Марыя Мартысевіч (maryjka_) wrote,
Марыя Мартысевіч
maryjka_

  • Mood:

ХЛОПЦЫ ФІЛФАКУ REMIX

Насамрэч я па вялікім блаце пішу пра Віцю Мандзіка пад рубрыкай ХФ. Уся чароўнасьць гэтага майго аднаклясьніка ў тым, што ён ня мае вышэйшай адукацыі, і нават спэцыяльнай ня мае, бо пасьля войска пайшоў працаваць кіроўцам у МУС. Зь філфакам яго лучыць хіба тое, што ён пару тройку разоў падвозіў туды некаторых яго навучэнак (сьціплы смайлік:)) а таксама, працуючы асабістым шоферам таварыша Мурына, сьледчага з адзьдзелу МУС Фрунзенскага раёну, завозіў на працу ягоную матухну спадарыню прафэсарку Ларысу Санну, блаславі Божа яе падручнікі...


Мае зь Віцем стасункі заўсёды былі прыязныя, выключаючы пэрыяд з 4 па 6 клясу, калі ён быў неабыякавы да майго існаваньня нагэтулькі, што спіхнуў з горкі нашага дому (1 раз) пхнуў ілбом на батарэю на школьным калідоры (1 раз) і пабіў партфелем (2 разы). У 2м клясе Віця падносіў мне са школы ранец. Гэта было зручна, балазе мы жылі і жывем у адным пад'езьдзе. У дзевятым апавядаў, як хораша ўлетку на ягонай вёсцы ганяць 120 км/гдз па прасёлку. На маім 3м курсе - пра стрытрэйсынг. І ўвогуле, пра жыцьцё.

Віця вельмі станоўчы хлапец. Нашыя бацькі працавалі разам, хіба што ягоны кінуў жонку і трох дзяцей, калі Віцю было 10. Калі Віцю было 12, ён пачаў мыць машыны і тым зарабляць. У тыя ж 12 купіў сабе модны спарціўны касьцюм. У 16 сабраў сабе комп. І ў прынцыпе, вырас пазытыўным і працавітым пацаном.

А сёньня я стрэла яго ва ўнівэрсаме і запыталася, як там у іх зь Ляляй. "Ён зьбянтэжана пасьміхнуўся і паказаў мне даланю - мазолістую, чорную ад мазуту даланю з заручальным пярсьцёнкам на чацьвёртым пальцы", - так бы наісаў пра гэта карэспандэнт газэты "Зьвязда" ў 1976 годзе.

Хай жа Віцю зь Ляляй шчасьціць:)
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 1 comment