Home
Паміж цынізмам і пафасам

> Recent Entries
> Archive
> Friends
> User Info

December 18th, 2007


08:13 am
Пасьля пераходу да самастойнага жыцьця заканамерна паўстала пытаньне, як весьці гаспадарку. У тым ліку як харчавацца, каб адначасова і паўнавартасна, і нядорага (ня болей 20% ад заробку - інакш эмацыянальна дыскамфортна), і каб на само гатаваньне не выдаткоўваць шмат часу і сілаў. У рэшце рэшт прыйшоў да наступнага TOP-12 прадуктаў, якія й стварылі аснову рацыёну. Сьпіс, натуральна, ня догма, і заўвагі ды прапановы па ягонаму ўдасканаленьню (у рамках першапачатковай ідэалогіі) толькі вітаюцца.

Кураціна. З даступнага - самае правільнае мяса. Гатую звычайна па выходных, у духоўцы на бутэльцы. Фкусна! 6кг на месяц - 45.000

Ройбас. Гэты паўднёваафрыканскі напой варта было б піць толькі з-за мікраэлемэнтаў - суткавую патрэбу ў многіх зь іх можна пакрыць адным толькі ройбасам, калі паглынаць як я - па літру штодня. Але галоўнае ўсё ж прадухіляючыя старэньне арганізму, захворваньні сэрца і умацоўваючыя імунітэт антыаксіданты. Тут ройбас б'е ўсе рэкорды. 30л = 0.12кг - 11.000

Спагеці. Тут са мной можна паспрачацца на прадмет мэтазгоднасьці ўключэньня гэтага прадукту ў сьпіс. Але арганізму патрабуюцца вугляводы. А спагеці - доcыць унівэрсальны і танны вугляводзісты гарнір. Іх можна спалучаць з рознымі соўсамі, і тады яны ніколі не надакучаць. 3кг - 6.000

Арахіс. Ня стану распінацца пра ўнікальныя ўласьцівасьці арэхаў ўвогуле. Арахіс - найдэмакратычнейшы зь іх. Рэкорды па бялках; процьма вітамінаў і мікраэлемэнтаў, амінакіслотаў, карысных тлушчоў... Ну і, ясен пень, антыаксіданты. 3кг - 18.000

Селядзец. Марская рыба - і гэтым усё сказана. Не ласось канешне і не асётр, затое не даражэй 3000/кг. Спецыфічныя арганалептычныя ўласьцівасьці селядцоў не дазваляюць зь імі тэрмічна вычварацца, але мне й ня трэба. Мой варыянт - купіць сьвежых і самастойна засаліць, атрымліваецца гарантавана смачна. А маціас хай ворагі трушчаць. 4кг - 12.000

Яблыкі. Мая ўлюбёная садавіна. Як высьветлілася, не дарэмна - іх ёсьць за што любіць. Вітаміны, мікраэлементы, амінакіслоты, клятчатка... І - дадада!-антыаксіданты. Колькасьць, у якой іх спажываю, уліку амаль не паддаецца. Думаю, што дзесьці каля 70-100кг/год (free). Xацелася б болей і круглы год, але інфраструктура не дазваляе:(

Рыс Вітаміны групы В, вугляводы, мікраэлементы, бялкі... Адна з найлепшых па сваіх уласьцівасьцях крупаў, асабіста мне падабаецца тым, што на ягонай аснове можна нарабіць шмат разнастайных салатаў. Ну і супы безь яго не абыходзяцца. 3 кг - 6.000

Мёд. Калі б мёду не існавала, яго варта было б прыдумаць. Практычна на 100% складаецца з простых вугляводаў, якія вокамгненна і цалкам засвойваюцца арганізмам, надаючы сілаў і энергіі. Шматлікія лекавыя ўласьцівасьці. Усе памятаюць зь дзяцінства кніжкі пра Нязнайку. Там сярод пэрсанажаў была такая Мядуніца, якая, у адрозьненьне ад мудака Пілюлькіна, усе хваробы лекавала немедыкаментозна, мёдам - хіба што клізмы ім ня ставіла. Выпадкова ці не, але з таго моманту, як пачаў штодзённа ўжываць мёд - аніразу не прастуджаўся. Хоць і неаднойчы трапляў ва ўмовы, пасьля якіх любы сумленны чалавек проста абавязаны захварэць. Некаторым ўсенепраменна трэба, каб мёд быў вадкім. Закрышталізаваны мёд можна растапліваць, але тэмпературай ня большай за 50 градусаў. Інакш кранты прадукту. 1л. - free, бо бацька бортнік-аматар - ходзіць улетку з пакусанай пчоламі пысай і горда называе гэта апетэрапіяй.

Тварог. Толькі нятлусты. Кальцый, бялкі і ўсё такое. Тварог я, шчыра кажучы, не люблю зь дзяцінства, але калі да яго дадаць дробна парублены банан, сьмятану й мёд, і перамяшаць да аднароднай масы - нічога, есьці можна. 2кг - 15.000

Морква. Адзін з найкарысьнейшых у прыродзе прадуктаў. У дзяцінстве я хацеў вырасьці высокім, і таму жэр салацікі з морвы досыць старанна. Так яе і палюбіў. Ня ведаю, ці дапамаглі мне тыя салацікі, але бацьку ўсё ж на 6см перарос, пры тым што маці мая ну зусім маленечкая. А зараз вітамін А болей для вачэй патрэбны, бо кампутар. Зрок пакуль па адзінках. Ну і нагадаю лішні раз, што засвойваецца гэты вітамін найлепш у спалучэньні з жывёльнымі тлушчамі. Хаця сыйдуць і расьлінныя. 3кг - free

Апельсіны. Альбо, як кажуць тарашказнаўцы, апэльсыны. Гэта: а) смачна і б) вітамін С. 6кг - 22.000

Бульба. Адзіны ў сьпісе пусты, "тупы" прадукт, ад спажываньня якога хацелася б увогуле адмовіцца. Але канчаткова неяк не атрымліваецца. Напрыклад, селядцоў я магу есьці толькі з бульбай. 6кг - free

***

Атрымліваецца 135.000 на месяц. Калі дадаць 50.000 за абеды ў нашай досыць прыстойнай сталоўцы па буднях, плюс розныя дробязі, то ў 200.000 на месяц якраз укладаюся.

У будучыню ж я гляджу ў цэлым без аптымізму, і мяркую, што не за гарамі перыяд сацыяльных патрасеньняў, калі беларусы (хоць бы й часова) пяройдуць на хлеб, ваду і дары леса, а менчукі пусьцяць у расход страціўшых класавую пільнасьць прыкормленых сьвіслацкіх качак. Таму ў вышэйпрыведзены сьпіс ад самага пачатку сьвядома закладзены досыць істотны патэнцыял для будучага скарачэньня выдаткаў. Будзем кушаць меней кур, арахісу і апельсінаў, і болей мясцовай гародніны, бульбы, макаронаў, грэчкі, рысу і грыбоў. Жыць-та трэба. Хоць з кожным годам усё меней і меней зразумела, навошта.

(21 адажглі | Аджэгчы глаголам)


> Go to Top
LiveJournal.com