Аўгіня (litota_) wrote,
Аўгіня
litota_

У эквадорскіх джунглях

 Дабірацца з Эквадору ў Перу мы вырашылі праз джунглі па рэчцы Санцьяга. Гэтая зона пільна ахоўваецца ваеннымі і простым смяротным туды можна патрапіць толькі з дазволу губернатара муніцыпалітэту ў горадзе Макас. Туды мы з Вераснем і Алісай і накіраваліся.

20101211-20101208-_MG_7997

Пасля нядоўгай размовы супрацоўнікі міграцыйнага офісу ў Макасе цвёрда нам заявілі: “Гэта немагчыма”. Аднак яшчэ троху – і адзін з іх, усадзіўшы нас у паліцэйскую машыну, паехаў з намі да губернатара. Праз некалькі гадзінаў у нас быў дазвол перасекчы мяжу па рэчцы Санцьяга ў населеным пункце Салдада Монхе.

Салдада Монхе – гэта апошні населены пункт у Эквадоры на мяжы з Перу. Знаходзіцца ў джунглях на беразе рэчкі Санцьяга, якая ўпадае ў Амазонку. Дабіраліся туды аўтаспынам двое сутак. Спачатку нас падвёз француз на машыне з французскімі нумарамі.

20101211-20101208-_MG_8057

Неба тут афігеннае.
20101211-20101209-_MG_8086

Ноч правялі ў маленькім гарадку, дзе жыве каля двух тысячаў чалавек. Папрасіліся пераначаваць у адной з хатаў. Праз некалькі хвілінаў каля нас ужо сабралася ўся вуліца – і дзеці, і дарослыя засыпалі нас пытаннямі і прасілі сыграць ды праспяваць яшчэ. Туташняе жыллё хатамі цяжка назваць. Так, сарайчык, збіты з дошак з шырокімі шчылінамі.

20101211-20101209-_MG_8093

20101208-_MG_8014

Тут, у джунглях, амаль усе хаты такія. Удзень у спякоту праз шчыліны ходзіць вецер. А ноччу нават у доме мясцовыя спяць пад маскітнікам – усемагчымыя камары, матылькі ды іншыя дзіўныя насякомыя не даюць спакою. На газ тут кожная сям’я траціць прыкладна два долары ў месяц, капейкі за электрычнасць – вось і ўсе камунальныя плацяжы.

20101213-20101212-_MG_8143

Тут пачынаецца Амазонка.
20101211-20101208-_MG_8067

20101211-20101208-_MG_8055

На наступны дзень мы злавілі машыну, якая везла нас амаль цэлы дзень і высадзіла ў кіламетрах пяці ад Салдада Монхе. Дарогу сюды толькі прарэзалі ў гарах. Паўсюль – машыны і рабочыя, якія возяць камяні і заліваюць новенькую дарогу асфальтам.

20101210-_MG_8104

20101210-_MG_8100

Апошнія кіламетры давялося ісці пешшу. Вось ужо джунглі нас абступаюць – паўсюль невядомыя нам птушкі спяваюць дзіўныя песні, на вялізных зялёных лістах сядзяць багамолы. Дарога зусім заканчваецца – здаецца, тут праход праз скалы прарубілі толькі паўгадзіны назад. Марасіць дождж, мы ідзем, ледзь не па калена пагрузаючы ў гліне.

20101208-_MG_8012

Тут джунглі расступаюцца і мы бачым карціну: невялікая палянка з казармай, валейбольная сетка і дзесятак салдатаў гуляе пад дажджом у валейбол. Салдада Монхе. Пра лодкі, якія адплываюць па рэчцы ў Перу, тут ніхто не чуў. І мы зноў вяртаемся па джунглях і пад дажджом да бліжэйшай вёсачкі – Санцьяга.

20101211-20101208-_MG_8059

20101213-20101212-_MG_8136

Дзіўна тое, што за ўвесь час, які мы ехалі да Саладада Монхе і распытвалі дарогу, нас ні разу ніхто не запытаў, што нам там трэба. А проста тлумачылі, як туды патрапіць. Дарэчы, тут у Эквадоры нам спыняўся кожны. Нават калі ён нікуды не едзе, аднак проста хоча дапамагчы, расказаць, калі будзе наступны аўтобус, альбо які шлях лепшы.

У вёсцы Санцьяга знайшоўся маленькі порт. Шасцёра лодачнікаў з галоднымі вачыма сталі наперабой прапаноўваць нам свае паслугі (турысты тут не бываюць). “Колькі каштуе даплыць да бліжэйшай вёскі ў Перу – Дос дэ маё?” – пытаемся мы. “65... 80... 150 баксаў!” – цвёрда гаворыць, відаць, самы галоўны з іх. – “І ніякіх размоваў. За менш вас ніхто не павязе”. На гэтым размова скончылася.

Аднак мы вырашылі паспрабаваць шчасця і параспытваць мясцовых. Пасля нядоўгіх пошукаў мы даведаліся, дзе жыве лодачнік Олмедо, які возіць людзей да Дос дэ Маё за 25 долараў.

І вось мы ўжо ў ягонай хаце – нас сустракае вялікая сям’я. Уважліва выслухоўваюць і кажуць, што Олмедо паехаў у горад і вернецца вечарам. Мы вырашылі пачакаць і за гэты час раззнаёміліся з усёй сям’ёй Олмедо – індзейцамі ушуарамі. Праз некалькі гадзінаў мы былі ледзь не найлепшымі сябрамі, ігралі разам і спявалі.

20101211-20101210-_MG_8128

Сястра Олмедо з цікаўнасцю разглядае фоткі з Беларусі. Паказвае пальцам на снег і пытаецца: “Як гэтая штука называецца?” А потым сама ўспамінае: “Снег!” і шчыра радуецца ды смяецца.

20101211-20101210-_MG_8122

Вучаць нас паводзіць сябе з мясцовымі. “Калі вам прапануюць выпіць чычу, абавязкова пагаджайцеся. Калі адмовіцеся – больш вам ні ў чым не дапамогуць. Аднак спачатку прапануйце выпіць таму, хто вас частуе. Бо чыча можа быць атручаная. Такая традыцыя”, - дадаюць.

Позна ўвечары вяртаецца Олмедо. Яшчэ здалёк мы пазнаем яго. Гэта адзін з тых шасці лодачнікаў, які загнуў нам сёння цану ў 150 баксаў. Олмедо нават не выходзіць да нас паразмаўляць. Праз нейкі час да нас падыходзіць ягоная сястра і кажа, што ён пагадзіўся завезці нас за 50 баксаў, не менш. Мы адмаўляемся ў надзеі, што заўтра Олмедо перадумае і скіне цану яшчэ хаця б на баксаў 10, і застаемся тут жа начаваць.

Наступнай раніцай паехалі ў бліжэйшы горад – Тыўінса, каб паставіць штампікі аб выездзе з Эквадора. Аказалася, што там іх не ставяць, і дзе ставяць, невядома. Да таго ж нам сказалі, што, каб дабрацца праз раку Санцьяга да Лімы ў Перу, нам спатрэбіцца не менш за месяц. А час падціскаў. І акрамя таго ў нас ужо заканчваўся дазвол на знаходжанне ў гэтай зоне. І мы вырашылі вяртацца назад ды ехаць у Перу іншым шляхам.

20101208-_MG_7980

20101208-_MG_8007

Спачатку я засмуткавала, што так і не атрымалася патрапіць у сапраўдныя джунглі да сапраўдных індзейцаў. Аднак потым падумала, што тут, куды дарогу з цывілізацыі толькі пачалі будаваць, а тэрыторыя ахоўваецца ваеннымі і простым смяротным сюды не так лёгка патрапіць, і жывуць сапраўдныя індзейцы ў сапраўдных джунглях. І з імі мы толькі што правялі незабывальны час.

20101221-20101212-_MG_8139

Tags: ecuador, photo, taburet
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 7 comments