Аўгіня (litota_) wrote,
Аўгіня
litota_

Будучы прэзыдэнт Беларусі

16.00. Мы націскаем на званочак дзьвярэй у пад'езьдзе. Нам адчыняюць. У дзьвярах кватэры нас сустракае брат Аляксандра Уладзіслававіча Уладзімір. У кватэры ня толькі ён зь Юляй Казулінай, там яшчэ пляменьніца палітыка, ягоныя сябры. Юля ўсьміхаецца, нават ня скажаш, што толькі ўчора яна пахавала маці. Дзяўчына абыходлівая, прапанавала нам сесьці, а сама пабегла запякаць карпа для бацькі ў дарогу. Тут я толькі заўважаю - у кватэры шмат кветак. У асноўным гэта чырвоныя ружы. На стале партрэт Ірыны Казулінай з чорнай стужкай.

Казулін тэлефануе. Ён спазьняецца. Нашае інтэрв'ю аўтаматычна скарачаецца. У кватэру яшчэ прыходзяць людзі - Ніна Шыдлоўская, Алесь Пашкевіч, Сяргей Скрабец… Спадар Аляксандр прыехаў а 16.25 з дачкой Вольгай. На ўсё пра ўсё ў яго 35 хвілінаў. Ён просіць дазволу зьняць свой касьцюм ды пераапрануцца ў "турэмную форму" - сіні спартовы касцюм.

 Да інтэрв'ю мы прыступілі толькі а 16.35. А 17.00 ён ужо мусіць ехаць у калонію. Калі не пасьпее дабрацца да Віцебска да 20.00, гэта можа быць разьлічана як пабег.

На пытаньні Казулін адказвае ціха, ледзь чутно. Але ўпэўнена і пераканаўча. Прысутныя моўчкі слухаюць. За 5 хвілін да 17.00 яму паказваюць на гадзіньнік. Мы заканчваем інтэрв’ю. Казулін разьлівае віно ўсім прысутным. Юля просіць бацьку перакусіць. Ён адмахваецца: “Я ў калоніі такі непатрабавальны стаў да ежы,” – сьмяецца і дадае: “Трэба да дна”. Я стаўлю свой бакал, каб сфатаграфаваць гэтае “да дна”, але Казулін не дае мне. Зноў суе мне ў рукі бакал, абдымае і кажа: “Не, ня пройдзе, трэба да дна”.  Я выпіваю.

Празь некалькі секундаў Казулін ужо ў куртцы разьвітваецца з роднымі.



Выбягаю за ім на вуліцу. Там яму пасьпяваюць задаць некалькі пытаньняў зь нейкага тэлебачаньня. Юля трымае вялізнага карпа. Яна ведае, што калі бацька не пасьпее зьесьці яго па дарозе, ніхто рыбу ў калонію не прапусьціць. З машыны пачынаюць сігналіць. Казулін яшчэ раз з усімі разьвітваецца і сядае ў машыну.

Ён-такі пасьпеў сесьці ў турму ў апошнія секунды да 20.00.

 

***

Апошнім часам я вельмі скептычна стаўлюся да ўсяго, што зьвязана з палітыкай. Не скажу, што гора Казуліна палепшыла маё стаўленьне да яго як да палітыка. Ягонае асабістае гора выклікае ў мяне спачуваньне. Ягонае “Жыве Беларусь!” на пахаваньні жонкі абудзіла ўва мне недавер і крыху брыдкія пачуцьці. Я не магу сказаць, што на наступных выбарах, у якіх будзе ўдзельнічаць Казулін, я буду галасаваць за яго. І хутчэй за ўсё ня буду.

Але ў момант, калі машына з Казуліным ад’язджала ў Віцебскую калонію, мяне не пакідала адчуваньне, што ў ёй сядзіць будучы прэзыдэнт Беларусі.


Tags: photo, Казулін, Казуліна, палітыка
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 16 comments