Марыя Мартысевіч (maryjka_) wrote,
Марыя Мартысевіч
maryjka_

  • Mood:

КРАЎЦЫ АДРАДЖЭНЬНЯ, альбо ПРЫГОДЫ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛАШВЕЙКІ

Прачытаць slaver_be перад неспакойным дзявочым сном - гэта чароўна. Гэта тэрапія, пяшчотнейшая за ванну зь пенаю ды сольлю...

"Так! Я стаў сапраўдным беларусам! Сёньня я й мая маці пашылі бел-чырвона-белы сьцяг. Вось ён, мой прыгожы :) Як я столькі жыў бяз сьцяга? Засталося яго толькі павесіць над кампутарам і любавацца ўвесь час!"

Гэты пост захапляе нагэтулькі, што ў першыя хвілі нат не задумваесься пра сваю мізэрнасьць і небеларускасьць...

А ўвогуле, калі пайсьці той жа лёгікай, вымалёўваецца наступны крыштальны імпэратыў сапраўднага беларуса:

Сапраўдны беларус у сваім жыцьці павінны зрабіць тры рэчы:
1. пашыць бел-чырвона-белы сьцяг;
2. адксэрыць "Граматыку для школ" Браніслава Тарашкевіча (адмазкі "а ў мяне ў pdf" не прымаюцца);
3. адседзець 15 сутак за ўдзел у апазыцыйным мітынгу.


Вось жа, людцы мае! Ніякая я, такім чынам, не беларуска. А хто я - гэта ўжо іншае пытаньне. Пошукам ідэнтычнасьці будзьма займацца заўтра, у дзённым асьвятленьні.
Зрэшты, рана здавацца: калі згадаць юныя годы...


Як я сваімі ручанькамі бел-чырвона-белы сьцяг пашыла

Насамрэч, у сваім жыцьці уласнымі рукамі я зрабіла два сьцягі. Першы - маленькі, з фальгі, я змайстравала ў школе. У 10-й клясе. Я ўжо тады пачынала быць неадэкватнай дзевачкай, хадзіць на выступы Бум-Бам-Літа і марыць пра публічную кар'еру:))). Але гэта быў агульны настрой у маёй школе... У маім клясе ў БРСМ ўступіла дзесяць чалавек - усе хлопцы. Нехта адзін з нашых хлопцаз толькі не ўступіў. Тады гэта не было абавязалаўкаю. Дзевачкі ў нас былі вольналюбівыя, памятаю, калі паўсюль абавязковымі сталі дзёньнікі з новай дзярджаўнай сымболікаю (тыя, дзе на першай старонцы Скарына), мы рабілі наступным чынам: замазвалі на сьцягу белым карэктарам зялёную паласу зьнізу і частку чырвонай зьверху. А на "капусту" ляпілі налепкі з Пагоняй. Настаўніца ў нас была вельмі ліберальная, і рабіла выгляд, што мы абклейваем вокладкі фанцікамі ад жуек:)
Мы тады ўвогуле пачуваліся сьведкамі чагосьці страшнага і непазьбежнага... 1996-98 год, маштабныя акцыі, бойкі - у двары нашай школы (на Мэльнікайтэ) падчас мітынгаў трымалі рэзэрвныя роты амонаўцаў. Мы на "трудах" вышываем, вечарэе, а яны пад вокнамі шыхтуюцца. І БТР аднаго разу ў двор загналі. Наш "ядзерны дзед", які ў хлопцаў вёў вайсковую падрыхтоўку, часта меў наглядны матэрыял проста пад вокнамі.

Вось такая атмасфэра панавала тады ў маёй школе... Аднойчы мы пасьля нейкіх здадзеных нарматываў тусаваліся ў настаўніцкай у фізрукоў, якія атрымалі чарговы хабар у абмен на пастазлены залік, і частавалі нас цукеркамі "Вішня засьпіртаваная ў чакалядзе". А цукеркі тыя загорнутыя ў каляровую фальгу - з аднаго боку чырвоная, з другога - срэбная. Вось я і змайстравала ад няма чаго рабіць зь дзьвюх паперак сьцяжок. Нейкую палачку ў фізрукоў стырыла, скотчам абматляла... Ён і зараз у мяне ў пакоі на сэкцыі вісіць.

А другі сьцяг я і напраўду пашыла. Справа была пад Ракавам у 2000 годзе, дзе мы ладзілі для чарнобыльскіх дзетак фэстываль "У Беларусі мы жывем". 10 экспэдыцый зь 10 рознымі тэмамі, пасьля усе зьбіраюцца ў летніку і абменьваюцца ўражаньнямі. Файная ідэя была, дарэчы. дык вось, засяляемся мы, важатыя ў корпус, а там на першым паверсе вісіць... самаробны сьцяг Польшчы. З прасьцінаў змайстраваны, адна палова гуашшу фарбаваная.
Ну і я, з блаславеньня, дарэчы, паляністкі Інэсы Кур'ян, польскі сьцяг перашыла ў беларускі. І чырвоную паласу гуашшу падфарбавала, каб ярчэй была. stashek тады сказаў, што адбываецца працэс беларусізацыі Палёніі:).
Дарэчы, у тым жа летніку нарадзілася адна вядомая ў пэўных колах песенька:)
А той сьцяг у нас вісеў у атраднай, а потым я яго дадому забрала. У шафе недзе ляжыць - памяць пра баявое юнацтва...


Ну вось. Засталося толькі недзе знайсьці папяровую "Граматыку" ды схадзіць на мітынг.


А ты? Ці сапраўдны ты беларус? Што канкрэтна ТЫ зрабіў для таго, каб людзём звацца???
Чакаю тваіх рэфлексій:)
Tags: цынізм
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 42 comments
Previous
← Ctrl ← Alt
Next
Ctrl → Alt →
Previous
← Ctrl ← Alt
Next
Ctrl → Alt →