Ісла Мухэрэс – рай на зямлі. Як толькі мы падплылі да вострава, адразу перасталі шкадаваць пра патрачаныя на паром 140 песа (каля 12 баксаў). Востраў – 10 кіламетраў на паўтара. У які бок ні пойдзеш – не згубішся, уткнешся ў мора. Мора – празрыстае і лазурнае, пляж не з пяску, а з дробнага планктону. Вакол – вялізныя ракушкі, акамянелыя марскія зоркі...


Зіна, якая пагадзілася прыняць нас у сваім доме, аказалася родам з ЗША, а бацькі яе прыехалі з Расіі і Літвы. Бацька прымушаў Зіну вучыць рускую мову, здаваць яму ж іспыт па “Вайне і Міру”. Навучанне не прайшло дарэмна. А пасля нашага візіту Зіна яшчхэ і даведалася, што такое развіртуалізацыя, фрэнды, боты, а таксама ведае, што “уборная” ўжо амаль ніхто не ўжывае.

Зіна адпрацавала журналісткай каля 30 год, атрымала бацькаву спадчыну, шэсць год назад купіла два дамы на Ісла Мухэрэс. У адным жыве сама, другі здае.

На востраве жыве каля шасці тысячаў чалавек. Асноўны транспарт тут – матаролеры і машынкі для гольфа. Грамадскага транспарту няма, замест яго – таксі, якое падбірае пасажыраў па ўсім востраве і развозіць іх за вельмі танна.
Тут дзеці іграюць у футбол на дарогах, у траве хаваюцца сапраўдныя жывыя ігуаны, у вадзе плаваюць здаравенныя зялёныя рыбы з чырвоным хвастамі, скаты, па беразе поўзаюць крабы.
Тут Верасень навучыў мяне расплюшчваць вочы пад вадою і ныраць на дно ды падбіраць адтуль ўсякія нішцякі. І не дарма! У адзін з заплываў я дастала з дна 100 песа :)


