Марыя Мартысевіч (maryjka_) wrote,
Марыя Мартысевіч
maryjka_

АНТОНІ ЭДВАРД АДЫНЕЦ, АБО ТЫСЯЧА РАДКОЎ, ЯКІЯ ПЕРАВЯРНУЛІ МАРЫЙКУ

Мая барацьба з сылябамі

Одобрено цезурой (sic!).

Перадгісторыю гэтага дзёньніка можна пачытаць тут.

*
2 кастрычніка 2018 года, подпіс да фота задаволенага янота:

Твой твар, калі нарэшце ўдалося ўставіць у пераклад оды Адынца рыфму “сонца – бясконца”.

*
15 кастрычніка 2018 года:
А ў гэтым перакладным урыўку мае месца атракцыён цырку-шапіто "На пятым радку іншаплянэтнікі выкрадаюць Адынца і замяняюць яго на прыстойнага паэта". Увогуле, ён сваім талентам моцна нагадвае Сібілу з "Гары Потэра". Раз у год і палка страляе.

…Час ляціць безупынны! Людзі, што нядаўна
На каленкі дзяцінства нашае садзілі
І гісторыяй продкаў ці казкай забаўнай
Дух пясьнярскі, адданасьць Айчыне будзілі,
Дзе ўсе? Зьніклі са сьвету! Змарнелі ды ўмёрлі
Ці гібеюць, і скруха стаіць ім у горле,
І, як рэшткі крушэньня мкне хваля сівая,
Каб затапіць назаўжды — у бяздонным моры,
Вечнасьць, што ўсё бліжэе, ўсіх іх пахавае.

*
30 кастрычніка 2018 года:
Пакецік з жэлацінавымі мішкамі ў маладой сям’і – як пачак цыгарэт у Гулагу. Курс Нацбанка: легчы спаць – два мішкі, пайсьці ў садок – мішка, у кепскім настроі – тры. Гэта Сымон. А Лявон прайшоў першы тэхагляд, сказалі, дафіга жарэць паліва ваш грузавічок. Набраў за месяц жыцьця 1400. Дзяды нэўтралізаваныя Сымонам, Лёнчык – цалкам мой, нянькаю, гушкаю і раптам страшная думка: Той дзядам, гэты нам, дык што, трэці і праўда Лукашэнку???

Што сапраўды добра больш за месяц ня цягне пісаць вершаў. Адпусціла. То бок, я іх нават пішу, калі трэба, але ня цягне, разумееце? Штопраўда, Адынец спальвае дафіга паэтычных калорыяў. Асабліва вырубае, калі ён цытуе верш без пачатку і канца, толькі таму што ў гэтых строфах ён як ніколі іскрамётна пагуляўся словамі. Хачу любіць сябе, як Антоній Эдвард, карацей кажучы.

30 кастрычніка 2018 года-2:
Харошыя дзяўчаткі перакладаюць Адынца. Кепскія – каго захочуць.

30 кастрычніка 2018 года-3:
Дзевачка, міленькая, пацярпі крышачку, яшчэ дзьве страфы Адынца – і можна будзе старонку Сыракомлі.

*
2 лістапада 2018 года:
У кожнай працы ёсьць месца творчасьці. Узяць, скажам, перакладаньне вершаў А. Э. Адынца. Ён палічыў за абавязак прысьвяціць па юбілейным вершы ўсім дактарам, якія лекавалі Міцкевіча ў Вільне і Коўне. Выглядае на тое, што Міцкевіч быў хваравіты, а грошай на здароўе асабліва ня меў, і таму яго бясплатна або за танна лекавалі дактары, якія самі пісалі вершы, цалкам усьведамляючы сваю мі-мі-місію. У працэсе стаўленьня банак яны любілі пацерці за рамантызм з клясыцызмам. Адным з такіх дактароў-паэтаў быў Станіслаў Расалоўскі, з апісаньня Адынцом якога можна даведацца, як сварыліся літаратары ў ХІХ стагоддзі, калі не было інтэрнэту. У арыгінале там, дзе плаціна, гаворка пра вадзяны млын. Напэўна, гэта тагачасны адпаведнік вэнтылятару.

З падвойным рэспектам
Стась, творца і лекар,
Цябе я вітаю!
І казаньне гэта
Паэт да паэта –
Нарэшце зьвяртаю.
Табе ж нешта прозай
Тлумачыць параза:
Ледзь што, ты — з пагрозай, Абразай, зараза!
Паэтаў назло ты,
Як хто не антычны,
А немец (хай Гётэ)
Ці брыт рамантычны,
Клянеш, як шалёны,
Гнеў вонкі як хлыне,
Нібыта заслоны
Адкрылі ў плаціне,
І лаеш, і ганіш,
І ганіш, і лаеш,
І правіш, і раіш,
І ўпікі кідаеш (...)



Творчасьць без адрыву ад жыцьця. Антоні б ацаніў

*
11 лістапада 2018 года:
Калі левая рука свабодная, чытаю вампірскую сагу, калі правая перакладаю. Падумалася, што ўжо маю дастаткова матэрыялу, каб напісаць раман “Філаматы, філарэты і вампіры”.
Таксама на маргінэсе паўстаюць натхнёныя радкі:
А. Э. Адынец
дастаў уканец.

І швец, і жнец,
і Антоні Эдвард Адынец.

Антоній,
выпі плутоній
і г. д.

*
13 студзеня 2019 года:
Дзеля краснага слаўца не пашкадуе Адынца.

*
25 студзеня 2019 года:
Я прыйшла не са шчытом, але на шчыце, і на гэтым шчыце запісана 56 радкоў Адынца на імяніны Зана. Гэта, бляха, вынік за тыдзень. За мінулы год я зрабіла 300 радкоў, якія ўставіліся ў тэкст, плюс каля 100 атрыбутавала, цяпер трэба яшчэ 620. Псыхолягі раяць падлічваць свае дасягненьні, а ў мяне ступар ад гэтай тысячы, наперадзе яшчэ пагонны мэтр паэзіі. Я так разумею, ён у іх там быў апошні з філамацкіх магіканаў, дык яму з рэжыме сабесу замовілі мэмуары, а ён крыхан злоўжыў і паўстаяўляў вершы. Пры гэтым некаторыя тэксты складаныя тэхнічна, але бессэнсоўныя.

*
10 сакавіка 2019 года (праз два дні пасьля кліпа Вадзіма Галыгіна з віруснай песьняй “Восьмае, сакавік. На падворку сьнегавік і г д):
Адынец быў фанам Міцкевіча, але доўга не наважваўся да яго падысьці, стаяў пад вокнамі і ўсё такое. Нарэшце прыйшоў дадому. Гэтую падзею Адынец падрабязна апісвае ў пяцістаронкавым вершы (а я, увы мне, яго перакладаю, а яшчэ ў Адынца ёсьць паэмы, і ён іх таксама закапіпасьціў ва ўспаміны, уявіце іх мэтраж). Карацей, адбылася сустрэча шостага сакавіка. І ў мяне праблема, бо ў сылябічны памер лезе толькі "Шостае. Сакавік". Гэтак я і напішу – хай тыя пару адчайных, хто дачытае мэмуары Адынца да 300-й старонкі, парадуюцца.

Адным словам, ніжэй тыя ж падзеі вачыма Адама Міцкевіча ў вольным пераказе.

* * *
Шостае. Сакавік.
Валю Dziady ў чыставік.
Раптам нейкі хер з гары.
У яго цяпло ўнутры.
То Антоха Адынец,
Ён дастаў мяне ўканец.
Чую, выне ўсю душу,
Хрэн што сёньня напішу.

Шостага сакавіка
Стрэліся два шляхцюка,
Мёду і малака
Льецца ўсю ноч рака...

(У Адынца часта пыталіся, што бухалі філаматы і філарэты. Ён бажыўся, што яны не бухалі, і гарбата, мёд ды малако ў песьнях не эўфэмізмы. Маўляў, перакладалі Байрана, качалі біцуху, а потым на маёўках наварочвалі хто парное малачко, а хто сыраквашу поўны ЗЛЖ. Я яму, канешне, ня веру).

На карцінцы Адась і Эдзюсь на Вэзувіі. Гравюра 1881 году, яна ілюструе гісторыю векапомнай дружбы ў інтэрпрэтацыі састарэлага Адынца, адсылка да знакамітай карціны пра Аю-Даг, імха, невыпадковая.
І гэта, я прабівала: ніводзін з іх ня быў геем. Максымум бі


*
12 сакавіка 2019 года:
Not-a gay-seats хочацца паўстаўляць у гэты ўрывак замест цэзураў. Столькі фальшу і экзальтацыі на см кв тэксту цяжка прыдумаць, або я неяк адмыслова не адчувальная да паэтыкі перасьпелага рамантызму. "Братні" і "сябры" ўставіла ў пераклад, бо гэтыя словы цягнулі патрэбныя рыфмы, але і з літасьці да аўтара, неяк мне шкада яго ў цынічным ХХІ стагоддзі. Бо ў арыгінале там "доўгія пацалункі са сьлязьмі" і "быў шчасьлівы зь ім уночы". Насамрэч, апроч словаў Адынца, даволі мала пруфаў, што яны па-сапраўднаму сябравалі. Міцкевічу, відавочна, падабалася падабацца, а пол фаната ня меў значэньня. У пачатку сэрыі: Міцкевіч пісаў "Дзяды" на віленскай кватэры, але ніхто яшчэ пра гэта не здагадваўся. Сам жа Міцкевіч ужо ведаў, што яго хутка выпраўляюць у высылку.
(...)
Сыйсці я хацеў – ён кіўнуў: застанься.
Не было ў сьвеце сьвяцейшага твару.
Тонкая постаць, вакол цені танчаць –
Я ўяўляў: духі, прагныя пажару.
Так мы сядзелі. Моўча і сутоньне.
Раптам ён рукой мне ўстрапаў валосьсе:
“Праўда сумаваць ты па мне, Антоне,
Будзеш?” Сумневаў больш не засталося,
Што да прычыны роспачы юначай.
“Мала хто з нашых так па мне заплача,
Як ты”. Больш слухаць не было мне змогі.
Яму на грудзі – не трымалі ногі –
Я ўпаў з цалункам братняга адзінства.
І цуд адбыўся. Я зьмяніўся цалкам.
Мы сталі роўняй, што сябры з дзяцінства.
Размовы ночы мы сканчалі ранкам,
З ім адным быў я шчасным і свабодным,
Зазнаў уздымы і натхненьня хвалі.
Ліру засвойваў, быць каб сябрам годным,
Яго падказкі крылы мне давалі.

*
8 красавіка 2019 года:
Найлепшая цытата з фэстывалю “Прадмова”: Александру Федута удалось продемонстрировать, что жизнь Франтишка Малевского была полноценной и без Адама Мицкевича.

Са сваёй званіцы магу дадаць, што жызнь Адынца не была, чалавек збудаваў кар’еру на тым, што бачыў Леніна. У мяне ступар я дабралася да оды Адынца, якую і чытаць можна толькі праз ваніты, а мне перакладай, ды так, каб беларускага чытача ванітавала сувымерна з польскім (мэтад функцыянальнага перакладу).

Затое “Прадмова” ўдалася, вялізны дзякуй усім арганізатарам і ўдзельнікам.
Бартэндарка ОК16 зьмешвае літаратурныя кактэйлі

*
22
красавіка 2019 года:
Пляны на тыдзень, а тое і ўсе два. Што выбраць?
даперакладаць Адынца (200 радкоў)
дапісаць раман (200 старонак)?



*
22 студзеня 2020 года, камэнтар да спасылкі пра анонс выдавецтва Сьвятланы Алексіевіч “Пфляўмбаўм”:

Выдатны матэрыял. Палёт новага выдавецтва яшчэ не пачаўся, а разбор гэтага палёту ўжо ёсьць. Хочацца пагадзіцца з усім трыма аратаркамі, за выняткам рэплікі спадарыні Марыны:

“Шыбко: Калі аўтарак будуць выдаваць ня таму, што яны жанчыны, а таму, што яны напісалі добрую кнігу, то гэта вельмі паўплывае на якасьць літаратурнай творчасьці”.

То бок, тое што зараз выходзіць шмат хяровай літаратуры мужчынскага аўтарства усім норм? Каб лішняга разу не чапаць жывых, вось вам прыклад: Антоні Эдвард Адынец. Прыклад таго, што ўпёртага графамана нават уласная сьмерць 150 гадоў таму не ўтрымае ад публікацыі. І ўсё, як сказала Тацяна Нядбай: яго абслужылі жанчыны. Дзьве пераклалі, а трэцяя выдае. А прыдумаў усё літаратурны аб’юзэр Аляксандар Фядута.
Выдаўца Адынца Марына Шыбко ("Лімарыус").
*
24 кастрычніка 2020 года:
"Я дваццаць гадоў у партыі, а ты хто такі?"
А я ствараю азёры ўзмахам рукі,
лебедзяў з костак, і гэта выходзіць крута.
"Трэба жыць доўга і перажыць усіх",
Як напісаў пра Адынца Фядута.

*
25 кастрычніка 2020 года:
Весела была,
Як Адынца выдавалі:
Музыка йграла,
Цукеркі давалі.

У друку
Tags: белліт, літаратура, няварта, пераклады
Subscribe

Recent Posts from This Journal

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments