You are viewing [info]litota_'s journal

08.03.2012

sheshory
Мы вярнуліся на Карлаў мост каля дзевятай. Турысты расхаджвалі па ім, церлі рукамі пачарнелыя скульптуры, фатаграфаваліся ў кожным кутку. 

"Карлов мост почти без людей! Какая редкость!" - радасна ўскрыкнула адна з іх і ўзялася за фотаапарат.

Я пасьміхнулася, бо ведала, што на стужцы, запраўленай у мой "Зеніт" ужо ёсць гэты кадр, зроблены тры гадзіны назад. 

Karlov bridge

Дзеля гэтага варта было прыязджаць у Прагу а 6-й раніцы.

Год назад

sheshory
Беларуская народная "Зорачка" прагучала і ў Амазонскіх навінах Бразіліі.


Мы доўга прабіраліся праз балівійскія джунглі пасля правядзення там нашых Калядаў. Калі нарэшце джунглі расступіліся і перад намі паўстала рака, за якой была Бразілія, мы зірнулі на сябе. Замызганыя пяском твары, ногі выпацканыя па калені ў чырвонай зямлі. Побач працавалі будаўнікі. Мы зайшлі да іх і папрасілі ўмыцца з-пад шлангу. Пасля кароткіх водных працэдураў мы прайшлі пашпартны кантроль і апынуліся ў лодцы, якая павезла нас на іншы бок - у Бразілію. Там памежны кантроль. І цяжкая дарога ў Сальвадор дэ Баія, дзе нашыя ўжо рыхтавалі чарговы фестываль. Але спын не заладзіўся. За тыдзень мы праехалі ўсяго каля 350 км ад мяжы. А да фестываля заставалася 2 з паловай тысячы кіламетраў і 4 дні. Са словаў нашых спадарожнікаў мы ведалі, што ў Бразіліі існуе сістэма сацыяльнай падтрымкі - ты прыходзіш і кажаш, што няма грошай на білет і просіш пасадзіць цябе на аўтобус. Яны рабілі так некалькі разоў. Мы спыніліся ў маленькім гарадку Жы-Парана. Знайшлі там сацыяльную службу. Анак такой паслугі там не аказвалі. Затое пад сваю апеку нас узяў адзін з супрацоўнікаў - Даніэль. Ён даў нам дах над галавою, а сам стаў абзвоньваць палітыкаў, СМІ, знаёмых, каб хоць хтосьці дапамог нам дабрацца да Сальвадора своечасова. За 4 дні яму так нічога і не ўдалося. Аднак удалося шмат іншага - незабывальны досвед, набыты ў часе, праведзеным з бразільцамі, танцы, песні, рэлігійныя цырымоніі з аяўяскай, выступленні з беларускімі песнямі для мясцовых і шмат цікавых знаёмстваў. Урэшце рэшт мы паехалі далей спынам. А на гэтым відэа, мы ўсё яшчэ спадзяемся патрапіць на фестываль у Сальвадор і я апантана расказваю... Ну, самі зірніце. Усяго тыдзень у Бразіліі і я не наважылася казаць па-партугальску, таму па-іспанску )

Беларусь не збрэндзіла

sheshory
Выйшла мая другая калонка на 34mag.net
 
Падарожнічаючы па Лацінскай Амерыцы, я імкнулася пакаштаваць розных нацыянальных, уласцівых толькі пэўнай краіне, страваў і напояў. Якім жа было маё здзіўленне, калі, пакаштаваўшы мясцовай «Калумбіяны» (з пазнакай «нашая» на бутэльцы), я адчула знаёмы смак «Бураціны». Яшчэ большым здзіўленнем сталася тое, што перуанская «Інка-кола» і бразільская «Гаўрана» мелі той самы смак.

inkakola

Аргентынцы, частуючы мяне варанай згушчонкай (яна там называецца «дульсэ дэ лечэ», што значыць «малочная слодыч»), хваліліся сваёй «тыповай» слодыччу, якую вынайшлі менавіта яны, і якой няма больш нідзе ў свеце. Ну, толькі там, куды яе экспартуюць, вядома. Эх, шкадавала я, што не прыхапіла з сабою бляшаначку нашай рагачоўскай. Але аргентынцы сапраўды здзівіліся, дазнаўшыся, што я таксама ведаю сакрэтны рэцэпт малочнай слодычы.
 
А нядаўна, падчас паездкі аўтаспынам з Варшавы ў Кракаў, добразычлівыя полькі прапанавалі мне «Крувку». «Нашая нацыянальная цукерка», – з гордасцю патлумачылі яны мне. 
 
Пазней чыста дзеля цікаўнасці я залезла ў «Вікіпедыю». Бо добра памятаю, як мая бабуля заўсёды прасіла прывозіць ёй у вёску «Кароўкі». Гэты былі ейныя любімыя беларускія цукеркі. Дык вось «Вікіпедыя» мне расказала, што цукеркі «Кароўка» сапраўды вынайшаў паляк Фелікс Паморскі, які трымаў кандытарскую фабрыку яшчэ ў 1921–1929 гадах. Але я на гэтым не спынілася і працягнула пошукі. На сайце беларускай фабрыкі «Чырвоны мазыранін» пішуць, што рэцэпт знакамітай «Кароўкі» быў прыдуманы ў Нароўлі ў 1948 годзе. Паводле дырэктаркі «Чырвонага мазыраніна» Аляксандры Гаранінай, у беларускі райцэнтр ехалі з усяго СССР, каб пераняць сакрэтны рэцэпт. 
 
Тое ж і са згушчонкай. За права краіны – вынаходніцы згушчонага малака спрачаюцца прынамсі некалькі дзяржаваў Лацінскай Амерыкі: Аргентына, Уругвай, Чылі, Калумбія… Пры гэтым гісторыі вынаходства пераплёўваюць адна адну па красамоўнасці. Паводле аргентынскай легенды, у 1829 годзе ў адной з правінцыяў Буэнас-Айрэса два генералы святкавалі перамір’е. Прыслужніца забыла на вуглях шклянку з салодкім малаком. Шклянка ўзарвалася. Адзін з генералаў пакаштаваў змесціва. І яно яму так спадабалася, што ледзь не тут жа новаспечаныя саюзнікі пачалі будаваць завод для вытворчасці згушчонкі.
 
Нават славуты выхадзец з Аргентыны Чэ Гевара казаў: «Згушчонка, абутак і зброя – самае галоўнае для рэвалюцыянера». Вядома, аргентынцы ганарацца яшчэ адным пацверджаннем крутасці іх згушчонкі. Аднак у нас тут кажуць, што выбітны рэвалюцыянер упадабаў усё ж нашую, савецкую згушчонку. 
Думаю, гэта справа гонару для кожнага народу мець нейкае сваё вынаходства, штосьці адметнае, па чым можна было б пазнаваць краіну. І харчовыя брэнды, напэўна, самыя праўдзівыя. Я чамусьці больш ганаруся беларускімі дранікамі, чым майткамі ад «Мілавіцы». І ў падарожжах для мясцовых гатую беларускі боршч (добрыя гаспадыні ведаюць, што ён адрозніваецца ад украінскага або, тым больш, польскага), а не расказваю, якія крутыя ў нас трактары. Дый які БелАЗ параўнаецца з нашай бабкай з салам?!
   

Tags:

Выстава

sheshory
Дзякуй вам, дарагія сябры, за тое, што прыйшлі на адкрыццё нашай выставы і падтрымалі нас у гэты адказны і хвалюючы момант. Выбачайце, што не з усімі хапіла часу паразмаўляць. Вас было так шмат і гэта надавала моцы :) Хто не паспеў прыйсці на адкрыццё, прыходзьце ў любы дзень. Выстава будзе дзейнічаць да 18 лістапада.
sheshory
Дарагія сябры! Нарэшце маю гонар запрасіць вас усіх на нашую з Верасьнем выставу падарожных фотак і прэзентацыю відэа-роліка з экспедыцыі "З табурэтам да акіяну". Прыходзьце на адкрыццё ў аўторак 18 кастрычніка а 19-й у галерэю сучаснага мастацтва "Ў". Мы пастараемся, каб вам было цікава, смачна і проста зашыбісь. Як было нам напрацягу года бадзянняў па Амерыках.

afisha web

Tags:

Мінорны настрой

sheshory
Чатырохгадовы Пеця Надточы з Вілейкі - чалавек-матылёк. Так называюць людзей з рэдкім генетычным захворваннем – булёзны эпідэрмаліз. Скура Пеці вельмі далікатная, як крылцы матылька. Пры самым лёгкім дотыку яна траўмуецца. Жыццё Пеці і яго сям'і – гэта бесперапынная барацьба з ранамі, якія пакрываюць усё цела дзіцяці. 



У Расіі і Беларусі лячэння для такіх дзяцей няма. Пеці неабходна абследаванне ва Універсітэцкай клініцы горада Фрайбург (Нямеччына), якая спецыялізуецца на Булёзным эпідэрмалізе. Кошт абследавання - 17.700 еўра. Засталося сабраць 438 еўра. У гэтую суму таксама ўваходзяць выдаткі, звязаныя з праездам да месца лячэння.

Мае бацькі сёння наведалі Пецю і яго маму ды бабулю. Перадалі грошы.

- Які ў цябе настрой, Пеценька? - запытала малога бабуля.
- Мінорны, - адказаў той.



Мама Пеці піша: "Форма захворвання ў нас складаная. Пальчыкі на канечнасцях схільныя да зрошчвання. Іх з нараджэння трэба было падзяляць і бінтаваць асобна, але мы гэтага не ведалі. Дакладна таксама можа зрастацца стрававод, вось чаму важна сачыць за харчаваннем і не траўміраваць яго. Магчымыя пры такім захворванні зрошчванні ў роце. У нас вельмі караценькі язычок. Пеця не можа яго высунуць і аблізаць губкі".


Read more... )

Aug. 20th, 2011

sheshory
Такое адчуванне, што ўвесь свет хоча скончыць жыццё самагубствам.

Aug. 3rd, 2011

sheshory
Доўга выбіралі, якую фрызуру зрабіць Верасьню. Урэшцэ рэшт, ён сказаў: "Карацей, пастрыжы мяне, як Гітлера".
Ну, я пайшла...

No comments

Празнік к нам прыходзіт

sheshory
Учора позна ўвечары ў цэнтры Мінску.

Копия IMG00111-20110616-2244

Думаю, у наступную сераду варта чакаць рэпетыцыі параду танкаў на праспекце.

Абсурд

sheshory
Прапанавалі мне працу. Дамовіліся на пачатак наступнага месяца. Пакуль тое ды сёе, наступны месяц яшчэ не пачаўся, да працы я яшчэ не прыступала, а ўжо атрымала павышэнне.

Jun. 13th, 2011

sheshory
Амартызатар, ідэнтычны натуральнаму.

Дарадцы

sheshory
[info]verasen выходзіць з ваннай. Увесь свежапаголены, толькі на бакенбардах пена. Пытаецца ў нас з [info]n_mancewich :

- Як вы думаеце, можа, мне бакенбарды пакінуць?
- Канечне! - у адзін голас адказваем мы.
- Ну, сукі... - Верасень усміхаецца і вяртаецца ў ванную.

Не пакінуў :)

Упс

sheshory
Вось так бадзяліся мы больш за год па свеце, а вярнуліся, і даведаліся, што [info]verasen, аказваецца, невыязны з Беларусі. 
sheshory
Дзяржаўны натарыюс паднесла да святла наш апастыль, выдадзены клеркам шатата Нью-Йорк Норманам Гудманам, з копіяй пасведачання пра шлюб. Затым, паклаўшы дакументы на свой працоўны стол, паслінявіла мезінец і правяла ім па подпісе Нормана Гудмана.

- А што гэта такое? - скрывілася яна.
- Апастыль, які легалізуе ў Беларусі наш шлюб, заключаны ў ЗША.
- А чаму тут подпіс і штамп электронныя?

Чаму ў Нью-Йорку ставяць электронныя подпіс і штамі, мы не ведалі. Можа, таму што прагрэс туды даходзіць крыху хутчэй, чым да Беларусі... Але так ці йнакш, дзяржаўны натарыюс, параіўшыся з начальніцай, вынесла нам дакументы, якія мы беражна захоўвалі год, пакуль былі ў падарожжы, і сказала:

- Гэты апастыль вам ніводны натарыюс не падпіша.
- І што нам цяпер рабіць? Мы ўжо за пераклад заплацілі 91 тысячу!
- Не ведаю, але гэта не дакумент. Мы гэтых апастыляў бачым па 25 штук на дзень! Але такі - ўпершыню. Мяне нават здзівіла, што лісты тут змацаваныя скобай. Нам звычайна прыносяць перавязаныя чырвонай льняной стужачкай.

Варыянты, што мы можам зрабіць далей:
- пайсці ў амбасаду ЗША і паспрабаваць дабіцца ад іх дакументу, што наш дакумент сапраўдны (галоўнае, каб подпіс і штамп паставілі не электронныя :)
- не парыцца з гэтымі апастылямі а проста пайсці і зарэгістраваць шлюб нанова ў Беларусі па беларускіх законах

Але тут адна загваздка. Па беларускіх законах заключаць шлюб зарабараняецца паміж асобамі, якія знаходзяцца ў іншым шлюбе нават па-за межамі краіны. А мы-та жанатыя ў ЗША. Таму, каб пажаніцца ў Беларусі, нам трэба спачатку развесціся ў штатах.
)
sheshory
Расказваю маме, як здзіўлялася першым кактусам у дзікай прыродзе, якія пабачыла ўпершыню ў жыцці ў арызонскай пустыні. І як потым нагледзелася іх за ўсё падарожжа столькі, што яны мяне ўжо зусім не ўражваюць.
- Ну і добра, - сказала мама, - бо то мы твае ў гаршчках на падваконнях не дагледзелі.

Я дома, сябры. У пятніцу ў мяне - дзень адчыненых дзвярэй. Хто хоча ў госці - калі ласка. Мы з Вераснем будзем вас чакаць ад шостай вечара да самай ночы. Хто не ведае, дзе мы жывем, напішыце камент, я вам прыватна напішу адрас.

Канец

sheshory
Раніцай 17 красавіка надвор’е не заладзілася. Дождж змяняўся снегам. А той у сваю чаргу пераўтвараўся ў град. На небе – ніводнага прасвету. Але бліжэй да поўдня развіднелася, на небе з’явілася сонца. І снег на гарах ярка заблішчэў.

Сёння роўна год, як мы з усімі рэчамі за плячыма пакінулі дом і адправіліся ў Амерыку з табурэткай. Сёння праз год табурэт памочыць свае ножкі і тым самым атрымае апошні прытулак.

Мы доўга ішлі па краі зямлі, прабіраючыся па слізкіх схілах, пералазячы праз паваленыя дрэвы ды зарасці калючак.

20110417-IMG_9763

Read more... )
 
sheshory
Ах! Табурэтка! Апынуўшыся са зламаным зэдлікам у руках, мы селі ў грузавік, які яго пераехаў. Захоплены кіроўца, які толькі што падабраў двух грынаў-музыкантаў, засыпаў нас пытаннямі.

- Іграеце музыку?

Мы толькі і змаглі, што вяла кіўнуць галавамі. Усміхацца мы не маглі. У галаве – толькі думкі пра тое, што 11 месяцаў цягнулі гэтую табурэтку, а зараз яе няма. Спустошанасць і няведанне, што рабіць зараз.

Калі мы выйшлі з машыны, апынуліся ў вёсцы, дзе кожная сям’я займаецца дрэваапрацоўкай. Там нам тут жа табурэтачку рэанімавалі. Жалезныя шурупы пранзілі цела нашай драўлянай сяброўкі і яна зноў стала падобная на саму сябе.

20110303-IMG_7784

Read more... )
sheshory
Учора апошні раз мы начавалі на вуліцы. Цяпер вятры сталі невыноснымі, а тэмпература ўначы блізіцца да нулю. На вуліцы не паспіш – трэба разрульваць начлег у хатах. А за час падарожжа па трапічнай частцы Аргентыны, мы ўжо адвыклі ад гэтага.

Начавалі – гучна сказана. Спалі мы на аўтазапраўцы ўсяго тры гадзіны. А трэцяй ночы наш кіроўца фуры працягваў свой шлях на Поўдзень Патагоніі. І мы разам з ім. Аўтаспын у Патагоніі – проста казка. Адлегласці паміж гарадкамі – велічэзныя. Паміж імі – нічога, скрозь адны пампасы, ссохлая трава. А ноччу пад колы аўтамабіляў выскакваюць сотні трусаў. Раніцай – уся дарога ў крыві. Паабапал пасуцца сваякі ламаў – гўанакі.

20110405-IMG_8072

Read more... )

Блізкая Аргентына

sheshory

Аргентына – вельмі падобная да нашых краінаў. Асабліва яе паўночныя правінцыі. Заходзіш у сельскі аўтобус, а там за рулём Вася. Ну, такі наш-наш Вася. А на суседнім крэсле – баба Галя. Нашая-нашая такая. А вакол – сосны, драўляныя хаты, нейкі дзед едзе на калёсах. Такое спакойнае, размеранае жыццё, адрознае ад іншай Лацінскай Амерыкі.



Напэўна, гэта з-за таго, што менавіта сюды з’ехала мноства эмігрантаў з Усходняй Еўропы. Тут нашчадкі і палякаў, і беларусаў, і расіянаў, і украінцаў. У гарадку Апосталес увогуле каля 40% насельніцтва з украінскімі каранямі. Праўда, большасць з іх ужо ні слова не ведае па-украінку.

Аднак у горадзе – і украінская царква, і украінскі клуб, і вуліца Тараса Шаўчэнкі.
 

Read more... )

Profile

sheshory
[info]litota_
Аўгіня
flickr

Latest Month

March 2012
S M T W T F S
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Syndicate

RSS Atom
Powered by LiveJournal.com
Designed by [info]chasethestars