Tags: артыкулы

“НЯВАРТА”: РУСАЛКІ ЯК СУЧАСНЫЯ ФЕМІНІСТКІ, АБО ШТО (НЕ)ТАК З СЁЛЕТНІМІ НАМІНАНТАМІ ПРЭМІІ “ДЭБЮТ”

У апошнія месяцы рукі свярбяць затроліць літаратара, перакладчыка і прамоўтара культуры і літаратуры Яна Максімюка. Рэч у тым, што літаратар, перакладчык і прамоўтар культуры і літаратуры Ян Максымюк надта ўжо стаў актыўнічаць у віртуальнай прасторы, у выніку чаго стварыў (напару з Сяргеем Шупам) сайт сваіх любімых тэкстаў, а ў дадатак – суполку ў ФБ пад назвай “Толькі пра літаратуру”. Ценявы рэсурс беларускай службы “Радыё Свабода”, суполка “Толькі пра літаратуру” – гэта, па сумяшчальніцтве, прыватны дзённік Яна Максымюка. Там ён посціць свае погляды на літаратуру, у тым ліку (і тады мы ўсе прачынаемся) на беларускую. У сваёй суполцы ён паквапіўся на святое: забараняе беларускім паэтам публікаваць свае пранікнёныя вершы, заяўляючы, што дапушчальныя “толькі рэфлексыі” і “толькі пра літаратуру”.

Каб выправіць баланс дабра і зла (на карысць, вядома ж, зла), калі не ў свеце, то хаця б у беларускім ФБ, перад новым годам я сур’ёзна намервалася стварыць суполку “Толькі не пра літаратуру”, дадаўшы туды ўсіх беларускіх літаратараў усіх пакаленняў і светапоглядаў, але жэстачайшэ забараніўшы ім абмяркоўваць творчыя пытанні. Заставалася толькі знайсці віртуальных санітараў, каб выносілі віртуальныя трупы.

Грыпы ды іншыя зімовыя трасцы згасілі мой імпэт. Але вось вясна – і жаданне затроліць Яна Максымюка адрадзілася з новай сілай.

Аднойчы я спрабавала прыстроіць у перадачу РС “Варта”, за якую адказвае Ян Максымюк, разгромную рэцэнзію на адну кнігу. І тады Ян Максымюк сказаў, што раней яны апублікавалі адну разгромную рэцэнзію, і іх замучыла аддача, таму цяпер яны публікуюць толькі кампліментарныя тэксты. Інакш хуле тады рубрыка называецца “Варта”?

(Слова “хуле” няма ў падляшскім варыянце беларускай мовы, але сэнс быў прыкладна гэткім).

Менавіта таму я вырашыла адпаўзці агародамі ў свой паўзакінуты ЖЖ і адкрыць уласную рубрыку, назваўшы яе, вядома ж, “Няварта”.

Тут я буду змяшчаць тэксты, прачытанне якіх пазбавіць вас неабходнасці чытаць кнігі, якія ўжо прачытала я.
Collapse )
chakaliada

ВІЛЬНЯ ЯК ПАЛЕРМА: ПРА СЯРГЕЯ ПЯСЭЦКАГА AGAIN AND AGAIN

Гартала ўчора адзін з апошніх нумароў "Таймера" - які ўсё-ткі журнал развалілі! А пакуль запускаецца (?) іх новы сайт, натрапіла на водгук the_sixth_fuwa пра пераклад "Каханка Вялікай Мядзьведзіцы" Сяргея Пясэцкага на рускую мову, выдадзены "Регистром". Слова за слова, вырашыла прадубляваць онлайн сваю рэцэнзію для "Таймеру" на яшчэ адзін раман Пясэцкага, які (і якога) лічу адназначна вартымі прамоцыі.

Сяргей Пясэцкі. Жыццё раззброенага чалавека. Пераклад з польскай мовы Руслана Равякі – ARCHE-Пачатак 5-2014. С. 213- 453.

Вострасюжэтныя прыгодніцкія раманы Сяргея Пясэцкага вярнуўся ў моду ў Польшчы напрыканцы 1990-х і адначасова трапілі на вочы прасунутым беларускім чытачам, пакінуўшы апошніх у экстазе. Выявілася, што фактурай ураджэнцу Ляхавічаў Пясэцкаму служылі паслярэвалюцыйныя падзеі ў Заходняй Беларусі. На беларускую аператыўна пераклалі два найбольш “жырныя” творы празаіка – “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” – пра рэвалюцыйны раздрай і нараджэнне Саўка – і “Каханак Вялікай Мядзьведзіцы” – пра жыццё кантрабандыстаў у памежным Ракаве.

Калі цукеркава-букетны перыяд шчасліва мінуў, стасункі беларускіх перакладчыкаў з Пясэцкім перайшлі на новы ўзровень. Раман “Жыццё раззброенннага чалавека”, надрукаваны ў часопісе “ARCHE”, закранае тэмы, менш раскручаныя, але дакладна не менш экзатычныя.

У 1919 годзе (ну, памятаеце, Мінск тады некалькі месяцаў быў пад Польшчай) у польскае войска прызвалі тысячы маладых беларусаў. Прычым многія запісваліся добраахвотна, па ідэйных перакананнях, расчараваўшыся ў бальшавізме. Сярод такіх рамантыкаў быў і 18-гадовы Сяргей Пясэцкі. У 1921 годзе, пасля бітвы на Вісле, у якой Польшча выйграла сабе палову Беларусі, жаўнераў з усходняй часткі дэмабілізавалі, натуральна, на тэрыторыю заходняй, забраўшы шынялі і нават рэчмяхі. Пясэцкі, аказаўшыся сярод гэтых няшчасных, вырашыў не прарывацца да родных у Мінск (і правільна, дарэчы, зрабіў), а трапіў у Вільню без грошай, працы і перспектываў. У напалову аўтабіяграфічным рамане ён апісвае віленскія прыгоды свае і саслужыўцаў пасля дэмабілізацыі.

Герой раману – жыхар Мінска Міхал Лубень у першых раздзелах твора бамжуе і харчуецца шпалерным клеем у пакінутых дамах Вільні. Бліжэй да кульмінацыі твору ён ужо харчуецца лобстэрамі ў найлепшай віленскай рэстарацыі “Чырвоны Штраль”. Такі “кар’ерны рост” адбываецца цягам усяго пары месяцаў. Раман падрабязна апісвае, якімі менавіта спосабамі “пацан шёл к успеху”.

Пясэцкі расказвае аб працы мадэляў на парнаграфічнай студыі, пра схемы раскруткі лохаў на більярдзе і ў падпольных бардэлях, замаскіраваных пад сталоўкі. А самы вострасюжэтны раздзел рамана апісвае афёру, падчас якой Міхал, пераапрануўшыся селянінам, едзе ў Ліду, каб абнаявіць ліпавы чэк. І вось вядзе яго габрэй-ліхвяр у натарыяльную кантору, а ты ўвесь на стрэме: ну, хоць бы хлопцу ўдалося, хоць бы яго не павязалі… Знаёмы такі галівудскі эфект суперажывання адмоўным персанажам.

Зрэшты, цэнзуру турмы Святога Крыжа, дзе раман быў напісаны, ён не прайшоў не па гэтай прычыне, а таму, што аўтар высоўвае прысуд тагачаснаму польскаму ўраду, які кінуў маладых, здаровых хлопцаў на волю лёсу, не надзяліўшы іх хоць бы мінімальным соцпакетам. Гэтым і тлумачыцца тое, што ў цэлым пазітыўны і нясхільны да крыміналу (у адрозненні ад аўтара) малец, займаецца рэчамі, якія цалкам супярэчаць яго маральным прынцыпам і выхаванню.

Чароўны парадокс Пясэцкага: прастытуткі, гаспадыні бардэляў, парноргафы, шулеры і іншыя патэнцыйныя персанажы “Зоны Х” выяўляюцца цалкам прыстойнымі людзьмі, спагадлівымі, справядлівымі і нават духоўнымі. У той жа час апошнія гніды так ці іначай звязаныя з уладай. Так, найгнюснейшыя з гледзішча чалавечай годнасці рэчы адбываюцца ў Баранавічах, з удзелам службоўца Палескай чыгункі. Бр-р-р: пасьля прачытаньня “баранавіцкіх” старонак хочацца інстынктыўна выцерці рукі.

Не любіў Пясэцкі Баранавічы, не любіў: брудна, пісаў, хаты нейкія… Не тое што Вільня, якая ў яго пяшчотным, настальгічным апісанні нагадвае хутчэй Палерма. Тая самая канцэптуальная звязка паміж Вострай брамай і “Акропалісам”, якой нам бракавала.

Улічваючы той факт, што Пясэцкага ў нас прапагандуюць пераважна жыхары тых гарадоў, пра якія ён пісаў, цікаўнасць да “Жыцця ўзброеннага чалавека” перакладчыка Руслана Равякі з Баранавічаў можна лічыць лёгкай формай мазахізму. Зрэшты, пераклад яго зроблены добра, чытаецца лёгка – ды яшчэ “ў тэму” праілюстраваны фота і дакументамі, якія робяць падзеі раману яшчэ больш рэчаіснымі.

Перакладчыка-энтузіяста ў тэксце выдаюць рэдкія, але дылетанцкія памылкі. Шчаслівыя ўладальнікі карты паляка або частыя госці беластоцкіх гіпераў лёгка зловяць аўтара на тым, што сціплыя сукенкі пакаёвак маюць не “гранатавы”, а сіні колер, а “варэнік з сырам”, які герою пакідае на сподачку яго таямнічая каханка – ён усё ж з тварагом. Але гэта дробныя дачэпкі.

Зрэшты, менавіта Пясэцкага жыхар Беларусі зможа лёгка прачытаць у арыгінале. Пісьменнік вывучыў польскую літаратурную мову толькі ў турме, у жыцці ж ён размаўляў на беларуска-польскай трасянцы, перасыпанай ідышам і рускай феняй (што, па сутнасці, амаль адно і тое ж). Гэтая стыхія арганічна ўплятаецца ў яго творы, надаючы ім шарму, які драматычна знікае ў любым перакладзе.

РЭЦЭНЗІЯ ДЛЯ ЧАСОПІСА "ТАЙМЕР"

З пачатку гэтага году падвізаюся, аглядаючы беларускія кнігі ў часопісе "Таймер". Гэтую рэцэнзію на дэбютную кнігу kabierac з трэцяга нумара, які, здаецца, ужо даступны ў Менску, з дазволу рэдакцыі, зьмяшчаю тут.

ПАЭЗІЯ ПАСЛЯ ТРАСЦЯНЦА
Антон Рудак. Верхні горад. Мінск: Кнігазбор, 2014 (серыя “Кнігарня пісьменніка”, падсерыя “Пункт адліку”)

Тэадор Адорна адразу пасля вайны, не падумаўшы, сказануў, маўляў, паэзія пасля Асвенціму немагчымая. Дакладней, ён сказануў не зусім так, але ў народ сказанутае пайшло менавіта ў такой форме. Пазней Адорна напісаў спецыяльны тэкст пад назвай “Пасля Асвенціма”, дзе паспрабаваў патлумачыць, што ён меў на ўвазе. Што паэзія, як і любая форма высокай культуры, у ХХ стагоддзі сябе канчаткова дэскрыдытавала, выявіўшыся ўсяго толькі ідэалогіяй для масавых знішчэнняў.

Калі спрашчаць, то выглядала ўсё так: нацысты ў канцлагерах слухалі на патэфонах оперы Вагнера, а потым выходзілі з камендатуры і выпраўлялі чарговую групу людзей у газавыя камеры. У высокаадукаванага чалавека, якім, безумоўна, быў прафесар філасофіі і музыкант Адорна, такое проста не ўкладалася ў галаве – самай простай рэакцыяй было абвінаваціць ува ўсім Вагнера.

Чэслаў Мілаш выдатна зразумеў думку Адорна і ў сваім цыкле паслянобелеўскіх лекцый удакладніў яе: немагчымая не паэзія ўвогуле, а ранейшая – тая, на якой былі выхаваныя еўрапейскія інтэлектуалы. Бо нельга апісаць новы, страшны досвед класічнымі рыфмамі ды метафарамі – яны для гэтага проста непрыдатныя. На прыкладзе польскіх паэтаў ХХ стагоддзя, якія перажылі акупацыю 1939 – 1944 гадоў і ў прыватнасці страшнае Варшаўскае паўстанне, ён паказвае, як і чаму ў польскіх вершах з’яўляецца новая паэтыка: пазбаўленая рыфмаў, мінімалістычная, напоўненая прыземленымі, побытавымі, дэталямі ўплоць да, ізвініце, унітазаў.

Цікава, што Мілаша ў сваю чаргу выдатна зразумелі ў Стакгольме, і ў 1996 годзе Нобеля атрымала Віслава Шымборска – адна са стваральніц менавіта такой новай паэтыкі.

І вось тут напрошваецца важнае пытанне. Паэты, на чыёй зямлі месціліся Аўшвіц-Біркенаў, Майданэк і Трэблінка, не змаглі пісаць па-ранейшаму, няхай іх да гэтага і змушалі каноны сацрэалізму, якія былі навязаныя літаратарам Польшчы. Але чаму змаглі паэты, на чыёй зямлі месціўся Трасцянец? Курапаты? Хатынь урэшце рэшт?

Адна мая выпадковая спадарожніца ў цягніку, праязджаючы паўз станцыю Бронная Гара, нервова заторгалася. Менавіта сюды вывозілі на расстрэл габрэяў з яе мястэчка. У 1942-м ёй было пяць год, яна бачыла, як суседзей загружалі ў вагоны – і на ўсё жыццё запомніла, як хацела падыйсьці да сяброўкі-аднагодкі, але не магла, бо там стаяў страшны нямецкі аўчар і люта брахаў. Праязджаючы Бронную, яна згадвае найперш таго сабаку. У маёй бабулі з Віцебшчыны падчас вайны спалілі блізкіх сваякоў у суседняй вёсцы – праз паўвеку пасля гэтага яна доўга і падрабязна апісвала, як амаль месяц на ўсю ваколіцу смярдзела гарэлым мясам.

Што з гэтага адлюстравана ў нашай паэзіі ХХ стагоддзя? “Родны Мінск я пакінуў, пажарамі, бомбамі гнаны?”

Жыве ўжо чацвёртае пакаленне пасля Вайны, а траўма засталася. Дзіўна, але яна дагэтуль патрабуе таго, каб быць прагаворанай.

Нельга сказаць, што кніга Антона Рудака “Верхні горад” – выключна пра траўму другой сусветнай. Яна пра ўсё адразу: пра вайну – і пра вайнушку, пра НКУС 1930-х і КДБ 2000-х… Але галоўнае, яна пра сталенне самога аўтара, навучэнца беларускамоўнага ліцэя ды гістфака і ў той жа час футбольнага фаната ў лукашэнкаўскай Беларусі, так што галоўны закон лірыкі – усё прапускаць праз сябе – датрыманы. Усе разрозненыя тэмы арганічна спалучаюцца загалоўнай метафарай: верхні горад – гэта не проста зруйнаваная частка сталічнай “старуўкі”, гэта Менск, які ўгары, – ідэальны горад “над небом голубым”, як быў праспяваў Аляксей Хвасценка. І Рудак, нібыта здзекуючыся з усіх менскіх урбаністаў разам узятых, смела і не без густу надбудоўвае гэты горад над Менскам рэальным – без усялякага дазволу на гэта гарвыканкама.

Шукальнікаў новай паэтычнай мовы ў беларускай паэзіі пасля 1991 года, хоць і няшмат, але, дзякуй Богу, напладзілася. Ужо да сярэдзіны 2000-х яны паспелі напрацаваць даволі пазнавальную паэтыку, мэтай якой было супрацьпаставіць новую паэзію валошкава-каласковай эстэтыцы ХХ стагоддзя. Шурпатая, недакладная, рыфма, расхістаны, амаль празаічны рытм, грувасткія, прыземленыя метафары, пільная ўвага да “непаэтычных“ дэталяў, гульня словаў, шырокае выкарыстанне цытат з масавай культуры і школьнай праграмы па белліце, іронія ці, як цяпер модна казаць, постіронія. Увесь гэты арсенал бярэ на ўзбраенне Рудак, ствараючы нечакана маштабную для аўтара-дэбютанта кнігу гарадской лірыкі.

Відаць, такі лёс усіх паэтаў з гістарычнай адукацыяй (гл.: Уладзімір Арлоў): Рудака вабіць наратыўная паэзія. Кожны яго верш – гісторыя ўва ўсіх сэнсах гэтага слова.
“Я кірую паліцыяй у невялікім мястэчку”; “я… асуджаны тройкай увосені ў трыццаць сёмым”; “…ля абвернэбэнштэле стаяла ты – у кіцелі фельдграў”… Футбольныя ультрас і люмпены з электрычак – Рудак надае галасы такім героям, якім доўгі час у нашай літаратуры увогуле не дазвалялася гаварыць, не тое што ад першай асобы.

Нават іранічны “Падпольніцкі раманс” пра паненку ў кіцелі фельдграў мае ў дыяхранічнай перспектыве арэол забароненасці. Менскае падполле і яго ўнёсак у агульную перамогу прызналі толькі ў 1960-х, пасля чаго подзвігі падпольшчыкаў было дазволена ўзвялічыць з належнай порцыяй пафасу. Людзей катавала СД – якая тут іронія? Але гэта, скажам так, гістарычныя асобы з нашай версіі рэчаіснасці. Ёсць і іншыя, “Альберт Эйнштэйн, прафесар Белдзяржуніверсітэту”, напрыклад. І калі ў вершы “Элвіс ідзе па праспекце” Элвіс – яўная алегорыя, то Альберт Эйнштэйн у аднайменным вершы – жывы і рэчаісны. Паэт гуляецца з гарадской легендай, паводле якой Эйнштэйн у 1930-х мусіў прыехаць выкладаць у БДУ, але нешта яму зашкодзіла. Такая вось паэзія ў жанры альтэрнатыўнай гісторыі. Ці, як кажа сам аўтар, “настальгія па неперажытым”.

Яшчэ ў лютым здавалася, што хваліць кнігу Рудака “Верхні горад” як прарыў сучаснай беларускай паэзіі – учынак капітана Відавочнасць. Але ў сакавіку здарылася нечаканае – Антон Рудак не стаў лаўрэатам прэміі “Дэбют”. Галоўны прыз аддалі зборніку вершаў пра каханне. Што ж, траўма прагавораная паэтам, але яшчэ не ўсведамленая чытачамі – не ўсё адразу. Так ці іначай, нельга не адзначыць першы маленькі крок беларусаў на ніве гістарычнай памяці. Вось ужо і ў Малым Трасцянцы прыбралі звалку і плануюць адкрыццё мемарыялу. 2015 год, палёт нармальны.

(no subject)

Я прапашчы журналіст, якому пакласьці на дэдлайны, таму што дзеля водгуку пра прэм'еру "Лятучага галандца" ў Менскай опэры прачытала артыкул Вагнера "Габрэйства ў музыцы". Многа думала: рускі пераклад суправаджаецца вялікай прадмовай, у якой аўтар кажа, што артыкул перакладаецца і публікуецца дзеля каштоўных думак Вагнера менавіта пра музыку (пра музыку я не знайшла ніводнай). І яшчэ ён кажа, што хуткасьць, зь якой раскупаліся наклады брашуры пры жыцьці аўтара, гаворыць пра вялікую значнасьць матэрыялу.

Але прынамсі стала ясна, чаму этат анцисеміт напісаў опэру, абапіраючыся на тэкст этава выкрэста Гайнэ:

«Лятучы галандзец»: без авангарду, але з густам

РЭЦЭНЗІЯ НА "ШАЛ": РЭЖЫСЁРСКАЯ ВЭРСІЯ

Зрабіла шматслоўную спробу разабрацца ў сусветах Юрыя Станкевіча.

Вось сама рэцэнзія.

Тут раскажу пра тое, што не ўвайшло ў тэкст па самых розных прычынах.

Па-першае, сьпяшаюся супакоіць усіх, каму спадабалася "П'яўка": ува ўсім па-ранейшаму вінаватыя негры і підарасы.

Па-другое, сьпяшаюся супакоіць усіх, каму не спадабалася "П'яўка". Рэдактар кнігі "Шал" - Віктар Жыбуль.

Кніга "Шал" натхнённая мастацтвам кіно і ў ідэале ў кіно павінная б ператварыцца. Але віз ол май рыспэкт, гэта не маштаб Кудзіненкі. Нам бы Лінча або Таранціну - гэта было б муві!

Да часу ж, пакуль зоркі сусветнай рэжысуры зьвернуць свае арліныя позіркі ў бок Станкевіча, кніга рэкамендуецца саракагадовым мужчынам як падарунак маладым паненкам, якіх яны хацелі б бачыць у ніжняй бялізне, маршыруючых з бчб-сьцягам пад нацыскія маршы. Толькі выбірайце полавасьпелых: пэдафілія па-ранейшаму караецца законам Рэспублікі Беларусь.

Кніга рэкамэндуецца Аляксею Дзерманту як дапаможнік па стварэнні крэпкай арыйскай сям'і. Калі зьявяцца сінявокія белакурыя дзеці, зь яе можна чытаць на ноч перад сном.

Кніга не рэкамэндуецца Паўлу Севярынцу, бо большай ерасі пра хрысьціянства ў Беларусі пакуль не пісаў ніхто - можа стацца, Пружанская хімія, абуяная сьвятым гневам, пойдзе на Барысаў пад харугвамі Багародзіцы.

І, нарэшце, Юры Станкевіч, здаецца, з тых пісьменьнікаў, якія думаюць, што могуць пакараць крытыка вечнасьцю. У кнізе "Шал" мы дазнаемся таемнае імя беса, які пасяліўся ў гераіні. Імя гэтае - Лада Сарока.

Я вось, пішучы рэцэнзію, таксама хацела пакараць вечнасьцю - Таццяну Заміроўскую, але ў выніку не атрымалася, бо эпічны зачын да рэцэнзіі не ўпісаўся ў структуру тэксту. Зьмяшчаю яго тут.


Юры Станкевіч, Алена Брава, Таццяна Заміроўская – тры цікавыя сучасныя беларускія празаікі паходзяць з Барысава. Але не толькі геаграфія дазваляе паставіць іх імёны побач. Аўтараў розных пакаленняў, светапоглядаў і творчых метадаў, аўтараў, якія пішуць на розных мовах і да таго ж належаць да пісьменніцкіх арганізацый, што катэгарычна не ладзяць між сабою, аб’ядноўваюць нейкія ірацыянальныя, трывожныя флюіды творчасці, якія дазваляюць казаць пра “барысаўскі феномен” актуальнай беларускай літаратуры. Начытаешся і думаеш: Божачкі, што такое, непадуладнае разуменню рэшты беларусаў, ведаюць пра Армагедон у Барысаве?
Зрэшты, пакінем барысаўскім спрачацца пра тое, якія такія моцна торкаючыя рэчывы нясуць у сабе воды Бярэзіны. Засяродзімся на даробку таго з гэтай тройцы, хто грунтоўней за ўсіх акапаўся ў Апакаліпсісе.


Чытаць далей.
chakaliada

ДЗЕНЬ РЭЦЭНЗІІ СЬМЕРЦІ ДЗЕНЬ

Даўно я ня браў у рукі шашкі. А тут нагода. Мы з цёплай кампаніяй маладых літкрытыкаў шчыруем для прэміі Гедройца. Асабліва шчыруе Андрэй Адамовіч - паэт, аўтар сьвежавыдадзенай кніжкі паэзіі. Увогуле, у сьвятле наяўнасьці прэміі за прозу паэты - самыя злыя крытыкі празаікаў. Бо з гэтай прэміяй ўсе ўвогуле забыліся на паэзію. Я вось нядаўна прачытала харошую кніжку вершаў у прозе. Разгортваю форзац, а там і напісана - "проза". Паэзію цяпер выдаваць нямодна. Модна выдаваць паэзію за прозу.

Карочы, пра што гэта я?

Мая рэцэнзія на раман Уладзіміра Някляева:

“Аўтамат з газіроўкай…” — свядомая містыфікацыя Мінска 1960-х, штучнае апладненне горада гарадскімі легендамі, якія, праз імклівую міграцыю адных жыхароў з вёскі ў горад, а іншых — з горада ў Ізраіль, не мелі шанцаў у ім зарадзіцца. Калі першапраходцы мінскай прозы збіваюць ногі ў пошуках тутэйшага genius loci і ў выніку змушаныя прыйсці да высновы, што дух Мінска — у адсутнасці якога-кольвек духу, Някляеў прышчэплівае гораду гэты самы дух, як высакародны гатунак на дзічку.

Яшчэ ў пятым класе настаўніца беларускай літаратуры Эма Генрыхаўна навучыла, што казаць пра твор "падабаецца" - "не падабаецца" некамільфо. Трэба тое ж самае іншымі словамі ды з аргументамі. Потым, праз гады, культуроляг Максім Жбанкоў у Беларускім Калегіюме перавучваў, што твор існуе для таго, каб падабацца або не падабацца. Ну, ён праўда кіно меў на ўвазе, але ўсё адно. А Эма Генрыхаўна у канцы трэцяй чвэрці звольнілася са школы і пайшла гандляваць у шапік.

Карацей, "Аўтамат з газіроўкай..." мне спадабаўся. Вельмі нагадаў "Сямейны альбом" Вінцэся Мудрова, які таксама колісь вельмі спадабаўся. Мудроў запрасіў мяне на прэзентацыю, а калі выклікалі на сцэну, сказаў: "Зараз выступіць прадстаўніца маладой генерацыі, якая стопро ніколі ня спала на ложках з панцырнай сеткай - сімвале эпохі". Ха-ха. Палешукі нічога не выкідаюць. На Броннай на ложках з панцырнай сеткай мы сьпім дагэтуль. А ў піянерлетніку "Лясное штосьці там" у палаце, застаўленай 16-цю такімі ложкамі мы феерычна гуляліся ў мішак Гамі. Сутнасьць гульні - скокаць з ложку на ложак, у палёце мочачы адно аднога падушкамі.

Вось такое я пераходнае зьвяно.

На Заслаўскай у канцы 1980-х стаяў аўтамат з газіроўкай. У самы першы раз - год у 6 (1988) я выбіла зь яго шклянку з сіропам, але потым ён выдаваў толькі салёную ваду за капейку, а потым перастаў выдаваць, а потым зьнік. Так што Някляеў апісвае і мой Мінск. У мяне ад Менску майго дзяцінства the main impression - такая размытая сонечная пляма і шэрая тратуарная плітка. Такое ж уражаньне - ад твору Някляева. Для мяне гэта - пазытыўнае ўражаньне.

Карочы, клікніце, калі ласка, на рэцэнзію. А то Паша Анціпаў абяцаў таму, ў каго будзе самы рэйтынгавы тэкст на сайце, марожка. І пакуль што марожка дастаецца Адамовічу.
chakaliada

(НЕ)ПРАФЕСІЯНАЛЫ НА РЫНГУ

chakaliada

СУФРАЖЫСТКА І ПАЭТ

little

КАНЕЦ СЬВЕТУ ХУТКА: ЛІТАРАТУРНЫЯ ВЫНІКІ-2011

chakaliada

АВЭ, ГАВЭЛ!

Памёр Вацлаў Гавэл.



У 2007 годзе я пабывала на прэзэнтацыі кнігі Гавэла ў Кракаве і напісала водгук у "Новы час".

Хачу ў знак памяці паўтарыць яго тут, у ЖЖ:

АВЭ, ГАВЭЛ: СВЯТА ВАЦЛАВА

VÁCLAV HAVEL. Prosím stručně. - Gallery, Praha: 2006 - 254 s.

“Havel na Wawel” – aбвяшчaлa кожнaя aфішнaя тумбa Крaкaвa нaпярэдaдні 3 верaсня. Aжыятaж вaкол прэзентaцыі польскaгa перaклaду новaй кнігі Вaцлaвa Гaвэлa быў тaкі, што сустрэчу, зaплaнaвaную ў сімвaлічным, як нa aсобу aўтaрa, пaмяшкaнні тэaтру, прыйшлося перaнесці ў вялізaрны кaнферэнц-хол. Прaбaчaючыся, што герой вечaрa зaтрымлівaеццa, aргaнізaтaры пaдкрэсленa нaзывaлі яго “пaн прэзідэнт”, без усялякіх “эксaў”. “Спрaчaемся, зaля ўстaне?” – звярнулaся я дa сябрa-белaрусa, які, улaснa, і прывёў мяне нa гэтaе светлaе святa польскa-чэскaгa сяброўства. “З чaго б гэтa яны, ён жa былы прэзідэнт і зусім не польскі”. У гэты момaнт у дзвярaх з'явілaся купкa пaжылых людзей у пaмятых кaсцюмaх. Сaмы пaмяты быў нa тым, у кім усе пaзнaлі спaдaрa прэзыдэнтa Чэхіі Вaцлaвa Гaвэлa. Зaля ўстaлa.

Aмерыкaнскі гісторык Пэдрык Кені нaзвaў шэрaг aксaмітных пaдзей, якія скaлaнулі Цэнтрaльную Еўропу ў 1989 – 1991 гг „кaрнaвaлaм рэвaлюцыі”. Чэшскі дысыдэнт і пaлітык Пэтр Пітгaрт нaзвaў перыяд, перaходны aд цэнтрaльнaеўрaпейскaгa сaцыялізму дa сённяшняй Новaй Еўропы „чaсaм пaўбaгоў”. Лех Вaленсa ў Польшчы, Aрпaд Гёнц у Вугоршчыне – у Белaрусі і ў той быў кaроткі прыступ „інтэлігэнтaкрaтыі”, кaлі з 1991 пa 1994 год крaіну aчольвaў пaрлaмент Стaніслaвa Шушкевічa. Вaцлaў Гaвэл, які кірaвaў Чэхіяй з 1989 пa 2003 год, стaўся сaмым доўгaтэрміновым і сaмым шaнaвaным у Еўропе і свеце „філосaфaм нa троне”. Aле і яго бліскучы чaс мінуў – як гэта тлумачыць польскі „Tygodnik powszechny”, людзі пaтрaбaвaлі палітыкa новaй генерaцыі – у строгім гальштуку, a не ў дэкaдэнцкім пінжaку і кaрaткaвaтых нaгaвіцaх (знaкaміты імідж Вaцлaвa Гaвэлa). Урэшце рэшт, прэзідэнт, які пaдчaс тэлевізійных выступaў без пaмылaк цытуе клaсікaў, a зaмест зaгaдaў і выгaвaрaў чыноўнікaм прaмaўляе сентэнцыі філaсофскa-мaрaльнaгa зместу і, што сaмaе жaхлівaе, – як і нaлежыць кожнaму сумленнaму чaлaвеку – сумняеццa ў свaіх учынкaх – гэтa прэзідэнт, зь якім штосьці не тaк. Вацлаў Гавэл – “прэзідэнт, які застаўся чалавекам” – ідэальны кіраўнік інтэлектуала. Ідэaльны кірaўнік aбывaтaля aднолькaвы вa ўсім свеце (вaртa толькі зірнуць у вочы Джорджу Бушу-мaлодшaму). Тым не менш, увесь (aсвечaны) свет з зaхaпленнем сачыў за кіраваннем Гaвэлa, a цяпер з зaхaпленнем чытaе яго кнігу. Ужо прaз месяц пaсля выхaду мэмуaрaў “Prosím stručně” („Корaткa, кaлі лaскa”), у Чэхіі было купленa 10 000 aсобнікaў, a выдaвецтвa зaключылa кaнтрaкт нa перaклaд кнігі нa aнгельскую, фрaнцузскую, ітaльянскую, вугорскую, польскую, нямецкую, гішпaнскую мовы.

Collapse )