
Каля 35% наркатрафіку краіны праходзіць праз Хуарэс – памежны з ЗША горад. Праз яго ў Штаты правозяць вялізныя партыі какаіну, метамфетаміну і марыхуаны. Войны наркакартэляў не спыняюцца ўжо дзесяткі гадоў. Яшчэ ў 2006 годзе прэзідэнт увёў у горад войскі для пастаяннага патрулявання.

Аднак паляпшэння сітуацыі няма. Хуарэс займае вядучае месца ў рэйтынгу самых крымінальных гарадоў свету. Штогод тут забіваюць амаль 2 тысячы чалавек. Для параўнання, у Нью-Йорку гэтая лічба складае 600 чалавек.



Горад Чыхуахуа (Чыўаўа ў мясцовым вымаўленні) знаходзіцца прыкладна ў 300 кіламетрах ад мяжы і з’яўляецца перавалачным пунктам для перавозчыкаў наркотыкаў. Першае, што мы пабачылі пры ўездзе ў горад, - труп на зямлі, паліцыю, разваленыя і страшныя трушчобы. “Куды мы патрапілі?” – падумала я.
Прыехаўшы на вакзал, я пазваніла Герардо, хлопцу, з якім спісалася па сайце www.couchsurfing.org. За намі прыехаў трыццацідвухгадовы хлопец на новенькім шэўрале. І тут мы пабачылі іншы Чыхуахуа – багаты, з высокімі платамі. У гаражы Герардо – яшчэ два шэўрале. Двухпавярховы дом з белымі сценамі, новай мэбляй і сантэхнікай. Бацька Герардо, Антоніо, валодае друкавальнай фірмай. Герардо таксама працуе ў яго і можа сабе дазволіць падарожнічаць па свеце.


Вечарам мы далі невялічкі канцэрт, а раніцай нас пачаставалі каралеўскім сняданкам. Сядзім мы сабе, ядзім, нікога не чапаем... і тут у пакой заходзіць служанка і пачынае прыбірацца ў хаце.
На наступны дзень мы пабачылі горад. Ён аказаўся не такім страшным, як на першы погляд. Добразычлівыя мексіканцы, якія прадаюць усё і ўсюды – нацыянальныя стравы (у асноўным гэта ўсё з кукурузы: кукурузныя бліны, кукурузны хлеб, кукурузныя чыпсы, кукурузныя катлеты, кукурузная каша, кукурузнае печыва і г.д.), усякую драбязу.




З гораў у Чыхуахуа спускаюцца індзейцы ў нацыянальных строях. У асноўным гэта жанчыны з дзецьмі. Яны кажуць, што прыходзяць паглядзець на горад. Аднак вельмі часта іх можна пабачыць з працягнутай рукой, альбо пачуць ад іх: “уно песо, пор фавор”.


Іспанскія каланісты ў свой час не прывезлі з сабой белых жанчынаў, таму зараз 80% мексіканцаў – мецісы. Аднак многія з іх (і нават урбанізаваныя індзейцы) з пагардаю глядзяць на “нэйтыў амерыканз”, якія да гэтуль вядуць традыцыйны лад жыцця.

На наступны дзень мы вырашылі даведацца, што такое мексіканскі аўтастоп. Ён аказаўся мегахуткасным. Спыніўся грузавік. Я кажу:
- Бамоса Торреон дырэксьон. Пўэдо іра кон устэд?
Кіроўца аглядае мяне з ног да галавы. Гаворыць штосьці, з чаго я зразумела толькі слова “мамасіта” і тое, што ён гатовы ўзяць толькі мяне адну без Верасьня.
- Но, - кажу. – Носотрос дос.
Пасля яшчэ хвілінкі размовы такою моваю ён махае рукою – паехалі!
Армандо ехаў у Мехіка. Мы вырашылі далучыцца да яго на ўвесь шлях.
- Мы будзем ехаць увесь дзень і ўсю ноч, прыедзем раніцай, - тлумачыць нам Армандо. Да Мехіка каля 1600 кіламетраў.
Наш спадарожнік дастае маленькую таблетку і кажа: “Амфетамін”. Менавіта такім чынам мексіканскія дальнабоі ездзяць начамі. Дарожнай паліцыі на гэта пляваць. Як пляваць і на хуткасць, з якою ездзяць грузавікі (мы ехалі 114 км/г амаль увесь час), на абгоны на паваротах праз двайную суцэльную.

Мы амфетаміны не хаваем, таму заснулі каля 11 вечара. Прачынаемся. Трэцяя гадзіна ночы. Армандо шалёна і хутка штосьці тлумачыць нам на іспанскай. “Касэта, касэта”, - кажа ён. “Суідад дэ Мэхіко. Кэріэс эн Мэхіко”?
Мы выходзім з траку і сярод ночы застаемся адны на дарозе за прапускным пунктам, дзе кіроўцы аплочваюць праезд па платнай дарозе (як мы пасля даведаліся, “касэта” па-іспанску) у 45 кіламетрах ад гораду.