Марыя Мартысевіч (maryjka_) wrote,
Марыя Мартысевіч
maryjka_

ПАКУЛЬ ПАКЛАДЗЕШ, ЧАГО НЕ ПЕРАКЛАДЗЕШ: ДЗІЦЯЧЫЯ РЫФМЫ НА "РАДЫЁ МАРЫЙКА"

Пакуль малых спаць пакладзеш, чаго толькі не перакладзеш.

Адмыслова да Дня роднай мовы я сабрала разам некалькі ангельскіх песенек, якія самі па сабе абеларусіліся, пакуль мы сьпявалі іх разам з сынамі (Сымону цяпер пяць, Лявону два з паловай). Гэтыя мэлёдыі паўсюдна: нават калі вы сьвядома не ўключаеце дзецям ютуб з Nursery Rhymes ды іншымі заходнімі ўплывамі,  яны прычэкваюць вас у тэлерэкляме, на дзіцячых ранішніках, іх чуваць з нутра зробленых у Кітаі цацак. Як быць? Зьмірыцца і сьпяваць па-беларуску! Пагатоў, многія песенькі сапраўды выдатныя.

Мне дакладна вядома, што ангельскія песенькі шмат і плённа перакладалі  Сьвятлана Тоўсьцік і Серж Мінскевіч. Праект Сьвятланы Тоўсьцік выйшаў год таму ў кніжцы і на дыску. Перакананая, што перакладчыкаў сярод маладых бацькоў значна больш.  З радасьцю далучаюся да гэтага руху.


ARE YOU SLEEPING, BROTHER JOHN?

Прачынайся, прачынайся,
брат Лявон, брат Лявон,
Пасьля доўгай ночкі зазьвіняць званочкі
Дзінь-дзінь-дон, дзінь-дзінь-дон.

(Пераклад ангельскай версіі старажытнай французскай песенькі пра манаха. Як гэта часта бывае з эўрапэйскімі песенькамі, яна зь гістарычным падтэкстамі. Але мэты перакладаць іх усе я ня мела).

TWINKLE, TWINKLE, LITTLE STAR

Зорка, зорачка, зіхці.
Што ты, што ў маім жыцьці?
У скарбонцы неба ты
Нібы грошык залаты.

(Вершык брытанскай паэткі Джэйн Тэйлар (1783–1824), які яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі зрабіўся папулярнай калыханкай,  мае пяць строфаў. Але на ютубе найчасьцей можна пачуць толькі першыя радкі).

DADDY FINGER, WHERE ARE YOU

Татка-пальчык, татка-пальчык, дзе ты, дзе?
Вось і я, вось і я, добры дзень!

Мама-пальчык, мама-пальчык, дзе ты, дзе?
Вось і я, вось і я, добры дзень!

Братка-пальчык, братка-пальчык, дзе ты, дзе?
Вось і я, вось і я, добры дзень!

Сястра-пальчык, сястра-пальчык, дзе ты, дзе?
Вось і я, вось і я, добры дзень!

Дзетка-пальчык, дзетка-пальчык, дзе ты, дзе?
Вось і я, вось і я, добры дзень!

(Гэтую песеньку мы сьпяваем зь Лявонам перад выхадам з дому. Толькі на другім дзіцёнку я даўмелася, што яе прыдумалі, каб надзяваць малым  пальчаткі.  Лявон імправізуе: любіць даваць імёны пальчыкам).


OLD MCDONALD HAD A FARM
Хутар дзеда Васіля, тра-ля-ля-ля-ля.
Дзед гадуе нам цяля, тра-ля-ля-ля-ля.
Цяля му-му там і му-му тут,
Тут му-му, там му-му
І паўсюдна му-му,
Во цяля ды ў Васіля, тра-ля-ля-ля-ля!
Хутар дзеда Сержука, тра-ля-ля-ля-ля.
Дзед гадуе вепрука, тра-ля-ля-ля-ля.
Вяпрук рох-рох там і рох-рох тут,
Тут рох-рох, там рох-рох
І паўсюдна рох-рох,
Во вяпрук у Сержука, тра-ля-ля-ля-ля!
Хутар дзеда Янука, тра-ля-ля-ля-ля.
Дзед гадуе індыка, тра-ля-ля-ля-ля.
Індык дык-дык там і дык-дык тут,
Тут дык-дык, там дык-дык
І паўсюдна дык-дык,
Во індык у Янука, тра-ля-ля-ля-ля!
Хутар дзеда Юрася, тра-ля-ля-ля-ля.
Дзед гадуе карася, тра-ля-ля-ля-ля.
Карась буль-буль там і буль-буль тут,
Тут буль-буль, там буль-буль,
І паўсюдна буль-буль,
Во карась у Юрася, тра-ля-ля-ля-ля!
Хутар дзеда Талаша, тра-ля-ля-ля-ля.
У яго пяе душа, тра-ля-ля-ля-ля.
Бо ён без му-му і без рох-рох,
Без дык-дык, без буль-буль,
Толькі ля, ля, ля, ля!
Во душа ды ў Талаша, тра-ля-ля-ля-ля!

(Гэта крыху постмадэрністычны пераклад, бо арыгінал заточаны на запамінаньне жывёльных гукаў, а ў мяне гэта паплыло ня ў той бок ужо на куплеце з карасём. Лявон пакуль не дарос, а Сымон яе любіць, толькі замест "траляляляля" ўсё адно сьпявае ія-ія-о, як у арыгінале).

Працяг будзе, але гэта недакладна:)
Са сьвятам роднай мовы ўсіх, хто сьвяткуе!
Tags: пераклады
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 4 comments