?

Log in

No account? Create an account

RADIO MARYJKA

Врс. 5, 2020

06:05 pm - ТАПАГРАФІЯ КІЛІМАНДжжАРА

Прывітаньне!

Мяне завуць Марыя Мартысевіч, і гэта мой блог "Радыё Марыйка". Я вяла яго ў 2004 - 2012 гадах, а цяпер гэта - інтэрактыўны архіў, які пакрысе будзе дапаўняцца. У гэтым пасьце сабраныя спасылкі на самыя розныя літаратурныя праекты, да якіх я пасьпела спрычыніцца за час існаваньня гэтага ЖЖ, збольшага сыстэматызаваныя тэгі, якімі я карыстаюся, і іншыя спасылкі.

КНІЖНЫ КІРМАШЫКCollapse )

НАВІТАР ПА ТЭГАХ У ГЭТЫМ БЛОГУCollapse )

Мае вершы ў аўдыё і відэафармаце на сайце Літаратурнага радыё

Мае публікацыі на сайце газэты НОВЫ ЧАС

Мае пераклады ў онлайн-часопісе "ПрайдзіСвет"

Гэты запіс заўжды зьверху.

Врс. 18, 2018

11:34 am - НЯЧЫСТЫ ПАЙШОЎ: ПЯЦЬ ПРЫЧЫН, ПА ЯКІХ БЕЛАРУСКІ ЛІТАРАТУРНЫ ПРАЦЭС ЗРАБІЎСЯ ЛЕПШЫМ

Сённяшні выпуск #няварта асаблівы для мяне. Гэта першы тэкст, які я друкую ў ЖЖ, бо ён не прайшоў цэнзуру ў незалежных СМІ. Вядома ж, я не расстроілася: цэнзура ў незалежных СМІ гэта свая, мяккая і плюшавая цэнзура — ня тое што гэтыя яжовыя рукавіцы нашай крываварэжымнай перыёдыкі. Тым мне менш, мне важна сказаць тое, то я хачу сказаць, нават калі маё меркаванне застанецца маргінальным. У цэлым я, як заўсёды, пішу пра тое, што радзіма ў дрыгве, але меліяратары ўжо блізка. Так ці іначай, майце на ўвазе, што
меркаванне аўтаркі можа не супадаць ні з чым.

Read at your own riskCollapse )

Месцазнаходжаньне: Чарнышэўскага
Настрой: cheerfulcheerful
Цяпер грае: Як былі ж у нас... (беларуская песня)

Жнв. 6, 2018

04:36 pm - ГЕНІЯЛЬНАЯ ПРОСТАСЦЬ СЯРГЕЯ ЛАПЦЭВІЧА, АБО МОЙ ПЕРАКЛАД НА ПРЭМІІ ШЭРМАНА

На тым тыдні прэмія імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў апублікавала поўны спіс прынятых да разгляду кніг. Так шмат усяго адбылося, што я неяк і забыла, што ў 2017 годзе ў мяне выйшла перакладная кніга ў суаўтарстве з lady_z_shalomam i kastani (выбраныя вершы Баляслава Лесьмяна для серыі "Паэты планеты") і адна самастойная перакладная кніга - "Плошча Калумба" Сяргея Лапцэвіча. Увогуле, я тады рабіла не толькі пераклад, гэта быў комплексны  праект. Я выступіла  адной з рэдактарак рускамоўнай кнігі "Площадь Колумба" і зрабіла беларускую версію, якую адрэдагаваў Віктар Жыбуль. Сяргей Лапцэвіч - беларускі пісьменнік, які піша па-руску, і сваю першую кнігу канцэптуальна выдаў у двух варыянтах.

"Плошча Калумба",  - адна з найпрыемнейшых згадак папярэдніх гадоў, пабольш бы такой літаратурнай працы. Мне вельмі спадабалася  з выгляду простае афармленне вокладкі ад выдавецтва "Галіяфы" - тое як дызайнерка Маргарыта Сянькова візуалізавала змест зборніка на вокладцы. Гэта нават сімвалічна, бо назву выбіралі доўга і пакутліва, у фінал магло выйсці любое апавяданне. У арыгінале мне падабаюцца два тэксты пра беларускага імігранта з умоўнага Брайтан-біч - гэта "Муха" і аповесць "Дзівак" ("Чудак").

У цэлым, вельмі рэкамендую кнігу ўсім, хто яе раптам прапусціў - на любой мове. Проза Сяргея Лапцэвіча "дзевяносцікавая", ён шмат рэфлексаваў аб сваіх юных гадах, пішучы ўрыўкамі ў стол, а займаўся тым часам іншым. Выглядае, што першая кніга - этап, які аўтару неабходна было прайсці, каб пісаць далей, чым ён, ведаю, цяпер і займаецца. Гэта кніга пра мастакоў і кніга мастака - кожнае апавяданне напісанае ў жанры партрэту. Фокус - на адным героі і ўсебаковым раскрыцці ягонага характару.

Пра мастачку Надзю ў кнізе ёсць яшчэ адно, большае палатно, а тут я змяшчаю гэты эцюд. У арыгінале апавяданне называецца "Простота", я ўжыла іншае слова, каб унікнуць анатамічных асацыяцый. І ў гэтым палягала праблема, бо з гэтым словам аўтар гуляўся ў тэксце. У выніку адна рэч, якую я заўважыла пазней і якую паправіла ў вёрстцы, так і не з'явілася ў надрукаваным выданні. Там, дзе здані па-руску спяваюць "Простота", вялося пра рытм вальсу. Выпраўляю гэтую памылку тут, у ЖЖ, цалкам усведамляючы, што баржомі піць позна і журы такая форма пакаяння ні разу не пераканае.

ПРОСТАСЦЬ
Кожная сям’я пачынае з таго, што ён і яна прыводзяць у адпаведнасць свае звычкі. Калі Надзя пабралася з Мішам, яна пачала прачынацца а шостай раніцы і, пакуль муж быў на прабежцы, мыла падлогу.

Патрэба мыць падлогу ў арандаванай двухпакаёвай кватэры з’явілася ў Надзі сама сабой, і рабіць гэта штодня і ў гэткую рань яе ніхто не прасіў. Тое было нейкае інтуітыўнае дзеянне, а яна была добрым мастаком і прызвычаілася верыць інтуіцыі. Праціраючы штораніцы падлогу, маляваную гадоў дваццаць таму карычневай фарбай, з шырокімі шчылінамі паміж дошак, куды за дваццаць гадоў нацерушылася смецця (і закацілася прыцьмянелая савецкая манетка, якую яна неяк выявіла і ўсё ніяк не магла дастаць), яна спрабавала менавіта гэтым прывесці ў адпаведнасць іх новае жыццё.

Вярнуўшыся з прабежкі, муж доўга стаяў пад душам: змываў пот; шараваўся смачным дэзадарантам, прыводзіў у адпаведнасць свае цела і дух. І, мусіць, тым самым займалася Надзя. Толькі, у адрозненне ад мужа, у яе мала што выходзіла. Падлога па-ранейшаму глядзелася звыродліва, і, зберагаючы на сабе сляды ранейшых жыхароў, не давала Надзі спакою. Проста побач з сабою яна бачыла апранутую ў зашмальцаваны халат напаўпразрыстую дзяўчыну, чула, як спрасонку тая з шоргатам цягне па падлозе падобныя да смаўжоў тапкі, бачыла яе мужа, які з’яўляўся следам і, лаючыся на Надзю, Мішу і сваю жонку, біў кулаком у замкнёныя дзверы лазенькi.

Надзя любіла той момант, калі Міша выходзіў з лазенькі. Тое, як, пстрыкнуўшы шпінгалетам, які быў на дзвярах замест замка, ён спрытна, з першага разу сваімі дужымі рукамі закрываў дзверы, што набухлі і пакрывіліся. Як німбам свежасці, гарачага душу, што стаяў над яго целам, ён адпалохвае здані ранейшых жыхароў, і тады яна на свае вочы бачыла, як яны хаваюцца па кутах з незадаволеным буркатаннем. Яна любіла яго хаду пасля душу – мяккую і спружыністую, яго босыя ступакі, якія, крануўшыся падлогі, падпарадкоўвалі яе, як казачную раку.

Гледзячы на яго з кухні, яна нязменна замірала з талеркай у руках, бачыла, як яе захоплены погляд адлюстроўваецца ў яго поглядзе, як выклікае ў мужа лёгкую, але ўсё ж самазадаволеную збянтэжанасць, адчувала, што і яе цела ў гэты момант абмену поглядамі робіцца зграбнейшым і больш гнуткім, і, напэўна, уяўляла сябе плюшчом, які імкнецца абвіцца вакол яго. Абвіць кожны выгін, кожную круглявасць і, прыняўшы яго форму, зліцца з ім назаўжды.

Потым надыходзіў сняданак, які, разам з ноччу, быў найлепшым часам у новым Надзіным жыцці.

Адганяючы сваім апетытам Надзін погляд, муж запіхваў у рот тоўстыя доўгія канапкі, падхапіўшы відэлец смажанае яйка, цалкам адпраўляў яго ўслед за хлебам, піў вялікімі глыткамі з доўгай празрыстай шклянкі сок, хутка пакідаючы шклянку пустою. Надзя напаўняла шклянку.

– Чаму ты не ясі? – абавязкова, прагнаўшы голад, пытаўся муж.

– Я потым... – адказвала Надзя, але, баючыся, што муж нахмурыцца і будзе думаць, што з ёй ізноў нешта не так, і будзе на працягу дня тэлефанаваць з клінікі (Міша быў хірургам) і спакваля выпытваць у яе сапраўдныя прычыны браку апетыту, пачынала тыкаць вузкім відэльцам у акуратна раскладзенае пасярод чорнай талеркі яйка. Глядзела, як расцякаецца па паверхні трэснуты жаўток, як ён змяняе колер, і, шкадуючы жоўты, мачала ў яго хлеб. Глытаючы, адчувала, як вяртаецца апетыт. З’ядала канапку, запіваючы моцнай кавай, адчувала, як прачынаецца яе цела, і хваліла сябе за новы рэжым, за гэтае ранняе дзеля мужа абуджэнне.

Здані ў гэты час, разумеючы, што з Надзяй яе надзейны абаронца, незадаволена памоўчвалі ў кутах.

Муж расказваў пачуты ўчора ў клініцы, але заблукалы да раніцы анекдот. І хоць, на думку Надзі, анекдот быў цынічным, яна ўсё роўна адгукалася на яго. Анекдот быў для яе падставай для радасці, даваў магчымасць пасмяяцца побач з мужам са свайго страху. І зноў жа прытуліцца да мужа, да яго рогату, да яго здольнасці лекара, які штодня бачыць смерць, забываць пра яе з дапамогай такіх нескладаных прыёмаў.

Звычайна сняданак зацягваўся, і калі яны нарэшце сканчалі, муж, паглядзеўшы на гадзіннік, пачынаў спяшацца. Хутка сыходзіў. Застаўшыся адна, Надзя зноў услухоўвалася ў цішыню, адрозніваючы ў ёй, як, задаволеныя Мішавым зыходам, па кутах пачынаюць варочацца здані: як яны пацягваюцца, размінаюць плечы, трасуць доўгімі нячэсанымі валасамі.

Каб падоўжыць для сябе раніцу, тую яе асаблівасць, за якую яна цаніла яе, Надзя вярталася ў яшчэ цёплую пасцель, уткнуўшыся ў мужаву падушку, удыхала пазасталы на ёй пах і, пераконваючы сябе, што ўспаміны хутка кінуць яе, засынала.

Сёння яна праспала не больш за гадзіну і прачнулася ад шуму. Акрамя ранейшых жыхароў, якія жылі побач, як раўнапраўныя гаспадары, у яе цяперашнюю здымную кватэру часта прыходзілі яе першы муж, бацька, усе тры яго жонкі, сярод якіх была яе маці, нейкія напаўзабытыя сяброўкі, з якімі яна парвала адразу пасля разводу. На гэты раз яны сабраліся разам і, стоячы каля ложка неразутыя, пакідаючы на толькі што адмытай падлозе глейкую кашу ад снегу, што раставаў на падэшвах, размаўлялі пра яе. Размаўлялі так, каб яна чула, каб іх размова пранікала ў яе сон, не давала бачыць іншыя, акрамя гэтага, сны.

– Бо я папярэджваў яе! – казаў першы муж – удачлівы, хутка разбагацелы дзялок. – Цяпер вы бачыце, што я меў рацыю.

Надзя хацела адказаць нешта крыўднае, нешта хай нават знарок выдуманае, што раззлавала б заўсёды стрыманага, цалкам рэалізаванага ў гэтым вобразе стрыманасці мужа, аднак згадала, што адно парадуе яго. І ён зноў адно ветліва і пераможна прамаўчыць.

– Ёй трэба больш выстаўляцца, – заўважыў бацька, вядомы мастак, – за два гады ніводнай выставы, і гэтае каханне, што збівае яе з тропу.

Яна хацела запярэчыць і нагадаць бацьку пра яго жонак. А яшчэ паказаць яму новую карціну, але ў прысутнасці такой колькасці людзей пасаромелася, ды і карціна была няскончаная, хоць Надзя пісала яе ўжо некалькі месяцаў.

– Будзем спадзявацца, яна ведае, што робіць, – уступіла ў размову мама. Яна паглядзела на дачку ўважліва і так, што Надзі, як у дзяцінстве, раптам зрабілася страшна. Усё, што яшчэ імгненне таму яна лічыла адзіна правільным, здалося сумнеўным.

Сутнасць слоў маці зводзілася да давяральнага пытання, а дакладней да мноства пытанняў, якія тая задавала, маючы ўласны досвед: «А калі ён разлюбіць цябе? А што стане, калі ваша рознасць праявіць сябе? А калi ты зноў памылілася і папросту прыдумала яго?»

– Усё значна прасцей, – пачала Надзя, але не скончыла, таму што ўспомніла, што ўжо казала маці пра гэта.

– Зноў простасць? – усміхнулася маці.

Надзя пашкадавала, што пачала размову. Сяброўкі хорам заспявалі: «Усё прасцей, усё пра-сцей». Былы муж пачаў вальсаваць з маці, Надзя бачыла, як тая з пяшчотай паклала галаву яму на плячо. Разам з жонкамі сышоў бацька.


Усё яшчэ абдымаючы падушку, Надзя не знайшла на ёй паху мужа і зразумела, што спала доўга. Яна бачыла падобныя сны занадта часта і навучылася не надаваць ім значэння. Жывучы ў іх асяродку, як з самымі звычайнымі суседзямі, яна і ставілася да іх таксама; часам злавалася, часам, не жадаючы таго, прыслухоўвалася да іх. Звычайна сны агучвалі меркаванне яе блізкіх, радзей – яе ўласныя страхі, і зусім рэдка яна бачыла самыя сапраўдныя сны – тыя, што хавалі таямніцы, не паддаваліся разгадцы, з багаццем густых фарбаў, з чароўнымі і добрымі ператварэннямі. Такія сны яна запамінала і захоўвала затым у памяці, быццам улюбёныя кнігі.

Не ўстаючы, Надзя пацягнулася да тэлефона, які ляжаў на крэсле. Патэлефанавала мужу, але не для таго, каб распавесці пра сон, а каб пачуць голас, зацвердзіцца ў яго існаванні. Муж не адказаў: мабыць, быў на аперацыі. Уявіўшы, як ён засяроджана схіліўся над аперацыйным сталом, яго дакладныя рухі, ад якіх залежыць чыёсьці жыццё, яна сумелася ад сваёй слабасці.

Хутка падняўшыся з ложка, Надзя пайшла ў лазеньку пакой і доўга стаяла пад прахалодным душам, як вучыў муж. Затым схадзіла на кухню, машынальна зазірнула ў лядоўню, вырашыла, што ў краму сёння можна не ісці. Прыбіраючы раскіданыя мужам у спешцы рэчы, некалькі разоў прайшлася па аціхлай кватэры. Цяпер, уся асветленая роўным святлом, яна здалася Надзі ледзь не роднай, і нават падлога была сімпатычнаю.

Нарэшце яна падышла да павернутай тварам да сцяны карціны. Разгарнула эцюднік і стала думаць, чаму яна так доўга не можа яе дапісаць.

Усё жыццё Надзя імкнулася да простасці. Простасць была для яе сімвалам гармоніі, прасвятлення, Бога, ідэяй фікс урэшце. Выказаць сутнасць простасці, яе дакладны сэнс, Надзя не магла, але адрозніць натуральнае і чыстае ад надуманага і штучнага ўмела заўсёды. Усё сваё (і не толькі сваё) жыццё яна вымярала ступенню простасці. Старалася жыць сэрцам, а не розумам, інтуіцыяй, а не досведам. Калі нешта ў яе не выходзіла, яна, не разбіраючыся ў складанасцях і хітраспляценнях, панічна баючыся, што і яе жыццё зробіцца няпростым, выдаляла гэтае «нешта» з свайго жыцця.

Так выйшла ў яе з першым мужам. Ён падкупіў яе сваёй лёгкасцю і, мабыць, простасцю вырашэння праблем. Не маючы складанасцяў, пагарджаючы імі, ён, нібы па-майстэрску вальсуючы, з усмешкай вырашаў любыя (часцей за ўсё матэрыяльныя) пытанні і нават, здавалася, зусім іх не меў. Ён спадабаўся ёй гэтай віртуознасцю, сваёй свабодай, для якой яму, здавалася, і былі патрэбныя грошы. Аднак неўзабаве яна зразумела, што насамрэч побач з ёй вельмі складаны і супярэчлівы чалавек. Наіўна мяркуючы, што праблема ў правілах, якімі ён, на яе думку, падмяніў навакольны свет і за якімі ўжо даўно не бачыў сябе, жадаючы дапамагчы яму, навучыць яго гаючай прастаце, яна рабіла нейкія дзівацкія ўчынкі, якія супярэчылі правілам мужа. Але першы муж, мусіць, усё ж кахаў яе, і таму прымаў яе штукі з заступніцкай усмешкай, рабіў выгляд (а, можа, і лічыў так?), што яны ўсяго толькі наступства іх розніцы ва ўзросце. Што з часам яна адумаецца. Адчуваючы гэта паблажлівае і не занадта сур’ёзнае стаўленне да сябе, Надзя злавалася і даходзіла ў сваіх «няправільных» учынках да жорсткасці. Так аднойчы, адключыўшы тэлефон, яна некалькі дзён пражыла ў майстэрні ў прыяцелькі. Калі Надзя вярнулася дадому, першы муж выглядаў выматаным і разгубленым, і яна раптам зразумела, што ўсё, чаго яна дамаглася – гэта вывесці яго з раўнавагі, з звыклых яму межаў і правілаў, але без іх ён стаў падобны да дзіцяці, якое страціла маці. І ніякай простасці яму не трэба, таму што яго жыццё і ёсць яго простасць (толькі ў нейкай пачварнай форме, калі прастэча ўжо даведзеная да пустэчы). А ўсё яго каханне да яе і ўсе яго правілы – спосаб выратавацца ад гэтай пустэчы. Зразумеўшы гэта, Надзя падала на развод.

Развод быў доўгім. На працягу двух гадоў муж маліў і запэўніваў, што ўсё зменіцца. Надзя верыла і вярталася, але ўжо праз месяц усё паўтаралася, і яна ўжо не пазнавала сябе ў сваіх учынках. Пазней ёй расказвалі, што пасля разводу муж доўга лячыўся ў псіхіятра, стаў шмат піць. Надзя слухала без цікавасці, быццам гаворка ішла пра зусім чужога ёй чалавека, таму што яна цвёрда вырашыла тады вярнуцца да чысціні пачатку, да той простасці, якой здрадзіла з мужам.

Гледзячы на карціну, Надзя зноў думала аб простасці. Уласна, яна і пісала карціну аб простасці. Толькі выходзіла карціна далёка не простаю. Звычайна Надзя аддавала перавагу працы ў дэкаратыўным стылі, дзе і напраўду ўсё было проста. Дзе жыла зразумелая, немудрагелістая, зайграная на адным інструменце мелодыя, дзе змест магло разабраць нават дзіця. Такія працы выходзілі ў яе хутка і не пакідалі пакуты ўнутры, заканчваліся разам з выяўленым пачуццём. Калі яна жыла ў Піцеры, ужо разведзеная, яна добра зарабляла на дэкаратыўных карцінах, і яны падабаліся ёй яшчэ таму, што нават расставацца з імі было не шкада.

Любоў да дэкаратыўных, «легкадумных» работ з’явілася ў яе яшчэ з дзяцінства, як пратэст супраць манументалізму, які навязваў ёй бацька, эпічнай глыбіні з яе празаічнай дэталіроўкай, карпатлівай працы, у якой часам за прафесійнай тэхнікай, за нейкай пабожнай тэмай (крытыка якой будзе выглядаць блюзнерствам), мастак мог схаваць сваю пустэчу.

Толькі для гэтай карціны Надзя абрала ўсё ж бацькаў стыль. Хоць і працавала ў ім яна па-свойму. Уся карціна была напісана ў імпрэсіянісцкай манеры, але з эпічным размахам, з буйным першым планам, што змяшчаў у сябе адразу некалькі персанажаў. З левага верхняга кута, прабіраючыся скрозь густое алейнае неба, падымалася, як бурбалка ў кіпені, сонца. Усю ніжнюю, з канца ў канец, частку палатна занялі пахіленыя разам з травой, пазбаўленыя жыцця, з аднолькавымі пустымі абліччамі, каменныя балваны. А цераз усю верхнюю частку скакаў, ірвучы зямлю, уласна, прымушаючы балваноў адхіснуцца, несучы сонца на спіне, чорны бык.

Калі Надзя рабіла першы накід, замест быка па рытуальным полі скакаў белы конь. Толькі Надзя неўзабаве зразумела, што конь занадта кранальны і выглядае безабаронна і прыручана побач з паганскімі ідаламі. Тады яна напусціла на балваноў смерч, густы віхор, які павінен быў сцерці іх з твару нованароджанай ранішняй зямлі. Але смерч і сонца глядзеліся побач узаемавыключальна, просталінейна і плакатна. І яна зразумела – будзе бык. Але бык не такі, што палохае, як на карыдзе, сваёй лютасцю, а бык, у целе якога будзе адгадвацца цела яе новага мужа.

Цяпер, гледзячы на карціну, яна ясна зразумела, чаму так доўга яе піша, чаму перастала пісаць кароткія і наіўна-захопленыя дэкаратыўныя карціны. Ад таго, што хоча як мага даўжэй, а, можа, і заўсёды, пісаць толькі гэтае цела. Хоча перадаць паўнату здзейсненага ёю, звязанага з гэтым целам, адкрыцця. Адкрыцця, што змяшчае сакрэт гармоніі, захаплення ад простасці, якая ўсё адраджае.

Баючыся закрануць у карціне ўжо створанае, Надзя асцярожна і для ўсяго цэлага незаўважна, стала
дадаваць новыя мазкі. Вельмі хутка пісаць стала лягчэй, страх знік, замест яго з’явілася ўпэўненасць. Надзя не заўважыла, як прамільгнуў час, як за акном узялося на цемру, і толькі пачуўшы, што ў замку павярнуўся ключ, звыкла расстроілася, што яе працу перапынілі, бо яна хацела сказаць нешта дакладнае пра шыю быка, пра паставу, пра гонар і зацятасць, але дакладнасць выпырхнула, нібы палахлівы матылёк, і цяпер калі яшчэ прыляціць.

Над Надзяй, падышоўшы занадта блізка, на адлегласць, на якую да карціны можа наблізіцца толькі мастак, у пункце, адкуль бачная толькі анатомія малюнка, стаяў Міша. Пагладжваючы Надзю па плячы, ён разглядаў карціну. Нават не павярнуўшыся, яна зразумела гэта па павольных і аднастайных рухах яго рукі.

– Здорава, – працягнуў ён. – Толькі ж калі ты яе скончыш? Карціна выдатная, навошта аддаваць ёй столькі сілаў, калі ўсё ўжо гатова? Карціна быццам аддалілася ад Надзі. Зрабілася чужою. Ёй чамусьці здалося, што ў яе нічога не выйшла, што Міша цяпер глядзіць на нейкую іншую карціну.

– Ты нічога не разумееш. Адыдзі! – сказала яна.

Міша дзіўна паглядзеў на жонку, збянтэжаны рэзкімі, быццам не ёю вымаўленымі словамі.

– Алей нельга глядзець так блізка, так ты нічога не ўбачыш, – ужо міралюбна сказала яна.

– Ну не ўбачу, дык не ўбачу, – спакойна і таксама міралюбна падсумаваў Міша. – Ты ж ведаеш, я ў жывапісе нічога не разумею.

Нібы адразу забыўшыся пра спрэчку, ён пайшоў на кухню. Стаў грымець там посудам, на поўны напор адкрыў кран, выцягнуў запалкі, запальваючы пліту.

– Ты што-небудзь ела за дзень? – гучна спытаў ён.

– Не, чакала цябе, – вельмі ціха, сабе, адказала Надзя.

Ужо без думак, разгублена гледзячы на карціну, яна праседзела каля яе яшчэ нейкі час, потым, як у сне, пайшла на энергічны гук электрычнага імбрыка, што пачынаў ужо закіпаць. Дапамагла сабраць на стол, слухала i не чула навіны з лякарні, якія распавядаў муж, і чамусьці зноў раззлавалася, калі, не дачакаўшыся, пакуль яна скончыць з сервіроўкай, ён пачаў есці. Яна ўявіла раптам, што на яе месцы цяпер можа быць любая іншая жанчына, і з ёй ён будзе паводзіцца гэтаксама, і прыгадаліся мамчыны пытанні – бясконцыя, безадказныя, аднолькавыя.

Сказаўшы Мішу, што ў яе разбалелася галава, хутчэй мінуўшы яго погляд, яна пайшла ў спальню, легла паўзверх коўдры на ложак. Мімаволі стала ўслухоўвацца, як ён збіраецца на сваю штовечаровую трэніроўку, немаведама навошта пачала спадзявацца, што сёння ён застанецца дома дзеля яе, але калі ён зазірнуў у пакой, заплюшчыла вочы. Міша, патушыўшы святло і асцярожна прыкрыўшы дзверы, пайшоў.

Амаль адразу кватэра запоўнілася гукамі. Гучна запрацаваў тэлевізар. Пачалі спрачацца міжсобку мужчынскі і жаночы галасы. Грукнулі кухонная дзверы. Хтосьці вымавіў слова «боршч». Хтосьці высыпаў на стол дробязь з кішэні. Бразнуўшы, па падлозе пакацілася манетка. Нячутна правалілася ў шырокую шчыліну.

Пераклала з рускай мовы Марыя Мартысевіч

Месцазнаходжаньне: Чарнышэўскага
Настрой: cheerfulcheerful

Ліп. 16, 2018

10:00 am - МАРТА, АСТРЫД, ІНГЕР: ЧАМУ (НЯ)ВАРТА ЧЫТАЦЬ НОВУЮ КНІГУ АНКІ ЎПАЛЫ

На папярэдні допіс маёй новай рубрыкі “Няварта”, дзе я жалюся з нагоды літаратурных твораў, зь якімі мела (ня)шчасце пазнаёміцца, паступіла толькі адна істотная заўвага. Кнігагандляр Алесь Яўдаха з усёй строгасьцю запытаўся: “Чаму наркамаўкай???”

Каюся і выпраўляюся. І сапраўды: пасьля шэрагу маралізатарскіх чыстак апошняга дзесяцігодзьдзя ў беларускім культурным полі засталося вобмаль пляцовак, дзе можна мацюкацца на тарашкевіцы.

Нагадаю, што рубрыка “Няварта” была заснаваная мною з адзінай мэтай – патроліць Яна Максымюка. Па дарозе яна аднак абрасла дадатковымі місіямі. Напрыклад, місіяй пазбавіць вас неабходнасьці чытаць творы, якія ўжо прачытала я. І тым відавочнейшая важнасьць гэтай місіі, чым бліжэйшы новы прэміяльны сэзон Літаратурнай прэміі Ежы Гедройця. У Беларусі ўрадзілі клубніцы і чарэшні, на павестцы дня чарніцы, парэчка і агрэст. Усе інтэлектуальныя сілы краіны кінутыя на замарозкі і закаткі. Гэта аднак не здымае адказнасьці з аматараў тэорыяў змовы сачыць за літаратурнымі навінкамі, каб годна падыйсці да восеньскага абвастрэньня і абгрунтавана, а не як заўсёды, заявіць пра тое, што ўсё куплена.

Вось жа, на прэпарацыйным шкле – найбольш відавочная кандыдатура ў шорт-лістэры Гедройця. Тут нават да варажбіткі Юліі Шаровай не хадзі. Выдадзены напрыканцы 2017 году ў выдавецтве “Янушкевіч” дакумэнтальны раман “На засьнежаны востраў” Анкі Ўпалы ўжо атрымаў трэцяе месца ў экспэртнай прэміі “Кніга году” і вагон ды ікееўскую цялежку падазрона пазытыўных водгукаў ад прасунутай чытацкай аўдыторыі. Гэта, дарэчы, і дазваляе мне зь лёгкім сэрцам няварціць Упалу – тыя 2% чытачоў, якія паводле статыстыкі, толькі і чытаюць у нас па-беларуску, ужо яе прачыталі, а астатніх да гэтага ўжо нічым не змусіш, хоць ты ім паабяцай, што ў кнізе падрабязнае апісанне лесьбійскага сэксу на 86 старонцы.


Read at your own riskCollapse )

Месцазнаходжаньне: Чарнышэўскага
Настрой: cynicalcynical
Цяпер грае: ABBA - Waterloo

Сак. 27, 2018

09:00 pm - “НЯВАРТА”: РУСАЛКІ ЯК СУЧАСНЫЯ ФЕМІНІСТКІ, АБО ШТО (НЕ)ТАК З СЁЛЕТНІМІ НАМІНАНТАМІ ПРЭМІІ “ДЭБЮТ”

У апошнія месяцы рукі свярбяць затроліць літаратара, перакладчыка і прамоўтара культуры і літаратуры Яна Максімюка. Рэч у тым, што літаратар, перакладчык і прамоўтар культуры і літаратуры Ян Максымюк надта ўжо стаў актыўнічаць у віртуальнай прасторы, у выніку чаго стварыў (напару з Сяргеем Шупам) сайт сваіх любімых тэкстаў, а ў дадатак – суполку ў ФБ пад назвай “Толькі пра літаратуру”. Ценявы рэсурс беларускай службы “Радыё Свабода”, суполка “Толькі пра літаратуру” – гэта, па сумяшчальніцтве, прыватны дзённік Яна Максымюка. Там ён посціць свае погляды на літаратуру, у тым ліку (і тады мы ўсе прачынаемся) на беларускую. У сваёй суполцы ён паквапіўся на святое: забараняе беларускім паэтам публікаваць свае пранікнёныя вершы, заяўляючы, што дапушчальныя “толькі рэфлексыі” і “толькі пра літаратуру”.

Каб выправіць баланс дабра і зла (на карысць, вядома ж, зла), калі не ў свеце, то хаця б у беларускім ФБ, перад новым годам я сур’ёзна намервалася стварыць суполку “Толькі не пра літаратуру”, дадаўшы туды ўсіх беларускіх літаратараў усіх пакаленняў і светапоглядаў, але жэстачайшэ забараніўшы ім абмяркоўваць творчыя пытанні. Заставалася толькі знайсці віртуальных санітараў, каб выносілі віртуальныя трупы.

Грыпы ды іншыя зімовыя трасцы згасілі мой імпэт. Але вось вясна – і жаданне затроліць Яна Максымюка адрадзілася з новай сілай.

Аднойчы я спрабавала прыстроіць у перадачу РС “Варта”, за якую адказвае Ян Максымюк, разгромную рэцэнзію на адну кнігу. І тады Ян Максымюк сказаў, што раней яны апублікавалі адну разгромную рэцэнзію, і іх замучыла аддача, таму цяпер яны публікуюць толькі кампліментарныя тэксты. Інакш хуле тады рубрыка называецца “Варта”?

(Слова “хуле” няма ў падляшскім варыянце беларускай мовы, але сэнс быў прыкладна гэткім).

Менавіта таму я вырашыла адпаўзці агародамі ў свой паўзакінуты ЖЖ і адкрыць уласную рубрыку, назваўшы яе, вядома ж, “Няварта”.

Тут я буду змяшчаць тэксты, прачытанне якіх пазбавіць вас неабходнасці чытаць кнігі, якія ўжо прачытала я.
Чытаць дэбютны набросCollapse )

Настрой: cynicalcynical
Цяпер грае: "Где та молодая шпана, что сотрёт нас с лица Земли?"

Снж. 31, 2017

03:29 pm - ROK NIEISTNIENIA, АБО HAPPY SILVESTER, HAHAHAHA

Трэба ж і ЖЖ усьцешыць вынікамі году. Адзін з найважнейшых - я пераклала чарговы верш Баляслава Лесьмяна. Ён не ўвайшоў у адпаведную кніжачку сэрыі "Паэты плянеты", але я лічу гэта добрым знакам: будзе новая, большая і круцейшая кніга Лесьмяна па-беларуску.

Крыху некрафіляцінкі вам пад ялінку. Хоць мне падабаецца думаць, што гэта верш пра людзей, якія не праяўлялі пачуццяў, калі для гэтага быў час, і вучацца кахаць і быць каханымі, калі ўжо крыху позна. З гэтай думкай я яго і перакладала.

Арыгінал 1912 году.
Фота адсюль



ГОД НЯБЫТУ

"Наперадзе год нябыту, год жудаснага бясквету,
Нібы матылькі, налета вымруць наўкола дзяўчаты.
Я першай чэзну сваволі, мой скон ужо распачаты, -
І ўжо - зірні! - паміраю, і ўжо я чужая сьвету!

Вучыся хацець маю сьмерць, пажадна лашчыць адсуту,
Пустэчу кусаць, якая мроіцца чырваньню вуснаў.
Вер у экстаз маіх ценяў, вер у вачэй каламуту:
Хто сапраўды памірае, толькі і ёсьць спакусным".

Вучыўся кахаць мярцьвячку, пазногцяў сінія пэрлы
Вуснамі браў асьцярожна і долькі павек закрытых,
Ад грудзяў благаў пяшчотаў, як у магіле зарытых,
Яна ж у адказ - нічога, бо надта ж была памерлай.

"Ці прагнеш маіх цалункаў, ці грэешся маім жарам?
Ці муляе мо цямрэча, цісьне мо неіснаваньне?
Дай ведаць, ці адчуваеш, дай смутку майму адхланьне:
Трымці ад маіх любошчаў, калі зазнаеш іх зараз!"

"Чаму ня верыш памерлай? Цудаў я ўжо не баюся,
Здаюся твайму каханню і ў жары тваім згараю,
І прагну тваіх цалункаў - і ўсё марнейшай стаюся,
І прагну тваіх любошчаў - і ўсё мацней паміраю".



А яшчэ мы тут працягваем зьбіраць грошы на кніжную серыю "Амерыканка". Далучайцеся і замаўляйце кнігі. І будзьце жывыя ў 2018-м!

Ліс. 28, 2017

01:52 am

Дзеля падтрымкі ініцыятывы #янарадзілатут, але збольшага таму, што традыцыйна #немагумаўчаць, я пачала акумуляваць уражаньні ад некалькіх шпіталізацый у гінекалёгіі з дапамогай паэзіі. У прозе я ўжо не даю рады. Буду паціху складаваць цыкль у гэтым запісе.

Пісаць гэтыя вершы я пачала, калі перачытала свой матэрыял дзевяцігадовай даўніны і вырашыла надрукаваць яго ў "Новым часе": Паляжаць «па-жаночаму», або Пяць дзён з жыцця аддзялення гінекалогіі



Лішне казаць, што ўсе супадзеньні...


НАСЬЦЯ

Ачуньвае ад анэстэзіі, рыдае ў падушку:
- Нацысты!
Сказалі, я сама вінаватая, што ў першы раз кепска пачысьцілі.
"Чаму вы не папярэдзілі, калі вас прывезьлі,
што ў вас двухрогая матка?"
А я ім: "Таму што я бухгалтар, а не гінеколаг!!!"
Адкуль мне ведаць, якая ў мяне матка?
Я нараджала - мне нічога не сказалі.
І зараз на ўлік ставілі - нічога не гаварылі.
Чаму мне не гаварылі, раз гэта так важна?
Двухрогая - гэта як? Гэта праўда так страшна?
Можа, яно і замёрла там, таму што - двухрогая?..
Адкуль жа мне ведаць, што маткі бываюць, як козы?
- Анастасія, ты адыйшла ад наркозу?
- Юлія Мікалаеўна! Ён памёр праз матку?
Але я ж ужо маю дзіця!
Я заўсёды была здаровая, ніякай нават ангіны...
- Нармальныя цяжарнасьці, Насьця, не вывальваюцца з вагіны.
- Юлія Мікалаеўна!
Юлія Мікалаеўна!
Ю-лі-я Мі-ка-ла-еў-на-а-а-а-а...
- Не чапай доктара. Яна сёння зрабіла тры чысткі. І вось зараз прывезлі чацьвёртую. Прымусовы аборт калясачніцы на дваццатым тыдні. Думаеш, лёгка такое рабіць? У каторай руцэ катэтар? Усё вы ў сваіх тэлефонах. Пракапае - крыкнеш на калідор. Вазьмі на ўсялякі ватку.

Насьця ляжыць пад кропельніцай.
Гугліць двухрогую матку.


ІРА
- Сьпіраль урасла, і пад ёй нарасла кіста.
Каб цяжарыць праз год, трэба зараз дастаць.
Потым яшчэ праверыцца і падлячыцца.
Ведаеш, я ўмудрылася пра яе забыцца.
Мы зь Лёшам не плянавалі дзяцей.
Дакладней, плянавалі, але не адразу.
Дакладней, мы не пасьпелі абмеркаваць зь ім гэтага.
Яго разрэзалі і зашылі: неапэрабельна, чацьвёртая стадыя.
Пасьля яго я так толкам ні з кім і ня спала.
Затое паезьдзіла - ад Салаўкоў да Нэпалу.
Лёшу было трыццаць пяць. Адкуль што бярэцца...
А цяпер ёсьць магчымасьць выйсьці замуж у Грэцыю.
Там гарачыя чаты і падарункі ракою.
Але ў той жа час культ фэртыльнасьці, ну - такое.
Вядома, я і сама ўжо хачу нарадзіць.
Ды й грэк там нармальны: грамадзянства, грошы...

Сьпіраль - гэта ўсё, што мне засталося ад Лёшы.


ЛІДЗІЯ ІВАНАЎНА
- Фалікулы не высьпяваюць, у гэтым была прычына.
Ну, каб даступней: ты - непаўнавартасная жанчына.
Пуза, нібы ад піва, залысіны - самой ня гідка?
Я й без аналізаў бачу, што ты гарманальная інвалідка.
Зацягваеце да старасьці, у трыццаць усё вам прынцы.
А мне бабця заўжды гаварыла: дзеці - галоўнае, Лідка.
Якое парушэньне этыкі і доктарскай таямніцы?!
Усе тут дзяўчаты. Мужчын жа няма ў палаце.
Вы тут ня толькі лечыцеся, але і вучыцеся быць маці!
Слухайце, падкажу, як нарадзіць прыгожую дзетку.
Калі ваш мужык не зграбнейшы ад бабуіна,
Выношваючы, уяўляйце сабе безупынна
Таго, хто сапраўды скаланае грудную клетку.
Яны жа ж матэрыяльныя - нашы пачуцьці.
Я вось як вочы заплюшчу - бачу: Ўладзімір Пуцін
Па небе ляціць, а за ім - ягоныя сьцерхі...

Ладна, пайду. Эндакрынолаг я адна на чатыры паверхі.

Месцазнаходжаньне: Чарнышэўскага
Настрой: pessimisticpessimistic

Стд. 30, 2017

12:47 am - ЧАТЫРОХСТОПНЫ ХАРЭЙ НА СЛУЖБЕ ПАДРЫВУ БЕЛЛІТУ

Год мацярынства ў вершах - "дарослыя" тэксты, натхніўшыся бацькавымі вершамі Макса Шчура, я прыстроіла ў часопіс "Літраж".

Але зьявіліся і "дзіцячыя".

Маёй ідэяй было зарыфмаваць мамскія спрэчкі ў сацыяльных сетках, фобіі, домыслы і тэорыі маладых бацькоў адносна таго, як правільна выхоўваць дзетак.

Увага: па прычыне таго, што клінічных выпрабаваньняў гэтых вершаў не праводзілася,  не рэкамендуецца ўжываць іх падчас цяжарнасці  і ў перыяд лактацыі.

ЧЫТАЦЬ ПРА МАМАТУТАCollapse )

Месцазнаходжаньне: Чарнышэўскага
Настрой: creativecreative

Снж. 20, 2016

10:23 pm - УСЁ ПАЧАЛОСЯ З ЗАБОЙСТВА

Мае вынікі літаратурнага году пачынаюцца прыкладна ў лютым, калі ў выдавецтве "Крок" у Тэрнопалі выйшла друкам кніга вершаў Хінэмааны Бэйкер (Hinemoana Baker) з Новай Зэляндыі ў маім перакладзе.

Папярэдне вершы з кнігі былі прадстаўленыя на Стральцоўскім паэтычным фэстывалі "Вершы на асфальце", у якім удзельнічала Хінэмаана.

У Менску некалькі асобнікаў кнігі можна знайсці ў кнігарні "Логвінаў". А на сайце выдавецтва ад сёння - мой эсэ пра тое, як з'явілася ідэя перакласці кнігу.

Ідэя перакласці кнігу моцна звязаная з Корэ-Равай - выдуманым аўтаркай персанажам, яе альтэр эга. Так атрымалася, што верша пра Корэ-Раву існуюць толькі ў перакладзе.

Усе вершы пра Корэ-Раву асобна змяшчаю тут.

За дапамогу ў працы над кнігай, апроч уласна ўкраінскага выдавецтва "Крок" дзякую беларусам - Настассі Мацяш, Аляксею Знаткевічу, Андрэю Вылінскаму і Кацярыне Пікірэні.



Да саракагадовага юбілею першай месяцавай праходкі

Яна хоча сесьці са мною ў каноэ тугі і веславаць, веславаць да пажару ў сьпінах. Ці, можа, мы, як вайтаха, заб’ем на каноэ — мы паплывем на абшыўцы нашага абшчыннага дому. Потым мы сягнем выспы, ніхто не перашкодзіць нам дрэйфаваць ля яе берагу, мы ўзарвем яе пажарнымі сырэнамі сваіх глотак, «Кія матата!» — загарлаем мы, і выспа разарве сваё сэрца, мора ўздыбіцца перад намі. «Я наракаю цябе Корэ-Рава, — кажа мора. — Нічога-Ніякага. Ніколі-Ніколі».
Наступнага ранку Нічога-Ніякага прыносіць мне кубак гарбаты ў ложак. «Зь юбілеем!» — кажа яна.

Мяне завуць Нічога-Ніякага, —

кажа Нічога-Ніякага, — а вось мае Ніякія дзеці. Я здабыла іх са дна тэрмаса, з вотруб’я ячменю і цёртай морквы. Як я ні шукала, я не знайшла адпаведнага бэджа, таму ты можаш зваць мяне шэрыф Кэсі, ты можаш зваць мяне так у твар, ты можаш зваць мяне так у твар майму бацьку, у твар бацьку майго бацькі, заві мяне, заві мяне…
…не, сур’ёзна, заві мяне, мне самотна, мне патрэбны лапік чужой патыліцы, каб кранаць яго сухімі губамі, запрашаю цябе ў мой пікап, —
кажа Нічога-Ніякага, — у мой картачны домік, запрашаю ў мой сьпевасьпеў.


У ліфце пахне ладанам зранку

і сродкам для галеньня ў абед. «Гэты залаты хмарачос, — кажа дзядуля, — не заўсёды стаяў тут. Адзін юнак, яго звалі Мантра, закахаўся ў высокую дзеўчыну вунь там, але яна ўжо была заручаная зь вялікім шэрым гмахам справа. Яна ня ведала, што шэры быў злодзеем і хлусам, што ён забіў і зьеў мазгі ды вочы сваёй першай жонкі і цёшчы».
Корэ-Рава ўжо ведае працяг, умяшаюцца птушкі, перацягнуць Мантру ад берагу так, што ён прынамсі зможа заўсёды глядзець на сваё каханьне. Магчыма, менавіта так тут паўстала рака. Потым тры мажныя кузыны той дзеўчыны ўварвуцца на вясельле са зброяй і старым жалюзі, стануць паміж нарачонымі, акурат калі ўзыходзіць сонца, і так яны там і стаяць. Яна вымаўляе словы «па сей дзень».
«Не, — кажа дзядуля рыпучым-шыпучым голасам, — нават блізка ня так».


Памыліліся нумарам

Над урадам шкілеты, нада мною — мясцовыя, над мясцовымі — сьвятло, якое ператварае іх у супольнасьць. Сьвятло мінае Корэ-Раву а чацьвертай пятнаццаць, малады чалавек з айподам паварочвае галаву. Яна спатыкаецца аб глыбу раскладу. «У маёй немагчымай будучыні, — кажа расклад, — няма памады ці вольнага часу». Пяць дзён таму зазваніў тэлефон, яго гук разьзьвінеў поўнач, усход і захад яе гермэтычнай кватэры. Суседзі вучылі сабак выць, як іх кузэны-напаўваўкі ў зялёнай Індыі. Яны падымалі свае старыя вокны і крычалі: «Паўтарайце за мною!»
Слухаўка ў яе руцэ кажа: «Алё, дастаўка здаровай ежы?»


Я ў ландрамаце,

— кажа Корэ-Рава. — Маё сэрца ў ландрамаце, мой голас, мая падлапатачная цягліца, якую пячэ агнём, і мая дэльтападобная, якая стаіць бяз працы. Мне патрэбны лапік чужой патыліцы, каб кранаць яго сухімі губамі. Па ўсім штаце мамы і таты дыназаўры і іх абнятыя дзеці плаваюць на роўнядзі фэрмаў. Косткам трэба тысяча год, каб распасьціся і прарасьці. Крык бакаса як рып масьніцы.


У рацэ акулы,

у перасохлым рэчышчы зімуюць ракі, а таксама «крабі» і «лобі». Корэ-Раве цікава, за што яны так лобстэра.
«Корэ-Рава», — кажа яна, калі сустракае цесьляроў. «Ох, — кажуць цесьляры, — ну канечне. А карацей нельга?» Корэ-Рава дае свой дзяжурны адказ: «Гэта столькі ж складоў, як у Элізабэт». З таго часу цесьляры завуць яе Лізі.
Аднойчы двое зь іх засьпяваюць яе ў паўцёмнай кухні, яна жанглюе цукровымі яблыкамі. «Што ты, халера, робіш, Лізі?» Корэ-Рава ловіць, кідае, ловіць. «Я сьнедаю, — кажа яна. — Я
зьдзяйсьняю прыліў. Я іду ўглыб катынэнту».

Месцазнаходжаньне: Чарнышэўскага
Настрой: nostalgicnostalgic

Кст. 26, 2016

12:28 pm - ПАДЗЕННЕ ЭПІТЭТАЎ

Дзесяцігадовая Зося сядзела за сталом і старанна вадзіла стылусам па экране школьнага планшэту.

Дзядуля, кусаючы пальцы, хадзіў па кватэры ў пошуках электроннай цыгарэты. За акном прасторных апартаментаў на восемдзесят пятым паверсе бясшумна фланіравалі аэрамабілі. Экасістэма ледзь чутна гула, падаючы ваду да каранёў магутнага клёну, які мякка стукаў галінкамі знадворку ў балконную шыбу. Ішоў 2057 год.

– Дзеда, а дзеда...
– Што, буслік? – машынальна адказаў ён. Калі цыгарэта не знойдзецца, значыць, ён пакінуў яе ў экспрэсе. Давядзецца спускацца ў найбліжэйшы шапік, а гэта на трыццаты паверх, і па ім яшчэ хвілін дзесяць гарызантальным транспартэрам. Настрой сапсаваўся, калі ён подумкі праехаўся па гэтым транспартэры. Курыць хацелася проста зараз.

– А як правільна пішацца: "хедар" ці "хедэр"?
– Чаго? – калюча зрэагаваў дзед, як чалавек, занураны ва ўласныя думкі. – Няма такога слова.
– А настаўніца яго казала. Толькі на экран не вывела, таму я не ведаю, як пішацца.
– Чорці што. Гэта што яшчэ такое?
– Настаўніца сказала, гэта школка для габрэйскіх дзетак.
– Гэта па якім такім прадмеце?
– Па беларускай літаратуры. Настаўніца задала дамашку – запісаць па памяці ўсё, што яна казала на ўроку пра Змітрака Бядулю.

Пры словах "беларуская літаратура" ў старога звяло сківіцы. Калісьці даўно, у мінулым жыцці, ён лічыў сябе Паэтам. Дакладней, ён быў Паэтам. Паэтам, які Тонка Адчуваў Слова. Надзейна трымаў крохкую крышталёвую ліру сакавітай Мовы ў  чуйных далікатных пальцах, здабываючы з яе гукі непаўторнай мілаты, красы і сілы.

Але пакрысе-на-расе, пакрыёму, ціхай сапай, усё навокал захапілі я н ы.

Спачатку я н ы проста публікавалі сваё агіднае пісьво ў імі ж утвораных часапіськах ці проста вешалі ў інтэрнэце, які тады толькі-толькі правялі ў Беларусь. Потым сталі выдаваць самім сабе сумнеўныя прэміі. Потым я н ы неяк незаўважна аказаліся паўсюль – у міністэрствах, школах, універсітэтах, ток-шоў. Яго талент быў абвешчаны і х н ы м і крытыкамі замшэлым, традыцыяналісцкім, васількова-каласковым.

Пасля дзвюх здзеклівых рэцэнзій на яго трэці зборнік вершаў ён дэманстратыўна замаўчаў. Чакаў, што за яго заступяцца сябры і прыхільнікі творчасці. Але ўсё было глуха.

Тады ён замаўчаў назаўсёды. Перастаў хадзіць на літаратурныя сайты, на вечарыны, занёс на буккросінг усе беларускія кнігі, з'ехаў са сталіцы. Нарэшце жаніўся. Усё нібыта загаілася, але часам, праз столькі гадоў, перажытая крыўда тупым болем адгукалася недзе ўнутры. Змітрок Бядуля! Што я н ы могуць ведаць пра Бядулю? Гэтага габрэя з сумнымі вачыма – большага беларуса за ўсіх беларусаў, якія калі жылі на зямлі? Тое, што ён хадзіў у нейкі там хедар ведае што? Ды што эта за мова такая? Так спеўна і мілагучна, як у яго маладосці, што прыпала на самы пачатак ХХІ тагоддзя, па-беларуску ўжо не гаварыў ніхто. Затое паўсюль і навокал фанатычна дбалі пра жаночыя суфіксы ў назвах прафесій, выпячвалі чужую кроў у радаслоўных ісцінных Патрыётаў Радзімы. Паліткарэтнікі хрэнавы. Можа, я яе ў паліто пакінуў?

– Прагуглі! – крыкнуў ён унучцы, корпаючыся ў шатні.
– Ну, ты ж ве-е-едаеш... Гэта школьны планшэт, – заныла Зося. Тут няма ні інтэрнэту, ні нават спэлчэкеру.

Знайшлася! Металічны цыліндрык, выблытаўшыся са складак падшэўкі, прыемна лёг у руку.
– Дзед, ты ж сам быў пісьменнікам, –  працягнула ўнучка. – Дапамажы, га?
– Сама вучыся.
– Тата мне заўсёды дапамагае з кодамі!

Згадка пра паспяховага зяця-праграміста зрабіла сваё.
– Ну, пакажы, – падыйшоў ён да стала, зацягваючыся даўкім дымам электронкі.
"Сапраўднае імя Змітрака Бядулі – Шмуэль Плаўнік. Ён нарадзіўся ў беднай габрэйскай сям'і вельмі даўно, амаль два стагоддзі таму. Калі ён быў маленькім, ён хадзіў у х..."
– Дзеда, не куры тут, калі ласачка! Ты ж знаеш, мама не любіць.
– А мы ёй нічога не скажам... Так, выдаляй апошні сказ, пішы спачатку. Пакажу табе, як трэба.

Ён зрабіў яшчэ адну зацяжку, заплюшчыў вочы і стаў надыктоўваць:

"Пранікнёны пясняр гаротнай беларускай зямлі Змітрок Бядуля – яскравы прыклад таго, якая літаратура Беларусі разнастайная і шматгранная. У ёй непаўторна ўвасобілася прыгажосць народнай душы ў глыбінных імкненнях роднай зямлі на нацыянальным грунце і адвечны парыў чалавечага духу, пра які памятаюць і сёння".

Ён расплюшчыў вочы. Зося сядзела прама, глядзела на яго і не пісала.

– Ты што, не занатавала? – пакрыўдзіўся дзед. – Другі раз я ўжо так не змагу.
– У цябе памылка, – сказала дзяўчынка.
– Што? Якая памылка?
– Стылістычная. Вось тут: "...якая літаратура Беларусі разнастайная і шматграная". Настаўніца кажа, нельга паўтараць словы з аднолькавым значэннем. Кожнае слова трэба, каб нешта новае казала. А "разнайстайная" і "шматгранная" – гэта адно і тое ж.

"Дурное семя інфарматыкі! – хацелася завыць дзеду. – Вынішчальнікі Прыгажосці! А настаўніцу вашу – расстраляць. Або адсяліць на Марс".

Але ён не завыў. Калі падвысіць голас у кватэры, дзе знаходіцця непаўналетняе дзіця, кватэра аўтаматычна перадае сігнал у органы апекі. Апошні раз яму ледзь не забаранілі кантакты з унучкай. Давялося доўга тлумачыць, што ён проста крышачку перабраў палескага чырвонага і паддаўся на ўгаворы свата пачытаць колькі вершаў.

– Калі я хадзіў у школу, – сказаў дзед, палічыўшы да дзесяці, – нас вучылі так пісаць. Бо, па-першае, гэта прыгожа.

– Але гэта непрыгожа, – паморшчылася ўнучка. Гэта bad taste. Настаўніца кажа, што трэба пазбягаць прыгожых словаў, якія нічога не значаць.

Дзед папярхнуўся цыгарэтай. Ён сапраўды крыху тут надыміў. Узяў пульт, адкрыў балконныя дзверы ў бяспечным для дзіцяці рэжыме. Падышоў да акна. З-за шыбы яму падміргвала неўратычныміі агнямі мегаполіса Каменная Горка. Хутчэй бы дачка вярнулася з гасцей, а ён мог ускочыць у апошні экспрэс і з'ехаць у старасвецкую аўтэнтыку, у свой утульны, абсаджаны бэзам і парэчкай панэльны хручшык пад Асіповічамі…

– Дзядуля, – сказала Зося, стаўшы побач, – а я сказала настаўніцы, што ты, калі быў студэнтам, асабіста ведаў старэнькага Бядулю. – Яна спыталася, ці не пагодзішся ты расказаць пра Бядулю на ўроку ў відэаканферэнцыі.

– Барадулін,– з нечаканым для самога сябе спакоем адказаў дзед. – Гэта быў Рыгор Барадулін.
– Ну, пра Барадуліна – якая розніца?

Дзед глыбока ўздыхнуў, шчоўкнуў пультам, зачыняючы фортку, потым выйшаў у меню заставак і хуценька праматаў рыбак, вадаспад і зорнае неба.

Цяпер перад імі ува ўсе акно, урачыста і велічна, як біскуп у разблянае крэсла падчас святочнай імшы, сядала за пацягнуты празрыстай, кісейнай смугой далягляд чырвонае, румянае сонца.

Месцазнаходжаньне: Орцы
Настрой: gratefulgrateful

Navigate: (Previous 10 Entries)