Home
Паміж цынізмам і пафасам - June 12th, 2008

> Recent Entries
> Archive
> Friends
> User Info

June 12th, 2008


06:05 pm - Ня вер, ня бойся, не прасі
94,13 КБ

Вось такія паштовыя скрыні аздабляюць пад'езд менскага дома, у якім даводзіцца жыць падчас сэсіі. Побач зь неабходнай дзеля функцыянаваньня камунальнай гаспадаркі скрыняй для паказаньняў лічыльнікаў вады вісіць іншая, надпіс на якой абяцае жыхарам наўпростую сувязь з адміністрацыяй таго-чыё-імя-ня-кажуць-услых-безь-сьвятарнага-трымценьня.

Першы раз мяне гэта ўсьміхнула - маўляў, прыкол залічаны. А потым задумаўся: а можа, ніякі гэта ня сьцёб? А раптам і праўда кожны сіры і ўбогі з дому па вуліцы Байкальскай можа вось так, запраста, бязь лішняй каніцелі, накатаць маляву свайму пахану Прэзідэнту - шасьцярнуць пажаліцца на камунальнікаў і сабачнікаў, на цяжкое жыцьцё і маленькія пенсіі; наклявузьнічаць на суседа зьверху, які пазалетась цябе заліў; на блядзь Машку з чацьвертага паверха, перад дзьвярыма якой лінолеум зацёрты найбольш; на патлатага маладзёна, які, паскуднік, ніколі не вітаецца. У гэтай фантасмагарычнай дзяржаве магчыма ўсё, і нічога ўжо зьдзіўляць не павінна...

Але найбольш кінуўся ў вочы стыль, якім зроблены надпіс. Жыхарам прапануецца напісаць ня ліст, не заяву, ня скаргу і не прапанову, а менавіта ўзятую з блатной фені "маляву". Якой пагардцаю вее ад графіці! Да ўлады, да патэнцыйных аўтараў "маляваў", да таго, што будзе ў іх напісана, а ў суме - да ўсіх гэтых рэаліяў. Уражвае, як тонка вывераны жарт! Турэмнае арго недвухсэнсоўна дае зразумець байкальскім абарыгенам, дзе на самой справе яны жывуць. Адно трапнае слова - і замест рэспектабельных "адміністрацыі" і "прэзідэнта" сьвядомасьць малюе вобразы "зоны" і калючага дрота, "начальніка" і ягоных "вертухаяў", "вораў" і перапоўненых турэмным планктонам камэраў... Зьдзекліва прапануючы наіўнаму планктону аддушыну ў выглядзе магчымасьці "стукнуць" начальству і спадзяваньняў на ягоную ласку і абарону, невядомы жартаўнік як быццам нагадвае пра галоўны закон Зоны, адзіна правільны спосаб дачыненьняў з "начальствам" - ня верыць, не баяцца, не прасіць.

Калі ж тое ня жарт... То як жа насамрэч усё гэта сумна.

(2 адажглі | Аджэгчы глаголам)


Previous Day [Archive] Next Day

> Go to Top
LiveJournal.com