Вы праглядаеце журнал [info]maryjka_

RADIO MARYJKA

Врс. 5, 2012

Тра. 29, 2012

06:46 pm - ДРОГОБИЧ. PINK MICKIEWICZ

Драгобыч то прошэ паньства място зупэўне роз'ебанэ, але ў гэтым проша паньства і е цымус. Горад-базар, горад-будоўля, горад-скансан. Тут культывуюць Бруна Шульца, на месцы дзе яго застрэлілі ў 1942-м вам таксама раскажуць гісторыю аб памятнай шыльдзе, якую усталявалі да прысьвечанай Шульцу імпрэзы, а за ноч да нейкі цыган яе расьпілаваў і скраў, і тады драгобыцкая міліцыя зладзіла аблаву па пунктах здачы мэталалому. Цыгана павязалі, а расьпілаваная шыльда ляжыць у музэі - калі не патлумачыць, здаецца, што так і трэба.

Размаўляюць поляк і полька:

- Я, проша пана, ехала сюды тры гадзіны супраць паложаных паўтарах, бо аутобус заехаў на нейкія прасёлкі, дзе се вогуле не езьдзі, і што вы думаеце, улазіць у аўтобус бабця, а ў яе сумка Tower London, а у сумцы куры! Так мы і ехалі з тымі ландан курамі. Дзе быў мой фоцік?

- Ха! Мая жона ехала сюды у сьнежні, і ў Львове на Стрыйскім вакзале села жанчына з казой.

- Ух ты! Але мела шчэнсьце пана жона!

Здаецца, калі б маршруткі, якія палякі называюць "машуткамі", былі мікрааўтобусамі экстраклясы з кандзішанам і эказагончыкам для гэтай самай казы, подруж бы полякуф зупэўне росчароваўа. Пшэцеш до Украіны Заходней се едзе праве по то.

Ці вось скажам помнік Адаму Міцкевічу на вуліцы Тараса Шаўчэнкі. Польская грамада Драгобыча яго зьлеганца падрэстаўравала.

Атрымалася "цют контровэрсыйне", але затое шэры тыпавы абэліск пачатку ХХ стагодзьдзя фотаюць нават тыя, хто паленаваўся зафотаць казу. Нават я на мабільнік:

hosted by Kurt

У Драгобычы па даўняй завядзёнцы аб першы ж абрэпаны вугал на плошчы Рынак падрала дар крамы "Паўлінка" цього сєзону, у суседняй краме тканінаў з аплікацый каб закрыць латку такога памеру было до выбору толькі партрэт Чэ Гевары, ружа са стразамі та анархазорка. Давялося браць зьвязду. Цяпер сьмела можна новы ляночак выгуляты на выступ Жадана. Чаго і вам жадаю.

А гэта з новых досьвядчэнь. У гатэлі падрапала твар аб падушку. Пер'е.

Менскія вельмі прасілі чэкануць, ці гатовы любы Львів да Эўра. За ўвесь Львів не скажу, а вакзал ой гатовы. У спадароў з камэры захоўвання е папірэць з надпысам "10 hryvnias till midnight", але два японцы з камэрай здаецца, дагэтуль іх дастаюць, таму што 24 h open на папірэць Lviv injaz дапісаць забыўся. Дэбаркадэр блішчыць, інтэрнэт-клюб також готов, 15 грн за гадзіну, жаночую прыбіральню траха не паліруюць, пайду буфет праверу. Тут зацішша перад.

Усіх ц.

Месцазнаходжаньне: Львiв

Тра. 28, 2012

03:02 pm

Чытаю гуру і згадваю, як гады 4 таму Паша Сьвярдлоў і Жэня Міроцін не ўзялі мяне гуляць у ШДК у Магілёўскую сінагогу. Сказалі, фэйсам ня выйшла. А вось цяпер гуру піша, што палешукам можна. Эх, дзе ты быў чатыры гады таму, гуру?..

Настрой: amusedamused

Тра. 20, 2012

01:42 am - КРАКАЎ. ЧАЦЬВЕРТАЯ ЎКРАІНКА

У Кракаве я мелася жыць на Віле Дэцыюша, дзе пяць год таму была на літаратурнай стыпэндыі. Таму настрой на пад'езьдзе да мілага сэрцу парка быў самы сьвяточны. Усё было міла, усё было знаёма.

Звычнай сьцежкай прайшла да ўваходу, праціснулася праз афіцыянтаў, што сэрвіравалі вясельны прыём, зайшла ў адміністрацыю.

- Добры дзень кажу, прыехала. Ці можна ключык?

З-за стала падняўся дзяцюк цыганскай зьнешнасьці.

-А, вы з Украіны?

- Не, не з Украіны.

- Ну, тады ня ведаю. Тут зранку пасяліліся тры ўкраінкі, яшчэ адна павінна прыехаць. А вас мы знаць ня знаем.

Опа, менты. З аднаго боку, зранку мусілі засяліцца тры дзяўчыны зь Беларусі. Зь іншага, падчас паездкі накладачка на накладачцы, Разанаву, напрыклад, квіток у Польшчу купіць забыліся. Думаю, можа зноў нейкая блытаніна? І для мяне зарэзэрваваны які "Хілтан" або чыста як варыянт не зарэзэрваваны і давядзецца ўпісвацца да Залескага?

Ці вось засялюся я, а потым пад'едзе чацьвертая ўкраінка. І будзе няёмкая сцэна міжэтнічнай разборкі на калідоры з рушніком на валасах ці ў начнушцы - і ўсё гэта прама пад фотапартрэтам Зьмітра Вішнёва на тутэйшай дошцы гонару.

Я кажу, нех пан ідзе высьвятляе, а я на фантанчык пафтыкаю.

Празь дзесяць хвілінаў чувачок вырульвае на падворак, несучы ключ і нейкі сшытак.

- Для чэго пані хлусіць?

- ????

- Ну вось, тут жа напісана: "19-га, 4 асобы зь Менску".

- Так, гэта мы.

- Дык для чэго пані выдурняецца?

- Хто выдурняецца??? Вы спыталіся, ці я з Украіны. Я не з Украіны, я зь Беларусі.

- А якая розьніца?

- ...

І моцна ж я села на каня, ой моцна. Але чувачок папаўся што нада: "Ээх, буду я яшчэ табе нешта тлумачыць, з табой сварыцца..." - прамармытаў ён і, выразна махнуўшы на мяне рукой, пашыбаваў у адміністрацыю, расштурхоўваючы вясельных афіцыянтаў.

Потым мне расказалі, што ў чувачка мянушка "Враг пісацеля". Працоўны дзень ён пачынае а 8-й ранку з таго, што заходзіць у пісьменьніцкі гатэль і пачынае там пыласосіць. І ні вясна, ні лета, ні зіма, ні сьвятая нядзеля, ні хадайніцтвы Міністэрства культуры ня ў стане спыніць гэты шумавы рытуал. Будзе ён яшчэ нешта нам тлумачыць, з намі сварыцца...

Кракаў, май. До зо.


In Byaroza by Anka Upala

Месцазнаходжаньне: Villa Decius
Настрой: tiredtired

Тра. 13, 2012

02:06 pm - ВЫКЛІК

Паглядзелі ўчора па БТ Defiance, пра які так шмат гаварылі бальшавікі. Можна лічыць, у першы раз. Пазычаную два гады таму няякасную копію з жахлівым перакладам, які нельга было адключыць, спынілі на моманце, калі перакладчык назваў Наваградак Ноўгарадам.

Фільм аказаўся не такім кепскім, як пра яго гаварылі, і як можна было меркаваць пасьля прашчоўкваньня жахлівай копіі. Ён добра глядзіцца, калі настроіцца і глядзець, але калі б гаворка была не пра беларускіх габрэяў, а пра якіх зулусаў, то фільм сам па сабе наўрад ці зацікавіў бы. Надта ён манатонны і лінейны, нягледзячы нават на прэславутую сцэну экшану, калі Крэйг сам-на-сам змагаецца з танкам.

Вядома ж, чакалі зьяўленьня [info]klezmerа. І ён зьявіўся - на дзьве з паловай сэкунды мільгануў у кадры, але гэтага лічы ніхто не заўважыў, бо БТ засьвяціла экран анонсам хакейнага матчу "Расія-Чэхія". А я заўважыла, бо ведала, дзе прыкладна чакаць. Гэта было акурат у кавалку фільма з тым, што можна назваць рэжысёрскім рашэньнем, дзе чаргавалася сцэна бойкі зь немцамі і сцэна партызанскага вясельля.

Таксама прыемна, што фільм не прымушае бровы зьдзіўлена прыўздымацца на кожным кадры, як гэта адбываецца падчас прагляду "беларусьфільмаўскіх" нятленак пра вайну. Хаця б таму, што Эду Цьвіку ня трэба было зацьвярджаць сцэнар ні ў якім камітэце па ідэалёгіі. Ён дбаў адно пра балянс паміж прэславутых экшанам і гістарычнай праўдай. Мастацкасьць у фільме дасягаецца алюзіямі на Біблію, пэдаляваньнем канфлікту паміж братамі Бельскімі і карыкатурнымі савецкімі партызанамі, якія, дарэчы, паказаныя вельмі пераканаўча, зь веданьнем, што называецца, справы. Больш за ўсё мне спадабалася, як у адным эпізодзе Крэйг пантаваўся перад уцекачамі з Баранавіцкага гета, скочучы на белым кані, а ўжо ў наступным ён змушаны быў застрэліць каня, каб пракарміць халоднай зімой вялікі лягер.

Што праўда, некаторыя камэнтатары ў Інтэрнэт Муві датабазе са мной не пагадзіліся б. Вельмі многа кранальнага можна прачытаць у англамоўных рэцэнзіях на фільм. Напрыклад:

Problem number one is Daniel Craig. He does not look like an Eastern Polish Jew.

Па словах гэтага камэнтатара, Крэйг выглядае як обэрлейтэнант, які прахезаў форму ў пральні Вэрмахту.

Яно, канешне, пацаны з Акляхомы - вялікія спэцы па "усходнеэўрапэйскіх габрэях". Але, як казаў Дзіма Кацнэльсон, прадстаўляючы свайго сябра блакітнавокага бляндына Юру Формана, "Наші бывают разные".

А вось іншы камэнтатар адкрывае вочы на жахлівую непісьменнасьць Цвіка:

"...Бельскія былі не беларускімі, а польскімі габрэямі..."

"..Налібокі былі (або ёсьць) маленькім гарадком у Польшчы, разгром якога прыпісваюць "войску" Бельскіх..."


А вось яшчэ:

"Акторы размаўлялі з рускім акцэнтам. Больш за тое - яны размаўлялі па-руску з усімі іншымі. Але ж дзеяньне адбывалася ў Польшчы! Як здымачная група магла так лажануцца??"

Ну і так далей. Многія сапраўды абураюцца, што рэжысэр прымусіў актораў гаварыць "па-ангельску з усходнеславянскімі акцэнтамі". З абурэньнем гэтым, дарэчы, можна пагадзіцца. Бо там беларускія паліцаі і сяляне валяць чыста по-рюсскі. А ідыш пасьлядоўна замяняецца ангельшчынай. Некашэрна неяк.

У цэлым жа шмат пазытыўных водгукаў, хоць сярэднестатычтычны гучыць як: "Добра, але ня Шындлерліст"... Зрэшты, радая, што нарэшце ўдалося фільм пабачыць.

Настрой: awakeawake

Тра. 10, 2012

02:22 am

Пару дзён таму я пабачыла у аўтобусе хлопца, што прычапіў сабе на заплечнік масіўную георгіеўскую стужку, да канца якой быў прышыты залаты пазумент. Усё вісела на ўзроўні сракі малчэла і выглядала як хвост чорта ў спэктаклі "Камэдыя". Сёньня ў пераходзе на "Фрунзенскай" музыка граў на флейце "Кацюшу". Дзень Перамогі для большасьці - ужо фальклёр. Я думаю, што яшчэ праз 50 год 9 траўня будзе мала чым розьніцца ад Купальля. Будуць паліць пакрышкі і чучала Гітлера.

І разам з тым на вуліцах сёньня былі старыя людзі, сьвяточна ўбраныя, але з такімі тварамі, нібы ідуць з хаўтураў. Такі твар не падробіш. Нешта важнае на такім твары напісанае, ня ведаю.

Настрой: thoughtfulthoughtful

Тра. 4, 2012

11:40 am - * * *

Калі мы прыйдзем да ўлады, у менскі Энэргазбыт мы будзем вадзіць экскурсіі па матывах творчасьці Кафкі. Цымус экскурсіі будзе ў тым, што, у адрозьненьне ад КДБ, гэтыя па-любому ня зьнікнуць, выжывуць, і ўсё гэтак жа за шэрымі дзьвярыма будуць прасьцірацца ўглыб кабінэты, дзе працуе па 20 чалавек - так, нібы нехта паставіў люстэрка, гэтак жа Алена Сяргееўна будзе адсылаць да Вікторыі Леапольдаўны, а Мікалай Пятровіч ня ведаць, што нахімічыў з вашым лічыльнікам Сяргей Іванавіч.

І вось сістэма - нават не дала збой, а так, зьлёгку іканула - і шасьцяронка выпадкова перакінула вашу паперку ня ў той латок. І вам капец. Лічыльнікі ня лічаць, Алена Сяргееўна патрабуе, каб вы яго зьнялі і прынесьлі ёй на стол, каб яна асабіста аглядзела хворага, а зьняць вы яго ня можаце, бо ключ у Сяргея Іванавіча, і ён не ўпаўнаважаны даваць ключ менавіта вам. Вікторыя Леанідаўна патрабуе Акт, а Мікалай Пятровіч кажа, што Акта не існуе а ёсьць Ведамасьць, але Вікторыя Леапольдаўна кажа, што Мікалай Пятровіч гоніць, але штрафуюць усё адно вас. І ўсё гэта адбываецца ў мурах малюсенькага з выгляду будыначка на Хмяльніцкага, 6. Вельмі рэкамэндую паход туды, калі давядзецца напіцца ў раёне Акадэміі Навук да канца працоўнага дня - дзеля пушчага прыходу.

Хаця што гэта я кажу. КДБ таксама па-любому выжыве.

Настрой: artisticartistic

Крс. 17, 2012

03:47 pm - ІРЭН АДЛЕР, ЛОНДАНСКАЯ ДАМІНАНТШЧЫЦА

Чо-та как-та у мяне адной асацыяцыі?

Хіт тыдня:



І арыгінал:



Можна, канешне, патлумачыць, тугой жыхароў пасёлка Акцябарскі па эсэсэсэры. Але штосьці мне пачынае здавацца, што вобраз камсорга Кацярыны, створаны ў фільме "Стылягі", - гэта ўсяго толькі 25 кадр для мазахістаў.

Як той казаў, ад БРСМу да БДСМу...

Крс. 14, 2012

12:54 am

Цудоўны мэйл прыйшоў на скрыню конкурсаў ПЭН-Цэнтра:

"Хочу участвовать в конкурсе, который приурочен 100-летию со дня рождения Чеслава Милошевича. Где я могу узнать подробнее о конкурсе и задать вопросы?"

Ну што тут адкажаш?

Наступны конкурс можна абвесьціць у гонар Кадафі або Хусэйна.

Настрой: amusedamused

Крс. 13, 2012

02:16 pm - КАСЬМІЧНАЕ

Учора, у дзень касманаўтыкі, перад сном думала, што дзяцінства нашых бацькоў было чароўным. На іх вачах чалавек паляцеў у космас, высадзіўся на Месяц. Уяўленьні пра сьвет мусілі перавярнуцца ў іх галовах, як дранік на патэльні! Гэта мы ўжо маем засвоены космас як дадзенасьць, і нас цяпер цяжка зьдзівіць якім-кольвек прагрэсам.

Але зранку, абмяроўваючы падзеньне ракеты ў КНДР, я падзялілася з мамай сваімі разважаньнямі. А яна сказала, што як у дзяцінстве, так і цяпер проста ня можа ўявіць сабе космас, і тады, у 1961 яны вельмі доўга не маглі зразумець, куды гэта паляцеў Гагарын.

А я вось цяпер думаю, што і Гагарын да самага моманту ня мог зразумець, куды гэта ён паляцеў. Кагнітыўная лінгвістыка - ён сказаў: "Паехалі!" :)

Настрой: thoughtfulthoughtful

Navigate: (Previous 10 Entries)