Марыя Мартысевіч (maryjka_) wrote,
Марыя Мартысевіч
maryjka_

  • Mood:

"ТУТЭЙШЫЯ" МАЗЫНСКАГА: ЗАПОЗНЕНЫ ДЭБЮТ

"Новы час"

“Белсат” экранізаваў “Тутэйшых” Янкі Купалы. Ёсць пра што гаварыць.

tutejshyja “Тутэйшыя” Янкі Купалы – безагаворачная класіка беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Пагроза выключэння гэтага твору са школьных праграм – лішні таму доказ. Крыўдна, што на дадзеным вітку развіцця Беларусі нацыянальным шэдэўрам наканаванае толькі такое прызнанне. Скрушна, што пытанні, узнятыя Купалам у 1920-я, дагэтуль актуальныя для беларусаў у Беларусі. У іншых культурах тэксты супастаўнага маштабу даўно перасталі разумецца як надзённыя, а некаторыя былі настолькі засвоеныя масамі, што падлягаюць актыўнай інтэрпрэтацыі на самых розных узроўнях. “Гамлет” Шэкспіра перакладзены не толькі на большасць моваў свету, але і на слэнг брытанскіх падлеткаў, на мову смс; Галівуд экранізаваў Шэкспіравых жа “Рамэа і Джульету” – з “тачкамі”, “пушкамі” і Леа дзі Капрыё; арт-комікс “Ганна Карэніна” паводле Льва Талстога, “Даўн-хаўз” Ахлабысціна паводле “Ідыёта” Дастаеўскага – усё гэта факты сучаснага мастацтва, якія, пры ўсёй сваёй скандальнасці – непазбежна апынаюцца рэверансам у бок вечных каштоўнасцяў. На гэтым фоне ужо сам факт, што п’еса “Тутэйшыя” мае сёння ўсяго дзве пастаноўкі ў беларускіх тэатрах (а за ўсю гісторыю свайго існавання мела не нашмат болей), выглядае недарэчным, хоць яго і можна вытлумачыць самымі рознымі акалічнасцямі немастацкага кшталту.

Сама сабой напрошваецца выснова: найсмялейшая на наш час інтэрпрэтацыя п’есы Янкі Купалы – сума творчасці ўдзельнікаў літаратурнай суполкі “Тутэйшыя”. І на тым дзякуй.

І вось – першы выхад з плоскасці: “Тутэйшых” экранізавалі. Здымкі былі здзейсненыя ў 2007 г. тэлеканалам “Белсат” супольна з кінастудыяй “Valred”. Праходзілі яны ў мястэчку Тыкоцін, што на Беласточчыне. Прэм’ера фільму адбылася 7 сакавіка 2008 г. у Беластоцкім кінатэатры “Покуй” (па-беларуску – “Мір”). Аўтар ідэі і прадзюсэр – паляк Дарыюш Шада, рэжысёр – апальны ў Беларусі Валеры Мазынскі. “Белсат” абвесціў гатоўнасць і надалей фінансаваць вытворчасць беларускіх мастацкіх фільмаў.

Тэлефільм “Белсату” пазіцыянуецца як кінематаграфічны дэбют Валерыя Мазынскага. Яшчэ падчас здымкаў удзельнік здымачнай групы Франак Вячорка (ніхто асабліва не здзівіўся, пабачыўшы пасля гэтага шматстаночнага таварыша ў эпізадычнай ролі) паабяцаў ад імя аўтараў: “будзе ўсё, што патрэбна любому галівудзкаму шэдэўру”. Але, як на мяне, кінематаргафічнага дэбюту не атрымалася. Проста ў беларускім тэатры адбылася трэцяя пастаноўка “Тутэйшых”. Дзеля зручнасці і бяспекі гледачоў з акторамі – у форме тэлеспектаклю. Тэлеспектаклю з элементамі блакбастэру – так, нібы Мазынскі экранізаваў не Купалу, а Дударава.

Тэлеспектаклем у чыстым выглядзе “Тутэйшыя” не з’яўляюцца, хоць і не адступаюць ні на літару ад святога Купалавага слова. Калі знакамітыя “Догвіль” і “Мандэрлей” Ларса фон Трыера – гэта фільмы, старанна стылізаваныя пад тэлеспектакль, то “Тутэйшыя” – тэлеспектакль, старанна замаскіраваны пад мастацкі фільм. Глядацкага “Оскара” за ролю першага плану атрымліваюць мухі. уяўленне так і малюе асістэнтаў, якія ловяць іх па ўсім мястэчку Тыкоцін, адбіраюць самых жвавых, а потым запускаюць на здымачную пляцоўку.

Стаць паўнавартасным блакбастэрам “Тутэйшым” зашкодзіў заўважна невялікі бюджэт. Адзіны спецэфект (ці, хутчэй, каскадзёрскі нумар аператара) – вежы праваслаўнай і каталіцкай катэдраў сучаснага Менска, урэзаныя ў відэашэраг яўна не-мінскіх урбаністычных краявідаў і прапушчаныя праз рэтра-фільтр. Але вінаваціць стваральнікаў у браку грошай неяк не выпадае... Іншая справа, што не на карысць “галівудскасці” сыграў надзвычайны піетэт, праяўлены рэжысёрам да класічнага твору. Блакбастэры паводле класікі паўстаюць у выніку больш бесцырымоннай адаптацыі тэксту (глядзі вышэй пра комікс “Ганна Карэніна”). Аленка (Жэня Жуковіч) вельмі кранальна акладзе лапкі ў ручышчы Здольніка (Аляксея Ката), дорачы яму ўласнаручна вышываную кашулю; Зносак (Павал Харланчук) шчыра кахае верціхвостку Насту Пабягунскую (Вольгу Стахвюк), няхай гэта і нешчасьлівае каханьне сумнага клоўна. Але гэтага замала, каб запісваць “Тутэйшых” у “галівудзкя шэдэўры” і ўвогуле – у кінамастацтва. Здзейсніць поўнавартаснай экранізацыі кінарэжысёр-дэбютант не змог або не пажадаў. Усе рашэнні ў фільме – чыста тэатральныя, калі не ўлічваць натурных здымак і кінамантажу. Мне было цікава, як будзе вырашаная інтэрмедыя з заходнім і ўсходнім вучоным, якія, па ідэі, павінны былі выскокваць у кадр, як чэрці з табакеркі. Ну там, выходзіць з шафы ці вылазіць з падполу, ці злятаць на парасонах пасярод рынку... Але і тут усё адбывася даволі лінейна – відаць, каб не папсаваць гіперрэалістычнай канвы, на якую наклаў драму Купалы Мазынскі.

Дбайнае аднаўленне вопраткі, інтэр’ераў і дэталяў пачатку ХХ стагоддзя, пільнаванне культурных рэалій (нават акцэнту і вымовы тых ці іншых персанажаў) – несумненны плюс карціны, які праліе бальзам на раны аматараў старасветчыны. “Тутэйшыя” – рэтра-блакбастэр. Не толькі па змесце, – па сутнасці таксама. Менавіта так мусіў выглядаць фільм нацыянальнай кінакампаніі БНР, калі б БНР здолела замацавацца на мапе Еўропы. Запушчаны ў 1939 годзе, ён яшчэ да пачатку другой сусветнай пабіў бы па касавых зборах у межах рэспублікі знятых у той самы час у ЗША “Знесеных ветрам”. У гэтым ключы фільм Мазынскага шалёна мне спадабаўся. Мабыць, рэч у тым, што я ў прынцыпе люблю вінтаж – усё антыкварнае ў матэрыяльнай і духоўнай культуры. Лежачы ў мінулым годзе ў шпіталі, я здымала пасля адбою радыёкропку са сценкі, клала на падушку і зачаравана слухала па Белрадыё радыёп’есу “Сэрца на далоні” 1967 году. З гэткімі ж пачуццямі я глядзела і першы мастацкі фільм “Белсату”. Але, гледзячы, я ніяк не магла пазбавіцца ўражання: фільм Мазынскага – запаўненне прагалаў культуры. Гэтым і геніяльны Мікалай Пінігін – ставячы ў 1990-м сваіх “Тутэйшых”, ён палемізаваў з класічнай, “адраджэнскай” інтэрпэтацяй п’есы, якая з’явілася ў плоці й крыві толькі зараз, у ХХІ стагоддзі. Адвечныя беларускія парадоксы.

У сваёй пастаноўцы Пінігін значна бліжэйшы да Купалы, чым Мазынскі. Што б нам ні казалі ў школе пра здольнага Янку Здольніка, слова “здольнік” мае адно канкрэтнае значэнне. Беларуска-рускі слоўнік безэквівалентнай лексікі тлумачыць яго так: “Чалавек ці цэлая сям’я, якую прынялі па дамове ў вялікую гаспадарку для агульнай працы”, – і ілюструе прыкладам з Гарэцкага: “Але дужа прасіліся гаротнікі, дык ён і згадзіўся ўзяць іх да сябе за здольнікаў”. Паводле этымалогіі, Янка Здольнік – абяздолены і прыгрэты ў чужым доме, – не меншы бядак, чым Мікіта Зносак. Пінігін захоўвае гэтую амбівалентнасць герояў-антаганістаў. Яго Зносак (на маёй памяці – у геніяльным выкананні Віктара Манаева) – не просты прыстасаванец. Гэта тыповы “маленькі чалавек” з усімі сумневамі, комплексамі, мітушэнням паміж тымі і гэтымі, з рытарычным беларускім пытаннем уваччу: “А можа так і трэба?” Яго Здольнік – просталінейны і безапеляцыйны змагар, аж надзвычай правільны і разважлівы, яму да пары – “курсістка” Аленка, якая (на маёй памяці – у выкананні Зоі Белахвосцік) рассякае па сцэне з імпэтам Алаізы Пашкевіч-Цёткі, Клары Цэткін і Розы Люксембург разам узятых. Пры сваім апошнім з’яўленні пара стаіць панура, апранутая ў еўрапейскія строі. На пытанне: “Куды вы?” – яны так і не прамаўляюць Купалавага: “У вёску”, – і гледачу зразумела: у эміграцыю.

Фільм Мазынскага наскрозь прасякнуты запозненнай рыторыкай нацыянальнага адраджэння. Ён (зноў бал у скарбонку Галівуду) разводзіць герояў па палюсах. “Увесь у белым” – мачо-інтэлігент Янка Здольнік у абаяльным выкананні Анатоля Ката. Яму супрацьпастаўлены тупаваты, смешнаваты недалыга Мікіта Зносак, у якога бліскуча пераўвасобіўся Павал Харланчук. Пафасныя спічы – Здольніку, камічныя скетчы – Зноску. Велічнае дабро і смешнае зло. Як і павінна быць у Галівудзе, дабро ўзнагароджана. Булгакаўскія Майстар і Маргарыта заслужылі спакой – Здольнік і сціплая ды сарамлівая да шлюбу і вальяжная ды раскаваная пасля яго Аленка заслужылі рай. “У вёску!” – у тэлеверсіі гэта рэпліка гучыць, прычым сочыцца яна радасцю і аптымізмам. Зло пакарана і растраляна на падворку. Прыстасаваўшыся да рыторыкі экранізацыі, гэтаму амаль радуешся.

Фінальная сцэна. Проста па законах антычнага тэатру, масакра “адмоўных” персанажаў (Здольнік і Аленка, як мы помнім, уратаваліся ў вёсцы) адбываецца па-за кадрам. Мы чуем стрэлы, бачым жах і слёзы на твары Маці – Алена Іваннікава сыграла тут проста геніяльна. У печы доўга выкіпае гаршчок. Сочачы яго выкіпанне, мы атрымліваем свой катарсіс, разумеем, што хацеў сказаць рэжысёр, – і цяпер гатовыя пабачыць заслону, даруйце – тытры. Але – вось ён, чароўны мантаж – перад намі гара трупаў, святло незямнога паходжання і дзяўчынка з кошыкам, якая з’яўляецца зніадкуль і сімвалізуе няясна што. Штамп у найгоршых традыцыях “Беларусьфільмаўскіх” нятленак пра вайну – толькі там звычайна не дзяўчынка ў з кошыкам напрыканцы, а хлопчык у вышываначцы спачатку – а потым на жытняе поле ўяжджаюць фашыстскія танкі. Здавалася б, Пінігінскі алегарычны фінал, які дагэтуль прымушае моладзь перакупаць квіткі ў Купалаўскі па спекулятыўных коштах, каб ускочыць у фінале і крыкнуць “Жыве Беларусь!” – з’ява таго ж парадку. Але “Тутэйшыя” Пінігіна – тэатральная пастаноўка; яго фінальны сімвал (тры дарогі – дзве белыя і адна чырвоная, што спалучаюць неба і калыску) – просты і празрысты, ён нясе у сабе настроі і эстэтыку пачатку 1990-х.

Усё-ткі добра, што кіно – не тэатр. “Тутэйшыя” Мазынскага, нягледзячы на любую крытыку, якая гучала і яшчэ прагучыць, – магнетызуюць гледача, трымаюць напружанне падчас прагляду, прымушаючы вяртацца да сябе, – і гэта галоўнае. Натрапіўшы на гэты фільм у сетцы вяшчання ў другі і трэці раз, лішнюю фінальную сцэну можна проста пераключыць.
Tags: артыкулы, белліт, фільмы
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 16 comments