Марыя Мартысевіч (maryjka_) wrote,
Марыя Мартысевіч
maryjka_

ЯК ГЛЯДЗЕЦЬ МУЛЬЦІКІ БЯЗ НОЖАК

Я хачу паддацца на правакацыю і скласьці тут публічны адказ Яну Максымюку, які напісаў, што беларускай літаратурнай крытыкі няма

Бо эсэ з такім зачынам на "Радыё Свабода" нагадвае мне анекдот пра "нет ножек - нет і мультіков".

Яшчэ пару год таму ў РС-аўскай перадачы "Дом літаратара"  была рубрыка, у якой розным крытыкам замаўлялі рэцэнзіі на сучасныя творы. Калі я здавала апошнюю сваю туды рэцэнзію ў канцы, здаецца, 2009-га, рэдактарка перадачы Валянціна Аксак  сказала, што Аляксандар Лукашук прыняў рашэньне спыніць рубрыку, замяніўшы яе перадачай "Пяцікніжжа", у якой розныя экспэрты будуць пісаць міні-водгукі на 5 беларускіх кніг, аб'яднаных пэўнай тэматыкай. Я, зусім нядоўга падумаўшы, ад прапановы перайсьці ў новую рубрыку адмовілася. Новы фармат мне рэзка не спадабаўся.

Чаму?


Перадача "Пяцікніжжа" - клон папулярнага фармату, прыдуманага, здаецца, "Вашынгтон постам". Экспэрты ў той ці іншай галіне сьцісла ацэньваюць 5 кніжных навінак на пэўную тэму. Напрыклад, селебрыці-рыбак анаціруе кнігі пра рыбалку, або дызайнер вопраткі хваліць свае ўлюбёныя кнігі пра моду. Гэтую рубрыку запазычыў таксама расійскі  часопіс "Что читать?".

Але калі амэрыканская рубрыка мае сэнс - бо ў ЗША штогод выдаюцца сотні тысяч кніжных пазіцый і экспэрт мае пэўную літаратурна-грамадзкую місію, маніторачы кнігі пра зомбі, выбраць найлепшыя кнігі пра зомбі за апошнія пару год і парэкамэндаваць іх чытачу, што ашчадзіць чытачу час і грошы ў пошуку сапраўды цікавага чытва (люты пруф - там нават кошты на кнігу выстаўляюць ў артыкуле) - то такая экспэртная паслуга абсалютна лішняя ў Беларусі, дзе кніг выдаецца вобмаль, і купіць іх парой немагчыма. 

У выніку "Пяцікніжжа" -  прывет Юрыю Станкевічу - гэта крытычная рубрыка-выродзец. У найлепшым выпадку гэта прыемныя  ваколкніжныя эсэ Вольгі Бабковай  ці Аксаны Спрынчан, поўныя камплімэнтаў кнігам, якія ўсе даўно прачыталі, - у найгоршым... Ну, вы ў курсе. Нават Канада, як вядома, двойчы папрасіла прабачэньня за Браяна Адамса, але радыё Свабода яшчэ ні  разу не папрасіла прабачэньня за Асю Паплаўскую.  З кім не пагаворыш - аўтары апраўдваюцца за тое, што ўзялі ўдзел у такой літпарнаграфіі, як "Пяцікніжжа": "Ну... Разумееш, я бы не стала, але вельмі грошы былі патрэбныя". 

Ян Максымюк хоча ведаць, чаму беларускія крытыкі ня пішуць рэцэнзіяў на літратурныя творы? Таму што рэцэнзіі  на новыя кнігі незапатрабаваныя сучаснымі выданьнямі, і ў тым ліку, як паказана вышэй, гэта тычыцца яго непасрэднага працадаўцы. Рэцэнзія на кнігу - гэта ня чыстае мастацтва, гэта ўтылітарны жанр, які патрабуе ад аўтара пэўнай кваліфікацыі. Але чамусьці пры гэтым лічыцца, што аўтар павінны наваяць рэцу ў вольны ад асноўнай  працы час, як толькі яго акаціць потны вал удахнавеньня, і даслаць у рэдакцыю - як дасылаюць вершыкі, апавяданьні... І стаць у чаргу на друк на агульных падставах. І магчыма нават атрымаць ганарар... Ну слухайце. Гэта ж вам ня "Ўліса" перакладаць у год па чайнай лыжцы дзеля высокіх памкненьняў адраджэньня белліту  (А? Што? ёсьць нейкія вар'яты, якія дзеля ўласнай прыемнасьці перакладаюць "Уліса"??? Нууууу, эта  ж я ня знала, так, да слова прыйшося...)

Фігу. Літаратурная крытыка - гэта і ёсьць - ПРАЦА. Якасныя крытычныя артыкулы пішуцца ТОЛЬКІ на замову, таму што калі крытыка незапатрабаваная медыйным полем, яна ня мае кантэксту, а значыць, і сэнсу.

У той культурнай сытуацыі, што склалася, неабходнасьць літаратурнай крытыкі варта ўсьведамляць найперш тым, хто адказвае за кантэнт таго ці іншага выданьня. Усьведамляць што рэцэнзіі на літаратурныя творы неабходныя нават калі  за суткі гэтыя рэцэнзіі прачытала 250, а не 2500 наведнікаў рэсурса (250 - максімальная колькасьць праглядаў самай рэйтынгавай рэцэнзіі  вакол прэміі Гедройца за ўвесь час прэміяльнай гонкі ў лютым-сакавіку 2012 г). Што рэцэнзіі варта друкаваць нават калі большасьць чытачоў увогуле ня ў зуб нагой пра сказанае і не саромеюцца прызнавацца ў гэтым у камэнтарах  пад тэкстамі.

А крытыкі -  яны, як паказвае досьвед, заўжды гатовыя.  
Tags: белліт, грані паталочнага плінтуса, не магу маўчаць, скандалы
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 26 comments