Аўгіня (litota_) wrote,
Аўгіня
litota_

Армянская гасціннасць

Міша

Арменія апынулася неверагодна гасціннай і ахвочай дапамагчы. Прычым часам даходзіла да абсурду. Застопілі мы невялічкі бусік. Кабіна занятая і кіроўца прапануе нам ехаць у закрытым кузаве без вокнаў. Мы не супраць. "Праўда, мне трэба заехаць у адну вёску ненадоўга, а пасля паедзем у Ерэван", - дадае ён. Мы пагаджаемся - куды спяшацца?

IMG_5566

Далей перад нашымі вачыма разгортваюцца наступныя падзеі. Спачатку нейкі час мы ехалі ў поўнай цемры. Затым расчыніліся дзверы кузава. У яркім святле, якое асляпіла нам вочы, з'явіўся кіроўца. Моўчкі зірнуў на нас. Пасля на месцы кіроўцы з'явіўся паліцэйскі і таксама моўчкі зазірнуў у бусік. Праз хвіліну паліцэйскага ў дзвярах замяніў мужчына ў цывільным. Не сказаўшы ні слова, ён падсеў да нас, і дзверы зачыніліся.

Ехалі мы не доўга, як бусік зноў спыніўся. У расчыненых чарговы раз дзьвярах зноў з'явіўся кіроўца і так сама зірнуў на нас. За ім у святле з'явіліся жанчыны. Яны сказалі штосьці адна адной па-армянску і засмяяліся. Затым на іх месцы мы пабачылі дзяўчынку з маленькім сабачкам на руках. Яна заскочыла да нас у бусік. Унутры зноў стала цёмна і мы паехалі далей.

Праз нейкі час мы зноў спыніліся і кіроўца адчыніў дзверы. Нашыя спадарожнікі выйшлі з бусіка. Я таксама выскачыла на вуліцу. Мы былі пасярод вёскі. "Хадзем", - махнуў мне рукою наш кіроўца і схаваўся ў бліжэйшай хаце. Мы ўчатырох пацягнуліся за ім. Там ужо накрывалі на стол. Пасля хуткага знаёмства, лёгкага перакусу і пары стапарыкаў абрыкосавай гарэлкі мы зноў накіраваліся да машыны.

"Яшчэ заедзем у адно месца і далей - у Ерэван", - чарговы раз запэўніў нас Міша. Праз нейкі час мы спыніліся яшчэ ў нейкай вёсцы. Нашыя спадарожнікі развіталіся з намі. "Гэта мой дом. Зараз перакусім і паедзем далей", - былі чарговыя словы кіроўцы. Перакус ізноў жа не абышоўся без гарэлкі, гэтым разам тутовіцы. Міша, нягледзячы на тое, што быў за рулём, не грэбаваў алкаголем.

Нарэшце мы трымаем шлях у Ерэван. Не праехалі мы і кіламетра, як Міша, пагаварыўшы з кімсьці па тэлефоне, разварочвае машыну назад у вёску. Нас запрасілі на вячэру яго знаёмыя, сярод якіх - і тая самая дзяўчынка з сабачкам.

Мы ўжо амаль нічога не ямо і не п'ем - хапіла папярэдніх перакусаў. А вось Міша заліваецца гарэлкай у два горлы. Паціху ацэньваем нашае становішча. На дварэ ўжо цёмна. Кіроўца п'яны. Мабыць, сёння ўсё ж у Ерэван ехаць не варта. І мы акуратна кажам пра гэта Мішы, стараючыся не пакрыўдзіць яго.

"Ды вы спытайце ў каго заўгодна! Я, колькі не вып'ю, ніводнай памылкі на дарозе не зраблю", - зарадзіў тут ён. Мы канечне ж верым, дзякуем Мішу за дапамогу і спрабуем развітацца. Але Міша ўсё яшчэ спрабуе ўпэўніць нас у тым, што ён у абсалютна чыстым розуме. Аднак нашае жыццё нам даражэй.І мы дамаўляемся, што ён давязе дас да свайго дома ў гэтай жа вёсцы, дзе мы ўжо былі, пакіне нам ключы, мы там пераначуем, а ён паедзе ў Ерэван.

І зноў мы апынаемся ў машыне. Але праз нейкі час разумеем, што выязджаем з вёскі, а значыць, Міша нас падмануў і мы ўсё ж едзем у Ерэван. Мы просім кіроўцу спыніцца і высадзіць нас. Ён згаджаецца не адразу. Спачатку ён ізноў упэўнівае нас, што, каго ні спытайце, усе скажуць, што Міша п'яны не бывае. Аднак у нас усё ж атрымалася ўгаварыць яго павярнуць да свайго дома ў вёсцы.

Канечне, можна было б здагадацца, што Міша не высадзіць нас ля дому, а зноў паедзе ў Ерэван. Але мы яму паверылі. Захваляваліся, калі пабачылі, што зноў выязджаем з вёскі. "Мы куды?" "На запраўку", - кажа Міша. - "Вось пабачыце, яны вам скажуць, што я - выдатны кіроўца". Гэтым разам прымусіць Мішу спыніцца было яшчэ цяжэй. Ён зноў запрашаў нас да сябе ў машыну і кляўся, што гэтым разам дакладна не павязе нас у Ерэван, але з нас было досыць.

Гарык

У поўнай цемры мы выйшлі з машыны і папёрліся назад у вёску, песцячы надзею, што здолеем знайсці тую хату, дзе нас частавалі вячэрай - гэта адзіныя знаёмыя нам людзі тут. Нашляху запытваем дарогу ў нейкага мужыка: "Ведаеце, дзе жыве сям'я з пяццю дачкамі? Малодшая мастачка, а старэйшая - пракурор у Ерэване? - пералічваем мы ўсе факты, якія даведаліся пра сям'ю за кароткі час знаёмства. "Вам што трэба?"- не разумеючы, удакладняе ён. Мы коратка пераказваем нашую гісторыю. "Дык што вам трэба? - яшчэ раз пытаецца ён. - Пераначаваць?" Мы ківаем галовамі. І ён запрашае нас да сябе.

Гарык з жонкай і сынам вяртаўся з вяселля і таксама быў навесяле. Пасадзіўшы нас за хутка накрыты стол, ён пачаў расказваць, што яго тут усе ведаюць. Каму ні скажыце, што вы начавалі ў Гарыка, усе будуць ведаць.

У Гарыка - свая пякарня. "Ва ўсёй Арменіі вы не знойдзеце лепшага лаваша", - хваліцца гаспадар. З развалам СССР многія тут згубілі працу, Гарык - у тым ліку. Таму давялося пераехаць з Ерэвана ў вёску, дзе нарадзіўся, і рабіць там бізнэс. У сталіцы занадта вялікая канкурэнцыя. А тут - ніводны сняданак не абыходзіцца без лаваша, на кожнае вяселле трэба лаваш, на пахаванне - таксама.

IMG_5508

Працуюць у маленькай пякарні, якая размясцілася на першым паверсе прыватнай хаты, усе сваякі. Сястра месіць цеста, жонка дзеліць яго на шарыкі, свацця раскатвае іх у бліны, зяць выпякае лаваш на пліце...

IMG_5514

IMG_5506

IMG_5509

IMG_5500

IMG_5501

Арэвік

Раніцай мы частуемся свежым гарачым лавашом і рушым у дарогу. Змяняем машыну за машынай. Людзі старэйшага пакалення з жалем расказваюць пра развал СССР і цяжка ўздыхаюць: "Вось жа былі часы!". Зрэшты, Арменія сама вельмі нагадвае Савецкі Саюз. Тут і крамы з адпаведнымі назвай і дызайнам. Тут паркі з савецкімі тэлефоннымі будкамі і вагончыкам-цірам. Тут 99% адсоткаў людзей гавораць па-руску.

IMG_5640

Наш чарговы спадарожнік зварочвае з трасы і кажа: "Не магу не паказаць вам гэтае месца". Мы віляем па серпанціне і прыязджаем да прыгажэннай царквы. Унутры спявае акапэла рэлігійныя песні моладзь. Звонку на камяні ляжыць адрэзаная галава пеўня і лапкі. Як выявілася, у Арменіі існуе звычай - калі трапляеш у аварыю і выжываеш, трэба прынесці ў ахвяру пеўня. Я гляджу на свежую пляму крыві і на заплюшчаныя вочы на пеўневай галаве і міжволі ўспамінаю Мішу. І тут жа адганяю гэтыя думкі ад сябе.

4

IMG_5534

IMG_5526

У Ерэване нас сустракае Арэвік, што па-армянску значыць "сонейка". Ёй - 24. Густая чорная каса звісае з плячэй. Мы - яе першыя госці па каўчсёрфінгу. У першы ж вечар Арэв вядзе нас у бар "Хэменгуэй", дзе яе сябры штотыдзень ладзяць "адкрыты мікрафон". І мы далучаемся да спеваў з нашымі народнымі песнямі.

На наступны вечар Арэв працягвае экскурс у пабы Ерэвана. У адным з іх мы паглыбляем нашае знаёмства. Першым пра сваё жыццё стаў распавядаць Калюня. Хвілін 20 ён бесперапынна расказваў пра сваё дзяцінства, пра бацьку, пра службу ў войску, пра каханне. Калі ён скончыў расповяд, мы павярнуліся да Арэвік: "Цяпер твая чарга".

"Я нарадзілася ў кастрычніку 88-га года. Чатыры гады назад я патрапіла ў аварыю і згубіла памяць. Так што я памятаю толькі апошнія гады свайго жыцця". Нікому з нас і ў галаву не прыйшло, што Арэв жартуе. Яна казала абсалютна сур'ёзна. Я зразумела, чаму яна так мала расказвала пра сваё мінулае. І ўспомніла таго пеўня ля царквы.

IMG_5784

Ніколі раней у жыцці я не сустракала чалавека з амнезіяй. І Арэв сумленна пачала адказваць на ўсе пытанні, якія імгненна пасыпаліся на яе. Калі яна ачуняла пасля аварыі, яна не памятала сваіх бацькоў. І ўпрынцыпе ніякіх пачуццяў да гэтых незнаёмых ёй людзей Арэв не адчувала. Хутчэй яна была абсалютна абыякавай да ўсіх і да ўсяго, што адбывалася вакол. Пэўны час змагалася з дэпрэсіяй.

Цяпер Арэв бывае ўзгадвае некаторыя моманты з жыцця. Вельмі моцна дапамагаюць пахі. Калі глядзіць нейкі фільм, па пэўных кадрах можа ўзгадаць, што глядзела яго. Пасля аварыі яна кінула вучобу ў медыцынскім універы і сама вывучыла праграмаванне.

"Затое цяпер, - кажа Арэв, - я развіваю фантазію. Не будзеш жа кожнаму сустрэчнаму штораз казаць, што ў цябе амнезія, калі ў мяне пытаюцца штосьці пра дзяцінства. І я прыдумваю розныя гісторыі".

Візы

Нашая спадарожніца Наташа вярнулася ў Кіеў. А мы, каб не губляць часу у Ерэване, прабіваем іранскую і індыйскую візы. У Іранскай амбасадзе нам кажуць, што не робяць візы замежнікам і прапануюць падаць дакументы праз турфірму. Аднак у турфірме з кожнага з нас просяць за працу каля 180 баксаў.

Нечакана, гуляючы па Ерэване, мы пабачылі надпіс: “Культурны цэнтр Ірана”. Нам туды. Дамовіліся на сустрэчу з аташэ па культуры. Прынеслі ліст падтрымкі, інструменты, папелі песні, расказалі ўсё пра нас і папрасілі пасадзейнічаць у выдачы візы. Аташэ ветліва паўсміхаўся і сказаў: “Не той час вы выбралі для Ірана. Ніякія культурныя мерапрыемствы ў нас зараз не праводзяцца, песні ў нас пець нельга, прыязджайце летам”. І нават пячатку ў ліст падтрымкі паставіць адмовіўся.

З гасцявымі іранскімі візамі ў нас таксама нічога не атрымліваецца і мы спрабуем апошні варыянт – запаўняем форму на сайце фірмы, якая сама займаецца візамі. Нам толькі варта заплаціць 35 еўра з кожнага. Як толькі мы перавялі грошы, высвятляецца, што ў Іране зараз святы і нічога не працуе. І нашыя візы будуць гатовыя толькі праз 40 дзён. Пакуль мы забіваем на іранскую візу, абмазгоўваючы, што яшчэ можам зрабіць, і ідзем у Індыйскую амбасаду.

Там ўсіх гасцей сустракала злая цёцечка, якая гыркала на кожнага і загадвала прынесці яшчэ і яшчэ неверагодных дакументаў. Да нас спачатку таксама паставілася з пагардай. Але раптам яе адносіны змяніліся і яна сама дапамагла нам сабраць правільныя дакументы, каб атрымаць паўгадавую мультывізу. Потым яна раскрыла нам сакрэт: “У дзяцінстве я была ў “Артэку”. І важатая ў мяне была беларуска. Такааая цудоўная жанчына. І як толькі я пабачыла вашыя пашпарты, адразу растала”.
Tags: armenia, photo, trip
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 8 comments