Ніякіх намётаў

Украінец Калюня, які ўжо даволі доўгі час падарожнічае з намі, смяецца. Кожны раз, калі ў нас пытаюцца, адкуль мы, мы кажам: “Беларусь” альбо “Белоруссія” (менавіта так называецца нашая краіна па-іспанску і так хоць некаторыя разумеюць адкуль мы)”. “Руссія?” – тут жа пытаюцца ў нас. Гэта ж трэба было ў назве краіны ўставіць “руссія”! Пашчасціла ж украінцам. “Не, - кажам мы, - сerca Russia” (каля Расіі). Калюня жартуе: “Так і напішыце на пашпарце: “Pequeño pais сerca Russia” (маленькая краіна каля Расіі)”.
Стопім да заходу сонца

Многія тут думаюць, што СССР – гэта Расія. І называюць Савецкі Саюз “Russia attigua” (старажытная Расія). Вялікае здзіўленне ў іх выклікае, калі мы расказваем, што ў Савецкім Саюзе было 16 асобных краінаў.
Табіта. Цудоўная дзяўчынка, якую мы сустрэлі ў Аргентыне на міжнародным фестывалі "Вясёлка".

Пасля невялікага палітычнага і геаграфічнага лікбезу пачынаецца самае цікавае. Мы расказваем, якая яна – Беларусь. Вось тыя факты пра нашую краіну, якія выклікаюць найбольшую зацікаўленасць і здзіўленне ў іншаземцаў.
Чым больш на Поўдзень, тым мурашы становяцца ўсё большымі. Гэты аргентынец - сантыметры 3 ў даўжыню.

Пачынаючы ад Мексікі і да поўначы Аргентыны мы расказвалі, што ў Беларусі – 4 сезоны: зіма, вясна, лета, восень. І што тэмпература ў нас вагаецца прыкладна ад мінус 30 да плюс 30.
І ў розную пару года дзень у нас рознай даўжыні. Летам дзень можа цягнуцца 17 гадзінаў, а зімою сонца вызірае ўсяго на 7. Тут жа, блізка да экватару, кожны дзень сонца ўстае і сядае ў адзін і той жа час. Вельмі зручна арыентавацца ў часе без гадзінніка.
Птушкі нашыя зімою ляцяць у вырай. У нас пытаюцца: а што вы робіце зімою, калі снег? Сядзіце дома? Для іх дзіўна, што мы працуем і вучымся, як і звычайна. Толькі цёпла апранаемся. А дамы ў гарадах грэюцца гарачай вадою ў батарэях, а ў вёсках – дровамі ў печцы.
Аргентынскі жук

Дзівосы: у Беларусі няма ні мора, ні гораў. А самая высокая кропка ў нашай краіне – усяго 345 метраў. Прычым што сама Беларусь амаль цалкам узвышаецца над узроўнем мора на 150 метраў.
Затое ў нас яблыкі таннейшыя за манго! Жыхары тропікаў толькі марыць могуць пра такое! :)
І бульба ў нас – кап’ё. Дарэчы, чаму ў Беларусі яе не ядуць разам з рысам у адной страве, для тутэйшых - загадка.

Пасля экватару сталі ўсім расказваць, што ў нас зусім іншыя зоркі ў небе. Поўнач у нас вызначаюць па палярнай зорцы. (Тут Поўдзень вызначаюць па сузор’і Паўднёвы Крыж).
Кожны другі аргентынец ходзіць па вуліцы, ездзіць у машыне ці ў аўтобусе з тэрмасам пад пахаю і кубкам з матэ

Мы жартуем: паедзем у Чылі без візы. І калі на мяжы, паглядзеўшы ў нашыя пашпарты, памежнікі, як звычайна, запытаюць “Que pais?”; мы, як звычайна адкажам: “Беларусь”; яны, як звычайна, перапытаюць: “Русія?”; а мы гэтым разам не будзем тлумачыць, што гэта “Pequeño pais entre Polonia i Russia”, а проста адкажам: “Так”. Бо расіянам у Чылі, як і ў шматлікія іншыя краіны Лацінскай Амерыкі, візы не патрэбныя.
Пакуль мы тырчым у сталіцах у чаканні візы ў чарговую краіну, і адшпільваем чарговыя 30-100 баксаў за новую наклейку ў пашпарт, расійскія табурэтнікі ўжо даўно падарожнічаюць па гэтай краіне. Літоўцы Вайдзе ўвогуле не патрэбныя візы ні ў водную краіну Паўднёвай Амерыкі. Такія блізкія народы, яшчэ нядаўна мы былі ў адной краіне, а зараз яны раз’язджаюць па ўсім свеце, а мы ходзім па амбасадах.
Аднойчы начавалі дома ў клоўна

У гэтым падарожжы мы таксама зразумелі, што наш пашпарт занадта маленькі для вялікіх вандровак, тым больш улічваючы колькасць краінаў, у якія нам трэба рабіць візы.
