Tags: мая творчасьць

sheshory

Пра Антошку, клясуху, дырэктара й Земфіру

Здарыўся неяк са мной у школе Антошка. Не скажу, каб прыгожы быў, ды й не беларускамоўны. Але адно ў ім прыцягвала: плэер. На той час музыку я магла слухаць толькі ў дыктафоне, таму Антошкаў плэер я ох як любіла. І рвала любую вольную хвілінку й Антошкаву кашульку, каб пабыць зь ім ды паслухаць музыку.
І вось сядзім мы аднойчы з Антошкам на падваконьніку ў школьным калідоры, слухаем Земфіру ў плэеры. У яго левае вуха, у мяне – правае. Перапынкі ў той час кароткія былі (якія яны цяпер – ня ведаю), мы толькі адну песьню пасьпявалі праслухаць. Тут званок празьвінеў, а Земфіра якраз зацягнула “Не отпускай меня, не отпускааай”. Ну, мы з Антошкам і вырашылі даслухаць. Даслухалі. І пайшлі.
Ён мяне да аўдыторыі праводзіў. Я пастукала, ужо заходзіць сабралася. А адтуль клясуха выходзіць і як гаркне на мяне: “Званок ужо даўно празьвінеў! Ідзі гуляй!” Ну я й пайшла. Толькі перад гэтым дзьвярыма ляснула. А яны ў нас вонкі адчыняліся. Таму клясуха па лбу атрымала. Добра так, гучна, смачна.
За той ейны гузак мяне да дырэктара выклікалі. А дырэктар мяне любіў. Ён часта да сябе ў кабінет запрашаў. Так і ў той раз. Пасядзелі мы зь ім ціха-мірна. Гарбаткі папілі. Паржалі з класухі й разышліся. Не на жарт.
Антошка пасьля гэтага плэер мне не даваў. І я зразумела ўсю яго сквапную сутнасьць. Цяпер у мяне ёсьць свой плэер. І шмат дыскаў. І Антошку я амаль не ўзгадваю. Толькі калі Земфіра зацягвае “Не отпускай меня, не отпускааай”.
А з дырэктарам, між іншым, мы ў адзін дзень нарадзіліся.
sheshory

Як сыходзяць з ЖЖ

Ну вось, нарэсьце нехта і да цябе прыйдзе. І ня проста нехта там, а сам Будулай (ну, ў ЖЖ у яго юзернэйм такі). Тысячнік – не абы хто.
Таааакс... Дастаём заначкі. Шампунь для нармальных валасоў – ніякіх там тлустых і зь перхацьцю. Тонік для нармальнай скуры – навошта яму бачыць гэтыя супраць вугрэй і чорных кропак? Хаваем Дэна Браўна, Югасю Каляду. Ніякай папсы. Тэээээкс... Што ў нас тут? Ага – Хэменгуэй, Даўлатаў... Выкладаем Бунюэля і Альмадовара. “Амэрыканскія пірагі” засоўваем у шуфляду. “Руки вверх”, Алсу, Брытні – усё гэта пакідаць навідавоку нельга. Застаюцца толькі NRM, Пятніца. Таааак... А Avril Lavign куды? Ай, схаваю на ўсякі выпадак. Можа, яшчэ зьбегаць па “Нашу Ніву”? Не, няма ўжо часу. Галоўнае – “Детективные истории” схавала. Піжама. Тэээкс... Усё роўна апрануць не давядзецца, дык хаця б няхай на сьпінцы крэсла павісіць, калі не на маёй. Цяпер і ня сорамна чалавека да сябе прывесьці.
Ага, вось і ён, відаць...

...Вось жа ж вылюдак. У фрэнды мяне так і не дадаў. Быццам сэкс – яшчэ не нагода. Толькі на разьвітаньне сказаў: сустрэнемся ў асьцы. Бррр... Встретимся в аду, крошка.
Усё, выдаляю сябе з ЖЖ. Ніхто мяне тут больш не пабачыць. Бывайце, дарагія фрэнды. Я вас любіла. Вы ні ў чым не вінаватыя. Мяне забіла каханьне.
Толькі адно апошняе жаданьне: няхай на маім пахаваньні гучыць Юра Шатуноў.


Усе падзеі і героі выдуманыя. Любое супадзеньне - выпадковае.
sheshory

Лысая жанчына

Лысая жанчына есьць вафельную цукерку і папраўляе чубок, які не існуе, гледзячы на свой адбітак у крывым люстэрку дзьвярэй тралейбуса. Лысая жанчына паліць папіросу і чысьціць жоўтыя зубы ўказальным пальцам. Лысая жанчына носіць зялёны пінжак з тлустай плямай на левай кішэні і чырвоныя штаны, купленыя ў краме “Second Hand”. Лысая жанчына працуе санітаркай у раённым дзіцячым шпіталі. Яна атрымала кварцавае апраменьваньне і аблысела. Але сказала ўсім, што пагаліласа налыса ў знак салідарнасьці з ахвярамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Лысай жанчыне ўручылі ордэн за заслугі перад Айчынай, і цяпер яна бясплатна езьдзіць у грамадскім транспарце. Лысая жанчына не існуе і ніколі не існавала. Гэта вынік вашай фантазіі.

Лысая жанчына плача, гледзячы ў мае вочы...
sheshory

"Вавёрачкі"

Той, хто нарадзіўся не за сярэдзіну 90-х, напэўна, добра памятае знакамітых рублёвых “зайчыкаў”. Яшчэ, здаецца, былі бабры, зубры... Але найбольш яскрава я запомніла вавёрачак. Яны скакалі на пяцідзесяцікапейкавых ружовых купюрах.
Аднойчы гэтымі ружовымі купюрамі, цэлымі іх стосамі, маме выдалі зарплату. Мне адразу здалося, што мы такія багатыя. Як жа ж я радавалася!
І з адным з такіх стосаў мама адправіла мяне ў магазін. Я адчыніла дзьверы крамы “Лотас” і ўвайшла туды, папярэдне ўзяўшы карзінку. З гордым выглядам паклала туды хлеб, батон, масла, малако, сьмятану. І пакрочыла да касы...
Але касірка чамусьці не ўзрадавалася, пабачыўшы маіх “вавёрачак”. Яна злосна зірнула на мяне і загадала нікому не займаць чаргу за мной. Хвілін 10 яна з зачыненай касай лічыла новенькія купюры. А пасля сказала мне больш не прыходзіць з такімі грашыма.
Я тады расказала маці аб сваёй крыўдзе. Яна толькі сумна зірнула на мяне і пяшчотна пагладзіла па галаве.
sheshory

Сённяшняе

Верш, напісаны па дарозе дадому пад уражаннем ад вечарыны, прысвечанай 75-годдзю Уладзіміра Караткевіча і выхаду кніжкі Глеба Лабадзенкі “Пагер-вершы”

Віншую Жыбуляў з першым
І Караткевіча з Глебам...
Ізноў не пішуцца вершы,
Ізноўку сікае неба.

Зноў Хадановіч спявае.
І не прыйшоў Барадулін.
Свярдлоў ізноў памірае.
Гілевіч пуза гадуе.

Абцас Марына зламала.
Каб вам такога – крый божа.
Калі тут “Мэнтаса” мала,
Дык, мабыць, бог дапаможа.

А я дадому у ботах.
Пад’езда код паламаны.
Збіваю з ботаў хлюпоты,
Бадай, ўсё будзе намана.


Collapse )
sheshory

Адзін дзень

Я выйшаў з дому ў тапках. У руках я трымаў пакет са смеццем. На маё здзіўленне на вуліцы ішоў снег. Яшчэ учора быў дождж. Таму парасон, які я ўзяў з сабой, мне не спатрэбіўся, і я пакінуў яго стаяць каля пад’езда. Да метро не вельмі далёка, хвілін 10. Я любіў гуляць па гэтым шляху. Сёння было надзвычай прыемна ісці, бо на маіх вачах усё навокал станавілася белым. Маленькія камячкі снегу тряплялі і на мае рукі (я хадзіў без пальчатак). Напэўна, ува мне столькі цяпла, што гэтыя камячкі адразу ж знікалі.
Да метро я дайшоў хвілін за 10. Яшчэ хвілін 10 я спрачаўся з жанчынай у форме, якая не пускала мяне ў метро з-за таго, што я трымаў ў руках пакет са смеццем. Давялося саступіць ёй, вынесці пакет на паверхню і пакінуць яго каля спуску пад зямлю.

Collapse )
sheshory

Цішыня

Ціха. Так ціха не было даўно. Магу нават дакладна сказаць, калі гэта было ў апошні раз. Напярэдадні яго з’яўлення.
Не было чутна ні крокаў, ні дыхання. Людзі ішлі па тратуарах, па дахах дамоў, наступаючы адзін на аднаго, гутарылі аб нечым між сабой. Але гукі затрымліваліся дзесьці ў вобласці гартані, галасавыя звязкі камянелі і не хацелі варушыцца. Як моцна нацягнутая струна, яны спачатку станавіліся ўсё танчэйшымі і танчэйшымі, а потым і зусім лопаліся. І змаўкалі назаўсёды.
Тады яшчэ свяціла сонца, але ўсё часцей яно з’яўлялася ў кроплях дажджу. А тыя, ў сваю чаргу, разбіваліся аб зямлю, аб плечы маўклівых людзей і таксама не ўтваралі ні гуку.
Ад гэтай цішыні білася шкло. Моўчкі і павольна. І застывала ў паветры. А людзі праходзілі праз гэтыя аскепкі, глытаючы іх сваім целам і не вяртаючы назад у атмасферу.
Пасля зазваніў тэлефон. Так гучна-гучна, што здавалася, каб у людзей былі барабанныя перапонкі, то яны абавязкова лопнулі б. Але чамусьці званка ніхто не пачуў, акрамя мяне. Белая слухаўка вісела на сцяне дома без нумару. Я падышла, сказала “алё”, і цішыня знікла. З таго часу я заўсёды прыходзіла да дома без нумару, і гаварыла ў слухаўку. Ён расказваў мне пра сваё жыццё, а я яму – пра сваё. Але яго жыццё было цікавым, у ім было шмат гукаў: кожная літара ў кніжцы друкарскай фарбай размаўляла з ім; кожная кропля дажду не акне расказвала сваю гісторыю; нават паветра дыхала так гучна, што яго можна было пачуць у слухаўцы. У мяне быў толькі адзін гук – гук тэлефоннага званка.
Скончыўся дождж і пайшоў снег. Але так павольна, што, калі нават сняжынка падала на вуха, яе прызямленне немагчыма было пачуць. Машыны тармазілі так ціха, што людзі заўважалі гэта толькі пасля таго, як на іх з’яўляліся сляды ад зімовых шурпатых шын. Адліга прыйшла маўклівымі ручайкамі. Пупышкі на дрэвах нараджаліся без плачу. І ніхто нават не заўважыў маленькага скрыпача ў пераходзе. Яго пальцы маўкліва бегалі па грыфе, а смычок высмоктваў гукі са струн. Толькі ў трубцы шумеў акіян і весяліліся дзеці.
А потым не стала і гэтага. Нехта ўкраў слухаўку разам са сцяной дома без нумару. І цішыня, як і раней, разрывала звязкі і біла шкло. Ціха-ціха. І я больш не чула дыхання паветра. Ніколі...

Можа, вы бачылі тэлефонную трубку?

(4.02.2004)
sheshory

Дэпрэсія?

Вось жыву я сабе, нікога не чапаю. Вучуся на журфаку ў абасцаных Свярдловым сценах, прагульваю пары (ну, у каго не бывае?). Хаджу да Хадановіча на перакладчыцкія майстэрні і да Акудовіча на дзіўны прадмет пад назвай “чытанне/пісанне тэксту”. Заказваю колу з бульбай і гарчыцай у МакДональдсе. І шпацырую па праспекце незалежнага Скарыны, ці як яго там. Усё ціп-топ, карацей. І нават здаецца часам, што шчаслівая. Гэта калі задумацца. А калі не задумвацца, то нічога і не здаецца. Так нават лепш. Хрысціцца не трэба. Бо нехрышчоная я.
І нічога мне больш ад жыцця не трэба – сябры ёсць, і натхненне зрэдзьчасу з’яўляецца. Астатняе – пакіньце ворагу. Бывае, нават есці днём забываю. Ну, вечарам, як і трэба па законах жанру, прабірае. І не толькі на ежу, але і на ўсё астатняе. Тое, што ворагу пакінула. Напрыклад, жудасна хочацца скінуць смску жанатаму хлопцу. Але ж не рашаюся – жонка. Добра яшчэ, калі проста раўнівая, а раптам – з суіцыдальным сіндромам? І пагаварыць з кімсьці ў асьцы хочацца. А ўсе пазнікалі. А хто не знік – таго ў ігнор адправіла. Але ж я добрая. Жах якая добрая! Вы проста не ведаеце мяне. Ніхто. Зрэшты, я і не хачу, каб ведалі. Навошта?
І вось сяду я так вечарам за кампутар, ляпаю сваімі пальцамі па клавіятуры і стараюся нарадзіць нешта геніяльнае. А пасля прыйдзе нейкі Мішапецявася і скажа, маўляў, графаман ты, Жэня, нікчэмнасць. Але ж я добрая. У морду не трэскаю. Бо памятаю – сама прасіла. Так і жывем. Просім – атрымліваем. А што не просім, тое крадзем. Пасля можам вярнуць, але чым больш часу праходзіць, тым цяжэй гэта зрабіць, тым больш сораму копіцца ў нас. Аднак затым бывае бум! – напіўся і пацягнула на шчырасць. І тут ты пачынаеш даставаць з кішэняў накрадзенае, схаванае. Усё такое спарахнелае, брыдкае нават. І табе яно ўжо не патрэбна. І нахер яно яшчэ каму трэба? А ты ўсё дастаеш і дастаеш і смяешся. Быццам, час прайшоў – ужо і пасмяяцца можна. Ага.
Не, я добрая. Вы не думайце. Гэт я так... Дэпрэсія, ці як яно там называецца?
sheshory

Скерца

З болем
плачам
ў цемры
смела
мы не бачым
нашых
целаў

ў стогнах
гучных
мера
шчасця
змрокам
штучным
вочы
засціць

мы не чуем
ўласных
словаў
і начуем
мы не дома
зноў не верым
нашым
сэрцам
ў рытмем
скерца.

(7.05.2005/2.10.2005)
sheshory

(no subject)

Хлопчык са штучным вокам, якое не плача

- Кутузаў! – чацвёрты раз паўтарыў Віктар з усё больш саркастычнай усмешкай. Так і бачна было, як сарказм распісваецца на твары хлопца, ставіць дату і подпіс: “На доўгую памяць. Сарказм”. Цяпер гэтае “Кутузаў” дакладна прагучала як выклік.
Грэгары яшчэ не звыкся з новай мянушкай, і тым больш яна яго раздражняла. Але малы вырашыў не звяртаць увагі на выклік і працягваў перакладваць камяні з адной кучы ў іншую.

Collapse )