Марыя Мартысевіч (maryjka_) wrote,
Марыя Мартысевіч
maryjka_

НЯЧЫСТЫ ПАЙШОЎ: ПЯЦЬ ПРЫЧЫН, ПА ЯКІХ БЕЛАРУСКІ ЛІТАРАТУРНЫ ПРАЦЭС ЗРАБІЎСЯ ЛЕПШЫМ

Сённяшні выпуск #няварта асаблівы для мяне. Гэта першы тэкст, які я друкую ў ЖЖ, бо ён не прайшоў цэнзуру ў незалежных СМІ. Вядома ж, я не расстроілася: цэнзура ў незалежных СМІ гэта свая, мяккая і плюшавая цэнзура — ня тое што гэтыя яжовыя рукавіцы нашай крываварэжымнай перыёдыкі. Тым мне менш, мне важна сказаць тое, то я хачу сказаць, нават калі маё меркаванне застанецца маргінальным. У цэлым я, як заўсёды, пішу пра тое, што радзіма ў дрыгве, але меліяратары ўжо блізка. Так ці іначай, майце на ўвазе, што
меркаванне аўтаркі можа не супадаць ні з чым.


Беларусам пара вяртацца ў форму пасля летняга культур-дэтоксу. Таму для тых, хто зусім адбіўся ад кантэксту ўсяго, што (не) адбываецца ў актуальнай беларускай літаратуры, я вырашыла пералічыць асноўныя фактары, якія паўплывалі на атмасферу вакол гэтага шматпакутнага з’явішча за апошнія год-паўтара.
Вы чытаеце ўнікальны тэкст. Не таму, што ён утрымлівае адначасова трывіяльныя і неправераныя звесткі, якіх так засцерагаюцца журналісты, а таму што беларускія медыя катастрафічна — па розных сумных і мала залежных ад іх прычынах — праселі з 2014 году. І чым большы яны зазнаюць заняпад, тым больш віціеватыя, але насамрэч пустыя тлумачэнні ўсяго, што дзеецца навокал, ім даводзіцца змяшчаць на сваіх віртуальных ці папяровых старонках. Ну, каб мізэрнасць не кідалася ў вочы.

Я ж перакананая: любая аналітыка айчыннай культуры з сур’ёзным выразам твару абсалютна бессэнсоўная. Бо культурную прастору Беларусі, як і любую закрытую на манер гета сістэму, рухаюць да банальнага простыя фактары, якія часам мяжуюць з жывёльнымі інстынктамі Для беларускай літаратуры яны такія.




1. Сабес

Змяншэнне грашовага вымярэння Прэміі Гедройца з 10 да 5 тысяч еўра і з'яўленне прэмій у памеры 1–2 тысячы у.а. для самых розных жанраў літаратуры.

Гэтак літаратары зразумелі, што неабавязкова высільвацца, каб напісаць адну кепскую кнігу прозы, а потым грызці глотку калегам па цэху за першае месца. Можна ў працоўным парадку рабіць тое, што ўмееш: крапаць вершыкі (для прэміі Наталлі Арсенневай) або выдаваць пад адной вокладкай  газетныя артыкулы (для прэміі Стагановічаў), урэшце, перакладаць сусветную літаратуру (для прэміі Карласа Шэрмана) — і табе ваздасца. Грошы за творчасць сёння таксама можна атрымаць, таму што цябе пасадзілі (прэмія Францішка Аляхновіча) або калі ты жанчына (стыпендыя Магдалены Радзівіл). Гэтак з мінімальнымі выдаткамі для мецэнатаў айчынная літаратурная супольнасць ператвараецца з паштальёна Печкіна ў паштальёна Печкіна з роварам.




2. Дэанон

Рашэнне кіраўніцтва Радыё Свабода ўвесці мінімальную рэгістрацыю для каментавання матэрыялаў.

Формы каментавання на сайтах Беларускай службы РС і аджатай народам у інтэлектуалаў газеты «Наша ніва» доўгія гады служылі віртуальным Гайд-паркам для беларускацэнрычнага чытача. Канешне, ананімна або паўананімна каментаваць беларусы могуць не толькі там, але традыцыйна хіба што аўдыторыі памянёных парталаў не пакласці на літаратуру нагэтулькі, што яны гатовыя суткамі тачыцца ядам пад тэкстамі пра кнігі ці пісьменнікаў. Пры поўнай пасіўнасці рэдактараў і мадэратараў, у якіх даўно або замылілася вока або, найхутчэй, збіўся прыцэл — разуменне, як можна і як нельга, бачанне таго, дзе абражаецца чалавечая годнасць, а дзе «ачётакова». Пасля прывязкі каментароў РС да рэгістрацыі ў Фэйсбку колькасць абраз у беларускім інтэрнэце скарацілася роўна ўдвая. Канчатковае ачышчэнне адбудзецца, калі падобныя захады зробіць рэдакцыя nn.by, але, баюся, тут нам дапамогуць толькі Бог або DDoS-атака.



3. Клікбэйтынг

Маргіналізацыя культурнага кантэнту ва ўсіх асноўных айчынных СМІ, трансфармацыя або скасаванне рубрык «Культура» ў большасці выданняў, скарачэнне ці выцісканне на перыферыю аўтараў, якія знаюцца на культуры.

Ніколі не стамлюся згадваць пра тое, як годзе ў 2010-м навіну пра інсульт паэта Ніла Гілевіча адзін навінны беларускі партал змясціў у рубрыку «Развлечения». Па інерцыі, зразумела — культурны кантэнт у іх аб'ядналі з рознымі «забавамі». Традыцыйныя выданні скідваюць культурную аналітыку як баласт, дый яшчэ ганарацца гэтым як сучасным, прагрэсіўным ходам: just business.

Дык што ж тут добрага?

Па-першае, гэта парадаксальна выклікала росквіт незашоранай айчыннай літаратурнай (і наагул) арт-крытыкі. Забаненыя ў рэдакцыях або дэматываваныя нізкімі ганарарамі эксперты не бачаць неабходнасці ўкладацца ў дэдлайны, упісвацца ў фармат і канцэпцыю таго ці іншага выдання, а лічаць за лепшае і спакайнейшае выслаўляцца ў блогах, твітах, інстаграмах. Чытаючы іх прыватныя старонкі, заўсёды можна быць пэўнай: пішуць яны тое, што думаюць.
Я з цікавасцю (хоць, можа, не заўсёды з прыемнасцю) чытаю цяпер у сеціве Настассю Карнацкую, Паўла Абрамовіча, Міхаіла Сяргеенку, Аляксея Карпеку, Антона Брыля, Аляксандра Фядуту. Яны пераважна не аддзяляюць белліт ад рэшты «літу», іх старонкі — паўнавартасныя кніжныя блогі, карысныя тым, што аўтары — беларусы і ведаюць, як расказаць пра кнігі беларусам.

Апроч таго, у беларускім інтэрнэце павысілася культура водгуку. Цяпер лічыцца добрым тонам расказваць пра кнігі, якія прачытаў (-ла) ці хоць бы сфоткаць вокладку на каленьках у метро па дарозе на працу. Так званыя «простыя чытачы» раптам павярнуліся тварам да літаратараў і часцей, чым яшчэ пяць гадоў таму, пішуць аўтарам падзякі ды фідбэкі. Усё гэта дзейнічае на агульную атмасферу ў літаратуры як расслабляльны масаж.

Гэтая разняволенасць сацсетак ператвараецца ў трэнд і бумерангам вяртаецца ў СМІ, ужо ў абноўленым фармаце. Ідзе пошук новых ракурсаў, падачы, культурай як сферай інвестыцый пачынае цікавіцца бізнес.

А здавалася б, «лічбавая» моладзь і «адлічбаваная» старадзь перастала чытаць і свет ужо не кнігацэнтрычны. Магчыма, варта гаварыць пра тое, што свет цяпер шматцэнтрычны і кніга — адна з некалькіх кропак прыцяжэння. Але пакуль яна нікуды не знікае.




4. Краўдфандынг

І гэтым усё сказана.

Некалькі гадоў я зацята працавала для грамадскіх літаратурных праектаў. Пасля сур'ёзнага пагаршэння здароўя была змушаная перапыніць любую працу такога кшталту. Праз пэўны час я вярнулася ў грамадскую дзейнасць, арганізаваўшы краўдфандынг як на «Талацэ», так і на «Вуллі» — дзвюх асноўных беларускіх пляцовак для збору сродкаў на розныя дабрачынныя мэты. Зразумець гэтага парадоксу я пакуль не ў стане: раздаеш людзям грошы — цябе гатовыя разарваць на часткі, данесці на цябе ў КДБ, лінчаваць, выслаць з краіны. Забіраеш у людзей грошы — яны гатовыя насіць цябе на руках, дасылаць табе паштоўкі з коцікамі і пісаць каментары кшталту: «Хай Бог блаславіць тое, што вы робіце!»

Ёсць адчуванне, што беларусы цяпер гатовыя скінуцца на што заўгодна — хай сабе і на неправальванне Правалу. Чуваць скепсіс: маўляў, першы краўдфандэр, які ўцячэ, забраўшы касу, падарве давер да ўсёй сістэмы ў цэлым — але пакуль такога не адбывалася. Магчыма, таму, што краўд — гэта вельмі і вельмі нялёгкі хлеб, і зарабляць яго могуць адважыцца толькі альтруісты і мазахісты. Махляры прызвычаіліся да лёгкага хлебу. Калі нехта выходзіць да паспалітых людзей прасіць фінансавання на свой праект, то значыць, сапраўды прыпякло. І грамадства зразумее і падтрымае, часам нават з апошніх грошай. І нават да няўдалых збораў сродкаў фундатары культуры ставяцца пераважна са спачуваннем і разуменнем.

Самыя цікавыя кнігі на маіх паліцах за апошнія тры гады з'явіліся дзякуючы збору сродкаў у інтэрнэце.



5. Пляткарскія чаты

Рэструктурызацыя інфармацыйных плыняў у беларускім сеціве як прыватны выпадак «унутранай эміграцыі»

Новыя сродкі камунікацыі спрыяюць таму, што насельніцтва чым далей, тым больш інтэнсіўна аб'ядноўваецца ў розныя суполкі па інтарэсах. Вялікае значэнне набылі закрытыя ўтварэнні на самых розных каналах, якія я называю «пляткарскія чаты». На ўмовах канфідэнцыйнасці людзі абменьваюцца там усёй той інфармацыяй, якую нашыя салідныя незалежныя СМІ лічаць несур'ёзнай або небяспечнай, баючыся друкаваць без праверкі, расследавання, кансультацыі праўніка, бо ўсё гэта пацягне шмат грошай і не акупіцца. Адзін з эфектаў гэтых чатаў — зняццё трывожных станаў і псіхаэмацыйнага напружання, а таксама «маральных панік», выдатна апісаных Аляксеем Братачкіным. У тым ліку такія чаты дапамагаюць падчас скандалаў у сферы культуры.

Раней такой інфармацыйнай самаарганізацыі не існавала па тэхнічных прычынах, у выніку чаго ў Байнэце доўгія гады панавалі дэвіянтакратыя і хаос каштоўнасцяў. Паспалітыя людзі плакалі, але працягвалі, як тыя вожыкі з кактусам, даваць весці рэй лідарам меркаванняў, нават калі тыя меркаванні былі далёкія ад адэквату. Шмат якія з'явы, спароджаныя інтэрнэтам 2000-х, лічацца нормай і цяпер — напрыклад, хамства і знявага ў каментарах, спагнаць за якія немагчыма. «Пляткарскія чаты» часта дапамагаюць людзям вызначыць сапраўдных, а не самаабвешчаных лідараў меркаванняў, ратуюць іх удзельнікаў ад самых розных маніпуляцый. А пацярпелыя ад інтэрнэт-аб'юзу маюць магчымасць знайсці там маральную падтрымку, якой ніколі не атрымаюць «звонку».

«Пляткарні» — спадкаеміцы «савецкіх кухняў», якія ў свой час сталіся калыскай савецкай галоснасці — з’явіліся, канешне, не на роўным месцы. Гэта вынік таго, што дзеячы культуры дагэтуль баяцца і/або не ўмеюць весці адкрытыя, канструктыўныя дыялогі пра набалелае, а СМІ і іншыя публічныя пляцоўкі не наважваюцца ініцыяваць такія абмеркаванні. Асабліва калі наіўныя праўдарубы ўздымаюць надта ж вострыя і балючыя тэмы. Зразумела, прасцей рабіць перадавіцу «кірпічом», называць усё непрыемнае для сябе плёткамі і адпраўляць пляткароў у «курылку».

«Нячысты пайшоў?» — знакамітае пытанне са спектаклю «Камедыя», адаптаванай да сучаснасці п’есы Каятана Марашэўскага, якая зрабілася культавай у Мінску дзевяностых. У абноўленай версіі беларускай барочнай камедыі Чорт увасабляе сабою ўладу — нешта сярэдняе паміж арыстакратам і чыноўнікам, з выразным расійскім акцэнтам, які праступае праз камічную шапялявасць. Жыд і Мужык страшна баяцца Чорта, але калі той адлучаецца ў апраметную, пераводзяць дых, пачынаюць варушыцца, адначасова сварачыся міжсобку і ладзячы розныя гешэфты. Выглядае, што і сёння, у часовую адсутнасць чорта, на беларускім літаратурным і шырэй — культурным полі — стала магчымым сяк-так варушыцца.
Але памятайма сюжэт п’есы: раней ці пазней нячысты абавязкова вяртаецца.
Tags: #няварта, белліт, літаратура, не магу маўчаць, няварта
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 3 comments