
У горадзе Пуэрто Бьехо на Карыбскім моры мы ўпершыню начавалі ў гамаках.
Праз два дні мы вырушылі да мяжы з Панамай. Падарозе праязджалі велічэзныя бананавыя плантацыі і бананавыя фабрыкі.

На картах гэтага памежнага пераходу няма. Але насамрэч ён існуе. Тут па чыгуначным мосце з Коста-Рыкі ў Панаму і наадварот едуць грузавікі і ідуць пешаходы.
“Ідзіце вось за гэтым мужчынам. Ён вам пакажа, дзе купіць,” – сказаў нам праз акенца памежнік. Што купіць мы не зразумелі. Аднак “гэты мужчына” хутка ўсё патлумачыў. Мы мусім купіць квіткі на самалёт ці аўтобус з Панамы, каб пацвердзіць, што мы не маем намеру заставацца ў краіне. Тое, што квіткі падробныя, ведаюць і іх прадаўцы, і памежнікі і самі турысты. Аднак такое правіла, тлумачць нам дзядзечка.
Я тлумачу, што лішніх грошай у нас няма і мы ўсе ведаем, што па гэтых квітках мы нікуды не паляцім. Які сэнс тады іх купляць? Такое правіла – чарговы раз бубніць дзядзечка. “Тут нядаўна белы чалавек забіў семярых нашых”. “І што? – пытаюся я. – Калі я куплю квіток на самалёт – гэта гарантуе, што я нікога не заб’ю”?
Тут у нашую размову ўклініваецца, амерыканскі турыст, які толькі-толькі здаў памежніку ў акенцы свае дакументы з квітком. “Яны проста хочуць упэўніцца, што вы пакінеце краіну!” “Але квіток – гэта не доказ. Я магу купіць яго і ўсё роўна застацца ў Панаме!” – пачынаю ўжо злавацца я. “Такія правілы,” – паціскаючы плячыма зазначыў турыст.
Прашу паразмаўляць з шэфам. Мне кажуць, што шэф – гэта і ёсць той самы памежнік у акенцы і ў нас няма ніякіх шанцаў прайсці мяжу, не купіўшы квітка. Аднак шанец у мяне ёсць. І я яго выкарыстоўваю, прасоўваючы шэфу нашыя пашпарты разам з лістом падтрымкі і коратка расказваючы сутнасць нашага падарожжа аўтаспынам. Ліст падтрымкі - амель адзіны пасьля пашпарту наш дакумент, дзе розныя арганізацыі з розных краінаў ставяць нам свае штампікі, тым самым падтрымліваючы нашую экспедыцыю. Не гаворачы ні слова, шэф штампуе адзін за другім пашпарты, ставіць штамп у ліст падтрымкі і жадае нам “бьен бьяхэ” (добрага падарожжа).
- Current Location:Bogota, Colombia
Comments
hugs from Moscow!