Марыя Мартысевіч (maryjka_) wrote,
Марыя Мартысевіч
maryjka_

НЯВАРТА feat MYTHBUSTERS: ЦІ САСТУПАЕ КУРТ ВОНЭГУТ У АРЫГІНАЛЕ РЫЦЕ КАВАЛЁВАЙ?

У гэты радыкальна непагодны дзянёк, калі чытачы кніжнай сэрыі "Амэрыканка" сабралі больш за 2000 рублёў на перавыданьне "Бойні №5" Курта Вонэгута па-беларуску і маюць яшчэ адну ноч, каб сабраць крыху болей, а само перавыданьне паляцела на вёрстачку, я маю крыху часу, каб апавесьці  пра вынікі невялічкага досьледу, які зрабіла ў кастрычніку.  Тут і цяпер, без страхоўкі і каскадэраў, я пагуляюся ў разбуральніцу літаратурных легендаў, каб нарэшце адказаць на важнае для мяне  посткаляніяльнае пытаньне: ці сапраўды руская савецкая школа перакладу амэрыканскай літаратуры такая крутая як яе малююць?

Спойлер сапраўды.

Так што, калі вы трапілі на гэтую старонку па службе, схавайце заточку назад у халяву свайго крамлёўскага боту. Сэнсацыяў, зрываньня пакроваў і выкрыцьцяў тут не прадбачыцца. Але ёсьць у гэтым пытаньні трансьляталягічныя і геапалітычныя нюансы, і я хацела б гаварыць пра гэта.

Гаварыць пра гэта я хацела б у межах утульнай мне кляакі сваёй нерэгулярнай і непапулярнай рубрыкі "Няварта", прыдуманай, нагадаю, з адной-адзінай мэтай затроліць Яна Максымюка.  Поруч са знакамітым домам літаратурнай цярпімасьці ФБ-суполкай "Толькі пра літаратуру", згаданы воін сьвятла заснаваў на "Радыё Свабода" культаглядальніцкую сэкту пад назвай "Варта", гэты рассаднік станоўчых тэндэнцыяў і кампліментарнай крытыкі.

Як вы можаце здагадацца, мяне ў  "Варту" не бяруць.

І гэта толькі да лепшага, бо ў атмасфэры пазітыўнай цэнзуры, прымусовай дабрыні і ўсеахопнай любові мой кволы дух  змарнеў бы дашчэтну, як рэдкая архідэя-вампір у восеньскім  букеціку бабулькі зь пераходу. Нам фсем нужна герань, каб на яе трасца.


Рэдкая архідэя-вампір.

Але бліжэй да справы. Перачытваць перакладзены Паўлам Касцюкевічам раман я ўзялася ў разгар літаратурнага скандалу ў Расіі. Амэрыканскі пісьменьнік Джонатан Літэл, які ў 2006 годзе атрымаў Ганкураўскую прэмію за напісаны па-француску раман Les Bienveillantes, заявіў, што ў расійскім выдавецтве Ad Marginem пераклад гэтай кнігі быў фактычна адцэнзураваны зь яго выкінулі каля 600 фрагмэнтаў. Гэта справакавала шэраг публікацыяў і выказваньняў ад усіх бакоў канфлікту. У тым ліку цікаўныя даведаліся, што праўкі былі патрэбныя дзеля таго, каб атрымаўся (мужайцесь) ... "клясычны рускі раман". Пасярод скандалу рэдактарка кнігі, заслужаная Марыя Тамашэўская, на вялікі жаль, памерла.

У цэлым уся гісторыя вельмі паказальная. Я зь яе вынесла, напрыклад, тое, што  ў 2012 годзе Літэл нібыта завочна пагадзіўся на ўмяшаньне ў тэкст, адно што ня ведаў, наколькі яно будзе брутальным. Няважна, 20 або 10 старонак выкрасьлілі: па-руску зьмянілася канвэнцыя твору. У Расіі чытаюць ня тое, што было напісана. Аднак расійскі кніжны рынак надта магутны, а расійская літаратурная традыцыя надта нягнуткая, таму такія гісторыі як здараліся, так і будуць здарацца. Насуперак дамовам пра аўтарскія правы, заходнія пісьменьнікі і іхнія агенты будуць ісьці на саступкі ў абмен на роялты.

І вось у той дыскусіі яно прагучала чарговага разу. Аляксандар Іваноў, дырэктар Ad Marginem, пераказвае сваю размову з пісьменнікам Джонатанам Літэлам:

Я ему говорил еще при чтении первой версии перевода: Джонатан, там получился интересный эффект, как у Воннегута: на русском языке роман стал лучше, чем на языке оригинала.

Тут я і вазапіла: даколе??? вырашыўшы, што перагляджу з арыгіналам ня толькі беларускую вэрсію, але і культавы пераклад "Бойні №5" пяра Рыты Райт-Кавалёвай, каб уласна, на свае вочы пераканацца, чым ён "более лучше".

У любым выпадку, калі надараецца нагода, гэткае паралельнае чытаньне шыкоўны трэнінг для перакладчыка.

Але перш чым узяцца за мачэтэ, памолімся сьвятому Гераніму, памянём Казьму Пруткова і пазрым у корань містыфікацыі. Адкуль наагул растуць ногі ў гэтай казкі народаў Расіі, маўляў Рыта Райт-Кавалёва пераванэгуціла Вонэгута?

Баюся, крыніца ў міту адна, і вось яна цалкам:


Когда-то я был секретарем Веры Пановой. Однажды Вера Фёдоровна спросила:
— У кого, по-вашему, самый лучший русский язык?
Наверно, я должен был ответить — у вас. Но я сказал:
— У Риты Ковалёвой.
— Что за Ковалёва?
— Райт.
— Переводчица Фолкнера, что ли?
— Фолкнера, Сэлинджера, Воннегута.
— Значит, Воннегут звучит по-русски лучше, чем Федин?
— Без всякого сомнения.
Панова задумалась и говорит:
— Как это страшно!..
Кстати, с Гором Видалом, если не ошибаюсь, произошла такая история. Он был в Москве. Москвичи стали расспрашивать гостя о Воннегуте. Восхищались его романами. Гор Видал заметил:
— Романы Курта страшно проигрывают в оригинале...

Што нам кажа гэты знакаміты літаратурны анэкдот? Па-першае, відавочную рэч: Даўлатаў кшталтаваў свой знакаміты стыль у тым ліку і, можа быць, перш за ўсё, чытаючы ў СССР перакладную літаратуру. За што яго, уласна, і любім. Пасаж пра Гора Відала з гэтай мініяцюры, нават калі аўтар не памыляецца, кепска вэрыфікуецца.

А нават калі вэрыфікуецца, то зірнем кантэкст. Пісьменьнік і драматург Гор Відал (1925 2012) быў амаль аднагодкам Курта Вонэгута і раней за яго пачаў кар'еру, прыйшоўшы да посьпеху, пакуль Вонэгут маяўся з навязанай бацькамі вышэйшай адукацыяй ды прадаваў машыны і адно падступаўся да пісаньня. Потым слава Відала заняпала, а Вонэгутава ўвайшла ў зэніт і знахозіцца там дагэтуль. Вонэгут надзейна заняў у ЗША нішу літаратурнага левака і сатырыка, якую Відал рыхтаваў для сябе. Ягоную знакамітую фразу пра тое, што

Kurt Vonnegut is the worst writer in America,

самі амэрыканцы тлумачаць зайздрасьцю і духам суперніцтва.

Пытацца ў Відала, што ён думае пра Вонэгута было прыкладна як пытацца ў Бітава, што ён думае пра Вазьнясенскага. Ну, калі даваць веры той жа крыніцы.

Адно што Відал Вонэгута ні па чым ня біў, а  ў сітуацыі, калі непрыемным яму калегам пацікавіліся савецкія чытачы, па-мойму, даволі куртуазна выкруціўся.

Але далей у мяне бракуе рэсурсу прасачыць за рукамі ды высьветліць, як галантны жарт выхаванага амэрыканскага літаратара зрабіўся сур'ёзным літаратуразнаўчым аргумэнтам.

З гэтым разабраліся. Едзем далей.

У кастрычніку я адкрыла  чатыры тэксты і прынамсі да паловы паралельна іх прачытала.

Арыгінальны твор (Slaughterhouse-Five, or the Children's Crusade, 1969), пераклад Рыты Райт-Кавалёвай ("Бойня номер пять, или Крестовый поход детей", упершыню выдадзены ў 1978 г. пад адной вокладкай зь іншымі раманамі) і, для кампаніі, польскі пераклад Леха Енчмыка 1972 году (Rzeźnia numer pięć, Czyli krucjata dziecięca, Czyli obowiązkowy taniec ze śmiercią). А таксама першае беларускае выданьне ў перакладзе Паўла Касьцюкевіча ("Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак" , 2010 г.)
Пастановачны кадар у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Творы маладушна зьвяраліся па электронных вэрсіях.

Што наагул можна сказаць пра пераклады Райт-Кавалёвай і Енчмыка? Яны абодва  вельмі харошыя. А галоўнае, па-за нюансамі, адзначанымі ніжэй, сувымерныя арыгіналу. Я мала абазнаная ў польскай стылістыцы і мне цяжка ўпісаць Енчмыка ў  літаратурны кантэкст, таму  ад лішніх камэнтароў устрымаюся. Скажу толькі, што, па маіх адчуваньнях, працы Енчмыка і Кавалёвай розьніць адна прынцыповая рэч. Першы перакладаў твор пісьменьніка-фантаста, другая твор антымілітарыста і гуманіста.

Навуковую фантастыку я не пераношу з раньняга дзяцінства,

таму, думаю, рускі пераклад быў асноўнай прычынай, па якой я ў школе перачытала ўсяго перакладзенага тады Вонэгута.

Падчас параўнаньня вэрсіяў робіцца відавочным, як сур'ёзна трэба было папрацаваць рускай перакладчыцы, каб арганічна ўпісаць ляканічны Вонэгутаў стыль у славянскую апавядальную стыхію, ды яшчэ  зрабіць так, каб гэта гучала няштучна. Піітэту да арыгіналу і акуратнай перадачы стылістычных нюансаў у яе абавязкова варта павучыцца.

Да слова, заходнія перакладчыкі не заўсёды такія датклівыя, калі гаворка ідзе пра зваротную канвэртацыю. Напрыклад гэта з маіх паралельных чытаньняў у 2013 годзе  Пол Ўілсан, перакладчык Багуміла Грабала ў I Served the KIng of England цалкам праігнараваў знакамітую Грабалаву сынтаксычную плынь, нарэзаўшы твор на кароткія сказы. Напэўна, таму што іх англійскі чалавек этава не зразумее. Зрэшты, Бог зь ім.

А цяпер самая смакотка, тое, дзеля чаго мы, уласна, сабраліся невытлумачальныя неадпаведнасьці паміж рускім перакладам і арыгіналам.  У сэнсе, падцягваньне ў цэлым амаль цнатлівага твора Вонэгута пад маральны кодэкс будаўніка камунізму апусьцім, бо гэта акурат вытлумачальна. Само сабой ясна, што  1978 годзе motherfucker перакладаецца па-руску як "тра-та-та", а порнаграфічныя фільмы ператвараюцца ў "игривые". (Іншая справа, што ў 2012 годзе, выдаючы па-руску Літэла, Ad Marginem перадае францускую  "пізду" як "вульву", а францускую  "вульву" як "прелести", але тут патрэбная асобная вялікая дыскусія што да рускай рэдактуры і ейнай школы).

Некалькі дзіўных месцаў з самага пачатку рускага перакладу  "Бойні №5".  На першых старонках яны трапіліся даволі густа, я нават спужалася, што так будзе паўсюль, але не збольшага, супадзеньне.


Бойня №5,
АБО КРЫЖОВЫ ПАХОД ДЗЕТАК
Добраахвотна-прымусовыя скокі са сьмерцю
КУРТ ВОНЭГУТ-МАЛОДШЫ,
амэрыканец нямецкага паходжаньня
ў чацьвертым пакаленьні,
што цяпер жыве з усімі выгодамі
на мысе Код
(і зашмат курыць),
вельмі даўно, калі быў пяхотным выведнікам
войска ЗША,
«па-за гульнёю»
(у якасьці ваеннапалоннага)
зрабіўся сьведкам бамбаваньня гораду Дрэздэну
(Нямеччына),
гэтай «Флярэнцыі-на-Эльбе»,
і можа пра тое апавесьці, бо ацалеў.
Гэты раман месцамі напісаны ў тэлеграфа-
шызафрэнічнай
манэры,
уласьцівай аповедам плянэты Тральфамадор,
адкуль прыбываюць
лятальныя сподкі.
Мір.

Афіцыйная поўная, "барочная" назва твора ў арыгінале, для зручнасьці звычайна скарачаецца і часта трактуецца перакладчыкамі як аўтарская прадмова. Справа яна ў перакладзе Паўла Касьцюкевіча (вэрсія для другога выданьня).


А цяпер курым рускі пераклад, які ў гэткім выглядзе перавыдаецца дагэтуль і на якім мы ўсе вырасьлі:

Бойня номер пять, или Крестовый поход детей
(ПЛЯСКА СО СМЕРТЬЮ ПО ДОЛГУ СЛУЖБЫ)
АВТОР Курт Воннегут,
АМЕРИКАНЕЦ  НЕМЕЦКОГО ПРОИСХОЖДЕНИЯ  (ЧЕТВЕРТОЕ  ПОКОЛЕНИЕ),  КОТОРЫЙ СЕЙЧАС
ЖИВЕТ В ПРЕКРАСНЫХ УСЛОВИЯХ НА МЫСЕ КОД (И СЛИШКОМ МНОГО КУРИТ), ОЧЕНЬ ДАВНО
ОН  БЫЛ АМЕРИКАНСКИМ  ПЕХОТИНЦЕМ (НЕСТРОЕВОЙ СЛУЖБЫ)  И, ПОПАВ В  ПЛЕН, СТАЛ
СВИДЕТЕЛЕМ БОМБАРДИРОВКИ  НЕМЕЦКОГО ГОРОДА ДРЕЗДЕНА ("ФЛОРЕНЦИИ НА ЭЛЬБЕ") И
МОЖЕТ  ОБ ЭТОМ РАССКАЗАТЬ,  ПОТОМУ ЧТО ВЫЖИЛ.  ЭТОТ  РОМАН ОТЧАСТИ НАПИСАН В
СЛЕГКА  ТЕЛЕГРАФИЧЕСКИ-ШИЗОФРЕНИЧЕСКОМ   СТИЛЕ,   КАК   ПИШУТ   НА   ПЛАНЕТЕ
ТРАЛЬФАМАДОР, ОТКУДА ПОЯВЛЯЮТСЯ ЛЕТАЮЩИЕ БЛЮДЦА. МИР.

Пяхотны выведнік, які выбыў з вайсковых дзеяньняў, трапіўшы ў палон, vs пехацінец нестраявой службы.

Першае гэта, уласна, аўтар, другое ягоны герой, недалужнае альтэр-эга Білі Пілігрым, пехацінец, памочнік вайсковага сьвятара, аб'ект кпінаў таварышаў па службе. Вонэгут шмат гадоў падступаўся да апісаньня перажытага на Другой сусьветнай вайне, але раскрыць тэму напоўніцу змог, толькі прыдумаўшы кумеднага пэрсанажа. У гісторыі Білі Пілігрыма аўтар фігуруе таксама, эпізадычна, як іншы палонны, пяхотны выведнік. Пяхотныя выведнікі сярод горкіх дзяцей-жаўнераў апісаныя як адносныя  зухі,  але і тут аўтар поўны зьедлівай іроніі... Чаму ў рускай вэрсіі аўтар і герой зьмяшаліся, для мяне загадка.

Далей болей, хоць тут Рыце Райт-Кавалёвай можна прыдумаць алібі. Другі абзац кнігі ў чатырох перакладах:

I really did go back to Dresden with Guggenheim money (God love it) in 1967. It looked a lot like Dayton, Ohio, more open spaces than Dayton has. There must be tons of human bone meal in the ground.

Я  действительно   ездил  в   Дрезден   на  Гуггенхеймовскую  стипендию (благослови их Бог) в 1967 году Город очень напоминал Дайтон, в штате Огайо, только больше  площадей и скверов, чем  в Дайтоне. Наверно, там, в земле, тонны искрошенных в муку человеческих костей.

Prawdą jest też, że w roku 1967 odwiedziłem ponownie Drezno za pieniądze fundacji Guggenheima (niech je Bóg ma w swojej opiece). Przypominało bardzo Dayton w stanie Ohio, tyle że więcej tu wolnych terenów. Ziemia tutaj musi zawierać tony mączki z ludzkich kości.

У 1967 годзе я насамрэч выдаткаваў стыпэндыю Гугенгайма (дабраславі яе Бог!), каб вярнуцца ў Дрэздэн. Там усё выглядала як Дэйтан, штат Агаё, толькі больш адкрытых прастораў, чым у Дэйтане. У дрэздэнскай зямлі ляжаць, мусіць, тоны чалавечай касьцяной мукі.

Дэйтан тут абраны аўтарам, верагодней, праз сугучча, але і таму, што Дэйтан і ГДРаўскі Дрэздэн сапраўды вонкава былі падобныя (я прагугліла). Але мне цікава іншае: чаму ў рускім перакладзе звышінтэрпрэтацыя? Я была ў Дрэздэне ў 2004-м, там яшчэ заставаліся гэтыя "адкрытыя прасторы", не ўсё аднавілі пасля Другой сусьветнай вайны.  У рускай жа вэрсіі "закалыхалі начныя праспэкты клёны  з таполямі" дый годзе.  Ці было гэта ад таго, што перакладчыца ані магла паехаць у Дрэздэн, ані пагугліць Дэйтан? Ці была гэтая праўка цэнзурнай? І, калі так, то навошта яна тут? Няясна.

(Да слова, у кнізе ёсьць таксама паўдзіцячае ўражаньне маладзенькага Вонэгута ад Дрэздэна за месяц да бамбаваньня. Ён называе Дрэздэн "краінай Оз". Бо перад гэтым адзіным горадам, які ён бачыў у жыцьці, быў Індыянапаліс).

Да гэтага фрагмэнту па-руску ёсьць яшчэ адна дробная прыдзірка: стыпэндыю Гугэнгайма дзеячам культуры і навукі выдаюць грашыма, і яны самі вырашаюць, на што яе выдаткаваць. Для Вонэгута было вельмі важна вярнуцца ў Эўропу. Па-руску ж можна прачытаць, што сутнасьць стыпэндыі была ў паездцы, нібы пісьменьнік быў нейкім камандзіровачным і сумясьціў прыемнае  карысным. Але можа, я тут занадта строгая.

А вось і самая скандальная знаходка:

I remembered two Russian soldiers who had looted a clock factory.  They had a horse-drawn wagon full of clocks.  They were happy and drunk.  They were smoking huge cigarettes they had rolled in newspaper.

Я вспомнил двух русских солдат. Они везли полную телегу будильников. Они были веселы и довольны. Они курили огромные самокрутки, свернутые из газеты.

Да-да-да, рускія воіны ня п'юць, не крадуць, ня гвалцяць немак (згадка пра гэта напрыканцы раману з рускага тэксту таксама disappeared), ані веселы і давольны.

Па-беларуску (для другога выданьня):

Я прыгадаў двух рускіх жаўнераў, якія абрабавалі гадзіньнікавы завод. У іх была фурманка, заваленая гадзіньнікамі. Ехалі яны шчасьлівыя і п’яныя, пыхкаючы вялізнымі цыгарэтамі, скручанымі з газэты.

Але гэта ўсё дробязі, дый сама перакладчыца да такіх правак відавочна, ня мае дачыненьня. Насамрэч у мяне тут вялікая прэтэнзія да рускага перакладу "цыгарэты" як "самакруткі". Курт Вонэгут паказвае свайго героя ў Эўропе на вайне ашаломленым. На рускіх, пра якіх ён столькі чуў, ён глядзіць рыхтык як Білі Пілігрым на прыхадняў  з плянэты Тральфамадор, і гаворыць пра іх гэтак жа астаронена. Аўтар ня ведае, што такое самакрутка і пагатоў яўна апісаная тут "казіная ножка", для яго гэта чыстая экзотыка. Па-руску дыстанцыя зьнікае.

Вяртаючыся да савецкай цэнзуры. Польская вэрсія-1972 таго ж урыўку, якую палякі перавыдаюць у перакладзе і сёньня:

Ja pamiętałem dwóch rosyjskich żołnierzy, którzy palili ogromne papierosy skręcone w kawałkach gazet.

Я плакала.

Далей нічога асабліва зашкварнага я ў перакладах не знайшла, а потым, 24-26 кастрычніка, "попала под лошадь", таму праца над рэдактурай наагул спынілася. Сёньня ж я вырашыла паглядзець рускі і польскі пераклады на прадмет ксэнафобненькіх пасажаў Вонэгута пра палякаў. Як і чакалася:

They had nine languages between them. They tried Polish on Billy Pilgrim first, since he was dressed so clownishly, since the wretched Poles were the involuntary clowns of the Second World War.

На дваіх яны ведалі дзевяць моваў. Сьпярша яны паспрабавалі зьвярнуцца да Білі Пілігрыма па-польску, паколькі ён у сваіх апранахах нагадваў клоўна, а гарапашныя палякі былі міжвольнымі блазнамі Другой сусьветнай вайны.

Они оба говорили на  девяти языках. Сначала они попытались заговорить с Билли по-польски,  потому что он  был одет таким  шутом, а несчастные поляки были невольным предметом шуток во второй мировой войне.

Znali do spółki dziewięć języków. Zaczęli po polsku, widocznie groteskowy strój Billy'ego kojarzył im się z nieszczęsnymi Polakami, często równie dziwacznie odzianymi w przypadkowo pozbierane części garderoby.

Толькі беларускі перакладчык ня бачыць  прычынаў зьмягчаць напісанае ў арыгінале. Райт-Кавалёва тут максымальна ветлівая, а Лех Енчмык дык проста аберагае пачуцьці суайчыньнікаў.

Да слова, у першым беларускім выданьні "людзі з Польшчы" часам перакладаліся як "палякі", а "рускі" было пасьлядоўна заменены на "савецкі". Для другога выданьня я гэта ўсё вярнула, як напісана па-ангельску. Я веру ў тое, што беларускага Курта Вонэгута возьме ў рукі падрыхтаваны чытач, які сам скеміць, што пад "палякамі" і "рускімі" маглі мецца на ўвазе і беларусы. Вонэгут па-заходнему неразборлівы ў славянскіх народах, але я ня бачу падставаў цэнзураваць гэта.

Ну і на закуску, чыста каб пахваліць Паўла Касьцюкевіча  і прарэклямаваць Перакладніцкую майстэрню, якая дапамагала яму з гэтымі вершыкамі ў 2009 годзе, яшчэ адзін урывак на чатырох мовах, які аберагае пачуцьці братняга польскага народу ўва ўсіх вэрсіях, апроч беларускай:

When the plane was safely aloft, the machine that was Bill's father-in-law asked the quartet to sing his favorite song. They knew what song he meant, and they sang it, and it went like this:
In my prison cell I sit,
With my britches full of shit,
And my balls are bouncing gently on the floor.
And I see the bloody snag       
When she bit me in the bag.       
Oh, I'll never fuck a Polack any more.
Billy's father-in-law laughed and laughed at that, and he begged the quartet to sing the other Polish song he liked so much. So they sang a song from the Pennsylvania coal mines that began:
Me, and Mike, ve vork in mine.
Holy shit, ve have good time.
Vunce a veek ve get our pay.
Holy shit, no vork next day.

Kiedy samolot wszedł na kurs, maszyna, która była teściem Billy'ego, poprosiła kwartet o zaśpiewanie jego ulubionej piosenki. Wiedzieli od razu, o jaką piosenkę chodzi, i zaśpiewali:

- Siedzę smutny w mojej celi,
Moje szczęście diabli wzięli,
Wciąż ze strachu w portki robię, kurwa mać! I
oglądam krwawą bliznę,
Bo ugryzła mnie w słabiznę;
Nigdy więcej żadnej baby nie chcę znać.


Teść Billy'ego pękał ze śmiechu i poprosił kwartet o odśpiewanie piosenki polskich górników z Pensylwanii, którą kwartet wykonał z charakterystycznym akcentem. Zaczynała się tak:


- Władziu i ja, my są tera w kopalni,
Rany boskie, ale nam fajnie!
Forsę płacą nam każdej soboty,
A za to w niedzielę nima roboty!


Когда  самолет уже был  в воздухе, машина-тесть Билли попросил  квартет спеть его любимую песенку.  Они  знали, что  он просил,  и  спели  ему такие куплетики:
Снова я сижу в тюрьме,
Снова по уши в дерьме,
И болят, болят различные места.
Я кляну свою судьбу,
Ох, увидеть бы в гробу
Эту стерву, что кусалась неспроста.
И тесть  Билли гоготал как  сумасшедший и все просил спеть ему еще одну его любимую песенку. И квартет охотно запел, подражая акценту пенсильванских шахтеров-поляков:
Вместе в шахте, Майк и я,
Закадычные друзья,
Уголек загребай,
Раз в неделю погуляй!

Калі самалёт пасьпяхова набраў вышыню, машына, якая была Білавым цесьцем, папрасіла, каб квартэт выканаў яго ўлюбёную песьню. «Чувашы», ведаючы што Мэрбл мае на ўвеце, засьпявалі. Там былі прыблізна такія словы:

Краты, камэра — турма.
Порткі, поўныя дзярма.
І яйцо адно засталося толькі.
Думаў я, у нас любоў,
Ды ня ўнік яе зубоў.
Божа, я ня буду больш пярдоліць полькі!
Білаў цесьць рагатаў што дурны, а пасьля папрасіў выканаць яшчэ адну польскую песьню, якая яму таксама вельмі падабалася. «Чувашы» зацягнулі песьню пэнсыльванскіх шахтараў, выхадцаў з Польшчы. Яна пачыналася з такіх словаў:
Цэлы тыдзень я і Юзік
Надрывалі ў шахце пузік.
У суботу плоцяць грошы —
Забухаем, барздо проша!

Ня буду хаваць, што шмат у чым гэтыя параўнаньні працяг маёй зацяжной спрэчкі зь Янам Максымюком, які не стамляецца вапрашаць у беларускай перакладніцкай школы, навошта мы так упарта выдаем тое, што беларусы могуць прачытаць і па-руску. Думайце самі, рашайце самі, адным словам.

І, наастачу, пахваліўшы, трэба наваляць у каршэнь і Паўлу Касьцюкевічу за ягонае першае беларускае выданьне. Ён памятаю, ім вельмі гарэў і вельмі хацеў выдаць кнігу, і паламаў усе перашкоды на гэтым шляху. Мастаку Сяргею Ждановічу ён замовіў такую вокладку:



Гэтак ён кнігу і пераклаў, дадаўшы напрыканцы яшчэ аўтарскае апавяданьне пра сваю пэрсанальную Другую сусьветную вайну. Ляканічнасьць Вонэгута ў тым перакладзе часам замянялася славянскай разьняволенасьцю, а таксама перакладчык злоўжываў эфэктам самакруткі: па-беларуску зьявіліся і "курсы маладога байца", і "фрыцы" замест "джэры", а памянёная вышэй краіна Оз ператварылася ў Смарагдавы горад. Тая цёплая лямпавая вэрсія застанецца ў бібліятэках і на паліцах. Новае выданьне Вонэгута будзе такім, якім мусіць быць, раз ужо нарэшце выходзіць  у кніжнай сэрыі "Амэрыканка".

Беларускі Курт Вонэгут ні ў якім разе ня лепшы за арыгінал. Ён такі самы.

Адным словам, замаўляйце кнігу або шукайце яе ў кнігарнях.

Ну і гэта:

Poo-tee-weet?
Пьюти-фьют?
Ціў-ці-віць?
It-it?

Каму што падабаецца:)
Tags: літаратура, няварта, пераклады
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments