Марыя Мартысевіч (maryjka_) wrote,
Марыя Мартысевіч
maryjka_

"НЯВАРТА": ШТО Я ДУМАЮ ПРА "КРАЙЦЭРАВУ САНАТУ" ЛЯВА ТАЛСТОЯ

У гэтыя сьвяточныя, не пабаюся гэтага слова, ханукальныя дні, калі хіпстарскія калядныя кірмашы Менску нарэшце накрыла сьнегам, у кагосьці можа скласьціся аблуднае ўражаньне, што на Беларусь такі спусьціліся мір, лагода ды Санта Клаўс і наагул тут нейкім бокам жыве Бог. Трэба тэрмінова нешта з гэтым рабіць, таму я кідаю ўсё і пошчу ў ЖЖшку тэкст, які напісаўся даўно, але застаўся на маргіналіях набросу пра раман Анкі Упалы як яшчэ адзін прыклад бездакорнай літаратуры, прачытаньне якой мяне раззлавала. Дарэчы, ад сёлета тэксты гэтага блогу архівуе спэцыяльная праграма Бібліятэчнай Асацыяцыі Лігі Плюшча ў ЗША. То бок ад беларускай літаратуры ў сеціве праз сто гадоў застанецца, апроч ншага, гэта. Прыміце спачуваньні.


Рубрыка "Няварта" зьявілася па адной-адзінай прычыне, імя якой – Ян Максымюк  і ўсё тое, што ён увасабляе ў літаратурным полі краіны як рэдактар "Варты" на Радыё Свабода і мадэратар ФБ-суполкі "Толькі пра літаратуру" (увасабляе, калі што, усё толькі самае вартае і літаратурнае). Але сёняшні інтэркалядны выпуск натхнёны паэтам і рэдактарам “Дзеяслову” Анатолем Івашчанка viershnick, які толькі што падвёў чытацкія вынікі году. Сярод прачытанага ім сёлета быў твор, які яго моцна ўразіў – "КрайцЭрава саната" Лява Талстоя (о так, мы можам інтэгравацца зь імі як заўгодна глыбока, але беларускай мовы ўжо ня спыніш).

Трымайце пяць маіх пакуль што беларускіх капеек.

Беларускія капейкі. Чтобы помнілі. Фота парталу "Спутнік".

Нагадаю, што "Крайцэрава саната" – скандальная аповесьць 1890 году, у якой пасажыр цягніка на імя Васілій Позднышаў, папіваючы чыфір, расказвае спадарожніку пра тое, як укакошыл жану, бо тая грала на фартэпіяна. За жыцьця Талстоя твор быў забаронены цэнзурай у Расійскай Імпэрыі і ЗША, але актыўна разыходзіўся ў рукапісах. З таго часу на “Крайцэраву санату” часта спасылаюцца як на клясычны тэкст, адкуль моладзь можа шмат даведацца пра сямейнае жыцьцё і сутнасьць каханьня. А ў рыторыцы патрыярхальных шавіністаў аповесьць гэтая ўжо больш за сто гадоў займае пачэсны пасад паміж Старым Запаветам і Дамастроем. Вось і цяпер, гуглячы "Крайцэраву санату", я даведалася, што “это произведение понравилось 83% пользователей”.

Беларусы ікнулі ад такога працэнтажу.

У 34 гады я перачытвала яго па тым жа выданьні, па якім чытала ў 16. Самым жахлівым у тэксьце аказаліся мае пазнакі алоўкам. Я сумленна спрабавала знайсьці ў “Крайцэравай санаце” нейкі рэцэпт каханьня і жаночага шчасьця, але не знаходзіла.

На сьвежае ж вока нават без усякай фэмінісцкай рэвізіі відавочна, што Талстой – паехалы на ўсю галаву пэрсанаж зь ня тое што недалечанымі, але нават неўсьведамленымі і непрагаворанымі дзіцячымі траўмамі, які пад уплывам выкліканых імі завіхрэньняў у галаве трансьляваў поўны фэйспалм у глябальным маштабе. Пры гэтым як мастацкі твор “Крайцэрава саната” пераўзыходзіць аўтарскую задуму і пры належным прачытаньні (калі падкрэсьліваць алоўкам там, дзе трэба) сьведчыць супраць аўтара. Заставаўся яшчэ мізэрны шанец, што рэдакцыя (Талстой) можа не падзяляць меркаваньне свайго калюмніста (Позднышава), але каб у нас адпалі сумневы на гэты конт, граф яшчэ наўздагон піша пасьлямову, каб падрабязна патлумачыць, што ён меў на ўвазе.

Аказваецца, асноўная праблема чалавецтва ў тым, што яно трахаецца. Яно трахаецца па-за шлюбам, да шлюбу, замест шлюбу і нічтожэ сумняшэся працягвае рабіць гэта ў шлюбе, у які з гэтай мэтай і ўступае, апраўдваючы юр і распусту неабходнасьцю мець дзетак. Дык вось, нават дзеля гэтай найвышэйшай мэты трахацца ў шлюбе варта перастаць, каб сапраўды жыць з мужам або жонкай агульнымі духоўнымі патрэбамі і эстэтычнымі ўпадабаньнямі, а не адно прыкрывацца гэтым.

Адметна, што гэтая благадатная, як велікодны агонь, ідэя прыйшла Талстою да галавы на 63-м годзе жыцця, калі 44-гадовая Соф’я Андрэеўна ўжо нарадзіла яму 13 нашчадкаў, пяцёра зь якіх памёрлі маленькімі. Але, канешне, лепш позна, чым ніколі.

Герой “Крайцэравай санаты” зарэзаў жонку нібыта праз рэўнасьць да настаўніка музыкі (якая зьлілася з рэўнасьцю да самой музыкі і шчасьця, якое прыносіць сужаніцы развучваньне санаты Бэтховэна). Аднак вінаватыя ў гэтым усе навокал – тыя, хто змусілі яго да шлюбу сваімі сацыяльнымі стандартамі і вучылі, што юр і распуста для мужчыны гэта харашо: грамадзтва, сябрукі-таварышы, цешча, сама жонка, калі нявесьцілася, і краўцы, і, безумоўна, вопратка: "эти джерси мерзкие, эти нашлепки на зады, эти голые плечи, руки, почти груди". І калі б ніхто ня трахаўся, ўсе засталіся б жывыя. Я вось падазраю, Леў Мікалаевіч таксама ня раз парываўся што-небудзь зрабіць з Соф’яй Андрэеўнай, але ў выніку палічыў за лепшае сублімаваць у творчасьць. Гэта пахвальна.
Мода 1870-х. "Нашлёпка на зад", або як мучыліся эўрапэйскія жанчыны ў ХІХ ст
бяз твёрку ды іншых тэхнік па накачцы азадку. "Мерзкае джэрсі", на жаль, ня гугліцца.

Галоўным у сваім шэдэўральным тэксьце Талстой лічыць менавіта прапаганду асэксуальнай духоўнасьці. Без адказу застаюцца ім жа самім незнарок пастаўленыя пытаньні: калі ў шлюбе нельга трахацца, ці можна там музіцыраваць? Або маляваць, раз ужо жонка героя не мела магчымасьці атрымаць прафэсію і працаваць, ня кажучы ўжо пра тое, каб мець уласны бізнэс, як Вера Паўлаўна Чарнышэўскага (раман “Што рабіць?” быў напісаны ў 1863 годзе, за чвэрць стагодзьдзя да “Крайцэравай санаты”).

Я зусім ня памятаю, як так атрымалася, што я прачытала гэтую аповесьць у дзясятай клясе. Настаўніца рускай літаратуры такога параіць не магла. Напэўна, я ўжо шарылася па беларускамоўных літаратурных вечарынах, абраўшы іх як альтэрнатыву гераіну ў падваротні, і недзе пачула такую параду. На сёння, на жаль, прагноз адносна гэтага твору несуцяшальны. “Крайцэрава саната” – гэта тая руская літаратура, якую нашы дзеці будуць вучыць у часе прэзыдэнства Уладзімра Пуціна. Прычым не на ўроках літаратуры, а на ўроках сямейнага выхаванья (сумешчаных з Законам Божым). І гэта тая літаратура, якую нашы дзеці будуць вучыць у часе прэзыдэнцтва Паўла Севярынца (безумоўна, у гэтым апошнім выпадку – у добрым беларускім перакладзе, у рамках літаратуры сусьветнай). Толькі прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ратуе нас ад “Крайцэравай санаты”, бо для нашага пакуль яшчэ прэзыдэнта ўва ўсёй сусьветнай літаратуры існуе толькі адзін твор. Няхай ён і таго ж аўтара.
Tags: літаратура, няварта
Subscribe

  • НЯ БЫЦЬ БЛЭР - ДЛЯ ТЫХ, ХТО Ў АЛЬПАХ

    Эта... Пасьля такога перапынку нат ня ведаю, як пачаць. Мусіць, так: ізьвініце, што без манетызацыі... Фактычна ўвесь 2014 год у мяне быў годам без…

  • ВЫКЛІК

    Паглядзелі ўчора па БТ Defiance, пра які так шмат гаварылі бальшавікі. Можна лічыць, у першы раз. Пазычаную два гады таму няякасную копію з жахлівым…

  • ВІЦЕБСКІ ФЭН-ШУЙ

    Гледзячы на падазрона элегантна адбудаваны Усьпенскі сабор у Віцебску, я стаяла і думала: ну дзе яны мяне кідаюць? Бо для галоўнай мэты ўсяго гэтага…

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 1 comment