Марыя Мартысевіч (maryjka_) wrote,
Марыя Мартысевіч
maryjka_

  • Mood:

ХЛОПЦЫ ФІЛФАКУ-2

Працягваю сэрыю скандальных публікацыяў, паддаючыся на колішнія ўгаворы чытачоў “расказаць пра Антося”

Сяброўка купіла лядоўню ў інтэрнэт-краме. Пахваліўшыся набыткам, яна апавяла, як яе ставілі ў кватэру, прычым доўга і захоплена гаварыла пра грузчыка:

-Уяўляеш, у нас дома быў беларускамоўны грузчык! Асілак пад два мэтры ростам. Завуць Антось. Але ягоны напарнік - дробненькі хлопец інтэлектуальнага выгляду зваў яго “Антуан”.

Антось зрабіў фурор у доме. Па-першае, ён зь лёгкасьцю растшутрхаў цяжэнныя шафкі і тумбачкі, каб даць дарогу лядоўні. Па-другое, ён выбачыўся даслоўна за тое, што “падлогу колцамі падрапалі”. Па-трэцяе, ён, пабачыўшы на кухні мапу Беларусі, доўга паказваў і расказваў старэйшай гаспадыні, адкуль яго род.
Мне сорамна, але я тармазіла хвілны тры. Людзі добрыя, бо ў гэтым горадзе няма ішага беларускамоўнага бамбізы на імя Антось* – гэта мог быць толькі ён – Атось з філфаку!


Я называю яго genius loci факультэту. Я нават ведаю ягонае прозьвішча (і апаведзеную мне за шклянкаю кефіру яго этымалёгію), але ня буду згадваць яго хутчэй па той прычыне, што веда гэтая носіць характар сакральнай: усе курсы і ўсе адзьдзяленьні знаюць Антося проста як Антося. Найбольш яго ведаюць тыя дзяўчаты, што маюць завядзёнку бавіць вольны час каля буфэту. Звычайна Антось падсаджваецца да вас з пакетам кефіру, батонам ды маянэзам і, нават калі вя ня надта знаёмыя, пачынае весьці з вамі душэўныя размовы. Напрыклад, маёй сяброўцы Каці ён выкладваў сваю ўласную тэорыю каханьня, праводзячы паралель з двума бярвеньчыкамі, якія, калі іх доўга церці адно аб адно, урэшце запалаюць:). Увесь прыкол у тым, што Антось вельмі пабожны хлопец, і таму ходзяць чуткі, што, нягледзячы на тое, што гармоны ў ім курсе на трэцім збудзіліся і буйна ўскаласілі, ён яшчэ хлопчык.

Мне ён звычайна скардзіцца на дзевак, альбо хваліцца дзеўкамі – у залежнасьці ад таго, які пэрыяд ён перажывае на асабістым фронце. Але збольшага мы зь ім гутарым на больш сур’ёзныя тэмы. Напраўду, Антось – халерна разумны хлопец. Гэта тыповы Несьцерка зь беларускіх казак. Я нават ня ведала, што ў нашых вёсках засталіся такія. Ды й сама яго родная вёска на захадзе Міншчыны, па аповедах Антося, выглядае гэткім некранутым оазысам сялянскага патрыярхальнага жыцьця: Аносева “закансэрваванасьць” маральным, культурным ды моўным пляне таму сьведчаньне. Антось мае на факультэце трывалы імідж блазна: калі ён паўстае на даляглядзе, твары людзей азорваюцца ўсьмешкамі чаканьня чарговага peasant-show.

Доўгі час на шыльдах філфаку вісела адкрытае ліставаньне чувакоў зь беларускага адзьдзяленьня – па стылі падобнае на ўяўную палеміку Францішка Багушэвіча з Кастусём Каліноўскім. Антось быў адным з бакоў гэтага ліставаньня. Яго нібыі машынаю часу перанесла ў нашу эпоху з канца ХІХ стагодзьдзя. Чалавек, гледзячы на якога, разумееш: у “Новай зямлі” усё праўда напісаная:).

Мая ўлюбёная гістрыя пра яго - гэта тое, як Антось дзевачак засьцябаў. Станаўлюся аднойчы ў чаргу ў бібліятэку здаць кніжкі, гляджу - стаяць дзеўкі, рагочуць, а ў кутку перад уваходам у бібліятэку ў позе Ўрубелеўскага дэмана сядзіць Антось у сваіх знакамітых на ўвесь факультэт кірзачах з запраўленымі ў халявы джынсамі. І вядзе ітэлектуальныя размовы. Прычым, “кроме шутак”: я рэальна назірала, як Антось робіць першакурсьніц па ўсіх пунктах, а яны рагочуць, нібы з блазна.

- А вы, дзяўчаты, зь якога адзьдзяленьня?
- [горда] Мы паляністкі!

І тут Антось выдае некалькі правільных, хоць і з крэсовым акцэнтам, фразаў на польскай мове.

- О, мувіш по-польску? - дэманструюць непадробнае зьдзіўленьне паляністкі.
- Очэвісьце, пшэцеж зостаўэм выхованы в польшчызьне! - з годнасьцю прамаўляе Антось, пры гэтым па-ідыёцку лыбячыся.

- Гы-ы-ы! - кажуць дзевачкі! “Польшчызна” - няправільна, трэба казаць “ензык польскі”.
- Польшчызна - гэта польскі дух, усё польскае! - паважна прамаўляе Антось, працягваючы выглядаць абсалютным Швейкам.

Скончыўшы школу, Антось доўга вагаўся, куды яму ісьці: у Жыровіцкую сэмінарыю ці на філфак. Урэшце выбраў філфак - маўляў, з матывацыі атрымаць сьвецкую адукацыю, а заадно падумаць, ці яму гэта трэба. І яно, напэўна, добра. Бо на трэцім курсе ў Антося пачаў буяць гармон. Прычым так буяць, што ў цнатлівых інтэнцыях (доўгія размовы пра веру на падваконьні) Антось быў заўважаны ў дачыненьні толькі да адной паненкі - Марыі з баўгарскага адзьдзяленьня, якая апавядала мне, што царкоўнаславянская мова - гэта сьвятая мова, і маліцца па руску ці беларуску - грэх, зьбіралася сыходзіць у манастыр, але ўрэшце пабралася з дыяканам.

Антось - гэта адзіны мужчына, які носіць мяне на руках. Нязручнасьць сытуацыі заключаецца хіба ў тым, што ён спрабуе ўзьняць мяне на рукі кожнага разу, як бачыць, асабліва не зважаючы на абставіны: у бібліятэцы, каля гардэробу, перад экзамэнацыйнай аўдыторыяй - а аднойчы нават спрабаваў, калі я размаўляла на калідоры са сваім навуковым кіраўніком… Дзякаваць Богу, звычайна ён здалёк падае штормавае папярэджаньне – “Марууууууууусяяяяяяяяяя!” – і я пасьпяваю схавацца.
Я яму чымсьці падабаюся: мая кустодыеўская камплекцыя і напраўду - мара сялянскіх мачо Антосева кшталту. Пра што ён мне неаднаразова нагадваў. А яшчэ клікаў ехаць зь ім у паломніцтва ў Жыровіцы. Я пагадзілася, але так мы нікуды і не паехалі.
Цяпер Антось з грэхам напалам заканчвае пяты курс. Апошняга разу я бачыла яго на Машэрава, але, паколькі спазьнялася на фільм у “Перамогу”, вельмі няветліва прабегла міма, праігнараваўшы ягонае прызыўнае “Марууууууууусяяяяяяяяяя!” …

Дарэчы, Антось - кавалер з машынай. Сваякі аддалі яму зэпар, на якім ён расьсякае па сталіцы, марачы калі-небудзь зьвесьці адсюль матушку. А яшчэ гады тры таму ён купіў сабе за два даляры пэйджар - памерам з цагліну. І дагэтуль прымае на яго паведамленьні ад парцадаўцаў: “Антуан, трэба лядоўню перацягнуць”…

Дыялёгі:

- Антось, а пакатай мяне на сваім “Запарожцы”!
- Бянзін купляй, пакатаю!

-Файная беларуская мова ў цябе, Антось! Але нейкая не літаратурная…
- Ну дык я ж па-дзіялектнаму размаўляю.

Антось, натхнёна:
- Кацярына, сорт вашага мяса сьведчыць аб вашай жаноцкасьці!


---
Асабліва цяпер, калі ilnur вучыцца ў Італіі:).
Tags: хлопцы філфаку
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 22 comments