?

Log in

No account? Create an account

Армянская гасціннасць

Міша

Арменія апынулася неверагодна гасціннай і ахвочай дапамагчы. Прычым часам даходзіла да абсурду. Застопілі мы невялічкі бусік. Кабіна занятая і кіроўца прапануе нам ехаць у закрытым кузаве без вокнаў. Мы не супраць. "Праўда, мне трэба заехаць у адну вёску ненадоўга, а пасля паедзем у Ерэван", - дадае ён. Мы пагаджаемся - куды спяшацца?

IMG_5566

Далей перад нашымі вачыма разгортваюцца наступныя падзеі. Спачатку нейкі час мы ехалі ў поўнай цемры. Затым расчыніліся дзверы кузава. У яркім святле, якое асляпіла нам вочы, з'явіўся кіроўца. Моўчкі зірнуў на нас. Пасля на месцы кіроўцы з'явіўся паліцэйскі і таксама моўчкі зазірнуў у бусік. Праз хвіліну паліцэйскага ў дзвярах замяніў мужчына ў цывільным. Не сказаўшы ні слова, ён падсеў да нас, і дзверы зачыніліся.

Ехалі мы не доўга, як бусік зноў спыніўся. У расчыненых чарговы раз дзьвярах зноў з'явіўся кіроўца і так сама зірнуў на нас. За ім у святле з'явіліся жанчыны. Яны сказалі штосьці адна адной па-армянску і засмяяліся. Затым на іх месцы мы пабачылі дзяўчынку з маленькім сабачкам на руках. Яна заскочыла да нас у бусік. Унутры зноў стала цёмна і мы паехалі далей.

Праз нейкі час мы зноў спыніліся і кіроўца адчыніў дзверы. Нашыя спадарожнікі выйшлі з бусіка. Я таксама выскачыла на вуліцу. Мы былі пасярод вёскі. "Хадзем", - махнуў мне рукою наш кіроўца і схаваўся ў бліжэйшай хаце. Мы ўчатырох пацягнуліся за ім. Там ужо накрывалі на стол. Пасля хуткага знаёмства, лёгкага перакусу і пары стапарыкаў абрыкосавай гарэлкі мы зноў накіраваліся да машыны.

"Яшчэ заедзем у адно месца і далей - у Ерэван", - чарговы раз запэўніў нас Міша. Праз нейкі час мы спыніліся яшчэ ў нейкай вёсцы. Нашыя спадарожнікі развіталіся з намі. "Гэта мой дом. Зараз перакусім і паедзем далей", - былі чарговыя словы кіроўцы. Перакус ізноў жа не абышоўся без гарэлкі, гэтым разам тутовіцы. Міша, нягледзячы на тое, што быў за рулём, не грэбаваў алкаголем.

Нарэшце мы трымаем шлях у Ерэван. Не праехалі мы і кіламетра, як Міша, пагаварыўшы з кімсьці па тэлефоне, разварочвае машыну назад у вёску. Нас запрасілі на вячэру яго знаёмыя, сярод якіх - і тая самая дзяўчынка з сабачкам.

Мы ўжо амаль нічога не ямо і не п'ем - хапіла папярэдніх перакусаў. А вось Міша заліваецца гарэлкай у два горлы. Паціху ацэньваем нашае становішча. На дварэ ўжо цёмна. Кіроўца п'яны. Мабыць, сёння ўсё ж у Ерэван ехаць не варта. І мы акуратна кажам пра гэта Мішы, стараючыся не пакрыўдзіць яго.

"Ды вы спытайце ў каго заўгодна! Я, колькі не вып'ю, ніводнай памылкі на дарозе не зраблю", - зарадзіў тут ён. Мы канечне ж верым, дзякуем Мішу за дапамогу і спрабуем развітацца. Але Міша ўсё яшчэ спрабуе ўпэўніць нас у тым, што ён у абсалютна чыстым розуме. Аднак нашае жыццё нам даражэй.Read more...Collapse )

Tags:

Ведаючы па досведзе, што прытулак на ноч лепш шукаць у маленькіх вёсках, мы вырашылі не перасякаць сёння мяжу з Грузіяй, а застацца начаваць у якім-небудзь закінутым богам мястэчку яшчэ з расійскага боку. Аднак мы не ўлічылі нашага досведу, што ў памежных рэгіёнах дзейнічаюць зусім іншыя правілы.

Усе жыхары адмоўна махалі галовамі, прыгаворваючы: “Няма месца”. Мы былі гатовыя начаваць хоць у якім сараі, абы не на вуліцы. Тэмпература ў гарах уначы набліжалася да нулю. Нас упарта пасылалі ў белы вагон, у якім месцілася крама, маўляў, у іх ёсць пакой.

Пакой апынуўся не бясплатны і заняты. Злая гаспадыня махнула рукою за вагон і буркнула: “Можаце начаваць у Газэлі”. Мы прыселі ў чаканні, што хоць нейкая частка ночы міне і спаць у халоднай Газэлі давядзецца менш. Раптам да крамы пад’ехалі хлопцы на машыне: “Дзе будзеце начаваць?”. “У Газэлі”, - машам рукой за вагон. “Хочаце начаваць у мяне ў ларку? Канапа, тэлевізар…”. Канапа і тэлевізар не надта вабілі нас, але добразычлівасць хлопцаў нас падкупіла. “Прыходзьце. Сіні ларок”, - сказалі яны на развітанне і зніклі.

Праз некалькі хвілінаў мы ўжо былі ля сіняга ларка – “Маскоўская страхавая кампанія” – абвяшчала шыльда. Два хлопцы завіхаліся ля яго. “Праверка змусіла адсунуць ларок ад дарогі не менш як на 30 метраў”, - скардзіцца Арцём. - “Сёння кранам перасоўвалі”. Усе разам мы ўзяліся дапамагаць хлопцам прыбірацца ў жалезнай каробцы, рамантаваць дах, пазбаўляцца ад пылу. Калі ўсё было скончана, Арцём, агледзеўшы памяшканне метры 2 на 3, з палёгкай і гонарам сказаў: “Адчувайце сябе як у сябе ў ларку”, і знік.


А раніцай нас ужо чакала Грузія.

Read more...Collapse )

Tags:

Чачня не ў тэлевізары

У Расію мы пераправіліся на пароме праз Керчынскі праліў. Калі сцямнела, мы былі ў Краснадары. Вырашылі знайсці прытулак праз couchsurfing. Нечакана злавілі wi-fi пасярод вуліцы на скрыжаванні. Стаім учатырох ля светлафора, утаропіліся ў свае тэлефоны. І тут заўважаем парачку, якая глядзіць на нас і ўсміхаецца. Пазнаёміліся. Слова за слова і Шаміль маша нам рукой і кажа: "Пагналі!".

Шаміль ужо 10 год як пераехаў у Краснадар з Дагестану. Прывёў нас у чайную "Пуэр-бар" сваіх сяброў. Там пазнаёміў са сваімі сябрамі. Яны таксама панаехалі ў Краснадар - хто з Саратава, хто нават з Масквы. І я не дзіўлюся. У Краснадарскім краі - найлепш з дабрабытам у Расіі. Тут, як кажуць мясцовыя, зямля такая, што куды ні ткні палкай, штосьці вырасце. Хаты ў людзей вялікія, падворкі чыстыя. На ноч нас бяруць да сябе Аня і Фёдар.

IMG_5061

А на наступны дзень мы ўжо былі ў Пяцігорску, дзе я пазнаёмілася са сваёй стрыечнай цёткай, якую не бачыла ніколі ў жыцці, ды са сваімі траюраднымі братамі ды пляменнікамі.

family

А таксама папарыліся у бясплатных ваннах з гарачай мінералкай.

DSC00443

Пасля Пяцігорска мы вырашаем крыху змяніць маршрут і ехаць не адразу ў Грузію, як планавалі, а заехаць спачатку ў Чачню. Аўтаспын на Паўночным Каўказе проста супер. Бяруць адразу. Першай справай пытаюцца, ці мы абедалі. Другой - запрашаюць у госці. Кабардзінцы Анзор і Пшынока вырашаюць зрабіць нам аглядную экспрэс-экскурсію па Нальчыку.

Read more...Collapse )

Пачатак дарогі

У падарожжы ніколі не ведаеш, што цябе чакае наперадзе. Адзін дзень ты начуеш у гаражы між матацыкламі і накрываешся кардонам, каб не змерзці. Другую ноч табе прастаўляюць нумар у шыкоўным гатэлі з басейнам. У дарозе адчуваюцца звычайныя радасці. Памыцца, папраць бялізну, паспаць на ложку - прыносяць зусім іншае задавальненне, калі нейкі час жывеш без душа, гарачай вады, лядоўні, пасцельнай бялізны. Дома я не скачу ад радасці, калі адчыняю лядоўню і бачу там слоік варэння. Дома я не дзялюся са сваімі сябрамі навінамі, кшталту: як клёва я памыла шкарпэткі ды штаны. За халоднай ноччу заўсёды прыходзіць сонечны дзень. Сённяшнія нястачы апраўдаюцца заўтрашнімі здабыткамі. Менавіта за гэтым я і еду ў дарогу.

20110425-IMG_8550

Паўтара гады назад мы вярталіся з гадавога падарожжа па Амерыках. Нам заставалася ўсяго два тыдні да самалёта. Аўтаспынам мы ехалі з Ушуаі ў Буэнас-Айрэс, адкуль у нас быў рэйс. Некалькі ночаў запар мы правялі на запраўках, тулячыся паміж ямамі для рамонту машын. Чарговы вечар сустрэў нас у нічым не прыкметным нафтавым гарадку Камадора дэ Рыдав'ярыя, што ў ветранай Патагоніі. Безвыніковыя спробы папрасіцца на начлег у царкве прывялі нас да думкі, што і гэтую ноч мы правядзем на запраўцы. І тут на адным з будынкаў мы пабачылі надпіс: "Камунідад дэ Булгарія". І вось мы ўжо спяваем беларускія песні дзецям балгарскіх эмігрантаў у Аргентыну. А праз гадзіну вячэраем дома ў Цэнкі, запіваючы варэнікі дамашняй слівовіцай.

Read more...Collapse )

Tags: