RADIO MARYJKA - ВЕРШ НА СВАБОДУ-ІІ
Сак. 20, 2006
11:38 pm - ВЕРШ НА СВАБОДУ-ІІ
Калі ад тэленавінаў сьнег выпадае ў асадак,
хоць мала хто сумняваўся ў прагнозах на гэты конт;
калі мэтрапалітэн працуе безь перасадак,
а нехта па тэлевізары ратуе ўласны азадак
з экрана ля дому з надпісам HORIZONT;
калі шмат тысяч мабільнікаў разам лічаць гадзіны,
тым болей ад іх на плошчы ніякай іншай карысьці -
стаяць і чакаць свабоды, бо выбар цяпер адзіны,
у велькім і бардза пажондным - хто б там ні трындзеў! - таварыстве;
абуць на тры пары шкарпэтак цяплейшыя боты,
на злосьць халоднай вайне й атмасфэрнаму фронту,
бо выбар цяпер адзіны - стаяць і чакаць свабоды -
ад лесьвіцы ў стылі ампір да самага HORIZONTу.
Андрэй Хадановіч
Настрой:
cheerful

Андрей, как всегда. прекрасен.
Мы покуль не народжаны народ,
мы вязьні скамянелых яйцаклетак,
мысьленча запаволены чарот;
хтось падла, хтось зусім яшчэ падлетак,
хтось піша і рыторыкай старой
уводзіць юнакоў у заблужджэньне:
змагар, руплівец, ходаньнік, герой,
тытан, а мо й тытанік адраджэньня.
Стаміліся й губляем лік гадам:
гады ў турме паўзучыя, як гады!
Дзе ж тая паўнагрудая мадам,
што ўсіх нас павядзе на барыкады?
Што маем, ёй бы кінулі да ног!
І вартавыя чуюць нашы енкі,
калі начамі ў каляровых снох
мы бачым гэту кралю без сукенкі.
Мы валім дрэвы, чэшам камяні,
капаем катлаваны і каналы,
чакаем на спатканьні, лічым дні
й абагульняем сьвет наш дасканалы.
Бо верым: навакольнае лайно
цудоўным гноем станецца ў гасподзе.
Па-праз закратаванае акно
гартуем дых, каб дыхаць на свабодзе.