Марыя Мартысевіч (maryjka_) wrote,
Марыя Мартысевіч
maryjka_

  • Mood:
НЕ пасьпеў скончыцца травень, як выйшла красавіцкая "Студумка"... Нумар аказаўся ня горшым, і нас са staronaut там аж аж.
Серада ў якасьці сваёй прамоцыі апавядае пра тое, што гурт "Атлянтыка" падаў на "Студэнцкуб Думку" ў суд за ейны артыкул.
А на мяне ніхто ў суд не падае, дык я проста адзін свой матэрыял павешу. Шматпакутны, асабісты дзякуй за падрыхтоўку якога - Хізу і auldnick]у...



Да 60-годзьдзя Вялікай Перамогі

ФАШЫЗМ ЯК СТЫЛЬ: МОДА НА ХОЛАД

9 мая 2005 году - «этот день победы» прапахнуў порахам задоўга да таго, як наступіць. Габрэі немцам, немцы саюзьнікам, расейцы ўсім разам узятым - увесь сьвет толькі і робіць, што нагадвае колішнім ворагам: «ніхто не забыты, нішто не забыта». Як ніколі раней, старая вайна стаецца прычынай канфліктаў сучасных. Да агульнага вэрхалу з днём вызваленьня Асьвенціму ды парадам вэтэранаў СС у Рызе дадаўся студзеньскі скандал: ангельскі прынц Гары прытусаваў на тэматычную вечарынку ў нацысцкай форме. Гувэрнёры прынца на чале з Тоні Блэрам, мусіць, і дагэтуль устаўляюць на месца мазгі бэйбусу, чыя бабуля 60 гадоў таму мужна не пакідала бамбаванага Лёндану. Ні ў якім разе не апраўданьне, але досыць пераканаўчае тлумачэньне: малады Ўіндзар трапіў у мэйнстрым, падсеўшы на такі модны ў менавіта ў гэтым юбілейным сэзоне стыль трэцяга райху.



Паказ тэлефільму “Гітлер. Узыход зла”(Канада/ЗША, 2003 г.) тэрыторыі Беларусі быў забаронены. Афіцыйная прычына - “аўтары стварылі надта прывабны фобраз нацызму”. Тым зь беларусаў, хто адужаў дзьве ягоныя сэрыі на хатніх праглядах, заставалася спрачацца, што прывабнага знайшлі ў фільме адпаведныя інстанцыі. Лабавой прычынай забароны мог стаць хіба той факт, што перад тым, як змадэляваць сабе фірмовыя вусікі і спусьціць грыўку на лоб, Адзік у тым фільме меў клясычныя разгалістыя вусы, а валасы зачэсваў набак. Але відаць, прычына ўсё-ткі іншая. Стваральнікі фільму паказалі Адзіка Шыкельгрубера не дэманам і зьверам у чалавечай скуры, а закамплексаваным паўжыдкам, які ў юнацтве галадаў і зьдзекваўся з хатніх жывёлак, а сам ягоны шлях да ўлады растлумачылі як граматную піяр-кампанію, арганізаваную купкай баварскіх арыстакратаў. Колісь АГЛ неабачліва прагаварыўся, маўляў, ня ўсё так кепска было ў дзяржаве, створанай Адзікам. Бацька ведаў, што казаў. Старанямецкая міталёгія, музычная спадчына Вагнэра і вульгарная трактоўка філязофіі Ніцшэ падмацоўвалася няяркім, але густоўным візуальным шэрагам, а рэжысэрка пачварнага фільму “Трыюмф волі” давала больш глямурную карцінку, чым рэжысэр пазітыўнага фільму “Звычайны фашызм”. Нямецкі нацызм і сапраўды быў прыгожым палітычным кічам... Што да спробаў беларускага рэжыму ўзьдзейнічаць на моладзь падобнымі сродкамі, то нават зорна-паласатая эстэтыка і тая здольная прывабіць болей, чым вырві-вока чырвона-зялёная гамма (дарэчы, на спэкртавым коле чырвоны і зялёны колеры дыямэтральна супрацьлеглымі і таму неспалучальнымі, а чалавек з густам ніколі не скамбінуе іх у вопратцы). Дый увогуле, калі разабрацца, гісторыя дваццатага стагодзьдзя спарадзіла ўсяго тры мэга-стайлы, сымбалі якіх - свастыка, серп-ды-молат і лісьцік канабісу. І што б там ні казалі гуманісты ды нарколягі, калі ня справа, то прынамсі, лягатыпы дзядулі Леніна, Джа ды Адзіка Хітлы- будуць жыць у вяках. Ідэалёгія? Якая, трасца, розьніца? Тое, за кім пойдзе народ ува ўсе часы залежала ад слёгану і дызайну.


НЕ - ФАШЫЗМУ: слодыч забароненага плоду

У беларусьфільмаўскім кіне “Усе мы родам зь дзяцінства”ёсьць эпізод уроку ў толькі што адноўленай (у памяшканьні касьцёла) савецкай школе. Адзін з галоўных герояў дэманстратыўна звальвае з заняткаў па дойчы, адмаўляючыся вучыць “мову вялікіх Шылера й Гётэ”, таму што на ёй размаўляў Гітлер. Зь першых паваенных гадоў і дагэтуль зрыфмаваць тую ці іншую зьяву зь немцамі ды акупацыяй - самы верны спосаб ачарніць яе ў вачах народу. На чым, у прынцыпе, і стаяла беларуская прапаганда 1990-х - ад “Рэзанансу” Зімоўскага да “Звычайнага прэзыдэнту” Хвашчавацкага. У савецкія часы табу на ўсё, зьвязанае з вайною, даводзіла да сьмешнага. У 1986 годзе “Камсамолка” надрукавала артыкул “Каму падпявае Kiss”, дзе шэраг заходіх рок-гуртоў былі названыя рупарамі нэафашызму (напрыклад “Queen”, чый фронтмэн Фрэдзі Мэрк’юры выступіў на бэрлінскім канцэрце ў нацысцкіх кіцеле й фуражцы), а сам Kiss абвінавачаны ў прапагандзе ідэалёгіі трэцяга райху ( за падвойную “с” у назве). Лёс носьбітаў звычайных і досыць распаўсюджаных у даваеннай Беларусі каталіцкіх імёнаў Эва і, перадусім, Адольф, таксама прадказальны: Адзікі рабіліся Алікамі, а нованароджаных называлі Надзямі і Валодзямі.
Нават калі ў далёкім 1942-м афіцэр СС Гайнц зусім ня гвалціў дзяўчынку Ядзю, а проста падарыў ёй цукерачку а ейнаму браціку - губны гармонік, то Саветы, вярнуўшыся з эвакуацыі, растлумачылі, хто быў кепскі, а хто харошы - і вэтэранка Ядзьвіга Францаўна ня скажа студэнтам нічога благога пра партызанаў і добрага пра акупантаў. Атрымліваецца, што апошнія 60 год “фашысцка-нямецкія захопнікі” сталіся пэрманэнтным увасабленьнем Абсалютнага Ліха беларускага народу. Мабыць, яно і правільна: грамадзтву без нянавісьці ніяк. Але хіба варта тады зьдзіўляца, што апантаныя нонканфармісцкім імкненьнем быць па-за сыстэмаю праўнукі пакаленьня, у якім “кожны чацьвёрты быў мёртвы”, цягаюць “Майн Кампф” у заплечніках і ўскідваюць зігхайль, вітаючы адно аднога?

NAZI vs ANTIFA: знайдзі дзесяць адрозьненьняў

Абываталі, якіх задзяўблі размаляваныя ліфты ды пад’езды родных шматпавярховікаў, ня бачаць аніякай розьніцы паміж групоўкамі скіноў “белых” і “чырвоных”. І напраўду: палітызаваных нацыянал-сацыялістаў ды чырвоных левакоў вонкава цяжка адрозьніць ад апалітычных футбольных фанаў - усе лысыя, ува ўсіх вочы палаюць рашучасьцю парваць хоць каго-небудзь як тузік грэлку, побач з усімі прытусоўваюцца інтэлектуальнага выгляду чувакі - з усяго відаць, “асноўныя”. А колер шнуроўкі берцаў пакрысе страчвае сваю сымболіку нават у Беларусі, дзе яшчэ нядаўна выйсьці на цэнтральную вуліцу гоарду аднаму ў ботах з чырвонымі шнуркамі было вернаю сьмерцю. Але адрозьненьні, канешне ж, існуюць. Скажам, у музычных густах. У фашыстоўскіх эмэптрышніках oi!, white power, hate-core ды NSBM (нацыянал-сацыялістычны блэк-мэтал: ад звычайна блэк-мэталу адрозьніваецца хіба рымаванымі заклікамі “біць жыдоў” і сэмпламі з прамоваў Адзіка). Антыфа збольшага слухаюць панк, хардкор ды ска і схільныя да радыкальнага лайфстайлу: сярод іх шмат вэганаў, абаронцаў жывёлы, цьвярозьнікаў, барацьбітоў з гамафобіяй ды экстрымальшчыкаў - усё гэта з эпітэтам “ваяўнічыя”. Беларускія нацы, сьледам за расійскімі, слухаюць гурт “Коловрат”. Беларускія антыфа таксама слухаюць гурт “Коловрат” - дзеля сьцёбу: малпаваць нацыкаў - гэта фішка. І тая і тая групоўка мае сваіх ідэолягаў і свае баявыя батальёны. Стратэгічным посьпехам у эліты лічыцца падлавіць дубаломаў праціўніка, пажадана бухіх ці ўкураных, і ўзяць у іх “інтэрвію”, выдаючы пасьля іх малаўцямнае мацернае трызьненьне за праграму варожай партыі. Але гэта мэтады інтэлектуальнага супраціву. Галоўнае ў жыцьці абедзьвух субкультураў - гэта прапаліць кропку тусы непрыяцеляў і зладзіць зарубу. Разборкі нацыкаў з антыфай, нечаканыя сутычкі груповак у транспарце, шэксьпіраўскі па сваёй трагічнасьці выпадак каханьня хардкоршаю і расіста - усё гэта напаўняе начныя вуліцы мікрараёнаў і клюбы рамантыкай і дае працы патрулям міліцыянтаў. Наезд дзеля наезду, супраціў дзеля супраціву: чакаць ад актывістаў “Антыфа” дзяжурстваў пад інтэрнатамі арабскіх студэнтаў ці школьных лекцый пра жахі галякосту было б проста сьмешна.
Барацьба “сьветлых” ды “цёмных” і напраўду падавалася б ваенізаваным начным шоў, калі б не праламаныя галовы і распоратыя жываты. Панажоўшчына, якая адбылася пасьля выступу антыфа-гуртоў ў менскім клюбе “Лео” 16 сакавіка 2005 г., таму сьведчаньне: за асьцярожнымі выразамі навінаў “узброеныя нажамі хуліганы” і “простыя наведнікі канцэрту” насамрэч стаялі фа-антыфа разборкі канкрэтных пацаноў з канкрэтнымі пацанамі.
Апроч баявых нацы, існуюць акультныя фашысты, чыя канцэпцыя гітлераўскай ідэалёгіі больш падобная на містычнае вучэньне ці нават рэлігію. Адэпты акультнага фашызму вераць, што нацысты імкнуліся заваяваць Эўразію, каб знайсьці Шамбалу, а Гітлер - не гістарычная асоба, а мэсыя, другое прышэсьце якога блізкае. Першага, і, дзякаваць богу, апошняга акультнага фашыста ў сваім жыцьці я сустрэла ў 7-м клясе. Гэта быў мой настаўнік гісторыі А.Э., хлопец 22-х гадоў, небальшэнькага росту і з характэрнымі адольфаўскімі вусікамі. Вельмі часта замест гісторыі Беларусі ён апавядаў нам байкі пра Нібэлюнгаў і звышчалавечую сутнасьць Адзіка. Урэшце А.Э. ад нас забралі - але не ў Навінкі, а на адказную працу ў РАНА…

Калекцыянэры трафеяў - яшчэ адна катэгорыя, якая падвісае на нацысцкай тэматыцы. Рыскаюць па ждановіцкім “Полі цудаў” і ў госьці да вэтэранаў у пошуках трафэяў часоў трэцяга райху. Але калекцыянэр не апусьціцца да марадзёрства на палях другой сусьветнай - гэта справа “чорных археолягаў” ды іншага плебсу кшталту школьных брыгадаў “Пошук”. Так, мой знаёмы Б. з усяго свайго сьціплага збору найбольш ганарыцца відэльцам з афіцэрскай сталоўкі СС, якую быў знайшоў у сэрванце бабулі.
Зусім іншая справа фашысты глямурныя. Фашы і антыфа - люстраныя копіі адно аднога. Глямурны фашызм - гэта крывое люстэрка, пакой сьмеху, у які завялі роту Гітлерюнгендта. Суцэльнае пастмадэрністычнае эстэцтва, карацей кажучы.

“анімэ з торай у сэрцы і свастыкай на рукаве”

Апісаньне гэтай зьявы варта было б пачаць са згадкі пра кнігу нямецкага сацыёляга Арміна Мэлера “Фашызм як стыль”. Мэлер зуб дае, што толькі пасьля 1945га году панятак “фашызм” страціў сваё колішняе значэньне і намёртва засацыяваўся з нацыянал-сацыялізмам Адзіка, у той час як ісьцінны фашызм, нарадзіўшыся ў 1920-х гадох у Італіі, быў хутчэй філязофскім напрамкам, чым ідэалёгіяй. Сапраўдны фашызм - гэта чорныя кашулі часоў Бэніта Мусаліні, “стыль імпазантанага холаду” і культ сьмерці - сваёй уласнай. Тру-фашызм, сцьвярджае Мэлер, - гэта катэгарычная апазіцыя таталітарызму, бо прапагандуе індывідуалізм у мысьленьні і паводзінах. Расейскія камэнтатары Мэлера клясычным фашыстам называюць Мікалая Гумілёва зь ягоным замілаваньнем эбэнавымі афрыканкамі (“я глядзела, як скокае сонца// у блактных вачох эўрапейца”) ды возерам Чад.
Глямуны фашызм ня рух - гэта хутчэй “сьветаадчуваньне элітаў”. Эмблемаю гэтага адносна новага настрою, які апанаваю сэрцы маладых на абсягах былога Саўка, магла б стацца пэрлямутравая свастыка. Ніякіх дзьвіжухаў па тэме, маштабнейшых за “па ляшцы піва на вуліцы” пасьля нядаўняй дэманстрацыі ў к/т “Перамога” (!) нямецкай кінастужкі “Саламон - баец Гітлерюнгендта”, у Менску намі заўважана не было. Пастуляты глямурнага фашызму фармулююцца выключна ў сеціве, час ад часу церпячы ад цэнзуры - палаючыя праведным гневам карыстальнікі, чые дзядулі ў танку гарэлі, спраўна стучаць на нардычныя рэсурсы гаспадарам хостынгаў.
Найбуйнейшы віртуальны орган фашыстоўскага глямуру - анляйн часопіс Kleine Furer (“Маленькі фюрэр”). З выгляду - бурлеск і пазёрства, па сутнасьці - сучасная культуралёгія, нэаніцшэанства.
Толькі такі горад кантрастаў, як Moskau, зь ягонай Ксюшай Сабчак і таджыкамі мог спарадзіць гэткія парадаксальныя ідэі. Але адным зь пачынальнікаў глямурнага фашызму такі ёсьць беларус па мянушцы Шляхціч shlyahtich - менчук, студэнт адной маскоўскіх вну, адзін з рэдактараў “Маленькага Фюрэру”, які пазыцыянуе сябе наступным чынам: “Не паверыце, сяджу зараз і сам сабе зайздрошчу, уміляюся, які ж я а*енны, разумныпрыгожыбагатып*здатырамантычны артыстакрат! Накаціла нешта нарцыстычнае - безь хімікатаў - само сабою, боскі провід. І самае крыўднае тое, што вам, гоям, нават не зразумець, як гэта надзвычайна быць мной і тут жа захапляцца сваёй надзвычайнасьцю. Ваісьціну, маю манію велічы не засьціць нават тысяча зорак. Адназначна, я, - звышчалавек! Нібыта адчайны арыстакрат духу з гульлівым бляскам у вачох і саладжавым рысмакам фашызму на вуснах. Захапляйцеся мною. І вельмі прашу, бойцеся!”
Глямурныя фашысты далёкія ад ідэяў генацыду расавай дыскрымінацыі, але нагэтулькі часта апэруюць паняткамі “жыды” і“галякост”, што менавіта яны прымушаюць хапацца за валякардын савецкіх габрэяў з Брайтан-біч. Іх звычайны зварот да гопніцкай болшасьці - “шануй эліту”, а масавае грамадзтва, наіх думку, мае толькі два шляхі - “ у топку” альбо “на поўнач у таварных вагонах”.
Глямурны фашызм праяўляецца хутчэй у стылі мысьленьня, чым у вонкава. Калі вы дзяўчынка, то мусіце трымаць у рамачцы побач з кампутарам здымак ісьцінага арыйца зь нямецкіх агітацыйных плякатаў 1930-х, калі хлопчык, то аб’ект вашага ананізму не банальная парнуха, а чорна-белае сада-маза ў арыйскім стылі, якая-небудзь “Ільза - ваўчыца СС”. Незалежна а таго, як вы выглядаеце, ваш характар нардычны, ваш колер - чорны ці шэры (вачэй - блакітны). Нягледзячы на радыкалізм думак, глямурныя фашысты - гэта досыць мірныя і часам пацешныя разьдзяўбаі, юнакі і дзяўчаты 20-25 год, дзеці заможных бацькоў, моладзь калі не залатая, то срэбная дакладна. Залішак розуму, фінансаў і сталічная прапіска - вось тое, скуль бярэцца гэтае адчуваньне элітарнасьці.

Дзіўна, але напярэдадні вялікай даты праблема агрэсыі з боку нэафашыстаў, якая існуе ў Беларусі, як ніколі раней замоўчваецца афіцыйнай прэсаю. Магчыма, каб не расстройваць адзіных гледачоў БТ - старэнькіх вэтэранаў і бабулек, якія дачакаліся іх з вайны. А магчыма менавіта таму, што ў “нацысцкай Нямеччыне ня ўсё было так кепска”. А паколькі ў нас спрадвеку за ўсіх атрымлівала не “працоўная моладзь” , а “вашывая інтэлігенцыя”, то, калі прыйдзе пара паказной расправы з нэафашызмам у сінявокай, у першым эшэлоне на поўнач у Чарнобыльскую зону выправяць іх - лайдакоў-клябэраў у шэрых скураных палітончыках з ружовымі свастыкамі на рукавох. Што ж, у добры шлях - прынамсі, яны самі вельмі хацелі гэтага.
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 10 comments