June 2nd, 2005

little

КРАЎЦЫ АДРАДЖЭНЬНЯ, альбо ПРЫГОДЫ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛАШВЕЙКІ

Прачытаць slaver_be перад неспакойным дзявочым сном - гэта чароўна. Гэта тэрапія, пяшчотнейшая за ванну зь пенаю ды сольлю...

"Так! Я стаў сапраўдным беларусам! Сёньня я й мая маці пашылі бел-чырвона-белы сьцяг. Вось ён, мой прыгожы :) Як я столькі жыў бяз сьцяга? Засталося яго толькі павесіць над кампутарам і любавацца ўвесь час!"

Гэты пост захапляе нагэтулькі, што ў першыя хвілі нат не задумваесься пра сваю мізэрнасьць і небеларускасьць...

А ўвогуле, калі пайсьці той жа лёгікай, вымалёўваецца наступны крыштальны імпэратыў сапраўднага беларуса:

Сапраўдны беларус у сваім жыцьці павінны зрабіць тры рэчы:
1. пашыць бел-чырвона-белы сьцяг;
2. адксэрыць "Граматыку для школ" Браніслава Тарашкевіча (адмазкі "а ў мяне ў pdf" не прымаюцца);
3. адседзець 15 сутак за ўдзел у апазыцыйным мітынгу.


Вось жа, людцы мае! Ніякая я, такім чынам, не беларуска. А хто я - гэта ўжо іншае пытаньне. Пошукам ідэнтычнасьці будзьма займацца заўтра, у дзённым асьвятленьні.
Зрэшты, рана здавацца: калі згадаць юныя годы...

Collapse )

Ну вось. Засталося толькі недзе знайсьці папяровую "Граматыку" ды схадзіць на мітынг.


А ты? Ці сапраўдны ты беларус? Што канкрэтна ТЫ зрабіў для таго, каб людзём звацца???
Чакаю тваіх рэфлексій:)