Табурэт у ньюйоркскім метро

Кожны раз, вырушаючы ў шлях, мы нагаваем адно аднаму: “Не забудзь табурэтку”. Бо што застанецца, калі не застанецца табурэткі?

Гэта не проста мэбля, а наш сімвал свабоды. У Беларусі, дзе выкладчкі універсітэтаў баяцца размаўляць са студэнтамі пра палітыку, дзе журналісты не могуць казаць праўды, ледзь не адзіным месцам свабоды, з’яўляецца кухня. Тут, на гэтай плошчы свабоды, седзячы на сваіх зэдліках, людзі могуць шчыра размаўляць пра што заўгодна. І марыць: прызнацца ў каханні, змяніць прэзідэнта, звольніцца з працы, паехаць да акіяну.

І вось мы ўзялі гэты зэдлік з гомельскай кухні, і панеслі яго да акіяну. Каб усталяваць яго там, як нашую статую свабоды. Каб потым хтосьці мог сесці на яго, глядзець на шумныя хвалі і адчуваць сябе свабодным.

Балівійскія дзеткі і беларускі зэдлік

Менавіта таму, кожны раз пакідаючы табурэтку ззаду ў пікапе, трымціць сэрца, і штохвіліну мы азіраемся ў люстэрка машыны, каб упэўніцца, што зэдлік яшчэ там.

Чарговая небяспека – не зламаць табурэтку. Першую траўму наш зэдлічак атрымаў яшчэ ў Нью-Йорку. Ён упаў з кірылавага заплечніка, і адвалілася крышка. Тады Кірыл прыклеіў крышку і табурэт працягнуў падарожжа да акіяну.
Табурэт у Мексіцы

Наступны раз крышка адвалілася ў Перу, калі аўтобус, у якім мы ехалі, рэзка павярнуў, і зэдлік зноў упаў. Паўмесяцы мы вазілі яго, як інваліда, пераматанага скотчам, пакуль не знайшлі клей і зноў не адрамантавалі.

Мы вельмі ганарыліся нашым табурэцікам, зробленым з сасны без ніводнага цвіка. Перадбачліва пафарбаваны лакам яшчэ перад стартам, ён апынуўся самым моцным з усіх трох зэдлікаў, якія павандравалі да акіяну.
Тры зэдлікі сабраліся на фестывалі ў Альбукерке

Расійская табурэтка згубіла сваю дэвэпэшную крышку яшчэ ў Гандурасе, размокнуўшы ад трапічных ліўняў. Давялося прымацоўваць да ножак новую крышку. У Аргентыну расійскі табурэт заехаў ужо без адной ножкі.
Украінскую табурэтку чакала тая ж наяўдача з размоклай крышкай у Бразіліі. І яе таксама абнавілі. Аднак не прайшло і тыдня, як зэдлік згубіўся разам з усімі рэчамі ўкраінца Сяргея, якія выпалі з багажнага аддзялення аўтобуса.
