Марыя Мартысевіч (maryjka_) wrote,
Марыя Мартысевіч
maryjka_

  • Mood:

ЯК Я ТЭМУ ЕБЛІ РАСКРЫЛА


Размаўляць я пачала досыць рана. Маці кажа, што ў 11 месяцаў я выразна прамовіла фразу “Бозе мой, Бозе”, а ў 1 год і тры месяцы, захацеўшы пагуляць, апранулася і пайшла на вуліцу. На крык маці: “Пачакай, я з табой пайду”, я , маўляў, адказала: “Я сама”. Да 1,5 гадоў я выдавала ўласны крэатыў, але пазьней пачала пераймаць вопыт продкаў у форме дзіцячых вершыкаў і песенек. Кажуць, я была зоркай нашай паліклінікі: у кабінэце дзіцячага псыхоляга мяне пускалі на зэдлік пачытаць вершык, а потым паўгадзіны не маглі адтуль сагнаць. Я любіла выступаць на публіцы. Калі маці брала мяне на экскурсіі, я нецярпліва чакала, покуль аўтобус ізноў перасячэ кальцавую Менску - бо тады мікрафон назусім аддавалі мне, і я напамяць валіла якую-небудзь “Муху-Цакатуху” ўдзячнаму салёну “Ікаруса”. 40-50 чалавек - сёньня ня кожны менскі літаратар такую залю зьбірае:).

Але кніжкі і кружэлкі з казкамі былі фігня ў параўнаньні з маім дзедам Антосем. Калі мяне ўпершыню прывезьлі на доўгі тэрмін у вёску (мне было недзе год і чатыры месяцы), ён яшчэ ня быў гатовы да зьяўленьня ў сям’і самых маленькіх, і таму ніякім чынам не абмяжоўваў у маёй прысутнасьці свайго слоўнага запасу. Вось дзе было сапраўднае перайманьне вопыту продкаў! Прычым найчасьцей ад дзеды можна было пачуць загадкавае слова “ебіт-тваюмаць”.

Вялікі пэдагог Макаранка казаў, што сапраўдны настаўнік павінен умець вымаўляць фразу “Хадзі сюды” з дваццацю рознымі інтанацыямі. А мой дзядуля з дапамогай слова “ебіт-тваюмаць” мог выразіць дваццаць розных пачуцьцяў - ад радасьці і захапленьня да жальбы і смутку. Вось якое гэта было чароўнае слова.

Канешне ж, я завучыла яго і яшчэ некалькі файных дзедавых слоўкаў.

Калі я пачала выдаваць гэтыя пэрлы ў Менску, дзіцячы псыхоляг, з чыйго зэдліку я ня злазіла па паўгадзіны, параіў бацькам не фіксаваць на гэтых словах маёй увагі. Маўляў, павыгукаю крыху і, зразумеўшы, што яны не патрэбныя ў камунікацыі, забудуся. Так бы яно і здарылася - я ўжо стала адвыкаць ад дзядулевага dirty-talk’у, але прыйшоў час адвезьці мяне ў іншую вёску…

Па дарозе на Броную Гару я зьвязьдзіла, як ніколі. Пабачыўшы поўны цягнік незнаёмых дарослых людзей, я спачатку парвала нашае купэ, а пасьля зьдзейсьніла гастрольны тур па вагоне. Фурор быў поўны: малое ў два гады “Доктара Айбаліта” напамяць - ваў!

У вёсцы на такі цуд, як я, мая стрыечная сястра, якой тады было год 17, прывяла паглядзець сябровак. За тры гадзіны, цягам якіх яны мяне тармашылі, я выклала ім увесь свой запас вершыкаў, песенек ды іншых дзіцячых жанраў, паралельна падтрымліваючы адносна асэнсаваныя дыялёгі. Але дзеўкі, відаць, перастараліся. Мусіць, я адчувала тады такую ж стому, якую адчувае якая-небудзь Верка Сярдзючка пасьля карпаратыўнай вечарынкі… Згадаўшы, як шугаюцца ад дзеда Антося куры, калі ён прамаўляе да іх на двары свае мантры, я засяродзіла на адной са школьніцаў усю ўнутраную энэргію і прачула гакнула: “ебіт-тваюмаць”.

Тата ўсіх папярэджваў. Але прысутныя афігелі настолькі, што кінуліся ў шалёны рогат, хвілінаў на дзесяць. Такога фурору я ня мела ніколі. Тады я і зразумела, куды трэба засунуць усіх гэтых заек, якіх бросіла хазяйка ды расеяных з вуліцы Басэйнай… Тады я і зразумела, ШТО трэба народу…

На зваротным шляху тата хаваў мяне ў купэ ад іншых пасажыраў...
Tags: фрашкі
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 7 comments