?

Log in

No account? Create an account

Entries by tag: 34mag.net

Выйшла мая другая калонка на 34mag.net
 
Падарожнічаючы па Лацінскай Амерыцы, я імкнулася пакаштаваць розных нацыянальных, уласцівых толькі пэўнай краіне, страваў і напояў. Якім жа было маё здзіўленне, калі, пакаштаваўшы мясцовай «Калумбіяны» (з пазнакай «нашая» на бутэльцы), я адчула знаёмы смак «Бураціны». Яшчэ большым здзіўленнем сталася тое, што перуанская «Інка-кола» і бразільская «Гаўрана» мелі той самы смак.

inkakola

Аргентынцы, частуючы мяне варанай згушчонкай (яна там называецца «дульсэ дэ лечэ», што значыць «малочная слодыч»), хваліліся сваёй «тыповай» слодыччу, якую вынайшлі менавіта яны, і якой няма больш нідзе ў свеце. Ну, толькі там, куды яе экспартуюць, вядома. Эх, шкадавала я, што не прыхапіла з сабою бляшаначку нашай рагачоўскай. Але аргентынцы сапраўды здзівіліся, дазнаўшыся, што я таксама ведаю сакрэтны рэцэпт малочнай слодычы.
 
А нядаўна, падчас паездкі аўтаспынам з Варшавы ў Кракаў, добразычлівыя полькі прапанавалі мне «Крувку». «Нашая нацыянальная цукерка», – з гордасцю патлумачылі яны мне. 
 
Пазней чыста дзеля цікаўнасці я залезла ў «Вікіпедыю». Бо добра памятаю, як мая бабуля заўсёды прасіла прывозіць ёй у вёску «Кароўкі». Гэты былі ейныя любімыя беларускія цукеркі. Дык вось «Вікіпедыя» мне расказала, што цукеркі «Кароўка» сапраўды вынайшаў паляк Фелікс Паморскі, які трымаў кандытарскую фабрыку яшчэ ў 1921–1929 гадах. Але я на гэтым не спынілася і працягнула пошукі. На сайце беларускай фабрыкі «Чырвоны мазыранін» пішуць, што рэцэпт знакамітай «Кароўкі» быў прыдуманы ў Нароўлі ў 1948 годзе. Паводле дырэктаркі «Чырвонага мазыраніна» Аляксандры Гаранінай, у беларускі райцэнтр ехалі з усяго СССР, каб пераняць сакрэтны рэцэпт. 
 
Тое ж і са згушчонкай. За права краіны – вынаходніцы згушчонага малака спрачаюцца прынамсі некалькі дзяржаваў Лацінскай Амерыкі: Аргентына, Уругвай, Чылі, Калумбія… Пры гэтым гісторыі вынаходства пераплёўваюць адна адну па красамоўнасці. Паводле аргентынскай легенды, у 1829 годзе ў адной з правінцыяў Буэнас-Айрэса два генералы святкавалі перамір’е. Прыслужніца забыла на вуглях шклянку з салодкім малаком. Шклянка ўзарвалася. Адзін з генералаў пакаштаваў змесціва. І яно яму так спадабалася, што ледзь не тут жа новаспечаныя саюзнікі пачалі будаваць завод для вытворчасці згушчонкі.
 
Нават славуты выхадзец з Аргентыны Чэ Гевара казаў: «Згушчонка, абутак і зброя – самае галоўнае для рэвалюцыянера». Вядома, аргентынцы ганарацца яшчэ адным пацверджаннем крутасці іх згушчонкі. Аднак у нас тут кажуць, што выбітны рэвалюцыянер упадабаў усё ж нашую, савецкую згушчонку. 
Думаю, гэта справа гонару для кожнага народу мець нейкае сваё вынаходства, штосьці адметнае, па чым можна было б пазнаваць краіну. І харчовыя брэнды, напэўна, самыя праўдзівыя. Я чамусьці больш ганаруся беларускімі дранікамі, чым майткамі ад «Мілавіцы». І ў падарожжах для мясцовых гатую беларускі боршч (добрыя гаспадыні ведаюць, што ён адрозніваецца ад украінскага або, тым больш, польскага), а не расказваю, якія крутыя ў нас трактары. Дый які БелАЗ параўнаецца з нашай бабкай з салам?!
   

Tags: