08:15 am
"Трэба дома бываць часьцей".. Так рэдка стаў зьяўляцца на радзіме, што пры кожным наступным наведваньні Полацак сустракае чымсьці новым. Праўда, калі раней гэтыя зьмены пераважна ўсьцешвалі, то цяпер збольшага павяргаюць у дэпрэсію.
Аншлагі з абсурдным "Леніна" пад ціскам фафудзьдзяносцаў ужо замянілі на новыя, зь як быццам гістарычным "Ніжнепакроўская". Нібыта прагрэс: прыкладна як штучную вагіну замяніць гумовай бабай. Толькі "прагрэс" гэты на справе азначае, што наўрацьці ўжо Вялікая зноўку стане Вялікай. Палачане так і застануцца з сваёй гумовай дурылкай.
Дэструктыўная дзейнасьць фафудзьдзяносцаў апошнім часам увогуле актывізаваліся. "Аднавілі" ў цэнтры горада звыродлівую Пакроўскую царкву. Над спарудай "а-ля рюс" (аднаўляць сталі, вядома, цагляны варыянт дваццатага стагодзьдзя) усталявалі залачоную цыбуліну, і, указваючы на гэты будан, жадаюць пераканаць, нібыта азіятчына гэтая утварае ансамбаль з барочным Багаяўленскім саборам. Не пераканаеце, шэльмы барадатыя. Больш за тое, менавіта гэтую недарэчнасьць цяпер спрабуюць пазыцыянаваць як цікавостку, ці не найбольш вартую ўвагі ў Полацку. Якая там Сафія, які манастыр - на вокладках буклетаў і фотаальбомаў пра крыўскую сталіцу царква Покрыва цяпер - ледзь не асноўная тэма. Я так мяркую, гэта тлумачыцца прастадушным імкненьнем мясцовых уладаў - сьвецкіх і духоўных - падкрэсьліць сваю стваральную ролю, і царкоўка ў гэтым сэньсе робіцца такім сабе сімвалам. Як у Менску Бібліятэка, так у нас - вось гэтае вось. І хай сабе спаруды выглядаюць як мінімум неадназначна, затое кожны бачыць, як у нас надзяляеццаўвага-аднаўляецца-будуецца-квітнее, і ўвогуле ўсё зашыбісь. "Товарищ Ленин, работа адовая Будет сделана и делается уже". Што станецца апафеозам гэтай "адовой работы"? Міні-копія сабора Васіля Блажэннага на мецы зруйнаванага Саветамі Бельчыцкага манастыра дванаццатага стагодзьдзя?..
Але ладна Пакроўская царква - дык жа яны й да самога сабора дабраліся.. Купал Багаяўленскага таксама прывялі да "кананічнага" выгляду. Белы ніз, зялёны верх - да апошняга моманту гэта была адметная рыса полацкіх культавых будынкаў. І Сафія, і Багаяўленскі сабор, і цэрквы Еўфрасіньеўскага манастыра былі арганічным працягам адно аднога, стваралі аблічча Полацка. Аблічча, якое праглядалася і пазнавалася нават скрозь брутальныя хрушчоўкі, нязграбныя панэльныя дзевяціпавярховікі, невядома для якіх мэтаў існуючыя прамысловыя аб'ектыя і прочыя "дамЫ з вушамі". Цяпер жа гэтае аблічча губляецца, а на сьвет божы вылазіць іншае, з чужымі, нетутэйшымі рысамі, выблядзкае эрпэцэшнае мурло. Па якому так і хочацца ад душы заехаць.
Зрэшты, тэарэтычна ўсё гэта падлягае выпраўленьню. Толькі філарэтавай канторцы гэтага мала. Ёй падавай яшчэ рэканструкцыю царквы Спаса (зноў жа, кананічную цыбуліну, і пабольшэ, пабольшэ - каб старажытная канструкцыя ня вытрымала) і гарадзенскай Каложы (адбудову заходняй сьцяны, над карставай пустотай). А гэта, пардон, АПОШНІЯ помнікі дванаццатага стагодзьдзя! Калі эрпэцэшнай навалачы зусім рукі разьвязаць - лёс нясьвіскага палацу падасца ўсім кволай разьмінкай.
|