?

Log in

No account? Create an account

Entries by tag: jan machulski

...

Праходзіла я неяк тэлевізійныя курсы ў Варшаве. Курсы заключаліся ў тым, што трэба было выбраць тэму для рэпартажу, напісаць план, дамовіцца з героямі, узяць у рукі камеру, адздымаць, змантаваць і выпусьціць у сьвет.
І вось у адзін дзень я выбрала тэму пра маладых актораў. Дзе яны вучацца? Куды ідуць працаваць: у кіно, тэатр, рэкламу? Колькі можна на гэтым зарабіць? І ўсё такое.
Так як ні Варшавы, ні польскай мовы я тады толкам ня ведала, даводзілася метадам тыку шукаць кантакты ў інтэрнэце і метадам "пшэпрашам пана, естэм дзеньнікажэм з бялорусі" дамаўляцца аб сустрэчы.
І вось па гэтай тэме наткнулася я ў нэце на акторскую школу Яна і Галіны Махульскіх. Пазваніла туды, паразмаўляла з сакратаркай. Яна сказала, што якраз заўтра спадары Махульскія прымаюць экзамены ў абітурыентаў, паздымаеце, пагаворыце.
Назаўтра я адправілася ў акторскую школу. Павіталася за руку з гаспадаром установы панам Махульскім і ўзялася здымаць, як дзяўчаты і хлопцы расказваюць вершы перад экзаменацыйнай камісіяй. Калі іспыт скончыўся, я падышла да дырэктара і яго жонкі і стала задаваць ім розныя пытанні пра маладых акцёраў. Пан Махульскі выявіўся вельмі ветлівым і камунікатыўным чалавекам. І неяк між справай ён сказаў: "Я зьняўся ў 50 фільмах, вы глядзелі фільм "Ва-банк"? Давялося прызнацца, што не.
Калі я прынесла адздыманы матэрыял і паказала яго выкладчыкам, яны афігелі, што я вось так вось проста пайшла і ўзяла інтэрв'ю ў самаго Яна Махульскага! А я і праўда тады вось так вось проста пайшла і ўзяла, ні кропелькі не хвалявалася і не трымцела перад знакамітай асобай, бо зусім ня ведала, хто ён такі і не глядзела ніводнага фільму зь яго ўдзелам.
Потым ужо, калі вярнулася ў Беларусь, узяла дыск і перагледзела ягоныя працы.
Сёньня я даведалася, што 20 лістапада Ян Махульскі памёр. Я ня ведаю, што кажуць у такіх выпадках. Я ўзгадваю тое, што мяне зьвязвала з гэтым чалавекам.