А раніцай нас ужо чакала Грузія.
У Грузіі не прынята, каб хлопец з дзяўчынай жылі разам да шлюбу. Таму ў адзін з абедзенныых перапынкаў Саламея і Іраклій збегалі ў бліжэйшы ЗАГС і распісаліся. Цешыць, што тут гэта можна зрабіць літаральна за 5 хвілінаў. А пасля парачка зняла старую-старую кватэру ў цэнтры горада і запрасіла туды жыць яшчэ двух сяброў, каб раздзяліць плату (дзякуй богу, памяшканне здаровае, таму месца хапіла ўсім).
Бліжэй да вечара амаль штодня сюды сцягваюцца госці і кватэра ўжо не падобная на кватэру, а пераўтвараецца ў рэтра-клуб.
Мы дзелімся нашымі ўражаннямі ад Грузіі з новымі сябрамі. Яны кажуць, што калі б мы прыехалі сюды гадоў 10 таму, ўражанні ад краіны былі б зусім іншымі. Да прыхода да ўлады Міхаіла Саакашвілі ў 2004 годзе ў Грузіі панавалі суцэльныя разброд і хістанні. Вайна ў Абхазіі ўжо скончылася, але парадку так і не было. Кажуць, што краіна займала першае месца ў свеце па колькасці злодзеяў у законе. Гэта было прэстыжна і модна. У кожнага другога дома была зброя.
Саакашвілі ж, які прыйшоў да ўлады ў выніку рэвалюцыі ружаў, пакончыў са злачынствам. Нелегальнай зброі не засталося ні ў каго. Замяніўшы старых пердуноў у міністэрствах на маладых і крэатыўных супрацоўнікаў, Саакашвілі пакончыў з карупцыяй у краіне. Кажуць, аднойчы ён пераапрануўся і інкогніта прыехаў на мяжу, дзе стаяла вялізная чарга грузавікоў. Падышоўшы да аднаго з кіроўцаў, прэзідэнт запытаў у чым справа. Той паскардзіўся на хабарніцтва. Адным з начальнікаў на мяжы быў стрыечны брат Саакашвілі. Аднак гэта не паўплывала на рашэнне прэзідэнта – вінаватыя былі звольненыя.
Калі ты парушыў правіла, то будзь ты хоць сястрой прэзідэнта, цябе аштрафуюць. Калі не аплоціш штраф адразу, ён штодня будзе расці. Нават паліцэйскія ўчасткі тут наўмысна зрабілі празрыстымі, маўляў, глядзіце, нам няма чаго хаваць.
Эканоміку Грузіі падкасіла расійскае эмбарга. Аднак сітуацыю ратуе замежная дапамога. Так, крамы тут ломяцца ад украінскіх прадуктаў. Нягледзячы на грузінска-расійскі канфлікт, Саакашвілі адмяніў візавы рэжым для расіянаў. А вось грузіны могуць паехаць да паўночнай суседкі толькі па візе і толькі, калі маюць там сваякоў.
Атрымаўшы асалоду ад сталічнага жыцця, мы зноў накіраваліся ў глыбінку. І абсалютна нечакана натрапілі на старажытную царкву і крэпасць у гарах.
Царква ўнутры
Пабыўшы нейкі час у гасцінных мясцовых, мы былі ўжо адною нагою ў Арменіі, як сустрэлі Яшу і яго сяброў. Яша азербайджанец. Але жыве ў Грузіі. Тут на мяжы з Арменіяй цэлы азербайджанскі рэгіён. Слова за слова, хінкалі за хінкалі, і Яша ўжо кліча нас да сябе дадому ў вёску пад дзіўнай назвай Ахло Лало. Праз тры дні тут будуць гуляць вяселле. Нас запрашаюць застацца і пабываць на вяселлі. Мы, вядома ж, пагаджаемся.
Пакуль мы чакалі вяселля, мама Яшы навучыла нас пекчы сапраўдны грузінскі (праўда, яны кажуць, што гэта азербайджанскі) лаваш у круглай печцы – тандыры.
А мы дапамаглі ёй сабраць і расфасаваць ураджай хурмы. Бліжэй да Новага года яны вязуць прадаваць хурму за мяжу. “За дорага”, - дадае яшына мама. Так што калі на Новы год будзеце купляць дзесьці на Жданах скрыню з грузінскай хурмой, узгадайце мяне, мо гэта я фасавала :)
Наша прысутнасць на вяселлі, на жаль, абламалася. І мы зноў рушылі ў бок Арменні. Не паспелі мы выйсці на трасу, як да нас падышоў пазнаёміцца каларытны дзядзечка ў шляпе. “Адкуль вы?” – пытаецца. “З Беларусі”. “О! – ускрыквае той і ўжо ледзь не за руку цягне нас частаваць гарбатай. – А я толькі што з Маладзечна прыехаў. Хатку мы там пад Смаргонню купілі. Нявестку во маладзечанскую прывёз”.
Грузія нас не адпускае, але і Арменія кліча. І мы працягваем шлях да мяжы. Мы яшчэ не ведаем, што менш чым праз месяц нам давядзецца вярнуцца ў Грузію.