You are viewing litota_

January 28th, 2006

sheshory
Цяперашнім і будучым бацькам прысьвячаецца.

“Я ненавіджу яго, ненавіджу!” – яна плакала ў падушку. Цэлую ноч.
На наступны дзень Ірына ня ведала, куды падзець свой позірк. Дзяўчына не магла глядзець бацьку ў вочы. Але чаму? Яна ж ні ў чым не вінаватая. Гэта яму павінна быць сорамна за тое, што зрабіў учора. Аднак ён паводзіў сябе так, быццам нічога ня здарылася. Не заўважаў сінякоў на руках у жонкі, ня бачыў чырвоных ад сьлёз вачэй дачкі. Ён зноў быў ласкавым і клапатлівым. Як і заўсёды пасьля такіх выпадкаў. А ёй было агідна. Агідна ад паветра, якое моцна сьціскала грудзі, ад недарэчнага сьвятла, што лілося праз вокны, ад усяго на сьвеце, нават ад свайго нікчэмнага жыцьця, ад самой сябе.
Сьнедаць разам з бацькамі Ірына не хацела... не магла. Дзяўчына зайшла на кухню заварыць гарбаты, ды толькі парэзала палец нагі аб аскепак разьбітага ўчора бацькам кубка. Так і не пасьнедала. Пайшла ў свой пакой і проста сядзела. Глядзела на сьцяну, на плакаты знакамітасцяў, на іх усьмешкі, а самой хацелася плакаць. Але цяпер яна сябе стрымлівала.
У пакой увайшла маці. Прысела побач на ложак. “Ён вар’ят, – ціха сказала яна. – Мы ня можам больш так жыць.” У галаве Ірыны пачаў грукатаць маленькі малаточак: “Навошта яна мне гэта гаворыць? Навошта?!” Вочы зноў напоўніліся слязамі, яна ўжо не магла іх стрымліваць. Дзяўчына ўскачыла, пабегла да дзьвярэй, гучна грымнула імі і выбегла на двор.
Яна бачыла, як бацька сеў у машыну і паехаў на працу, але дадому ёй вяртацца не хацелася. Толькі праз некалькі гадзін дзяўчына нясьмела адчыніла дзверы кватэры й зноў зайшла ў свой пакой.
Так прайшоў дзень.
А ўвечары... Увечары нехта пазваніў у дзьверы. Адчыніла маці. Ірына пачула абрыўкі слоў незнаёмага мужчыны: “Трапіў у аварыю... На жаль... Мае спачуваньні...” Яшчэ яна пачула, як закрычала маці. Дзяўчына ня вымавіла ні слова... яна не магла. Толькі буйныя сьлёзы пацяклі па яе шчаках.
Гэтую ноч Ірына таксама плакала. А раніцай спаліла ўсе рэчы бацькі. Яна любіла яго. Проста гэтая любоў прыносіла ёй невыносны боль.

(2003)