Чым пахне Савок (35+)
1) Смурод савецкіх "авашчных". У якую б краму садавіны-гародніны я ў савецкім дзяцінстве ні заходзіў - паўсюль стаяў аднолькавы спэцыфічны спёрты, кіслы пах гнілі, ад якога рабілася душна і млосна. Пасьля распаду СССР гэты пах я не адчуваў больш ніколі.
2) Пах савецкіх унівэрмагаў. Крыніца гэтых "водараў" - аддзел, у якім прадаюцца беларускія савецкія (берасьцейскія і віцебскія) кілімы. Надзвычай магутны пах! Усяго адзін маленькі аддзел, а пахне мне на ўвесь унівэрмаг. Таму беларускіх унівэрмагаў стараюся ўнікаць - Саўку ўжо хутка трыццаць год як няма, а савецкія кілімы ўсё аніяк не распрададуць. Калі прынюхацца - амаль такі самы пах, толькі слабейшы, стаіць у аддзелах, дзе прадаюць беларускія мужчынскія гарнітуры. Хай мяне паправяць адмыслоўцы-хімікі ці таксіколагі, калі беларускія касьцюмы, якія так любяць чыноўнікі сярэдняй рукі, вырабляюць не з таго ж матэрыялу, што й берасьцейскія кілімы!
3) Зьнянацку харошы - водар танюткіх дзетсадаўсіх бліноў з маслам. Як я любіў тыя бліны! У дзяцінстве наогул не вылучаўся апетытам, але ў блінныя дні прасіў дабаўкі, і замест належных двух зьядаў шэсьць - на радасьць нянечкам і кухарцы; за што ад іншых дзяцей атрымаў мянушку чамусьці "жывадзёр".
Надоечы заходзіў у дзіцячы садок і - зноў адчуў той самы пах! Неверагодна. І садок іншы, і эпоха, а водар той самы. Колькі ні гатаваў бліноў сам - ніколі не атрымлівалася нічога нават аддалена падобнага.
Узяць штоле дзетсадаўскую кухмістрыню ў палон..