?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Сёння тры табурэты з беларускай, украінскай і расійскай кухняў на самую паўднёвую кропку архіпелагу Вогненная Зямля Мыс Горн нясуць 13 чалавек.

20101126-_MG_7713

Больш за паўтара года назад, калі мы толькі пачалі рыхтавацца да падарожжа, у беларускай камандзе было нашмат больш чалавек. Здаецца, у пэўны час было ледзь не 20 удзельнікаў.

У амерыканскую амбасаду па візы мы пайшлі толькі упяцёх. "Цяпер мне ўсё похуй! - радасна выкрыкнуў Саша Дабрыян, выйшаўшы з амбасады. - У мяне ёсць віза ЗША!"

Пасля ўжо я зразумела, што цяжэй за ўсё ў гэтым падарожжы апынулася выйсці. Саша Дабрыян ак і застаўся ў Гомелі з нявыкарыстанай амерыканскай візай. Мне было цяжка кінуць прэстыжную і добрааплочваемую працу, кватэру ў цэнтры Мінску, сяброў, бацькоў і амаль без грошай на год пайсці невядома куды. Але галоўнае было зрабіць гэты першы крок.

У Нью-Йорк у красавіку 2010 года мы прыляцелі ўчатырох: я, Верасень, Віка і Кірыл. Так як амаль усе грошы мы патрацілі на амерыканскую ды мексіканскую візы, а таксама на пералёт да ЗША, за акіянам мы апынуліся амаль на нулі. І завіслі ў Нью-Йорку на пару месяцаў, зарабляючы грошы на далейшае падарожжа.

20100620-IMG_1895

Такім чынам, нам ізноў давялося рабіць рашучы крок і пакінуць насіджаныя месцы ўжо ў Нью-Йорку. Яго здолелі зрабіць толькі трое з нас. Віка засталася ў Нью-Йорку.

Пару дзён назад у Кірыла з заробленых у ЗША грошай заставалася ўсяго 6 баксаў у кішэні. Але ён па-ранейшаму працягвае шлях. Едзе з Калумбіі ў Эквадор, куды днямі прылятае ягоная дзяўчына, і ,магчыма, выратуе яго ад галоднай смерці :)

20100517-IMG_1061

Мы з Вераснем перабраліся праз экватар і рыхтуем чарговы фестываль: Беларускія Каляды ў балівійскай вёсцы.

20101124-_MG_7602

У расійскай камандзе на пачатку было восем чалавек. Да Эквадору дабраліся толькі трое. Хтосьці сыйшоў з дыстанцыі, так і не пераляцеўшы праз акіян. Хтосьці вярнуўся ў Расію з ЗША давучвацца. Хтосьці - ўжо з Гандураса, згубіўшы пашпарт. Хтосьці ў Коста-Рыцы зламаў два пальцы на назе і паляцеў у ЗША "лячыцца".

Такім чынам, расійскі табурэт сёння нясуць расіянін і журналіст Толя,

20101126-_MG_7720

татарын і капоэйерыст Марсэль,

20101126-_MG_7723

і украінка Оля.

20101126-_MG_7725

Оля, дарэчы, сапраўдная жонка дзекабрыста. Жыла спакойным сямейным жыццём, працавала ў рэкламнай галіне. Але аднойчы яе муж Коля прыйшоў дадому і сказаў, што на год ідзе ў падарожжа з табурэткай. Ёй заставалася альбо сядзець увесь час дома і чакаць яго, альбо далучыцца да экспедыцыі. Ва ўкраінскую каманду набор ужо быў закрыты. І Оля пайшла з расіянамі. Першы раз пасля пачатку экспедыцыі яны з Колем пабачыліся праз тры месяцы ў ЗША. Пасля час ад часу сустракаліся на фестывалях. Разам падарожнічаць сталі толькі ў Калумбіі, дурыкі :)

А вось і Калюня, Олін муж. Аператар відэамантажа. Перад тым, як пайсці ў падарожжа, некалькі месяцаў пражыў на хутары ва Украіне, рыхтуючыся са сваёй камандай да экспедыцыі - фізічныя практыкаванні, падрыхтоўка вулічнага спектаклю і прыціранні з астатнімі членамі каманды.

20101126-_MG_7719

Астатнія члены каманды - Сярога. Праграміст і капоэйерыст. Да Панамы не вылазіў з інтэрнэту на сваім нэтбуку, пакуль той самы нэтбук не скралі злодзеі ў адным з панамскіх паркаў. Цяпер пры кожнай магчымасці акупуе Калюнін комп. Выратоўвае Сяргея яшчэ і айфон.

20101126-_MG_7718

Лёня. Гэта ён прыдумаў усю гэтую табурэтную двіжуху. У 2005 годзе разам з сябрамі аднёс першую табурэтку з кіеўскай кухні на Атлантычны акіян і ўсталяваў яе на мысе Ля-Рашэль у Францыі. У 2006 годзе другая табурэтка знайшла свой прытулак на беразе Індыйскага акіяну ў Шры-Ланцы. Яшчэ праз год трэцяя табурэтка апынулася на архіпелагу Шпіцберген і амываецца водамі Паўночна-Ледавітага акіяну. Ва ўсіх гэтых экспедыцыях Лёня і яго каманда паказвалі вулічныя спектаклі, здымалі фільмы пра падарожжа.

20100807-IMG_3938

Кажуць, з Лёней ніхто не ходзіць па два разы. Многія не заканчваюць экспедыцыі толькі таму, што не вытрымліваюць аўтарытарнага характару Лёнькі. І, выкрыкваючы "Fuck you, Lionia!", вяртаюцца дадому.

Напэўна, адзіная, хто вытрымала Лёньку ў дзвюх экспедыцыях і цалкам праглынула ягоную ідэалогію валацугаў-артыстаў, ягоная жонка Дыяна.

20100517-IMG_1059

З мінулай экспедыцыі да Паўночна-Ледавітага акіяну яны прывезлі дачку Магдалену.

20100807-IMG_3929

Зараз Магдалене два гады. І яна разам з мамай падарожнічае па Амерыках, збіраючы казкі народаў свету і здымаючы аднайменны тэле-праект. Магда аднолькава добра гаворыць па-украінску, ангельску і іспанску. Цуд-дзіця.

У Мексіцы да нас далучылася украінка Аліса. За час падарожжа Аліса разбіла сэрца не аднаму мексіканцу, гандурасцу і коста-рыканцу. Каму ж насамрэч належыць сэрца Аліскі, нікому не вядома.

20101103-IMG_6815

А вось і самы старэйшы з табурэтчыкаў - 62-гадовы фін Юка. Ён далучыўся да нас толькі ў Панаме. Таму пакуль Юка - лідэр па велічыні заплечнікаў. Акрамя фінскай, Юка не размаўляе больш ні на адной мове. Ведае толькі пару словаў з іспанскай, ангельскай і рускай. "Навошта табе такі вялікі заплечнік?" - пытаюся я ў яго. "Need", - адказвае фін і паказвае жэстамі, як яму будзе цёпла ў халоднай Аргентыне. І як яму зручна будзе хадзіць па снезе ў супер-модных ботах. Нягледзячы на свой узрост, Юка дае фору нават самаму спартыўнаму з нас Марсэлю.

20101126-_MG_7721

Вось такою кампаніяю мы і ідзем паціху па планеце да мысу Горн. Перасоўваемся аўтаспынам па два, тры чалавекі. Часам усе разам. Час ад часу сустракаемся і робім фестывалі з нашымі народнымі песнямі, стравамі, спектаклямі. Відавочная сутнасць творчай экспедыцыі "З табурэтам да акіяну" - аднесці табурэткі да сусветных акіянаў. Акрамя таго, з'яўляючыся пэўнага кшалту культурнымі пасламі сваіх краінаў, мы дзелімся з рознымі народамі свету сваёю культураю. А яны ў сваю чаргу знаёмяць нас са сваёю. Дэвіз праекту: "Менавіта гэта мы называем воляю".

Tags:

Comments

shumski
Nov. 29th, 2010 06:21 pm (UTC)
Женя, прывет!!
а ці знаёмая ты з кіеўскім Лёням, пачынальнікам табурэтнага руху?
shumski
Nov. 29th, 2010 06:24 pm (UTC)
Ой, не заўважыў яго на фотках :)))
Шчыра кажучы, Лёня непрыемны тып
litota_
Nov. 29th, 2010 06:54 pm (UTC)
каму як :)
staburetom
Nov. 29th, 2010 08:26 pm (UTC)
ги. ми знайомі чи це з серію "фільм правда не бачив, але скажу"?