Сяргей Корсак ([info]_extraneus_) wrote,
@ 2008-07-09 13:10:00
Previous Entry  Add to memories!  Tell a Friend!  Next Entry
Current mood: cynical
Entry tags:галоўнае

Арыфметыка каханьня



Прэлесьць правінцыі - у іншым, запаволеным тэмпе жыцьця, які пакідае табе час на такія пачэсныя й архіпрадуктыўныя заняткі, як Духоўныя Пошукі і Роздумы аб Вечным. Вось задумаўся быў пра тое, ад чаго столькі размоваў; што кіруе людзкімі ўчынкамі і лёсамі нават завочна - праз мары і чаканьні. А ці абгрунтаваныя гэтыя чаканьні? Узьнікла спакуса разгледзець дадзенае пытаньне, узброіўшыся нарэшце не ружовымі соплямі, а алоўкам і калькулятарам. Інакш кажучы, прааналізаваць з дапамогай матэматычнага апарату.

Чым, па сутнасьці, ёсьць каханьне? Букетам пэўных адчуваньняў. Я б сярод іх вылучыў шэсьць:

  • Любоў

  • Павага

  • Жарсьць

  • Адчуваньне, што вы адзін адному падыходзіце

  • Адчуваньне, што побач з гэтым чалавекам твой патэнцыял раскрываецца найпаўней

  • "Глядзець у адным напрамку"

Разгледзім "фактары каханьня" падрабязьней і, "алічбаваўшы" іх, падлічым для сябе шанец сустрэць Свайго Чалавека.

1. Любоў. У прынцыпе, у кожнага паважаючага сябе мізантропа (да ліку якіх, безумоўна, адносіцца і аўтар), адсотак народанасельніцтва, якому ён шчыра сімпатызуе, ня можа зашкальваць за 20. Але чалавек такая істота, што мае мілую слабасьць любіць ці ня ўсіх тых, хто любіць яго. Таму, у маім выпадку, долю людзей, якіх мог бы пры спрыяльных умовах палюбіць, варта павялічыць да 80% - за выключэньнем адно безнадзейнае падалі, якая складае рэшту ў прыкладна 1/5. Такім чынам, аптымістычная ацэнка фактару №1 - 0,8, песімістычная - 0,2.

2. Павага. Тут складана. Па змоўчаньні з павагаю ставісься да ўсіх людзей, але паступова пазнаеш іх усё лепей і лепей... І "каэфіцыент глыбокай павагі" стабілізуецца дзесьці ў раёне 0,02-0,05.

3. Жарсьць. Хоць матухнай-прыродай самцам загадана абсалютна адназначна рэагаваць на любую самачку фертыльнага веку, нардычнаму мужчыну не прыстала пускаць сьліну ад кожнай спаднічкі. Пасьля пятнаццаці гадкоў мой каэфіцыент жарсьці не перавышае 0,2. Прычым ясна, што ў дачыненьні найстарэйшых і наймалодшых узроставых групаў ён увогуле роўны нулю - я ўсё ж не дэвіянт. [пасыпае галаву попелам]

4. Сумяшчальнасьць. Стасункі павінны быць такімі, каб двум людзям было ня толькі хрынова паасобку, але і добра разам. Чым больш асоба рэльефная, чым болей мае "шурпатасьцяў", тым цяжэй ёй сумясьціцца зь іншай. Абсалютна "плоскія" людзі - гэткія сабе табурэты - вартыя найжарсьнейшай белай зайздрасьці!
Ну і, вядома, не дададуць узаемаразуменьня вялікія адрозьненьні ў інтэлекце, сацыяльным статусе, фізічнай прывабнасьці, выхаваньні. Уласны каэфіцыент рэльефнасьці ацаніць цяжка, але, мяркую, вагаецца ён недзе паміж 0,1 і 0,2.

5. Пункт пра патэнцыял. Ня пэўны, што ўсе мяне зразумеюць, але некаторыя людзі вельмі станоўча уплываюць на нашыя магчымасьці - побач зь імі ў цябе ўсё атрымліваецца, ты здольны на тое, чаго і сам ад сябе не чакаў. Гэтае абсалютна чароўнае пачуцьцё мне даводзілася перажываць толькі аднойчы - побач зь дзеўчынай, да якой, па законе подласьці, ня меў аніякага інтымнага інтарэсу... Калі ўлічыць, што той выпадак быў унікальны, а ўвогуле за жыцьцё даводзілася перасякацца значна болей чым з сотняй дзевак, то для дадзенага фактару чысло 0,01 мы запішам жыцьцесьцьвярджальненькім жоўценькім колерам.

6. Пункт імя Экзюперы. Натуральна, лепей бы мець з абраньніцай кампліментарныя погляды на жыцьцё, на сям'ю, на дзяцей і спосабы іх выхаваньня, на грамадзтва і палітыку, падзяляць уяўленьні адно аднога пра добрае і кепскае. Носьбітам непапулярных поглядаў ня варта, нават з улікам будучых кампрамісаў і "прыціркі", вызначаць для сябе апошні каэфіцыент большым за 0,1.

І вось мы падыходзім да самага цікавага. Перамножым каэфіцыенты шасьці фактараў: 0,8х0,05х0,2х0,2х0,01х0,1=0,0000016. Прыняўшы да ўвагі тую акалічнасьць, што для наяўнасьці каханьня неабходна ня толькі мець Свайго Чалавека, але і зьяўляцца для яго Сваім Чалавекам - атрыманую лічбу неабходна ўзяць у квадрат (дапусьціўшы, што вы - роўня, а значыць вашыя запыты да людзей прыкладна аднолькавыя): 0,0000016^2=0,00000000000256. Інакш кажучы, па самых аптымістычных падліках, шанец сустрэць Свайго Чалавека - адзін на 390 мільярдаў 625 мільёнаў. У сьвеце няма столькі жанчынаў, нават разам зь немаўлятамі, ветэранкамі Першай Сусьветнай, аўстралійскімі абарыгенкамі і фанаткамі сьпевака Цімаці :((

Атрымаўшы, нягледзячы на ўсе аптымістычныя дапушчэньні, такі зусім не аптымістычны вынік, аўтар, што называецца, "многа думаў". У рэшце рэшт прыйшоў да наступнага: калі пункты 1-4 зьяўляюцца абсалютна неабходнымі умовамі (бязь іх у трывалым каханьні ну ніяк нельга), то пункт 6 і асабліва пункт 5 - усё ж "раскоша", іх можна выключыць з формулы. І, галоўнае, пералічаныя фактары маюць выгляд колаў Эйлера, арганізаваных такім чынам, што некаторыя колы ўсёй сваёй плошчай трапляюць у іншыя. Так, сумясьцімасьць (пункт 4) абавязкова мае на ўвазе і любоў (пункт 1), пункт пра патэнцыял любоў амаль гарантуе, як і амаль гарантуе павагу пункт імя Экзюперы - хоць зваротнае няслушна. Таму формулу неабходна пералічыць з улікам гэтых новых акалічнасьцяў.

"Плясаць" будзем ад павагі - менавіта яна зьяўляецца падмуркам. На другое месца паставім сумясьцімасьць і жарсьць (парадак неістотны, бо пахацімства стаіць асобна - ягоныя 20% разьмеркаваныя па астатніх колах досыць раўнамерна), і на апошняе - любоў, як самы "лёгкі" пункт. Прымем, што:

  • Аптымістычная ацэнка сумяшчальнасьці з чалавекам, якога глыбока шануеш, будзе для суб'екта пад кодавай назвай "Сяргей Корсак" ня 0,2, а большай - прынамсі 0,3.

  • Каэфіцыент любові пасьля сітаў павагі і сумяшчальнасьці роўны 1.

Такім чынам, формула прымае выгляд: 0,05х0,3х0,2х1=0,003. Узяўшы гэта ў "квадрат узаемнасьці", атрымліваем 0,000009, альбо адзін шанец на сто адзінаццаць тысячаў сто адзінаццаць і адзін у перыядзе. Зусім іншая справа! :))

Забіўшы на вышэйпрыведзеныя развагі час, якога ня вельмі пераборліваму хлюсту хопіць, каб "зьняць" на вясковай дзіскацеке з паўтузіну кабылак, мы проста абавязаныя ўзнагародзіць сябе нейкімі высновамі. Паспрабуем:

1. Чаканьні-спадзяваньні - занятак марны. Верагоднасьць сустрэць свайго чалавека адрозны ад нуля, але не нашмат.
2. Паколькі жарсьць і любоў нам непадкантрольныя, а павысіць каэфіцыент павагі мажліва толькі праз зьніжэньне планкі патрабаваньняў да людзей (што ўяўляецца недапушчальным), адзіны, згодна з формулай, спосаб падвысіць гэтую верагоднасьць - узьняць свой каэфіцыент сумяшчальнасьці. Планамерна пазбаўляцца ад рэльефнасьцяў і шурпатасьцяў, даводзячы сябе да благадатнага стану табурэта.
3. Выглядае, што найрацыянальнейшая і пры гэтым наймаральнейшы стыль дачыненьняў з супрацьлеглым полам - сумленнае блядзтва.
4. Аўтар - страшэннае гальмо: нармальныя людзі да гэтых высноваў прыходзяць інтуітыўна і значна раней :( Хаця, лепей позна, чым ніколі.



(Post a new comment)


[info]turdusbird
2008-07-09 12:08 pm UTC (link)
немаўлятамі, ветэранкамі Першай Сусьветнай, аўстралійскімі абарыгенкамі і фанаткамі сьпевака Цімаці ..))))))))))))))))))))))))))))))))))) прикол... ) гггггг

...Цімаці і до нас приїздив. Ажіотажу було купа... А насправді він класичний румун, бля.... пантів більше ніж бородавок на спині у жаби...


П.С.: ... нарешті починаю вільніше читати білоруською...))))

(Reply to this)


[info]volat
2008-07-09 10:31 pm UTC (link)
Любоў
Любоў-маркоў. Няма ніякай лыжкі, спадар Рымскі-Корсакаў. "Хуй стаіць - мазгі ня вараць", - кажа народная мудрасьць.

Павага
"Ты мяне паважаеш?", - самая папулярная "сямейная" фраза :) Такім чынам, павага прысутнічае амаль у кожнай беларускай сям'і.

Жарсьць
Гэта толькі ў пекле бывае. Пры жыцьці калі й бывае, дык раз ці два хвілінаў па 5-7, таму можам яе аднесьці да статыстычнай хібнасьці.

Адчуваньне, што вы адзін адному падыходзіце
Гэта чым ты адчуваеш, цікава? Глыбінямэтрам? :)

Адчуваньне, што побач з гэтым чалавекам твой патэнцыял раскрываецца найпаўней
Паўней ад сямейнага жыцьця робіцца толькі... пуза! Астатняе худзее, асабліва кашалёк :)

"Глядзець у адным напрамку"
Касавокасьць у некаторых выпадках выпраўляецца хірургічна :)

А калі шчыра - дык поўная лажа ўсё, асабліва лічбы. Зь якой столі ты іх зьняў? І не вясна ж, чаго цябе калбасіць? :)

(Reply to this)


[info]autanazgul
2008-07-19 06:01 am UTC (link)
Наша варыяцыя:

Любоў
Давер
Павага
Мажлівасць прымірэння з недахопамі, якія выправіць ужо немажліва

І ніколі не варта забываць, што там, дзе прысутнічае Бог у адносінах, значна лепш..

(Reply to this)


Create an Account
Forgot your login?
Login w/ OpenID
English • Español • Deutsch • Русский…