
Раніцаю мы ўжо былі на мяжы з Гандурасам. Пераход ускладняўся тым, што ў Гватэмалу мы зайшлі нелегальна і ў нашых пашпартах не было ніякіх штампікаў пра выхад з Мексікі і ўваход у Гватэмалу. Трэба і гэтую мяжу прайсці незаўважанымі.
Мы, быццам у соты раз пераходзім з Гватэмалы ў Гандурас, бравым крокам накіраваліся перасякаць мяжу. Аднак хутка перад намі апынуўся шлагбаўм. “Буэнос дзіас!” – задорна павіталіся мы з дзядзечкай, які трымаў шлагбаўм за вяровачку. “Буэнос дзіас!” – адказаў той, дзёрнуў за вяровачку і шлагбаўм падняўся.
Далей ідзем, асабліва не гледзячы па баках, быццам мы сто адсоткаў ведаем, куды нам трэба. Падарозе не забываем вітацца і ўсміхацца кожнаму сустрэчнаму. Вось мы ўжо параўняліся з будынкам міграцыйнай службы, павіталіся з яго супрацоўнікамі, якія выйші на ганак пакурыць, і нагла пакрочылі далей. Як раптам ззаду чуем свіст. Тыя самыя супрацоўнікі тыкаюць пальцам у дзверы, якія мы толькі што абмінулі. Ну, што ж. Трэба ісці.
Разам з намі супрацоўнікі заходзяць у дзверы. І вось мы ўжо стаім па розныя бакі шклянога бар’еру. Паміж намі – маленькае акенца, у якое мы прасоўваем свае пашпарты.
- Дзе вы ўвааходзілі ў Гватэмалу?
- У горадзе Месія.
- Дзе вашыя штампікі аб перасячэнні мяжы?
- Не ведаем. Нам не паставілі.
- Мы не можам вас выпусціць з краіны. Вам трэба вярнуцца на мексіканска-гватэмальскую мяжу і паставіць штампы.
- Але мы не можам. Па-першае, гэта вельмі далёка. Па-другое, у нас праз два дні фестываль у Гандурасе, мы мусім там быць. (Суем ім у акенца копію ліста падтрымкі са штампікамі шматлікіх арганізацыяў).
Пакуль мы размаўляем з двума супрацоўнікамі міграцыйнай службы, астатнія з іх фатаграфуюцца каля вялізнага пірага, на якім напісана: «З Днём Нараджэння!» Настрой ува ўсіх цудоўны. І ніякія нелегальныя беларусы яго не сапсуюць.
- Тады вам трэба заплаціць штраф. 25 баксаў з кожнага.
- А давайце вы нам проста не паставіце штамп аб выхадзе з краіны. Няма ўваходу – няма выхаду.
Суразмоўнік прасоўвае нашыя пашпарты ў акенца і кажа: “Шчаслівай дарогі!”.
Нейтральная паласа. Рукі ўсё яшчэ крыху трымцяць ад хвалявання. З Гватэмалы нас выпусцілі. А вось ці ўпусцяць у Гандурас? З такімі думкамі, апусціўшы вочы долу, я ішла да мяжы з Гандурасам. Як раптам перад маімі вачыма з’явіўся стос грошай – гватэмальскія кецалі, гандурасскія лемпіры. Не доўга думаючы, пачалі з Вераснем іх падбіраць. Толькі паднялі апошнюю купюру, пад’язджае маршрутка. Добры вадзіла запрашае нас да сябе бясплатна. І мы даязджаем да Гандурасскай мяжы.
“Там іміграцыйная служба,” – на развітанне паказвае нам маршрутчык.
“Ага,” – толькі і кажам мы і спяшаемся абысці бокам гэты будынак. І нам удалося. Пакуль нас ніхто не заўважыў, мы заварочваем за рог вуліцы і ціхенька радуемся. Бьенбэнідос, Гандурас! Пералічваем знойдзеныя грошы. Падобна на тое, што і ў Гандурасе здымаць бабло з банкаўскай карткі нам не давядзецца.
