January 29th, 2006

ехаў грэка

Прусачыныя гонкі: папярэднія вынікі

Вяртаючыся да свайго даўняга постынгу...

Цяпер, калі стала вядома, што прамежкавага фінішу дасягнулі чацьвёра прусакандыдатаў, хачу ўсё ж неяк з уласнага досьведу ацаніць актыўнасьць-пасыўнасьць іхных ініцыятыўных груп.

Адзінай насамрэч ініцыятыўнай групай аказалася група дзеючага в.а. прэзыдэнта (які наагул не мае права балатавацца) -- не столькі страх народу, колькі нежаданьне турбавацца робяць сваю чорную справу. Нават да нас у інстытут завіталі двое "представителей инициативной группы по сбору подписей за Александра Гри..." Што цікава, падчас працы (і як іх дырэктар прапусьціў? відаць, і ён не жадае турбавацца)... Заходзяць у лабараторыю, дзе я сяджу са сваім калегам. "Здравствуйте, мы -- представители..." І тут мы, на жаль, таксама не патурбаваліся (можна ж было пазваніць хаця б вахцёру -- хто дазволіў прапусьціць? ці ў выбарчую камісію -- якім правам нас адрываюць ад научной работы государственной важности?). "У мяне няма з сабою пашпарта", -- сказаў мой сябар. "А ў мяне ёсьць, ды я ўжо падпісаўся", -- заявіў я. З тым "госьці" і пайшлі. "Ну, калі праўду казаць, дык я схлусіў: пашпарт у мяне ў кішэні", -- кажа калега. "А я ня схлусіў, вось толькі не ўдакладніў, што падпісаўся я за Мілінкевіча", -- гэта ўжо я. Усьміхнуліся і працягвалі працу. Але цень сумненьня на дне душы застаўся: ці хопіць сіл на грамадзянскі супраціў, калі прыйдзе час? Ці зноў будзем круціць дулі ў кішэні?

Група Мілінкевіча на другім мейсцы -- не яна знайшла мяне, але я -- яе, хоць і амаль бяз высілкаў. Мая каляжанка сабрала за ўвесь час ажно шэсьць подпісаў...

Што Пазьняк так і не прыедзе на Беларусь, думалася з самага пачатку прусачыных го збору подпісаў. Вось толькі не мог прадбачыць тае элегантнае формы, у якую адлілася пазьнякоўская заява -- "каб не даваць у рукі ворагаў сьпіс маіх прыхільнікаў"... Бывайце, Зянон Станіслававіч. Я быў пра Вас лепшай думкі...
Подпісы за Пазьняка ў Гомлі, кажуць, усё ж зьбіралі (хтосьці бачыў, але не я).

Як удалося сабраць па сто тысячаў Казуліну і Гайдукевічу, магу толькі здагадвацца. Хутчэй за ўсё, большую частку гэтых подпісаў пакінулі менчукі. Статыстыка гэта быццам бы пацьвярджае, але ёсьць і розьніца: Казуліна не падтрымліваюць у нас у Гомлі, а аматараў вымыць разам з Гайдукевічам боты ў Індыйскім акіяне хапае паўсюды, акрамя Гародні... Там жывуць людзі самыя разважлівыя -- ці найбольш пасыўныя?

Што ж, заўзятары цяпер чакаюць, калі букмекеры пачнуць прымаць стаўкі кандыдаты пачнуць агітацыю. А я які ўжо раз раблю выснову, што не выбары ў нас вырашаюць...
ехаў грэка

РТР

Хто падкажа, каму набіць морду паслаць гігабайт спама сказаць сваё "фэ" і зьвярнуцца ў суд за тое, што замест "В круге первом" Глеба Панфілава на канале РТР нам паказваюць нейкую амэрыканскую муйню?