Аўгіня (litota_) wrote,
Аўгіня
litota_

Філадэльфія - Вашынгтон

Раніцай з Філадэльфіі амаль да трасы на Вашынгтон наз завёз чырвоны лінкальн. Амаль – гэта значыць, яшчэ каля мілі пяшкарыць з заплечнікамі, інструментамі і табурэткай у 37-градусную сьпякоту паміж трасамі. Вось такіх нас, абвешаных усякай фігнёй, потных і ўжо крыху падгарэлых на сонцы пабачыла шасьцідзесяцігадовая Эйн. “Скачыце ў машыну”, - толькі і сказала яна.



Як выявілася, Эйн у маладосьці была хіпі, езьдзіла па Штатах на старэнькім аўто. А зараз падбірае кожнага аўтаспыньніка. Яна – адна з нямногіх, хто так робіць сёньня ў ЗША. Аўтастоп тут амаль памёр. Эйн патлумачыла, што людзі запужаныя тэлебачаньнем, ніхто нікому не давярае. Да таго ж, працуе закон, працуюць адвакаты. І калі з намі штосьці здарыцца ў яе машыне, мы можам яе засудзіць.



А гэта наш наступны спадарожнік. Амаль усю дарогу ён тэлефанаваў па розных нумарах і радасна казаў: “Можаш верыць, можаш не, я сустрэў падарожнікаў з Беларусі!” У яго ў машыне я, дарэчы, забыла свае шорты, якія дастала, каб прасушыць.

8

Так, мы апынуліся на вялікай стаянцы для перакусу пасярод трасы. Чатыры гадзіны бесперапынных спробаў зьехаць адтуль былі безвыніковымі. І толькі выйшаўшы на выезд да трасы, мы злавілі турка Махмуда на пікапе. У яго ў машыне апынуўся комп з вэб-камерай і нэт. Мы адразу ж скарысталіся гэтымі фасілітыз :)



Махмуд высадзіў нас амаль у самым Вашынгтоне.
- У якім баку Вашынгтон? - запытала я ў аднаго чувака на машыне, які спыніўся на сьветлафоры.
- Там, - паказвае ён мне. Потым, відаць, падумаў і дадаў, - Не. Гэта дрэнны раён. Вашынгтон – там, - і паказаў у адваротны бок.

Мы так блізка, а ніхто не падбірае. Пачало вечарэць. Я прапанавала пахадзіць па тым раёне з прыватнымі хатамі, каб папрасіцца ў каго на начлег ці паставіць намёт у двары. Амаль ніхто дзьверы не адчыняў. Дагрукаліся да аднаго чувака. Тлумачу яму ўсю фішку, прашу паставіць намёт у ягоным двары.

- Нельга.
- Чаму не?
- Таму што я так сказаў!

Мы ўжо было згубілі надзею, як у апошняй хаце зноў пабачылі сьвятло. Хата была не такая, як усе асатнія – маленькая, бяз плоту, старая, з непакошанаю травою ў двары. Пасьля доўгіх роспытаў дзьверы нам расчыніў дзед у інваліднай калясцы. Голыя сісьці зьвісалі на тоўсты жывот. Боб апынуўся адзіным белым у чорным раёне. Дый увесь Вашынгтон больш як на 80% - чорны.
Дзед вельмі недаверліва пачаў задаваць пытаньні, кшталту, а чаму вы пагрукаліся менавіта ў мае дзьверы, чаму хочаце паставіць намёт у маім двары, як вы сюды дабраліся, якія ў вас інструменты і ўсякія іншыя падрабязнасьці.

- Вы ведаеце, што гэта вельмі небясьпечны раён? Я тут адзіны белы і жыву даўно, таму мяне не чапаюць. Але калі вы паставіце тут свой намёт, гэта будзе на вашай рызыцы. Разумеце? І калі з вамі штосьці здарыцца, таксама на вашай рызыцы. І калі якая-небудзь жывёліна тыпу апосума ці мядзьведзя на вас нападзе, я таксама ня буду вінаваты.

Пасьля гэтых словаў мне ўжо расхацелася ставіць тут намёт. Але нібыта дамовіліся. Дый Боб пасьля ўсяго вышэйсказанага папрасіў нас сьпець яму.

Пайшлі забіраць Верасьня і рэчы, якія зь ім пакінулі. А я гістэрычна пачала наноў абзвоньваць усіх сваіх знаёмых і не знаёмых, хто б мог нас прытуліць на ноч у Вашынгтоне. wolny, зь якім я зьвязвалася раней і які справаў знайсьці нам нейкі варыянт, але так і не прапанаваў свой пакой, нарэшце зьлітаваўся і пусьціў нас у сваю кватэру літаральна пад бокам у белага дому.

Прыйшлі да Боба сьпець яму разьвітальную песьню. Боб нас чакаў. Ён апрануў майку і дастаў сваю электрычную гітару і ўсілок, які запыліўся ад доўгіг год стаяньня. Мы сьпявалі дзеду палесскую песьню 16-га стагодзьдзя “Зорачка”, а ён жарсна справаў падыгрываць нам на сваёй гітары. А я ўсё касілася на ствол, які вісеў у дзеда на сьцяне.





Боб – былы вдвшнік-парашутыст. У доме – бардак і смурод. І ўвесь гэты сюр стаў яшчэ больш сюрным, калі дзед сунуў нам на разьвітаньне 10 баксаў.

Наступную ноч нам ізноў не было, дзе начаваць. І тут адгукнулася сяброўка сяброўкі майго сябра. Энчы і Майкл пакармілі нас, напаілі, арганізавалі канцэрт на прыватнай імпрэзе.

 

 


На ноч Энчы і Майкл выдзелілі нам сваю трохпавярховую хату, у якую яны зьбіраюцца пераехаць праз два тыдні пасьля таго, як ажэняцца. Сказалі, што мы першыя, хто спаў у гэтым доме і мусім прынесьці ім удачу.


4

5

2

1

3

А раніцай Майкл вывез нас на трасу.
Tags: photo, taburet, video
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 13 comments