панэльнымі шэрагамі
сыляба-тонікі

раздражняе
як пандус
здаровых суседзяў
адзіны напамін
пра тое што ў доме
жывуць
інваліды
ryba

* * *

Залі гермэтыкам
швы гэтага вершу
нібы шчыліну
паміж ваннай і сьценкай.

Бо як няхораша
вада пераліецца праз край
проста на галовы
суседзям зьнізу.

Навошта ім гэта?
Яны толькі зрабілі рамонт
паклалі ружовую кахлю
паставілі ўнітаз маркі "Лада"
падвесілі новую столь
схавалі пад ёй праводку.

Бо гэта няпраўда
нібы паэзія
італьянскі фантан
які паволі-ўрачыста
выцякае на пракаветны мармур
з пашчы Юпітэра.

Паэзія гэта каб
нідзе нікога
нічога ніякага
і толькі ў белай судзіне
ў белай пене
мірна плешчацца
вясёлая
жоўтая
вутачка.
chakaliada

"ЗЕЛЕНБУД" КОСІЦЬ ТРАЎНІКІ Ў САВЕЦКІМ РАЁНЕ ГОРАДА МІНСКА

Анамальны травень. Дзіўны вясновы сьвет,
у якім трэці дзень валадараць касцы газонаў.
У шаломах і масках усьцяж па сырой траве
крочаць байцы батанічнага гарнізону.

На вайну з дзьмухаўцамі да кінатэатра "Мір"
выпраўляюцца вынішчальнікі "Зеленбуда" -
і ў руках у дзяўчынкі густымі, бы клей, сьлязьмі,
заліваецца горка жоўты, пухнаты Буда.

Паміраюць мільёнамі. Гэта іх мёртвы сэзон.
І замест першых паўшых ужо не паўстануць другія.
Сьвежаскошана падаюць на аблыселы газон.
Яны гінуць. Я соплі глытаю. Ў мяне алергія.

У прынцыпе, ўсе мы памрэм. І горад памрэ,
патоне ў музэйнай траве, як Дэтройт ці Прыпяць,
а пакуль нешта ў ім забіваюць, а нешта жыве,
і зьбіраецца ў нашым двары, і шукае выпіць.


Гэта я вырашыла напісаць пазытыўны верш пра травень у традыцыйнай паэтыцы. У выніку - нешта сярэдняе паміж раньнім Хадановічам і позьнім Рудаком, апошняя рыфма скрадзеная ў БГ, перадапошняй увогуле няма, і гэта, відаць, адзіны элемент беларускай традыцыйнай паэтыкі. Хоць на самамрэч гэта ўсё Ігар Севяранін вінаваты.
niadobraja

ПАТРУЛЬНЫЯ ЛОС-АНДЖЭЛЕСУ ПЕРАМАЎЛЯЮЦЦА ПА РАЦЫІ

- Грэбаныя федэралы перайшлі нам дарогу, Мэт.
Толькі што паўзь мяне праляцелі па Цэнтрале камэтай.
Між усіх нашых дробных немудрагелістых мэт
Слава была найболей наіўнай мэтай.
Відаць, ужо вяжуць барыг і пакуюць мэт,
і - так, чувак, я хачу гаварыць пра гэта.

Таму што гэты выпадак - не апошні й ня першы:
яны проста падпісваюць нашы найлепшыя вершы!
Пaкуль мы затуляем плячыма дзіцячыя сны,
на сустрэчы ў школкі ходзяць таксама яны!
Тырчыш, тут, як гербавы шчыт, - а блішчыць наверша.

Ведаеш, для мяне бачыць чорны строй -
ўсё адно, што чуць: "Я сплю з тваёю сястрой".
Зь мяне хопіць, чувак. Завязваю. Ў сэнсе, на сёньня.
Мэт, адбой. Сустрэнемся ў тры ў бістро.

- Том, прыём. Рапарт ясны. Да болю знаёмы боль.
Федэралы - казлы, і гэтага ў іх не адкусіш.
Разумею: табе сьвярбіць невымерна больш,
чым калі ў цябе засадзілі пяро ў Санта-Крусе.

Але ты баец - за гэта цябе й люблю.
Толькі Томе, жыві па джазе, а не па блюзе.
Бачыш, неба сёньня палітае сырам блю?
Прыйдзе цёплая ноч - мурынка ў празрыстай блюзе.

І мы ўляжамся ёй на жывот, як на мулкі плыт -
красавіцкі зорны патруль у нябёснай цішы.
Так і плыцьмем: ноч, красавік, цішыня, цяплынь.
Што да вершаў - дыктуй. Дыспэтчарка ўсё запіша.